Знайсці
09.07.2010 / 20:24РусŁacБел

Цяжарная Горадня

Ніякай маны, даліпан: Горадня нашая зацяжарала ўшчэнт. Што здарылася, ня ведаю, але ніколі такога ня бачыў. На вуліцы часам штотрэцяя з жыватом, ледзь ня кожная другая. Нібы ў нас адбываюцца масавыя здымкі для рэклямы той “Актывіі”. Жартую…

Пачалося з таго, што ў суполцы, адносна якой начальства ўпарта робіць казіную мысу, прагаласавалі за кабету, якая, калі выйшла да шырокай публікі, выглядала рыхтык вагітнай. І мне падумалася: пасада не сказаць небясьпечная, але турботная — дакладна. Чаму ж тады, чаму? Ня ведаю. Бадай пасьля гэтага я пазбыўся сваіх уяўных акуляраў і ўбачыў, што нашая даражэнькая Горадня зацяжарыла ўвачавідкі.

Так-так, я заўважыў, што дзьве маладзенькія суседкі з-пад нас — таксама вагітныя і трэцяя — у вокнах насупраць. А дом наш невысокі і невялікі, народу няшмат, словам. Апошняе ўражаньне: повен касьцёл публікі, канцэрт арганнай музыкі. Адхілюся: выглядала, што мноства кабет прыйшлі на імшу перад канцэртам, каб заняць месца, звычайна на такі час людзей небагата. Карацей, хто аказаўся менш кемлівым, прыйшоў перад пачаткам, мусіў купляць квіток на канцэрт і стаяць за грошы, бо месцы ўсе былі даўно занятыя. Дык вось, я стаяў таксама, а перада мной — укрыжаваньне нашае і круглая бляха зьлева да 2000 год хрысьціянства, дзе ўсярэдзіне крыжа клубок з пяці галубоў і лацінскі надпіс… Зьлева, прыхіліўшыся да сьцяны, цэлы канцэрт арганнай музыкі прастаяла цяжарная. Ёй было вельмі цяжка, думаю.

Як патлумачыць наш гарадзенскі раптоўны бэбі-бум? Ці ёсьць меркаваньні? Бо крызіс начальствам нарэшце прызнаны, папера рублёвая папяросную стала нагадваць, войны малочна-кісельныя не спыняюцца, народ наракае, што крэдытная халява ўяўная нялатвай зрабілася зусім. А тут бэбі-бум як нечаканыя грымоты! Вы можаце напомніць мне пра гронкі шлюбных замочкаў і вялікіх замкоў на мосьціку цераз Гараднічанку, можаце. Але адная кабета мне сказала: нейк злавесна гэта — замок і ключ — у ваду, як кайданкі, як клетка… Калі ласка, сьвежыя лічбы: кожныя чатыры шлюбы з дзесяці ў нас касуюцца. Лухта, карацей, жаночыя страхі.

Успамінаецца камэдыйная сэрыя пра тупаватага Фантоцы. Ён вяртаецца з крыжовай выправы і хутчэй да жонкі. Але, донэр вэтэр! Згубіў дзесь у пяскох ключык ад жалезнага пасу, які сам прычапіў багданай… Шчасьце, што не памёр яшчэ стары каваль, які вырабіў рэч… Можна, зрэшты, уявіць, як расчараваныя мужчынкі з абцугамі альбо з балгаркай вышукваюць на парэнчах над Гараднічанкай надпісы “Вася+Маша”, кожны свой.

Пэўны чалавек сеў аднойчы ў цягнік і ніяк ня мог даехаць да Горадні і яму падумалася: якаясьці кляўстрафобія, хочацца хутчэй выскачыць і апынуцца на пэроне, але ж цягнік зачынены і пэрону ўсё няма. Так, падумалася яму, а яшчэ горш, калі замкнуць самалёт, а табе выйсьці закарціць. Калі ўдакладніць: самае горшае, калі адлятаеш з гарачага пляжнага паветра, тады ў савецкім самалёце конча робіцца задушна і табе нестае паветра, ты нібы рыбіна, выкінутая з вады…

І вельмі цяжка, небясьпечна ўявіць, што вагітнай робіцца непамысна, што смыліць стаць як усе, пазбыцца кляўстрафобіі, што мае ў сабе. Цягнік абавязкова прыедзе, самалёт павінен сесьці, але бэбі-бум — мерапрыемства не гадзіннае, у якога няма прыбыцьця згодна раскладу… Кім будзе масавае пакаленьне гарадзенскае, сёлетняе? Чаго чакаць ад яго? Што яно захопіць Бастылію, уцячэ за калючы дрот, як цікалі цераз Сьцяну немцы? Ці наважыцца перайсьці Нёман, як затоку Чырвонага мора, і бронзавую статую пераліць на талеры, напрыклад? Падмачыць ім порах, падсыпаць пясок у буксы па-партызанску, спыніць гадзіньнік апоўначы.

Сяргей Астравец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930