Знайсці
17.11.2010 / 00:101РусŁacБел

Бернд Штанге: «Я моцна не задаволены Глебам»

Галоўны трэнер нацыянальнай каманды рэзка прайшоўся наконт гульні футбаліста «Бірмінгем Сіці» і зборнай.

Напярэдадні таварыскага матчу са зборнай Амана, які пройдзе 17 лістапада, галоўны трэнер нацыянальнай дружыны Бернд Штанге падзяліўся пра набалелае, у тым ліку і пра кандыцыі Аляксандра Глеба і яго праблемы з фізічнай формай.

«Я незадаволены Сашам Глебам. Сёлета мы правялі дзесяць матчаў, Глеб быў задзейнічаны толькі ў чатырох з іх. І штораз ён прыязджаў у зборную не ў лепшым фізічным стане. Нядаўна ў інтэрв’ю Саша распавёў пра сваю траўму, што стала прычынай чарговай яго адсутнасці. Добра, рознага роду пашкоджанні — гэта футбольная паўсядзённасць.

Але хочацца спытаць: чаму Глеб ўвесь час лечыцца, што няправільнага адбываецца ў ягоным жыцці? Я вельмі засмучаны.

У нас ёсць канцэпцыя, зыходзячы з якой, мы абапіраемся на гульцоў накшталт Глеба і Кутузава. І калі яны адсутнічаюць, усё ламаецца. Вось, у прынцыпе, асноўная прычына, па якой мы з Харальдам Ірмшэрам паехалі ў Бірмінгем. Думаю, усе пагодзяцца, што каманда Алекса Макліша [„Бірмінгем Сіці“ — НН ] па сваім узроўні недацягвае да „Арсенала“ або „Барселоны“ [каманды, за якія гуляў у 2005—2009 гг. А.Глеб].

І калі Саша з яго талентам і класам не гуляе ў „Бірмінгеме“, значыць нешта ідзе не так.

Наогул, Макліш лічыць Глеба выдатным гульцом. Мабыць, па свайму класу, вядомасці, ён найлепшы футбаліст „Бірмінгема“. Макліш сказаў, што зразумее Сашу, калі той будзе рабіць абрэзкі або прайграваць барацьбу. У футболе здараюцца няўдалыя матчы. Але адсутнасць нармальнай фізічнай формы яму незразумелая.

Трэнер „Бірмінгема“ выразна сказаў, што Саша не будзе гуляць у яго камандзе, пакуль не набярэ нармальных кандыцый.

З Маклішам мы размаўлялі недзе паўтары гадзіны. Прыйшлі да агульнай высновы, прынялі некаторыя рашэнні наконт трэніровак Глеба. І зборная, і „Бірмінгем“ зацікаўлены ў тым, каб Глеб вярнуўся на ранейшы ўзровень. А пакуль атрымліваецца так, што ён не здольны дапамагчы ні нам, ні камандзе Макліша [пасля 13 тураў прэм’ер-лігі „Бірмінгем“ займае 18-ы, вылятны, радок]. Зараз для яго настаў вельмі важны этап кар’еры. Ад таго, як Глеб яго перажыве, будзе залежаць далейшая кар’ера Аляксандра.

Ведаеце, я доўга думаў, ці варта выносіць маё меркаванне ўсёй грамадскасці. Усё ж у мяне ёсць прынцып — не крытыкаваць гульцоў на людзях.

Але для Аляксандра надышла пара зрабіць выключэнне.

Так, ёсць траўмы, такое бывае. Але Глеб — прафесіянал, праца якога ў тым ліку складаецца ў хуткім аднаўленні. А Саша ўжо вельмі доўга не можа нармалізаваць свой стан. Мяне зусім не цікавіць пазафутбольнае жыццё Глеба. Мяне турбуе толькі яго гульня.

Я адмаўляюся разумець футбаліста такога высокага ўзроўню, які некалькі сезонаў не можа вырашыць свае праблемы са здароўем.

На мае заўвагі Глеб адказвае традыцыйна: „Паспрабую зрабіць усё, каб адрадзіцца“. І ведаеце ў чым справа? Глеба крытыкавалі Гвардыёла, Грос, Макліш, Штанге [першыя два — трэнеры „Барселоны“ і „Штутгарта“, пад кіраўніцтвам якіх Глеб гуляў у сезоназ 2008–2009 і 2009–2010 гадоў — НН]. Не самыя, напэўна, дрэнныя трэнеры. Ну, трэба ж нешта рабіць!

Нядаўна мы параўналі паказчыкі яго індывідуальных дзеянняў у матчах за „Арсенал“ [2005–2008] і гульнях зборнай супраць французаў і румынаў.

Розніца шакуючая.

Увогуле, час заканчваць з крытыкай і сумеснымі намаганнямі з самім Глебам і Маклішам шукаць шляхі выйсця з наяўнай сітуацыі.Спадзяюся, Саша зробіць высновы», — цытуе словы Штанге goals.by са спасылкай на газету «Всё о футболе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930