Знайсці
20.07.2010 / 11:392РусŁacБел

У мінскай прыватнай кінашколе здымаюць поўнаметражнае кіно

З адзінаццаці акцёраў навучанне скончылі сямёра. Столькі ж атрымалі сертыфікат і па спецыяльнасці «фільммэйкеры».

У Мінскай кінашколе-студыі адбыўся першы выпуск навучэнцаў. Вынікі года працы падводзіць мастацкі кіраўнік кінашколы Андрэй Палупанаў.

— Калі мы заявілі аб сабе летась, курс быў разлічаны на восем месяцаў. Навучэнцаў было няшмат. Да канца дайшло яшчэ меней. З адзінаццаці акцёраў навучанне скончылі сямёра; столькі ж атрымалі сертыфікат і па спецыяльнасці «фільммэйкеры». Зразумела, першы год працавалі — рэкламы мала. Усё стваралася ж з нуля.

«НН»: Як адбываецца навучанне?

АП: Сістэма навучання ў нас пабудавана такім чынам, што акрамя вучэбнага плана ёсць яшчэ і творчыя групы. Праз тры месяцы, хто жадаў яб’ядноўваўся ў асобныя групы і працаваў па трэнінгавай сістэме.

Андрэй Палупанаў нарадзіўся ў 1975 годзе. Скончыў БДУ культуры і мастацтваў. Па спецыяльнасці — рэжысёр і выкладчык тэатральных дысцыплін. Працаваў на радыёстанцыях «Сталіца», «Мінск», «Мінская хваля», тэлерадыёкампаніі «Мір». На тэлеканале СТБ прымаў удзел у стварэнні «Новых падарожжаў дылетанта». На кінастудыі LightCinema займаўся вытворчасцю прэзентацыйных, вучэбных, рэкламных фільмаў.

Кінашкола — гэта магчымасць знайсці аднадумцаў, з якімі можна рабіць фільм.

Цяпер пераходзім на дзесяцімесячную і двухгадовую сістэму навучання. Таму для сёлетніх выпускнікоў гэта быў пакуль толькі першы этап. Яны атрымалі веды. Ім прапаноўвалася зрабіць фінальныя працы — ролікі. Усе атрымалі сертыфікат, які ні аб чым не кажа. Ён толькі пацвярджае, што быў праслуханы адпаведны курс. А ўжо як веды засвоілі, іншае пытанне.

Другі курс будзе чыста практычны. Тым людзям, што цяпер выпусціліся, мы прапануем займацца далей. А ўжо чатыры семестры (два гады) дадуць больш грунтоўныя веды. Цяпер мы працуем над тым, каб атрымаць ліцэнзію, што дазволіць выдаваць сертыфікат дзяржаўнага ўзору, а з часам і міжнароднага. Бо ўжо наладжваюцца кантакты з Польшчай, Італіяй, Германіяй, Францыяй.

«НН»: А хто прыйшоў займацца ў кінашколу?

АП: Ёсць дзеці. Але і дарослых нямала: бухгалтары, менеджэры, бізнесоўцы. Ім не хапае творчасці. І яны сябе знаходзяць у кіно. Калі чалавек бярэ камеру ў рукі — гэта адно, але зусім іншае, калі ён яшчэ атрымлівае веды пра тое, як правільна здымаць. А галоўнае, у яго з’яўляецца магчымасць сваю працу кудысьці прасунуць. Гэта можа быць, напрыклад, фестываль. А калі, скажам, бізнес перайшоў ужо ў разрад пасіўнага прыбытку, чалавек можа ўвесь час аддаваць пераводу хобі ў разрад прафесіі.

І тады кіно можа ператварыцца ў частку сур’ёзнага бізнесу.

«НН»: Ці можна гаварыць пра нейкія сур’ёзныя вынікі пасля васьмі месяцаў навучання?

АП: Мы ўвесь гэты час супрацоўнічаем з кастынгавымі агенцтвамі. Усё часцей звяртаюцца, каб запрасіць нашых навучэнцаў для здымкаў у рэкламе, фільмах. Пакуль гэта невялікія ролі, эпізоды, масоўка. Але гэта пачатак фільмаграфіі. Чалавеку ўжо можна да рэзюме прыкласці і відэа.

У складзе першай творчай групы быў зняты камерцыйны ролік. Існавала нават дамоўленасць з адной кампаніяй аб яго пакупцы. Але не склалася. Цяпер дастаткова ў роліку замяніць брэнд, каб прадаць яго іншай кампаніі. Актуальнасці ён не страчвае. Сацыяльныя ролікі рабілі, якія дэманстраваліся перад супрацоўнікамі ДАІ. Гэта можна назваць дасягненнямі.

«НН»: У кінашколу ідуць добраахвотна. Гэта выклікае зацікаўленасць у навучанні ці ўсе адразу чакаюць здымкаў у кіно?

АП: Вучэбны працэс арганізаваны такім чынам, што ўжо з першага месяца навучэнцы прывыкаюць да аб’ектыва камеры, фотаапарата — перастаюць саромецца сябе ў кадры. Для акцёра важна цалкам разнявольвацца. Толькі тады можна працаваць над вобразам. А тое, што яны ўвесь час чакаюць, калі іх пачнуць здымаць — нармальна.

У нас будуць здымацца ўсе.

Толькі ў мяне мноства цікавых ідэй. А што гаварыць пра патэнцыял нашых фільммэйкераў. Нам бы спонсарскай дапамогі толькі.

«НН»: Але, наколькі ведаю, вы ўжо пачалі працу над поўнаметражнымі фільмамі, у якой вам дапамагаюць выпускнікі.

АП: Так. Цяпер я займаюся двума сур’ёзнымі працамі.

Гэта падлеткавы серыял «ЛунАриКум», у якім задзейнічаны нашы выпускнікі. А другі праект — «Ангелы отражений»

ствараецца ў складзе адной з творчых груп кінашколы.

Акрамя маіх прац ёсць і іншыя. Наша выпускніца Ксюша Шапавалава здымае стужку па адным з раманаў амерыканскага пісьменніка-фантаста Філіпа Дзіка. Яна замахнулася таксама на поўнаметражнае кіно. А іншыя выпускнікі працуюць над кароткаметражнымі карцінамі. І я думаю, што пасля лета мы ўбачым іх вынікі.

«НН»: Пра што будуць «ЛунАриКум» і «Ангелы отражений»?

АП: Здымкі «Ангелов отражений» пачаліся 17 ліпеня. Гэта «фантастычны фільм з лёгкім налётам кіберпанка». Чатыры паўгадзінныя навелы, аб’яднаныя ў адзін поўнаметражны фільм. Навелы паміж сабой сюжэтам не звязаныя, але ідэямі перагукаюцца. Фантастыка, але з чалавечымі пачуццямі ў аснове. Як бы не рухаўся час, праблема чалавечых пачуццяў існуе. З чатырох навел першую плануем зняць і зманціраваць да канца жніўня. Астатнія будзе здымаць да канца года.

Першы здымачны дзень «ЛунАриКума» прайшоў 14 ліпеня. Да канца жніўня мы павінны зняць прома-ролік на 2-3 хвіліны. Ён будзе складаны па графіцы, таму невялікі па часе. Пакуль мы думаем толькі над першым сезонам з 24 серый. Сістэма такая. Спачатку здымаем прома-ролік. Пад яго шукаем грошы. Затым робім пілотную серыю, яна будзе і пачаткам серыяла. Цяпер гэты «пілот» ужо прапануецца на тэлеканалы. Усё будзе адбывацца камбінавана. На этапе роліка павінны з’явіцца зацікаўленыя людзі.

Гутарыў Сяргей Макарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930