Знайсці
21.07.2010 / 13:313РусŁacБел

Улады Томскай вобласці Расіі выдаткавалі на «беларускія хаткі» $ 3 тысячы і 50 кубаметраў лесу

Культурніцка‑адукацыйныя цэнтры беларускай дыяспары з’явіцца ў Томску і ў вёсцы Манастырка Шагарскага раёна.

Культурніцка‑адукацыйныя цэнтры беларускай дыяспары з’явіцца ў Томску і ў вёсцы Манастырка Шагарскага раёна Томскай вобласці.

У часы сталыпінскіх рэформ беларусы заснавалі некалькі вёсак ля Томска, тагачаснай сібірскай «брамы».

Яшчэ цяпер на пярэстай этнічнай карце Томскай вобласці гэтыя мясціны – Шагарскі раён – вызначаюцца як заселеныя выхадцамі з Беларусі. Самая буйная з былых беларускіх вёсак, і адначасова мясцовы адміністратыўны цэнтр, Манастырка, размяшчаецца на беразе ракі Обі за сотню кіламетраў ад Томска.
Яна не была ўласна заснаваная беларусамі, але стала буйною менавіта дзякуючы хвалі перасяленцаў з нашых земляў. Побач з Манастыркай загубіліся ў тайзе яшчэ некалькі невялічкіх пасяленняў – Федараеўка, Міхайлаўка, Мікалаеўка, Пакроўка – што маюць «беларускія карані». Гэтая апошняя адметнасць сёння не дужа кідаецца ў вочы, пасяленні мала розняцца ад іншых таёжных вёсак. Пэўныя беларускія рысы, аднак, можна знайсці. Нашчадкаў тых перасяленцаў выдаюць выразны акцэнт, нетыповыя для сібіракоў інтанацыі ў размове.

Аднак беларускасць той жа Манастыркі – лёгкі цень, водгук, што распускаецца вось ужо цягам стагоддзя. Падчас апытання, праведзенага

ў мясцовай школе, з шасцідзесяці вучняў толькі восем адказалі, што маюць беларускія карані. Мова, культура, традыцыйныя рамёствы – забытыя амаль цалкам.

Нацыянальна‑культурная аўтаномія беларусаў Томску зараз мае павярнуць гэты працэс. Арганізацыя, на чале якой стаіць ініцыятыўная і ўплывовая ў сваёй сферы (яна дырэктарка дома дзіцячай творчасці) Любоў Адаскевіч, за апошнія гады заўважна ажывіла дыяспару. Штогод тут праводзіцца міжнародны фестываль беларускай культуры, гасцямі якога былі і госці з Радзімы – ансамблі «Неруш», «Радуніца».

У Томску створаныя аматарскія ды паўаматарскія калектывы – жаночыя ансамблі «Крылы» (хоць гэта і няправільна, але націск тут прывыклі ставіць на апошні склад) і «Медуніца», мужчынскі ансамбль «Лявоны» і дзіцячы – «Праменьчыкі». Тройчы яны выступалі з народнымі песнямі ў Беларусі – у Доўску, Рагачове, Мінску. Наладжаныя кантакты з пасольствам Беларусі, якое гатовае забяспечыць томскіх беларусаў кніжкамі для вывучэння мовы, літаратуры і гісторыі.

Сёлета

аўтаномія атрымала грант ад дэпартамента па культуры Томскай вобласці на стварэнне ў Манастырцы «беларускай хаткі». Яна размесціцца ў цэнтральным адміністратыўным будынку вёскі, пад адным дахам з аптэкай, пасялковым саветам і пастарункам. Грошы выдзеленыя невялікія – 90 тысяч расійскіх рублёў (каля 8 млн 800 тыс. беларускіх), але дапамагчы ў абсталяванні «хаткі» абяцаў таксама кіраўнік Паўночнага сельскага пасялення, – Аляксандр Баймукашаў. Ён выдзеліў на афармленне памяшкання 50 кубаметраў лесу.
Л. Адаскевіч разлічвае, што надалей удасца атрымаць стаўку для бібліятэкара альбо наглядчыка, каб на базе «хаткі» можна было стварыць культурна‑адукацыйны цэнтр з бібліятэкай і пастаяннымі заняткамі.
«Хатка» будзе аздобленая ў этнаграфічным стылі
: з ткацкім станком, печчу, покуццю і калодзежам‑жоравам пад вокнамі. Падобная «хатка» з’явіцца і ў Томску ў памяшканні дома дзіцячай творчасці «Паходня». Работы, да якіх прыцягнутыя томскія мастакі, мусяць завяршыцца да наступнага фестывалю беларускай культуры, што пройдзе тут у лістападзе.

Аляксей Бацюкоў, Томск‑‑Магілёў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031