Знайсці
04.06.2010 / 14:204РусŁacБел

Улада наступае на віртуальныя граблі, або Цэрберы супраць тэхналогій

Перадвыбарчы мандраж змушае людзей наверсе рабіць вялікія глупствы. Кшталту цемрашальскай атакі на Байнет. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Перадвыбарчы мандраж змушае людзей наверсе рабіць вялікія глупствы. У сеціва трапіў дакумент, азагалоўлены як праект чаканай пастановы пра фільтрацыю базару у Байнеце.

Дакумент напісаны мутнай мовай і дазваляе шырокую трактоўку. Фармальна клапоцяцца пра тое, каб агарадзіць грамадства ад парнухі ды экстрэмізму. Але фармулёўкі гумавыя. І мы ўжо ведаем: пад экстрэмізм у нас могуць падагнаць усё, што не ўкладаецца ў мысленне цербэраў.

Як кажуць адмыслоўцы,

фактычна прадугледжваецца нешта кшталту кітайскага файрволу. Пры гэтым карт-бланш на стварэнне чорнага спісу даецца чыноўнікам ды спецслужбістам.

За савецкім часам нават цэны павышалі «на запыт працоўных». Традыцыя доўжыцца: абмежаванне доступу трактуецца ў праекце як «паслуга». Але вось вам перліна: «Дзяржаўным органам і арганізацыям, а таксама арганізацыям адукацыі, культуры паслугі па абмежаванні доступу аказваюцца ў абавязковым парядку без запыту».

Вось такі сервіс.

Гэта азначае, што

у офісах, ВНУ і г.д. будуць чытаць толькі «правільную» інфармацыю і каментары у духу генеральнай лініі. Магчыма, што такі ж варыянт сервісу накінуць інтэрнет-кавярням ды клубам. А то і асобным карыстальнікам,

мяркуе юрыст Андрэй Бастунец. Уваб’юць у дамову з правайдэрам. Пры айчынным манапалізме ды чыноўніцкім дыктаце гэта як двойчы два. Мы ж ведаем, як рэгулююць, напрыклад, асартымент кабельных тэлесетак.

Дадасца галаўнога болю правайдэрам, на якіх вешаюць адказнасць за фільтраванне базару.

Увогуле ж,

указ № 60 і асабліва бярэмя пастаноў да яго (чыноўнікі дадалі свайго рэтраградскага імпэту, давялі некаторыя пункты да абсурду) — дзікі адкат у абскурантызм. Гэта затармозіць развіццё IT-тэхналогій, стане новым гемароем для айчыннага бізнесу, адпудзіць інвестараў. Пра імідж Беларусі ў цывілізаваным свеце — прамаўчым.

Калі ўвесь гэты антысеціўны пакет будзе прыняты ў такім вось выглядзе і Байнет звяжуць дурнымі путамі кшталту рэгістрацыі паштовых скрыняў, паліцэйскіх абмежаванняў на вай-фай, — сёрбаць кашу давядзецца не толькі правайдэрам, юзерам, вэб-медыям, але і самой ўладзе. Прычым для яе страты — ад іміджавых да эканамічных — могуць акажацца несувымернымі з эфектам лакальнага глушэння крамолы.

Сеціва сёння — гэта зусім не памыйка, а вытворчая сіла, эканамічная пляцоўка. Душыць свабоду ў ім — такі ж тупы і бесперспектыўны занятак, як і душыць бізнес. Наверсе ўжо ўехалі, што не варта нішчыць «вашывых блох». Але зараз наступаюць на віртуальныя граблі.

Па вялікім рахунку узяць інтэрнет пад каўпак усё адно не пашэнціць. Ён страшэнна жывучы. Любыя фільтры можна абысці. І народ хутка навучыцца гэта рабіць.

«Дзяржава спрабуе супернічаць з тэхналогіяй. Пабачым, што з гэтага атрымаецца», — зазначае ў сваім каменце адзін з юзераў.

Магчыма, укід чарговага праекта не выпадковы. Згадайма: гэтак жа перад новым годам злілі чарнавік самога ўказа № 60. І, трэба сказаць, у выніку змякчылі, павыкідалі самае адыёзнае. Яшчэ ёсць магчымасць зрабіць тое ж самае з цыркулярамі, якія расшыфроўваюць указ.

Калі ж казаць увогуле, то падаецца, што

дзеячы з мысленнем цэрбераў капітальна падставілі афіцыйнага кіраўніка, заклапочанага мінімізацыяй любых рызыкаў пры перавыбранні. Уклалі ў вушы, што прышчаміць сеціва — самае тое.

У выніку мы бачым абсурднае змаганне з віртуальнымі ветракамі. Нервы папсуюць, шкоды наробяць, але ж і самі ў лужыну сядуць.

Аляксандр Класкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930