Знайсці
28.03.2012 / 20:181РусŁacБел

Медыкі прагназуюць рост захворвання на бранхіяльную астму

Як паведаміла журналістам 28 сакавіка ў Мінску галоўны пульманолаг Міністэрства аховы здароўя Ірына Лапцева, сёння ў Беларусі на ўліку з бранхіяльнай астмай знаходзяцца больш як 60 тыс. пацыентаў, а штогод выяўляецца 300–500 новых хворых, пераважна дзяцей.

Разам з тым сярэднееўрапейскі ўзровень захворвання на бранхіяльную астму вышэйшы за беларускі прыкладна ў два разы. Спецыяліст тлумачыць гэта не толькі ростам алергічных захворванняў, але і тым, што еўрапейцы больш увагі надаюць свайму здароўю, пры першым падазрэнні на захворванне звяртаючыся да ўрача. У Беларусі ж нярэдкія выпадкі, калі чалавек з бранхіяльнай астмай, якая працякае латэнтна, надоўга адкладвае візіт да спецыяліста або наогул да яго не звяртаецца.

Аднак у апошнія гады дзякуючы паляпшэнню дыягностыкі і больш свядомаму стаўленню грамадзян да здароўя ў краіне ўзрастае выяўленне бранхіяльнай астмы на ранняй стадыі, зазначыла спецыяліст. Паводле яе слоў, гэта дазваляе зрабіць лячэнне хворых больш танным.

«Наша медыцына, спецыялісты пярвічнага звяна значна прасунуліся за апошнія гады ў тэхналогіях антыастматычнай тэрапіі, усё праводзіцца згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя», — зазначыла Лапцева. Паводле яе слоў, дзякуючы гэтаму на працягу апошніх гадоў у Беларусі зніжаюцца паказчыкі смяротнасці і інваліднасці, звязаныя з захворваннямі. Для прафілактыкі астмы спецыяліст рэкамендуе пазбягаць кантакту з алергенамі людзям, якія схільныя да праяўленняў алергіі, ім таксама не варта пагарджаць лячэннем гэтага захворвання.

У якасці яшчэ аднаго выкліку сістэме аховы здароўя галоўны пульманолаг назвала хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх (ХАХЛ). У параўнанні з іншымі хваробамі ніжніх дыхальных шляхоў яна найбольш часта з’яўляецца прычынай інваліднасці і смяротнасці. ХАХЛ часта выклікае курэнне, яе развіццю таксама садзейнічаюць бытавыя і прамысловыя забруджвальнікі навакольнага асяроддзя.

Разам з бранхіяльнай астмай і ХАХЛ у лік найбольш распаўсюджаных захворванняў ніжніх дыхальных шляхоў у Беларусі ўваходзіць пнеўманія, у лячэнні якой, заявіла медык, дасягнуты значныя поспехі. Паводле звестак СААЗ, Беларусь уваходзіць у першую дзясятку краін Еўропы з найменшым паказчыкам смяротнасці ад пнеўманіі.

Як зазначыла Лапцева, у цэлым хваробы органаў дыхання ў Беларусі, як і ў іншых краінах, займаюць па распаўсюджанасці першае месца.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера