Знайсці
17.08.2010 / 09:0056РусŁacБел

«У гасцях у кандыдата»: Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук: «Ложак будзем правяраць?»

Чым можа павярнуцца візіт дзвюх прывабных дзяўчат у кватэру не менш прывабнага халасцяка? Не спяшаецеся рабіць паспешлівыя высновы.
Таму што дзяўчаты гэтыя — фатограф «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч і карэспандэнтка «Салідарнасці» Настасся Зелянкова. Прывабны ж халасцяк — не хто іншы, як прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост Яраслаў Раманчук. Ён і стаў першай ахвярай нашага супольнага праекта «У гасцях у кандыдата».

Зайздросны жаніх

— Будзьце асцярожныя! — у адзін голас наказалі нам рэдактары, даведаўшыся пра блізкі візіт.

Успрыняўшы сказанае як рэкламу, мы паспяшаліся да Раманчука.

— Рады вас бачыць, — з парога прывітаў нас гаспадар. — Праходзьце на кухню, будзем піць каву з цукеркамі. Спіртнога не прапаную, бо сам не п’ю.

Ніхто адмаўляцца і не думаў. Тым больш што да цукерак прыкладаўся яшчэ і вафельны торцік. А каву гаспадар не паленаваўся зварыць уласнаручна.

— Можа, яшчэ і посуд самі мыеце? — з’едліва пацікавіліся мы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі Раманчука.

— Вядома. Насамрэч гэта стэрэатып. Што тут цяжкага? Я і бульбу люблю абіраць. Потым змалоў на машынцы — вось табе і дранікі за пяць хвілін!

Мы з зайздрасцю паглядзелі на падваконне — ў бок партрэта сімпатычнай дзяўчыны (да апошняга мы шчыра верылі, што размовы пра нявесту — гэта толькі піяр).

— Значыць, гатаваць вы любіце?

— Ну так. Хоць, бывае, часам і пельмені смажу, але гэта як даніна студэнцкім часам.

Звыклыя не давяраць словам палітыкаў, мы папрасілі дазволу праінспектаваць лядоўню кандыдата. Усё як у людзей: гародніна, садавіна, каўбасы, у маразілцы мяса, а не паўфабрыкаты, на паліцах — рондлі. Нават не верыцца, што гэта лядоўня халасцяка.

— А што ў рондлі? — працягнулі мы журналісцкае расследаванне.

— Халаднік.

Вось і папаўся! Ну хто паверыць, што мужчына будзе сам сабе халаднік гатаваць?

— Не, не я варыў, — шчыра прызнаўся Яраслаў.

Аднак іншых слядоў прысутнасці ў доме жанчыны мы не знайшлі (за выключэннем флакона туалетнай вады на паліцы ў ваннай). Мы, вядома, асабліва і не разлічвалі ўбачыць раскіданыя па ўсёй кватэры прадметы жаночага гардэроба, але тут усё было відавочна: ні табе фіраначак на вокнах, ні вазачак з кветачкамі, ні мілых сувеніраў на паліцах. Усё проста, па-мужчынску, але з густам.

Пакуль варылася кава, мы вырашылі ўважлівей агледзець кватэру. Высветлілася, што гэтую «двушку» ў раёне Камароўкі Раманчук набыў яшчэ ў 1998 годзе.

— Я спецыяльна заняўся бізнэсам, каб купіць кватэру. Праўда, купіў толькі калі бізнэс кінуў, — смяецца Яраслаў. — Пачакаў, пакуль цэны апусцяцца да мінімуму (нездарма ж эканаміст). Цяпер вось жыву ў цэнтры горада, і праца побач.

Проста як у показцы: багатыя купляюць сабе не машыну, каб ездзіць на працу, а кватэру побач з працай, каб хадзіць пешшу. Дарэчы, у Раманчука машыны таксама няма.

«Гняздо распусты»

Агляд вырашылі пачаць са спальні. Пасля «эратычнага інтэрв’ю» «Народнай волі» гэты пакой уяўляўся нам як мінімум гняздом распусты. Нашы чаканні спраўдзіліся толькі напалову.

З выгляду ўсё было цалкам прыстойна: убудаваная шафа, вялікі ложак, гара кніжак на падлозе, туалетны столік (набыты, мяркуючы па ўсім, проста ў камплекце з ложкам).

У вочы нам адразу ж кінуўся прафесійны фотаапарат з вялізнымі аб’ектывамі, што ляжаў на люстэрку. Вось толькі кожная ў гэты момант падумала пра сваё: Юля тут жа прызнала ў Раманчуку калегу па фотасправе, мяне ж мучыла пытанне: чаму ўсё гэта знаходзіцца ў спальні?

Пакуль фатограф-прафесіянал і фатограф-аматар размаўлялі на свае вузкаспецыяльныя тэмы, я выпрабавала ложак. Ён аказаўся жорсткім і чамусьці зусім не рыпеў, хоць, па прызнанні кандыдата, стаіць тут з 1998 года.

— Няўжо рэдка карыстаецеся? — усё-такі не стрымала я цікаўнасці.

— Крыўдзіш, — тут жа азваўся Яраслаў. — Паглядзіце, на чым ён у мяне стаіць.

Ён падняў покрыва, і мы ўбачылі пад ложкам… кнігі, складзеныя стосам у якасці падпорак. Мяркуючы па ўсім, свой рэсурс гэты ложак ужо вычарпаў.

— Будзем правяраць? — падміргнуў Раманчук.

— Як-небудзь іншым разам, — паспрабавалі аджартавацца мы.

— Лаўлю на слове!

— А дзе вы захоўвайце свае гальштукі? — для бяспекі вырашылі мы змяніць тэму і заадно ненавязліва зазірнуць у шафу кандыдата.

Раманчук без ценю сумневу расчыніў дзверкі і пачаў дэманстраваць сваю калекцыю. Гальштукаў ў яго і праўда аказалася шмат. Нават іменны.

— Праўда, завязваць сам не ўмею. Прашу сяброў, — прызнаўся Раманчук.

А вось кнігі на падлозе каля ложка прызначаліся для ўдзельнікаў школы, якую вядзе Раманчук на базе Цэнтра Мізэса.

— Часам збіраемся ў мяне дома, — расказаў кандыдат і прадбачліва ўдакладніў: — У суседнім пакоі. Бывае, выязджаем куды-небудзь. Нядаўна на Нарач ездзілі. Пойдзем пакажу фатаграфіі.

Так мы плаўна перамясціліся ў гасцёўню.

Эканамічная Камасутра

Мяркуючы па фотаздымках, да навучання Раманчук ставіцца нестандартна. Людзі ў купальніках мала нагадвалі удзельнікаў эканамічнага семінару. Ды і праграма заняткаў выглядала вельмі нават прывабна (я тут жа пашкадавала, што рэдактар надоечы адмовіўся мяне туды адпускаць).

— Дарэчы, некалькі параў пасля нашых заняткаў ажаніліся, — пахваліўся сваёй роляй Купідона кандыдат.

Ад кампутарных здымкаў перайшлі да фотаальбомаў. Вось Раманчук з Маргарэт Тэтчэр, вось з Сямёнам Шарэцкім, вось перакладае Кебічу, шмат фота з рознымі еўрапейскімі міністрамі. Але асноўная частка альбома — дзяўчаты, дзяўчаты, дзяўчаты. На каленях, у абдымку, на фоне сэкс-шопа

— Калі я ішоў на парламенцкія выбары дэпутатам па Гродзенскай акрузе ў 2008 годзе, спецслужбы закінулі ў народ дзве качкі: што я хачу прадаць Гродна Польшчы і што я гей, — смяецца Раманчук.
 — Прычым нават не ведаю, што для гарадзенцаў было горш.

Мы тут жа ўявілі, як Раманчук даказваў гарадзенкам адваротнае, і засмяяліся.

Сама ж гасцёўня змяшчала адначасова і бібліятэку, і працоўны кабінет. На паліцах — узнагароды Раманчука за плённую працу на эканамічнай ніве. На стэлажах — кнігі, у тым ліку і ўласнага аўтарства.

— А вось у гэтых папках я захоўваю выразкі розных цікавых артыкулаў па тэме, — паказаў Яраслаў на верхнюю паліцу стэлажа.

Аднак нашу ўвагу прыцягнулі зусім не эканамічныя працы, а ўзгрувашчаная на іх «Камасутра» і яшчэ нейкая эратычная кніжка з малюнкамі.

— «Камасутру» мне падаравалі падчас паездкі на форум у Індыю. Іншым лектарам дасталіся кніжкі па эканоміцы, а мне, як самому маладому, уручылі гэтую. Вырашылі, што патрэбнейшая. Тут, дарэчы, прапісаныя 40 правілаў, якія павінна ведаць жанчына. Вось зараз я вас і праверу.

Да нашай вялікай радасці, ад гэтага экзамена нас выратаваў тэлефонны званок. Так мы ад «Камасутры» плаўна перайшлі да ёгі.

Высветлілася, што і гэтым Раманчук займаецца з задавальненнем. Прапусціць магчымасць пафатаграфаваць кандыдата ў розных позах мы не маглі.

— А можаце, як ёг, у вузел завязацца? — падбухторвалі мы.

— Магу. Толькі для гэтага трэба болей размяцца, а то потым і не развяжашся, — засмяяўся Яраслаў.

Мы вырашылі паберагчы кандыдата для гісторыі.

Ёга аказалася не адзіным захапленнем Раманчука. З шафы тут жа дасталіся ракеткі для вялікага тэніса і пінг-понга, трэнажоры, а доказаў футбольнай актыўнасці кандыдата пасля прагляду яго фота нават і не патрабавалася.

Яшчэ крыху пахадзіўшы па кватэры, вывучыўшы ў ваннай усе скляначкі (яны, дарэчы, у Раманчука таксама асаблівыя — замежныя, нават пасту ён купляе упакоўкамі толькі ў Амерыцы), мы нарэшце вырашылі, што трэба й меру ведаць.

— Ну, дарогу да мяне цяпер ведаеце. Так што заходзьце ў любы час, — ветліва запрашаў нас кандыдат.

Мы горача паабяцалі вярнуцца.

Настасся Зелянкова, фота Юліі Дарашкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930