Знайсці
16.01.2012 / 11:001РусŁacБел

«Газпрам» можа стаць спонсарам футбольнага клуба са Слоніма

Некалькі беларускіх футбольных каманд спадзяюцца на падтрымку расійскай кампаніі «Газпрам». Пасля набыцця расіянамі «Белтрансгазу» і абяцання павялічыць заробкі яго супрацоўнікам з’явілася надзея на «светлую будучыню» і ў слонімскіх футбалістаў.

Слонімская каманда «Белтрансгаз», якая выступае ў другой лізе, спадзяецца атрымаць падтрымку газавага канцэрна. Яе кіраўніцтва цяпер знаходзіцца на перамовах у Маскве. Ці зменіцца назва каманды, калі «Газпрам» стане спонсарам, пакуль невядома. Па словах галоўнага трэнера «Белтрансгаза» Аляксея Шубянка, нейкія падрабязнасці стануць вядомыя ў лютым.

Аляксей Шубянок: «Я не ўдзельнічаю ў перамовах. Я ж толькі трэнер, а ўдзельнічаюць людзі, якія кіруюць. Нічога не магу сказаць. Усё будзе вядома ў лютым, калі кіраўніцтва ўсё вырашыць, калі будзе дакументацыя».

А вось сталічны «Партызан», які заваяваў права гуляць у вышэйшай лізе, працягвае шукаць новага спонсара. Раней з’явілася інфармацыя, што клуб таксама звярнуўся па дапамогу да «Газпрама». Але дырэктар сталічнага клуба Людас Румбуціс абверг гэтую інфармацыю. Паводле яго словаў, ёсць іншыя варыянты.

«Ёсць не столькі перамовы, хутчэй чаканне працэсу: тое, што адбудзецца. Праблему ведаюць, ведаюць, што мы хочам, а мы ведаем, што яны могуць. Вось і ўсё», — сказаў Румбуціс.

Футбалісты «Партызана» выйшлі з адпачынку і ўжо пачалі падрыхтоўку да сезона. Але, па словах Румбуціса, сітуацыя ў камандзе не вельмі добрая.

Тым часам кіраўнік спартовага інтэрнэт-праекту goals.by Максім Беразінскі разважае, што зменіцца ў беларускім спорце, калі ў яго прыйдзе «Газпрам».

Максім Беразінскі: «Газпрам» — вялікая кампанія, у якой менеджмент на высокім узроўні, і якая б аўтаматычна запатрабавала б такога ж высокакваліфікаванага менеджменту ў футбольных клубах. Зразумела, гэта быў бы нейкі вялікі штуршок».

Але пакуль казаць пра нейкія перспектывы ўдзелу расійскага канцэрна ў беларускім футболе рана, лічыць эксперт.

Максім Беразінскі: «Ніякіх каментароў ад самога „Газпрама“ пакуль не было. Таму незразумела, ці збіраецца „Газпрам“ прысутнічаць на беларускім спартовым рынку».

Цікава, што нядаўна «Газпрам» праяўляў цікаўнасць да мюнхенскай «Баварыі». Але далей за перамовы супрацоўніцтва расійскай кампаніі з 4-разовым пераможцам Лігі чэмпіёнаў і 22-разовым чэмпіёнам Германіі не зайшло. Застаецца спадзявацца, што замест «Баварыі» «Газпрам» абярэ слонімскі «Белтрансгаз» або «Партызан».

Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера