Знайсці
28.01.2012 / 10:467РусŁacБел

Беларускія футбалісты адпачывалі на Мальдывах і ў Эміратах + фоты

І ў санаторыі «Азёрны» таксама.

Зіма — перыяд міжсезоння ў айчынным футболе. Спартсмены маюць некалькі тыдняў адпачынку. Некаму дастаткова адпачынку з сям’ёй на лецішчы, але большасць усё ж марыць пра адпачынак на пляжах у заморскіх краінах.

ААЭ — самы пашыраны маршрут

Адно з улюбёных месцаў для адпачынку нашых футбалістаў — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Нападаючы БАТЭ Арцём Канцавы з жонкай Наталляй і сынамі не ўпершыню наведалі гэту краіну. Вельмі ўразіла архітэктура Дубая, у тым ліку «Бурдж¬Халіф» — самы высокі будынак у свеце. Ну і безумоўна — мора, сонца, пясок.

Футбалісты мінскага «Дынама» — таксама частыя госці Эміратаў. Перад Новым годам там пабываў паўабаронца клуба Аляксандр Перапечка з дзяўчынай Аленай. А Новы год Аляксандр сустрэў у Мінску з сям’ёй.

Дзмітрый Камароўскі, паўабаронца салігорскага «Шахцёра», адпачываў у гэтай арабскай краіне з дзяўчынай Кацяй і сябрамі¬футбалістамі Сяргеем Паліцевічам, Міхаілам Афанасьевым, Станіславам Драгуном ды іншымі.

Глеб злавіў мурэну, а Бага не дабраўся да пірамід

Зоркі беларускага футбола браты Аляксандр і Вячаслаў Глебы гэтым разам адпачылі на Мальдывах. Рыбалка, тэніс, водныя працэдуры, плаванне з акуламі і дэльфінамі… Энергіі і станоўчых эмоцый пасля такога адпачынку хопіць надоўга.

Жонка Вячаслава Глеба злавіла баракуду (драпежная рыба), а сам Аляксандр адзначыўся мурэнай (з сямейства вугровых).

А надзея нашага футбола Дзмітрый Бага з БАТЭ лічыць, што галоўнае ў адпачынку — добрая кампанія. Разам з аднаклубнікамі Ягорам Філіпенкам, Філіпам Рудзікам, Кірылам Алексіянам ды іншымі хлопцамі з каманды ён махануў у Егіпет. «Больш за ўсё мне спадабалася мая кампанія», — кажа футбаліст. Да пірамідаў і іншых славутасцяў гэтай краіны яны так і не дабраліся.

У Празе без снегу

Сем’і старажылаў БАТЭ Аляксандра Юрэвіча і Дзмітрыя Ліхтаровіча на Новы год былі ў Празе. Усё спадабалася: горад, экскурсіі і перадсвяточныя кірмашы. Адзіны мінус — не было снегу на Новы год. На мора ў гэтым годзе Юрэвічы не паехалі, затое наведалі санаторый «Азёрны» што на Гродзеншчыне. Выпаў снег, надвор’е было як у казцы.

Нападаючы зборнай Віталь Радзівонаў з сям’ёй тры тыдні правёў у Чэхіі: у Празе і Карлавых Варах. Праўда, не ўдалося патрапіць на святочную вечарыну ў іх гатэлі Hiltоn Praha. Акурат перад святам жонка з дачкой захварэлі, у малой тэмпература паднялася да 39 градусаў. Таму Новы год давялося сустрэць у ложку.

У Карлавых Варах Віталь праходзіў курс рэабілітацыі пасля летняй траўмы нагі. Непрыемны «сюрпрыз» здарыўся ў гатэлі. «Мы аплацілі вельмі добры 2¬пакаёвы нумар, вялікі і прыгожы. А ў выніку атрымалі зусім не тое», — кажа жонка Валянціна. Як высветлілася, турфірма памылілася і заказала нумар іншай катэгорыі. Давялося заплаціць за іншы пакой. Цяпер турфірма адмаўляецца кампенсаваць сям’і футбаліста панесеныя страты ў поўным памеры. «Цікава, што гэта фірма абслугоўвае БАТЭ, і такое стаўленне…» — скардзіцца Валянціна.

Нягледзечы на гэта, Віталь прызнаўся, што ўпершыню так добра адпачыў і душой і целам.

Не паехалі нікуды

Ігар Стасевіч адпачываць нікуды не паехаў, бо гадуе 3¬месячнага сына Стася. Ды яшчэ і наклаўся пераход у склад мінскага «Дынама». Галкіпер «Гомеля» Уладзімір Бушма таксама не пакідаў межы Беларусі. «Быў свой клопат, і фінансы на той момант не вельмі дазвалялі гэта зрабіць. Ды і так было куды іх патраціць».

Колькі каштуе адпачынак*?

Мальдывы – $3000

ААЭ – $2000

Егіпет – $1600

Прага, Чэхія – $1250

Санаторый “Азёрны” – $530

*цэны на пуцёўкі ў лютым 2012 года на дваіх чалавек на сем начэй.

Аксана Рудовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930