Знайсці
19.12.2011 / 11:3342РусŁacБел

Царква прыраўняла донарства спермы да пералюбу

Замест ЭКА і сурагатнага мацярынства святары прапануюць жанчынам «прыслухоўвацца да сябе».

У Беларусі амаль 15% параў не могуць мець дзяцей. І толькі дзякуючы штучнаму апладненню, якое практыкуецца ў Беларусі ўжо 16 гадоў, гэтыя пары могуць стаць бацькамі. Кожны год пасля штучнага апладнення ў нашай краіне нараджаецца больш за тысяча дзяцей. Таксама досыць вялікай папулярнасцю карыстаюцца паслугі сурагатнай маці. Каб вызначыць умовы і парадак выкарыстання такіх відаў дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій, у канцы красавіка гэтага года дэпутаты прынялі спецыяльны законапраект у першым чытанні. Гэты дакумент выклікаў абурэнне ў рэлігійнай грамадскасці, якая супраць любога ўмяшання ў таемства зачацця. І вось цяпер Беларуская праваслаўная царква накіравала свае прапановы па законапраекце ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

У сваім лісце царква кажа аб недапушчальнасці выкарыстання донарскай спермы і яйкаклетак пры ЭКА, а таксама просіць забараніць сурагатнае мацярынства ў прынцыпе ці дапусціць яго выкарыстанне з рэзкімі абмежаваннямі.
Яшчэ царква патрабуе, каб «лішнія» зародкі ў матцы пры ЭКА ні ў якім разе не знішчаліся.

— Гэта супярэчыць духоўна-маральным традыцыям беларускага народа і абражае рэлігійныя пачуцці грамадзян, — падкрэслівае ў сваім лісце царква.

Магчымасць жа штучнага апладнення святары дапускаюць толькі ў тым выпадку, калі жанчына замужам, а ў вырашэнні праблемы бясплоддзя не прыцягваецца трэці бок. Гэта значыць, штучнае апладненне павіннае адбывацца клеткамі мужа, але ніяк не старонняга чалавека. У адваротным выпадку гэта прыраўноўваецца да пералюбу. Але ж менавіта праз мужчынскае бясплоддзе палова параў не можа зачаць дзіця.

— Донарства — гэта тэхнічна непаўнавартасная і з усіх бакоў бязладная палавая сувязь, — лічыць дырэктар Цэнтра падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» пры прыходзе храма св. Мікалая Японскага іерэй Павел Сярдзюк.

Альтэрнатывай ЭКА царква бачыць напратэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў Польшчы і Францыі, калі жанчына прыслухоўваецца да свайго арганізму, і ў яе атрымліваецца зачаць.

Вось толькі медыкі глядзяць на прапановы царквы зусім па-іншаму.

— Гэта нешта з галіны эзатэрыкі. Калі цяжарная жанчына падчас аўтааварыі страціла матку і дзіця, то тут як ні прыслухоўвайся да сябе, нічога не дапаможа. І гэтым людзям мы павінныя даваць шанец, — кажа галоўны акушэр-гінеколаг аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзіцяці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Аляксандр Барсукоў. — Гэты законапраект нам проста неабходны. У нас няма заканадаўчага акту, які агаворвае ўсе моманты. Была маса судовых позваў. І цяпер мы вырашылі ўсё гэта ўзаконіць так, каб не было ніякіх пытанняў і каб мы мелі права ствараць банк генетычнага матэрыялу. Калі мы не ўзаконім тое, што робіцца ўжо шмат гадоў, гэта ўсё роўна будзе працягвацца. Людзі паедуць у суседнія краіны, каб зрабіць ЭКА там.

kp.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930