Знайсці
16.02.2012 / 11:22РусŁacБел

У Мінску няма некаторых лекаў для цяжарных і дзяцей

Беларусы па лекі едуць у Расію. А Мінздароўя скардзіцца, што не можа прымусіць прайсці рэгістрацыю замежных вытворцаў.

«У мяне двое дзетак. Старэйшаму мы замаўлялі ў Расіі „Лімфоміазот“ — гэта гамеапатычны прэпарат, каб змяншаліся лімфавузлы. Раней яно прадавалася ў Беларусі, яшчэ паўгода таму», — кажа маці 6-гадовага Артура і 10-месячнага Радыёна Люда Крукоўская.

Не ўсе прэпараты можна набыць у беларускіх аптэках. Часам, за лекамі едуць у Маскву ды Кіеў.

Свайму малодшаму сыну Людміла таксама прывезла неабходныя лекі з Расіі. Бо ў Беларусі няма.

«Малодшаму я ў Расіі замаўляла „Лактаза Бэбі“ — гэта фермент, які даецца, калі ў дзіцяці ў арганізме недастаткова лактабактэрый, якія расчапляюць малако», — расказвае Людміла.

Лекі даводзіцца шукаць нават у сацыяльных сетках.

Да вядучай Тамары Лісіцкай звярнуліся па дапамогу, бо 10-месячнай дзяўчынцы патрэбныя былі лекі, якіх у Мінску не было. Яна, у сваю чаргу, напісала пра гэта ў Фэйсбук… і прэпарат знайшлі.

«Гэта былі лекі, якія дапамагаюць засвойванню ежы. У дзіцяці была праблема, звязаная з гэтым. Гэта патрабавалася не вельмі тэрмінова. Дзіцяці, дзяўчынцы, было 10 месяцаў. Адразу ж знайшліся людзі, якія едуць у Расію і знайшлі гэты прэпарат», — кажа Тамара Лісіцкая.

Нават дактары наракаюць на адсутнасць некаторых лекаў у аптэках. Няма, напрыклад, прэпарату для цяжарных!

«Ёсць прэпарат такі „Дапегіт“. Ён прымяняецца пры артэрыяльнай гіпертэнзіі і адзіны, які дазволены пры першых трох месяцах цяжарнасці.

Іншы прэпарат цяжарным нельга, а „Дапегіта“ няма. Яго даводзіцца набываць у Расіі», — кажа кардыёлаг Алена.

У 14-й аптэцы раз на два тыдні пытаюць прэпараты, якіх няма ў Беларусі. І падказаць беларускія аналагі аптэкары не могуць. «Раз на два тыдні прыходзяць. Гэта ж не зарэгістраваныя лекі. Каб ведаць аналаг, трэба ведаць склад прэпарата. А паколькі яго ніколі і не было, то мы не ведаем, чым яго можна замяніць», — кажа супрацоўнік аптэкі.

У аптэцы «Доктар До» на Нямізе часта пытаюць лекі ад прастуды, якіх няма ў наяўнасці.

«Часцей за ўсё прастуднага кшталту. „ІРС-19“ — даўно ўжо няма, а ўсё яшчэ пытаюць. Вітаміны некаторыя зніклі, бо перарэгістрацыя».

Адсутнасць некаторых лекаў у Міністэрстве аховы здароўя называюць… нармальнай справай.

І прыводзяць прыклад: у Расіі зарэгістравана каля 20 тысяч найменняў лекаў, а ў Беларусі — толькі 6 тысяч.

«Могуць быць такія сітуацыі. Бо тое, што можна прадаваць у аптэках, мусіць быць зарэгістравана ў Міністэрстве. Прымусіць прайсці рэгістрацыю замежнага вытворцу ніхто не можа. Тым больш, рэгістрацыя дзейнічае 5 год. Але нехта пабыў на рынку пяць год і ён не хоча ўжо рэгістравацца. І прэпарат знікае», — гавораць у Міністэрстве аховы здароўя.

Вось так усё проста!

Тым часам у Еўрасаюзе і Расіі ўжо тры гады дзейнічае закон аб бестэрміновай рэгістрацыі лекаў. У Беларусі такога закону няма.

Арцём Мартыновіч, Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера