Знайсці
20.09.2010 / 21:595РусŁacБел

Святы філосаф-дысідэнт з рэлігійнага памежжа

Сённяшняя падзея ў Бірмінгам многімі прачытваецца як трыумфалісцкі акт рыма-каталіцкай Царквы, якая, маўляў, уваходзіць у чарговую стадую празелітызму. І сапраўды: як трактаваць вынясенне на алтар інтэлектуала дзевятнаццатага стагоддзя, які ў сталым узросце перайшоў з англіканства ў каталіцызм?

Віншую вас, браты-сёстры з каталіцкай Царквы. І вас, дарагія кузіны англіканскага вызнання, таксама віншую. Паважаны прафесар Доўкінс і вы, яго аднаверцы — вам таксама належыцца віншаванне. Нагода вялікая — Джон Генры Кардынал Ньюман сёння абвешчаны благаслаўлёным. Сённяшняя падзея ў Бірмінгам — беатыфікацыя папам Бенедыктам XVI Джона Ньюмана — многімі прачытваецца як трыумфалісцкі акт рыма-каталіцкай Царквы, якая, маўляў, уваходзіць у чарговую стадую празелітызму, толькі такога больш вытанчанага. І сапраўды: як трактаваць вынясенне на алтар інтэлектуала дзевятнаццатага стагоддзя, які ў сталым узросце перайшоў з англіканства ў каталіцызм? Вот такі, скажам, брытанскі Язафат Кунцэвіч атрымлівае карону нябеснага заступніка. Ці не сігнал гэта сучасным англіканцам, якія цяпер перажываюць перыяд унутранага падзелу, што вось, шаноўныя джэнтэльмены, вось бачыце, з каго вам трэба браць прыклад! Такое прачытанне падзеі было б жахліва аднабаковым. Бо тут яшчэ трэба разабрацца, для каго Джон Ньюман з’яўляецца большым выклікам — для англіканскай ці, можа, для той самай рыма-каталіцкай Супольні. Так, Ньюман зрабіў выбар на карысць каталіцызму, бо ў сваім сумленні — пасля доўгіх штудыяў і разважанняў — распазнаў у ім паўнату хрысціянства. Аднак ён быў таксама — будучы ўжо каталіцкім святаром — крытыкам абвяшчэння догмы аб непамыльнасці папы, прыхільнікам узмацнення ролі свецкіх у Царкве і распрацоўнікам ідэі аўтаноміі сумлення. Ньюман — мякка кажучы — не быў улюбёнцам тагачаснай іерархіі, а папа Пій ІХ (таксама благаслаўлёны) да канца свайго жыцця ставіўся да гэтага экс-англіканца з недаверам. Ньюман — гэта католік, каторы нагадвае субратам-католікам, што пратэстанцка-англіканская рэформа «не пратрывала б трыста гадоў, калі б не мела ў сабе шмат праўды». Гэта таксама англіканец, каторы нагадвае іншым англіканцам, што антырымская рыторыка — гэта сумнеўны спосаб практыкавання Хрыстовага Евангелля. А як мы — католікі і англіканцы, лютаране і кальвіністы — сёння ўспрымем гэты жыццёвы і пісьменніцкі пасыл Джона Ньюмана, залежыць ад нас. А па якой прычыне я збіраюся віншаваць брытанскіх атэістаў на чале з прафесарам Доўкінсам? Бо Ньюман — гэта дастойны інтэлектуальны апанент, на дэфіцыт якіх так часта — у рамках самаўсхвалення — наракаюць атэісты. Ньюман ставіць пад сумнеў штыўную альтэрнатыву «розум або абсурд» і даводзіць, што акты веры, гэтаксама як надзеі і любові маюць «трэцюю натуру». Яны не грунтуюцца на разумовых доказах, але і не з’яўляюцца абсурднымі. Ньюман, не маючы пад рукой іншага лепшага тэрміну, назваў веру і аналагічныя ёй з’явы «дыктатам сэрца». Без гэтага «дыктату» немачымы былі б нават навуковыя адкрыцці. Ці Ньютан адкрыў бы закон прыцягнення, калі б не «ірацыянальны» імпульс, які падштурхоўваў шукаць узаемазалежнасці там, дзе розум іх заўважаць адмаўляўся: паміж целамі, аддаленымі між сабой мільёнамі кіламетраў! Акты веры, надзеі і любові абумоўліваюць наша разумовае, валявое і пачуццёвае жыццё. І сярод гэтых актаў ёсць акт веры ў асабовага Бога. Чытайце Ньюмана, сэр Доўкінс, чытайце без акуляраў. Бо ён ужо сто гадоў назад напісаў рэцэнзію на вашу кнігу «Іліюзія Бога». Благаслаўлёны Джон Ньюман — і Цябе віншую. З нагоды трыумфальнага вяртання ў пілігрымуючую Супольню. Правакуй нас і надалей, тым больш што цяпер ужо не мусіш асцерагацца ані гневу папы рымскага, ані санкцый з боку брытанскай каралевы. Кідай на зямлю евангелічны агонь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930