Знайсці
12.03.2011 / 00:514РусŁacБел

У кобрынскай міліцыі — штамп з арфаграфічнай памылкай

Члены рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» з Кобрынскага раёна Сяргей Магонаў і Віктар Грышкевіч накіравалі скаргу міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову, у якой абураюцца стаўленнем да беларускай мовы мясцовага райаддзела міліцыі.

Нагодай для звароту стаў надпіс на штампе Кобрынскага РАУС. Тэкст выкананы па-беларуску, але замест «Брэсцкая» напісана «Брэсцская».

«Такое стаўленне да беларускай мовы, якая з’яўляецца адной з дзяржаўных, дэманструе неахайнасць кіраўніцтва РАУС, а таксама абражае годнасць грамадзян, якія вымушаны чытаць афіцыйны штамп такой паважанай арганізацыі, як міліцыя, з арфаграфічнымі памылкамі», — сказаў Магонаў.

Актывісты ТБМ просяць Анатоля Куляшова правесці разгляд і «прыкласці намаганні для выпраўлення сітуацыі».

Магонаў і Грышкевіч таксама звярнуліся да генпракурора Рыгора Васілевіча з просьбай абараніць іх правы і інтарэсы, якія, паводле меркавання членаў ТБМ, парушаныя пракуратурай Кобрынскага раёна.

У сваёй заяве яны паведамляюць, што на будынку пракуратуры адсутнічае шыльда на беларускай мове, «што выключае магчымасць пачарпнуць з яе якую-небудзь інфармацыю», і, такім чынам, немагчыма «скарыстацца дзяржаўнай беларускай мовай для ідэнтыфікацыі органа дзяржаўнага кіравання, якім з’яўляецца пракуратура». Пазбаўленне магчымасці скарыстацца дзяржаўнай мовай з’яўляецца стварэннем перашкод і абмежаванняў у карыстанні ёй, а паводле КоАП гэта — адміністрацыйнае правапарушэнне, заяўляюць актывісты ТБМ.

У сувязі з гэтым Магонаў і Грышкевіч просяць правесці праверку ў дачыненні да службовых асоб раённай пракуратуры, у чыю кампетэнцыю ўваходзіць належнае афармленне будынка, на прадмет наяўнасці ў іх дзеяннях правапарушэння, а таксама прыняць меры да забеспячэння права на атрыманне інфармацыі на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Акрамя таго, актывісты ТБМ звяртаюць увагу генпракурора на тое, што «інфармацыйны шчыт пра час працы пракуратуры знаходзіцца за ўваходнымі дзвярыма, г.зн. унутры будынка, і звычайным грамадзянам, якія не валодаюць звышнатуральнымі здольнасцямі, немагчыма атрымаць інфармацыю, калі прыходзіць у пракуратуру, калі яна ўжо не працуе».

Беларускія навіны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера