Знайсці
23.07.2010 / 16:354РусŁacБел

Марскія канькі ў нашых рэках

Сёлета на Дняпры падчас навуковага даследавання вылавілі рыбу нябачанага раней у Беларусі віду. Гэта іголка-рыба пульхнашчокая (Syngnathus abaster).

Сёлета на Дняпры падчас навуковага даследавання вылавілі рыбу нябачанага раней у Беларусі віду. Гэта іголка-рыба пульхнашчокая (Syngnathus abaster). Водзіцца яна ў Чорным, Азоўскім і Каспійскім марах. Рыба мае танклявае, падобнае да іголкі цела — цёмна-шызае са светлымі папярочнымі палосамі.

Вырастае да 20 см. А пульхнашчокай яе назвалі, бо мае пукатыя жабры. Рыба-іголка, мяркуюць адмыслоўцы, трапіла да нас з Кіеўскага вадасховішча. Цікава, што гэта рыба таго ж сямейства іголкавых, што і марскі канёк.

Толькі за два папярэднія гады ў нашай краіне выявілі шэраг новых відаў рыбаў— печкура белапёрага, бычка-цуцыка, калюшку паўднёвую малую, шчыпоўку залацiстую. У Беларусі ўжо шырака распаўсюдзіліся такія чужародныя віды, як таўсталобік і ратан-галавешка. Яны добра прыстасоўваюцца да ўмоваў беларускіх вадаёмаў і складаюць канкурэнцыю прадстаўнікам аўтахтоннай фаўны.

За кошт росту колькасці чужога віду — карася срэбнага — зменшылася ў нас колькасць паўсюднага раней залатога карася. У беларускіх водах ужо траціна чужародных відаў: 23 з 63! Палова відаў абарыгенных рыб і іншых водных арганізмаў знаходзіцца пад пагрозаю знікнення. За мінулае стагоддзе ў Беларусі звяліся два дзясяткі відаў самых каштоўных рыб: асятры атлантычны ды рускі, выразуб ды бялуга, ласосі. Такім чынам, хоць у нас і з’явіліся новыя рыбы, агульная колькасць відаў скарачаецца.

Праз Беларусь ідзе адзін з асноўных водных калідораў пранікнення чужародных відаў з Чарнаморска-Каспійскага басейна ў Цэнтральную і Заходнюю Еўропу і Балтыйскае мора. Калідор складаецца з басейнаў Дняпра, Прыпяці і Віслы.

З аднаго боку, распаўсюду чужародных відаў рыб у Беларусі спрыяе пацяпленне клімату, а з іншага — непапраўна змененая гідралогія. У выніку будавання плацінаў, меліярацыі, забудовы рэчышчаў у Беларусь, напрыклад, ужо не пранікаюць вугры і асятры. А ўварванне новых відаў з Усходу і Поўдня будзе толькі нарастаць.

Тыя новыя віды, што былі выяўленыя ў нашых водах, адносяцца да так званага пустазелля. Праз свае вельмі дробныя памеры яны не ўжываюцца ў ежу і не маюць прамысловага значэння. На што яны годныя — дык хіба быць жыўцом для лоўлі драпежных рыб. А вось ікру і малькоў каштоўных тутэйшых рыбаў прыбышы жаруць у велізарнай колькасці.

Чэмпіён тут — ратан-галавешка. Гэты далёкаўсходні від з’ядае ікру іншых відаў рыбаў, жабаў, трытонаў, ракападобных, чым наносіць велізарную шкоду нашым экасістэмам, а рыбным гаспадаркам — эканамічную шкоду.

Тое ж тычыцца і іншых водных жыхароў. Прыкладам, у выніку пашырэння толькі аднаго віду слімакоў, драйсены паліморфнай, ужо нанесеная адчувальная шкода ў вадасховічшчах Лукомальскай ды Белаазёрскай электрастанцыяў. Гэты від слімакоў-чужынцаў сустракаецца ўжо больш чым у 80% азёр Беларусі. Слімак назапашвае моцныя таксіны і бактэрыі батулізму, ён смяротна небяспечны для рыб, якія ім сілкуюцца, і, праз рыб, для людзей. Інвазія ў Беларусь амерыканскага паласатага рака, носьбіта рачынай чумы, можа цалкам знішчыць папуляцыі каштоўных беларускіх відаў ракаў: вузкапальцавага і шыракапальцавага, унесеных у Чырвоную кнігу.

Выходзіць, ужо цяперашняе пакаленне беларусаў будзе жыць без рыбаў, якіх лавілі яшчэ іх дзяды. Калі ж не прыняць тэрміновых захадаў — знайсці біялагічныя спосабы ўздзеяння на шкоднікаў, перашкаджаць іх пранікненню, разводзіць каштоўныя віды рыбаў — дык неўзабаве ў многія рэкі ды азёры не будзе сэнсу і вуду закідаць.

Сяргей Харэўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930