Знайсці
29.05.2012 / 00:5063РусŁacБел

Разгадкі беларускай ідэнтычнасці

Піша Сяргей Дубавец.

На сайце Свабоды з’явіліся звесткі нацыянальнага апытання: толькі 3,9% беларусаў стала гавораць па-беларуску.

Каментатары паспяшаліся звінаваціць «прадажных» сацыёлагаў, паставіць пад сумнеў вынікі даследавання, прычым засумняваліся ў абодва бакі: што мала і што многа; упасці ў роспач і прыгразіць ворагам; звінаваціць улады, апазіцыю і народ; мужна ўцерці скупую слязу…

Трыццаць гадоў таму тры адсоткі сапраўды выглядалі б падазрона, бо гаварыла вёска, бо гаварэнне па-беларуску не лічылася апазіцыйнай дзейнасцю, а самае галоўнае — было «дзейнасцю» ў абсалютнай бальшыні выпадкаў несвядомай. Людзі гаварылі як умелі, як трава расла. А тых, хто гаварыў свядома, калі мы не ведалі асабіста, дык нашы сябры ведалі.

Агульны лік ішоў на дзясяткі чалавек. Так было трыццаць гадоў таму.

Цяпер усё роўна наадварот. Вёска не гаворыць, а калі яшчэ дзе што якое, дык асцеражэцца сказаць пра тое незнаёмым людзям.

Тры адсоткі — гэта менш-больш 300 тысяч. Не верыцца, што так шмат? Добра, давайце дапусцім, што вёска ўсё ж дзе-нідзе не асцераглася. Няхай будзе не трыста, а трыццаць тысяч. Для чысціні даследавання.

Што тут самае галоўнае? Якасць гэтай публікі.
Гаварыць па-беларуску — штодзённа супрацьстаяць прыдзіркам, насмешкам, абразам і падазрэнням, рызыкаваць рэпутацыяй і працоўным месцам, быць у вачах многіх апазіцыяй, «пятай калонай» ці нават, як кажа адзін таварыш, «ворагам народа». Уяўляеце, наколькі трэба верыць у сваю зорку, у сваю культуру, у сваю краіну, каб штодня пераадольваць усё гэта?

Вас уражвае дынаміка (лічба скарацілася з 5,8 да 3,9%)? А вы не заўважылі, што прызнавацца ў сваёй беларускамоўнасці робіцца ўсё больш небяспечна? Вось роўна настолькі і вырасла небяспека.

Дарэмна нехта з каментатараў прыплёў сюды апазіцыю, маўляў, робяць стаўку на нацыянальнае (на гэтыя ўсяго толькі тры адсоткі), вось і прайграюць. Але гэта няпраўда.

Апошні раз апазіцыя ставіла на нацыянальную ідэю, калі дамаглася незалежнасці краіны, дваццаць гадоў таму.
Больш ніколі, а цяпер і пагатоў, апазіцыя на нацыянальнае не ставіла і роднай мовай у масе сваёй не карыстаецца. Апазіцыя калі на што і ставіць (а цяпер ужо, мабыць, і ўвогуле ні на што), дык на траву. Паўстане трава і скіне ненавіснага дыктатара. Што будзе далей, не ведае ніхто (бо ніякай няма ідэі). Ніхто, апроч тых трыццаці тысяч свядомых грамадзян, у якіх ёсць супольная візія развіцця краіны, якой Беларусь быць павінна. І якія ў большасці да апазіцыі не належаць. Хоць і нясуць па жыцці гэтае не надта прывабнае сёння таўро.

Рускамоўным у прынцыпе нічога не трэба, апроч стабільнай сацыяльнай падкормкі і добрага слова ад «бацькі» з экрана. Ім нават не трэба думаць пра тое, што ім трэба — пра гэта лепей ведаюць наверсе. Таму ў іх ніхто й не пытаецца, таму няма выбараў, таму яны іх і не патрабуюць.

Беларускамоўныя ўвесь час упіраюцца ў вузкія рамкі гета, ім усяго трэба дамагацца самім (тых жа школ для дзяцей), яны ўвесь час адчуваюць хранічны голад. Іх музыкі забароненыя, іх газеты, часопісы, кнігі не могуць выйсці за лімітаваныя наклады, хоць па ідэі ніжняя планка накладу іхных газет, часопісаў і кніг — 30 тысяч. Нарэшце, у іх няма ані радыё свайго, ані тэлевізіі ў Беларусі, забаронена ім іх мець.

Я ўжо не кажу пра маральныя і эстэтычныя траўмы, якія яны зазнаюць штодня праз цяперашнюю ўладу, калі чытаюць загалоўкі кшталту «Белоруссия — последний палач в Европе»… Гэта пра іхную дарагую Радзіму.

30 тысяч у параўнанні з дзясяткамі 30 гадоў таму — лічбы непараўнальныя. Асабліва калі ўлічваць характар гэтых людзей, якая настолькі загартаваныя неспрыяльным асяроддзем і з’яднаныя ідэяй, што — як адзін чалавек. Памятаеце, Караткевіч казаў пра такіх: не трэба двух, каб пачаць.

30 тысяч — гэта армія. Не партызаны, не падпольшчыкі, не тэрарысты. Бо армія адрозніваецца ад трох апошніх тым, што мае форму і адкрыта яе носіць. Законная дзяржаўная сіла.

Павінны толькі саспець абставіны, і гэтыя людзі будуць ведаць, як і чым распарадзіцца. Наўрад ці іх будзе станавіцца меней, бо яны гадуюць дзяцей.

Я ведаю асабіста ці завочна тысячы дзве такіх людзей, можа быць, крыху болей. Абсалютная большасць іх маладзейшыя за мяне. Апроч мовы яны вылучаюцца тым, што жывуць ва ўсіх сэнсах больш чыста і змястоўна за іншых, як правіла, Бог не абдзяліў іх талентам. А калі сабраць усе характарыстыкі ў адну, я б назваў іх людзьмі праўды. Незалежна ад прафесіі.

Магчыма, гэта суб’ектыўнае, але ў Польшчы палякі, у Расіі расійцы, у Літве літоўцы, у Беларусі беларусы — паводле мовы найперш — і ў гэтым самая простая праўда.

Можна было б прыняць аргументы пра «асаблівы шлях» Беларусі, дзе «як у Швейцарыі» ці дзе яшчэ — гістарычна склалася «дзвюхмоўе». Можна было б прыняць пры адной умове: калі б беларускамоўных не душылі штодзённа, на кожным кроку і на ўсіх узроўнях, каб у дробным і малым не заміналі па-беларуску жыць.

Ды ў тым і штука, што варта хоць трохі аслабіць гэты прэсінг русіфікацыі, як развагі пра Швейцарыю заканчваюцца. І быць людзьмі праўды (калі «можна») пачынаюць хацець не 30 тысяч, а ўсе.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031