Знайсці
15.07.2010 / 16:371РусŁacБел

Ад Арнольда да Жан-Клода

Пра экшэн-зорку 80-х і 90-х Жана Клода Ван Дама і якіх з ім піша Ліза Кавальчык.

1. Арнольд Шварцэнэгер

2. Сільвестр Сталонэ

3. Брус Лі

4. Чак Норыс

5. Жан-Клод Ван Дам

Менавіта гэтак выглядае Топ-5 «познесавецкага хіт-параду дзіцячых багоў».


Усе самыя зацятыя спрэчкі круціліся вакол першага месца: Арнольд ці Сільвестр. Вядома, у кут удзячныя гледачы ставілі не акторскія здольнасці абедзвюх зорак, не поспех іх фільмаў (тады касавасць не была прадметам размовы), а простае як дошка пытанне: «Хто каго, Арнольд Сільвестра ці Сільвестр Арнольда, адлупцуе пры асабістай сустрэчы?» Жан-Клод Ван Дам у тых рахунках сур’ёзна не браўся: ён быў маладзейшы ад усіх і яго мог лёгка і хутка адмяцеліць нават нябожчык Брус Лі. Нягледзячы на тое, што Ван Дама магла выцяць уся чацвёрка, у яго заставалася на запас безліч каратыстаў-махляроў, мафіянераў ды іншых злыдняў, якім ён імпэтна і тэхнічна мог даць перцу з імберцам сам. За што яго і любілі.

1. Як Дам зараз!

У 1992 кінакампаніяй TriStar Pictures быў наняты невядомы рэжысёр, каб засняць легендарную сустрэчу дзвюх тагачасны суперстараў: Жана Клода Ван Дама і Дольфа Лундгрэна. Ван Дам зрабіўся вядомым пасля каратэшных супершлягераў «Крывавы спорт» і «Падвойны ўдар», а Лундгрэн вылучыўся брутальным вобразам Івана Драга ў «Рокі-4».

Сёння мы ведаем гэтую стужку як культавага «Універсальнага салдата», а таксама рэжысёра Роланда Эмерыха, які цяпер жыве і не шманае, штампуючы свае касаробы кшталту «Дзень трэці» і «2012».

Мінула 18 гадоў. Сёлета выйшаў «Універсальны салдат-4» з вышэй азванымі героямі. «Грандыёзнае вяртанне» — гэткі надпіс красуецца на вокладках DVD. Але давайце не будзем памыляцца: на экране не шыкоўны камбэк, а бляклая копія старых поспехаў, адчайная спроба надаіць яшчэ кропельку з таго каліва, што засталося ад стану кінематаграфічных мачоістаў. Да таго ж, фільм выйшаў адразу на DVD-кружэлках і ў кінатэатры трапіў толькі ў лічаных краінах. Што ж змянілася за 18 гадоў?


2. Вырас да неба, а дурань як трэба

Так, цудоўныя, не абцяжараныя сэнсам дні, калі культурысты былі культурыстамі, а каратысты — ну, максімум таэквандыстамі — і не было патрэбы вучыцца акторскаму майстэрству, незваротна мінулі. Не тое што экшны сёння звяліся — о, не!


Проста гледзячы баевікі апошніх гадоў, назіраючы за Кіяну Рыўзам з «Матрыцы» і Томам Крузам з «Місія немажлівая», бачыш, што акторы, нават калі яны выяўляюць прафесійных забойцаў і супермэнаў, сталі далікатнейшымі і калі не больш інтэлігентнымі, дык прынамсі элегантнымі. Так адпрыродны каратыст Ван Дам — чэмпіён Еўропы па каратэ, дарэчы, — саступіў месца Брэду Піту, прафесійнаму актору, які перад батальным фільмам «Троя» дзеля вобразу проста ўзяў і нарасціў сабе цягліцы ў фітнэс-залі.

Нельга адмаўляць, змакрэлыя экшнмэны, у чыіх вачах няма нават жарынкі глузду — адно бязмежная адвага і залатое сэрца дзесьці ў глыбінях накачаных грудзей, — маюць спадкаемцаў.


Джэйсан Стэтхэм

Гэта мы пра Джэйсана Стэтхэма («Пасланец») і Віна Дызеля («Фарсаж», «ХХХ») Здаецца, яны пасуюць пад гэты капыл звышбамбізы дасканала. Але нягледзячы на тое, што частка фільмаў з іх удзелам мае грашовыя поспехі, ролі ў найшыкоўнейшых баевіках усё ж хапаюць такія акторы, як Кіяну Рыўс. Містэру-мускулу цяпер не давяраюць. А Він Дызель нават перакваліфікаваўся на супергероя для маленькіх (стужка «Лысы Нянько»).

3. У добрай кумпаніі

Кар’ера Ван Дама — сярэднестатыстычная сярод ягоных калегаў па прыведзеным напачатку Топ-5.


Вядома ён саступае Шварцэнэгеру. «Шварц» апгрэйдзіўся па поўнай праграме, калі з матацыкла кібарга-забойцы скокнуў у крэсла губернатара-кураабаронцы. Ван Даму даводзіцца бадзяцца па экзатычных для Галівуда краінах: Ізраіль, Украіна і цяпер во Беларусь, і здымаць, здымаць, намагаючыся сягнуць узроўню сябе колішняга. Ван Дам не наведваў амерыканскіх экранаў з 1999, з часоў працягу таго ж «Універсальнага салдата», які зазнаў татальную паразу у касавых зборах. З іншага боку, стан Ван Дама усё лепей за Чака Норыса, чыя зорка закацілася ціха і непрыкметна, разам са сконам яго роднай кінакампаніі «Кэнан», або Стывена Сігала, які цягне дзянькі ў другарадным серыяле, дзе грае сярэднестатыстычнага пульхнага паліцыянта.

Стывен Сігал у ролі некаратыста

І вядома, яго стан лепшы за хадзячага мегаламана Сільвестра Сталонэ, які шрайбуе працягі да сваіх кінасагаў, якія больш нагадваюць перапеўкі старога.


Гэта мы пра «Рэмба-4», які зрабіўся пародыяй на першыя тры. І яшчэ пра прадусаванне новай стужкі «Неўтаймаваныя», дзе Сільвестр задзейнічаў усіх вялікіх граміл мінулага, ад Арнольда да Мікі Рурка.

Кінапапярэднік да стужкі Ж.К.В.Д.

У дадатак, Ван Дам усё ж навучыўся трохі акторскаму майстэрству і прыдбаў гэтак неабходную самаіронію, якой так не ставала ўсім зоркам 80-х. Гэта мы пра стужку «Ж.К.В.Д." (2008). Сюжэт: Жан Клод грае самога сябе, сталага (а хтосьці «л» памяняе на «р») кінаактора, у якога поўны рот праблем ды пра якога вырашаюць зняць фільм. Аднак праз ягоную непрацаздольнасць Ван Дама адмаўляюцца нават браць на ролю яго самога. Досыць самакрытычна і, пагадзіцеся, трагічна, адчуваецца сапраўдны надлом: крыху навучыўся граць і здымаць — і ага: канец кар’еры.

4. Аста ла віста, бэйбі!

У кастрычніку 2010 Ван Даму споўніцца 50. У сакавіку 2011 Жан Клод пабарукаецца з алімпійскім чэмпіёнам 96-га году па боксе Самлукам Камсінгам, падрыхтоўка да боя ператворыцца ў рэаліці-шоў. Ці гэта для Ж.К.В.Д. вялікі камбэк у новай іпастасі з новымі магчымасцямі для падупалай кар’еры? Цалкам верагодна.

Але можа быць і тое, што гэты бой, а таксама сталонаўскі фільм «Неўтаймаваныя» будзе лебядзінай песняй, «аста ла вістай» для выбітнай пяцёркі легендарных зорак баевікоў.

Так ці інакш, яны не прайгралі — яны саступілі новаму пакаленню, прыўдалейшаму і спрытнейшаму. А мы, нягледзячы на плыткасць і змушанасць іхнай акторскай працы, такімі іх і запомнім: дужымі людзьмі з бясконцай верай у свае сілы і здольнасці, са сляпой надзеяй на тое, што усё ў цябе, шчырага і ўсмешлівага хлопца, атрымаецца, і з адчайнай перакананасцю, што бельгійскі ці аўстрыйскі чароўны бамбіза зможа зайграць, як Марлон Брандо. Яны, у мысьці, - жывыя адлюстраванні нас саміх. Колішніх і, што не менш істотна, цяперашніх.

Ліза Кавальчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930