Знайсці
04.02.2012 / 10:12233РусŁacБел

Літоўская мова ў Вялікім Княстве

Якая была яе роля? Піша Алег Дзярновіч.

У пачатку мая 1529 у Ейшышскую воласць Лідскага павета прыехаў судовы выканаўца (дэцкі) Васіль Бялянін.
Ён мусіў апытаць сведкаў па спрэчнай маёмаснай справе паміж баярынам гаспадарскім Пятром Сумарокам і падданым ейшышскім Сенькам Івашкавічам. Судовыя органы «прыказалі есмо Сумароку і таму Сеньку Івашкавічу, абы наперад да тых сведкаў ніводзін з іх не ездзіў, але каб ехалі абодва з дэцкім».

Сумарок жа адпрасіўся застацца ў Вільні.

Якое было здзіўленне дэцкага, калі па шляху ў Ейшышкі ён спаткаў Сумарока, «аж ён ад сведкаў едзе». «Потым, калі сведкі перада мною сталі і хацелі прызнацца па справядлівасці, Сумарок пачаў ім гаварыць па-літоўску перада мною і прасіў іх:
«Дзеля Бога, не выдайце мяне, а што вам абяцаў, тое дам, а вас у тым не выдам», — пісаў пасля дэцкі ў адной з кніг Метрыкі ВКЛ. Лішне казаць, што Пётра Сумарок з-за спробы подкупу сведкаў прайграў у судзе справу.

Гэты выпадак паказвае, што ў XVI ст. літоўскую мову ў ВКЛ разумелі не толькі этнічныя літоўцы, але і чыноўнікі-русіны.
Але судовая дакументацыя вялася на «рускай» мове, нават да афіцыйнага зацвярджэння яе ў якасці дзяржаўнай Статутамі ВКЛ 1566 і 1588.

Можна казаць пра маргінальную ролю літоўскай мовы ў ВКЛ: Пётра Сумарок спадзяваўся, што віленскі чыноўнік не зразумее па-літоўску.
Але згаданы вышэй выпадак сведчыць і пра тое, што гэтая мова была рэальным фактарам грамадскага жыцця Вялікага Княства.

Мова сакрэтных перагавораў

Цікавы прыклад выкарыстання літоўскай мовы ў палітычнай сферы ёсць у лісце вялікага князя літоўскага Вітаўта да польскага караля Ягайлы.
Вітаўт прыгадвае, як падчас Луцкага з’езда манархаў у 1429 імператар Святарнай Рымскай імперыі Сігізмунд пачаў з Ягайлам гаворку пра каралеўскую каранацыю Вітаўта. Ягайла стаў пагаджацца, а асцярожны Вітаўт звярнуўся да свайго стрыечніка наўмысна па-літоўску з прапановаю перш параіцца з польскімі прэлатамі і саноўнікамі.

Грунтуючыся на гэтым выпадку, літоўскі гісторык Артурас Дубоніс сцвярджае, што «вусны варыянт літоўскай мовы стаў адной з моў дыпламатыі ва Усходняй і частцы Цэнтральнай Еўропы».

Але ж Вітаўт перайшоў на літоўскую, каб яго не зразумелі іншыя, замежныя ўдзельнікі нарады. Тут літоўская мова выконвала функцыю, хутчэй, крыптамовы.

Хоць у самім Вялікім Княстве ў XV ст. літоўская выкарыстоўвалася аж да найвышэйшага ўзроўню. Калі з Кракава ў Вільню прыбыў новаабраны вялікі князь Казімір Ягайлавіч, мясцовая знаць навучала гаспадара літоўскай мове і звычаям. Падобна, для маладога каралевіча першай ад нараджэння мовай была польская.

Але

ўжо да сярэдзіны XVI ст. літоўская выйшла з ужытку пры вялікакняскім двары.

На палях катэхізісаў

Першыя запісы па-літоўску ў ВКЛ адносяцца да пачатку XVI ст. Найстаражытнейшы — тэксты паўсядзённых малітваў,
запісаныя ад рукі на апошняй старонцы выдадзенай у 1503 на лаціне кнігі для святароў «Tractatus sacerdotalis». Гэта кніга належала францішканскаму кляштару ў Вільні, і аўтар запісу, хутчэй за ўсё, быў манахам. Місіянеры Ордэна францішканцаў звярталі пільную ўвагу на выкарыстанне моў розных этнічных супольнасцяў дзеля іх катэхізацыі.

Яшчэ адзін кароткі літоўскі запіс, зроблены паміж 1530 і 1579 гадамі ў зборніку лацінскіх казаняў, верагодна, належыць пробашчу касцёла Св. Марыі Магдаліны.
Значыць, літоўскай мовай карысталіся і святары касцёлаў, дзе ў казанях магла гучаць літоўская мова. Так, у 1511 кароль і вялікі князь Жыгімонт у сваім распараджэнні намесніку Жыжмарскаму загадваў «у тым касцёле жыжмарскім мець каплана, які б умеў па-літоўску казаць».

Усе згаданыя прыклады тычацца рэлігійнай сферы. Польскі гісторык Гжэгаж Блашчык, аналізуючы выкарыстанне розных моваў у ВКЛ, робіць выснову,

што літоўская мова «не мела шансу на існаванне як дзяржаўнай».
А літоўскі гісторык Антанас Тыла, кажучы пра адкрытасць ВКЛ як дзяржавы, адзначае, што «але ж яно занадта мала клапацілася пра захаванне і развіццё этнічнай культуры літоўцаў».

Веліч «Малой Літвы»

Беларускі кнігадрук пачаўся з «Псалтыра» Скарыны ў 1517, літоўскі — з «Простых словаў катэхізіса», выдадзеных Марцінам Мажвідасам у 1547 у Каралеўцы.
Першыя літоўскія кнігі былі падрыхтаваныя пратэстантамі і друкаваліся ў лютэранскай Прусіі пры падтрымцы герцагскай улады, з яўнаю мэтаю катэхізацыі мясцовых літоўцаў. Гісторык Юратэ Кяўпене адзначае: «Дадзены Мажвідасам імпульс не знайшоў водгуку ў ВКЛ». Сучасная літоўская літаратурная мова мае моцны адбітак мовы літоўцаў «Малой Літвы».

Затое ў ВКЛ пачынаюць выдавацца важныя для нармалізацыі мовы слоўнікі. Першы, польска-лацінска-літоўскі, езуіт і прафесар Віленскай Акадэміі Канстанцін Шырвід выдаў у Вільні каля 1620. Слоўнік змяшчаў 1400 словаў і быў настолькі папулярным, што перавыдаваўся пяць разоў.

Характэрная рыса: аўтары літоўскіх выдавецкіх ініцыятыў публічна абгрунтоўвалі матывы сваёй дзейнасці. Так, святар і асветнік

Мікалоюс Даўкша ў прадмове да аднаго з выданняў піша пра патрэбу абароны роднай мовы. Менавіта мову Даўкша лічыў неабходнаю ўмоваю існавання народа і атаясамліваў яе з разуменнем Радзімы.

Жывая мова гарадоў

У дзяржаўных актах сярэдзіны XVI–XVII стст. трапляюцца цэлыя літоўскія фразы, запісаныя кірыліцай. А за часамі караля Уладзіслава IV Вазы з’яўляюцца два літоўскамоўныя ўніверсалы 1639 і 1641, якія пашыраліся ў Прусіі.
Праўда, канцылярыя Уладзіслава IV падрыхтавала іх, хутчэй за ўсё, на лаціне, а на літоўскую мову пераклала Пруская канцылярыя. Як бачым, і гэтыя літоўскамоўныя ініцыятывы сыходзілі з прускага боку. У канцылярскіх установах ВКЛ так і не ўзнікла ніводнага акта, цалкам створанага па-літоўску.

Затое

магдэбургская дакументацыя сведчыць, што ў гарадскім жыцці Коўна і Вільні ў XVI ст. літоўская была адной з моваў вуснай камунікацыі.
Віленскі вількюр (гарадскі статут) у 1551 пастанаўляў, каб выклік на суд і вырак суда абвяшчаўся «па-польску, па-літоўску і па-руску, каб усе, хто слухае, разумелі». У Коўне такімі публічнымі мовамі былі вызначаныя польская і літоўская.
Няведанне літоўскай нават стала прычынай адстаўкі ў 1538 лаўніка Ковенскай магдэбургіі немца Андрэаса Войта.

Стагоддзе лемантароў

На XVII і XVIII ст. прыпадае час масавага выпуску літоўскіх лемантароў.
Першы месціўся яшчэ ў Катэхізісе Мажвідаса. Другі літоўскі лемантар быў часткаю катэхізіса, выдадзенага зноў жа ў Каралеўцы ў 1690 за грошы Людвікі Караліны Радзівіл — прадстаўніцы Біржанскай кальвінскай галіны княскага роду ВКЛ. Яшчэ адзін быў выдадзены ў Каралеўцы ў 1708 для лютэранскіх школ Прусіі.

У Вялікім Княстве спазняліся. Маюцца звесткі, што ў Вільні ў друкарні францішканаў у 1752 быў выпушчаны лемантар жмудскі, але ён не захаваўся. Першы вядомы, «Навука чытання пісьма польскага для малых дзетак», быў выдадзены ў Вільні паміж 1759 і 1761. Ён быў зарыентаваны на навучанне асноваў літоўскай мовы ўжо польскамоўных літвінаў і сістэматычна перавыдаваўся. У выданні 1783 з яго была выключаная польская частка. Надалей лемантар называўся «Навука чытання пісьма літоўскага для малых дзетак».

На працягу 1776–1790 у Акадэмічнай (універсітэцкай) друкарні штогод выдаваліся гэтыя лемантары накладам ад 325 да 2350 асобнікаў. Такое пашырэнне было сапраўдным поспехам літоўскай адукацыі.

Дзяржаўны ж механізм ВКЛ і Рэчы Паспалітай быў больш кансерватыўны. Патрэбна было нейкае ўзрушэнне, каб дзяржаўныя інстанцыі пачалі выдаваць акты і ўніверсалы па-літоўску.
І такой падзеяй стала Канстытуцыя 3 мая 1791, тэкст якой у ВКЛ перакладаецца ўжо па-літоўску, як і некаторыя дакументы паўстання Касцюшкі.

У чым жа прычына таго, што літоўская мова здолела толькі ў канцы XVIII ст. дасягнуць узроўню мовы афіцыйных актаў?

Мноства дыгласій

Гутарковая літоўская мова ў ХV–XVI стст. у ВКЛ жыла не толькі сярод сялянаў.
Яе прыхільнікі займалі найвышэйшыя пасады, а дзякі і пісары літоўскага паходжання непасрэдна ўплывалі на фармаванне моўнай культуры Канцылярыі ВКЛ. Гэта яны пакінулі літуанізмы ў актах, пісаных па-старабеларуску.

Але

ў шматэтнічным і шматкультурным грамадстве ВКЛ XV–XVІI стст. існавала моўная сітуацыя «мноства дыгласій».
Дыгласія — гэта стан, калі ў грамадстве існуюць дзве мовы, якія выкарыстоўваюцца ў розных функцыянальных сферах. Этнічныя літоўцы, дома размаўляючы па-літоўску, у публічнай сферы выкарыстоўвалі афіцыйную мову справаводства — «рускую» (старабеларускую). Лаціна была моваю каталіцкай літургіі, але казані ў многіх выпадках прамаўляліся па-літоўску. Таксама лаціна была мовай дыпламатыі і найважнейшых дакументаў. Славянамоўнае насельніцтва сучаснай Беларусі ў паўсядзённым жыцці выкарыстоўвала свае дыялекты. Моваю праваслаўнай царквы заставалася стараславянская, якая паступова ператваралася ў царкоўнаславянскую мову мясцовай рэдакцыі.

Літоўцы, нягледзячы на перыяды заняпаду і абмежаванняў, пранеслі сваю мову праз стагоддзі.
І дасягненні ў кнігадрукаванні XVI — XVIII стст., і абмежаванні ў публічнай сферы XV–XVII стст., і дыскрымінацыя ХІХ ст. паўплывалі на фармаванне сучаснай літоўскай нацыі, для якой захаванне і абарона роднай мовы стала адным з галоўных прынцыпаў.

Алег Дзярновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930