Знайсці
23.12.2011 / 12:46

Фіналісты «Еўрафэсту»: гэта будзе не барацьба, а гульня (відэа)

Паўфінальная інтрыга «Еўрафэсту» — беларускага нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне-2012» — шчасліва вырашылася ўвечары 21 снежня.
Гледачы і журы сумеснымі намаганнямі адсеялі дзесяць канкурсантаў, пакінуўшы шанцы на паездку ў Баку пецярым.

Фіналістамі «Еўрафэсту» сталі Гюнеш, гурт Litesound, Алёна Ланская, Юзары і Вікторыя Алешка.

Прадстаўленыя імі ў паўфінале кампазіцыі і нумары — не канчатковыя варыянты. З канкурсантамі будуць працаваць спецыялісты, якія дапамогуць ім дашліфаваць і музыку, і вобраз. Аднак кардынальных зменаў пакуль ніхто не плануе.

Пакуль дзясятка паўфіналістаў перажывае сваю паразу, пяцёрка фіналістаў настроена вельмі пазітыўна, ганарыцца сабой і ледзь не моліцца на «Еўрафэст».

Гюнеш паказала «сапраўдную сябе»

Ужо шасціразовая удзельніца «Еўрафэсту» Гюнеш расказала Naviny.by, што ўдзельнічаць у адборачным туры «Еўрабачання» гэтым разам яе ўгаварыў азербайджанскі кампазітар Іса Мелікаў, які прадзюсаваў пераможцаў «Еўрабачання-2011» дуэт Ell&Nikki. Ён напісаў для Гюнеш кампазіцыю, у якую яна проста закахалася.

«Ой, як мне падабаецца мая песня! — прызналася Гюнеш. — І гэта, напэўна, было відаць гледачам — што праспявала я яе ад душы. У папярэднія гады я ўсяляк спаборнічала, паказвала, што хачу перамагчы. А тут я проста паказала нумар і песню, якая вельмі падабаецца мне самой. Раней у мяне былі самыя розныя вобразы, я заўсёды спрабавала здзівіць гледачоў і слухачоў. Але той вобраз, які я паказала ўчора, — гэта і ёсць сапраўдная Гюнеш, такая, якой я павінна быць — лірычная, драматычная, словам, сапраўдная. Думаю, менавіта такой мяне і хочуць бачыць гледачы».

Па словах спявачкі, сёлета ў яе «правільная песня»: «Гэта значыць, песня не для музыкаў, прафесіяналаў, а для простых гледачоў. „Еўрабачанне“ — конкурс для звычайнага гледача, і песня ў першую чаргу павінная падабацца яму».

Гюнеш удзельнічала ў адборы на «Еўрабачанне» (з перапынкам на той перыяд, калі адборачны тур праводзіў тэлеканал АНТ) з 2005 года. «Не трэба баяцца спрабаваць некалькі разоў свае сілы, — лічыць яна. — Вось Ані Лорак толькі з шостага разу трапіла на „Еўрабачанне“. І малайчына! Змагалася-змагалася і з часам усё зрабіла правільна. Не трэба баяцца прызнаваць свае памылкі, трэба іх улічваць, выпраўляць, слухаць прафесіяналаў і гледачоў».

Па словах Гюнеш, адборачны тур сёлета быў іншы: «Можа, таму што мы за два гады засумавалі па „Еўрафэсце“ і былі так радыя яго вяртанню, што выйшлі і паказалі клас. Было напісана шмат прыгожых песняў, быў такі ажыятаж, усе былі добрыя. Такое адчуванне, што гэта стала вельмі сур’ёзнай падзеяй для ўсіх нашых артыстаў, а не толькі для пачаткоўцаў».

Litesound будуць змагацца да пераможнага канца

Фронтмэн гурта Зміцер Каракін лічыць, што Litesound выступілі вельмі добра. «Песня вельмі класная. І праспявалі мы яе выразнымі галасамі, вельмі прыгожа. Думаю, еўрапейцам гэта спадабаецца», — заявіў ён.

Гурт Litesound таксама далёка не навічкі на «Еўрафэсце» — у адборы на «Еўрабачанні» яны ўдзельнічаюць ужо пяты раз. Музыкі так тлумачаць сваю ўпартасць: «Мы лічым, што маглі б вельмі добра, прыгожа і годна прадставіць краіну на Еўрабачанні. Мы ацэньваем свае сілы і адчуваем гэтую энергетыку. І таму хочацца змагацца да пераможнага канца».

Алёна Ланская: а вы вазьміце і зрабіце

Алёна Ланская прызналася, што яна сачыла за конкурсамі мінулых гадоў, аналізавала і ў выніку прадставіла песню «ў фармаце Еўрабачання»: «У гэтай кампазіцыі можна паказаць вакал, у ёй яркая энергетыка. Лічу, у гэтай песні ёсць шанцы на перамогу».

Алёна Ланская таксама заўважыла, што «Еўрафэст» сёлета — «адзін з самых моцных». «Магчыма, таму, што летась ён не праводзіўся, і артысты больш часу надалі „Еўрафэсту“ гэтага года», — выказала здагадку яна.

Алёна Ланская — з нядаўняга часу не толькі пераможца «Славянскага базару-2011», але і заслужаная артыстка Беларусі. Многія спецыялісты ўжо задумаліся, ці не з’яўляецца яна фаварыткай адборачнага тура ў гэтым годзе.

«Мне складана казаць пра сябе, — адказвае на гэта Ланская. — Лічу, у гэтым выпадку павінныя ў першую чаргу вырашаць людзі, гледачы павінны тэлефанаваць і вызначацца самі. Калі народ мяне абярэ, людзі за мяне прагаласуюць, я буду рада і шчаслівая. Калі не-то не…»

Гаворачы пра крытыку на адрас як адборачнага тура ў цэлым, так і ў дачыненні да канкрэтных артыстаў, Ланская заўважыла, што «гаварыць можна ўсё што заўгодна». «А вось узяць і зрабіць — гэта ўжо нашмат складаней, — мяркуе яна. — Я чытала форумы перад „Еўрафэстам“, і там дасталося кожнаму артысту. Пры гэтым я заўважаю, што людзі проста кажуць, а нейкіх канкрэтных рашэнняў ніхто не прапаноўвае. Але калі вам ніхто не падабаецца — тады едзьце самі».

Юзары: мой нумар — нумар пераможцы

Юзары адразу заяўляе, што яго нумар — нумар пераможцы. «Лічу, што ён павінен быць менавіта такім. Я ездзіў на Еўрабачанне і ўяўляю, як гэта павінна быць», — заявіў ён. Сёлета спявак удзельнічаў у Еўрабачанні ў складзе каманды Анастасіі Віннікавай.

«Мяне парадаваў ў гэтым годзе ўзровень і правядзення „Еўрафэсту“, і тэлевізійнай падачы, усё стала лепш і ў плане гуку і святла, усё стала арганізавана. Хацелася б, каб гэта было не мяжою — каб артысты падымалі ўзровень на самы пік, каб пра „Еўрафэст“ ведалі не толькі ў Беларусі і СНД», — кажа ён.

Алешка будзе працаваць на кантрастах

Вікторыя Алешка, як і іншыя ўдзельнікі, пакуль не можа сказаць дакладна, якія змены зведае яе нумар і песня. Аднак дакладна яна можа сказаць, што плануе «працаваць на кантрастах».

«Наша каманда рабіла ўсё, каб пасля выступу ўсе сказалі „ваў“. І я рада, што мы дамагліся гэтага. Я заўсёды па жыцці іду з такім крэда — павінен быць кантраст, добры, дыхтоўны. Пакуль не магу сказаць, што яшчэ зменіцца ў нумары да фіналу. Будзем прыдумляць штосьці яшчэ больш эфектнае. Чапляць трэба кантрастам і чымсьці нечаканым», — расказала яна.

Спявачка прызналася, што раней не хацела ўдзельнічаць у адборы на Еўрабачанне, але гэтым разам быццам нюх падказаў — як і ў выпадку з Гюнеш, ёй настолькі спадабалася песня, што Алешка вырашыла паспрабаваць сілы ў «Еўрафэсце».

Гаворачы пра астатніх удзельнікаў, яна заўважыла, што ёй прыемна быць у ліку фіналістаў разам з такімі моцнымі выканаўцамі: «Усё роўна, хто з нас выйдзе, гэта будзе вельмі прыгожая… нават не барацьба, а гульня».

Фінал «Еўрафэсту» запланаваны на 28 студзеня і пройдзе ў жывым эфіры канала «Беларусь-1».

naviny.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30