Знайсці
28.05.2010 / 15:472РусŁacБел

Хай усягда будзе Ленін!

Следчыя і суддзі не толькі дбаюць пра псіхічнае здароўе беларусаў, але таксама пра іхнюю любоў да правадыра, каб яна не асцюдзілася, не дай Ільліч, абагаўлёны наш! Піша ў сваім блогу Сяргей Астраўцоў.

Рамонт правадыра

Сьледчыя і судзьдзі ня толькі дбаюць пра псыхічнае здароўе беларусаў, але таксама пра іхнюю любоў да правадыра, каб яна не асьцюдзілася, ня дай Ільліч, абагаўлёны наш! Тры тысячы баксаў за пляму фарбы на рэпутацыі, выбачайце, на гіпсавай падабізьне ўраджэнца далёкага Сімбірска таварыша Ульянава, што стаіць на наваградзкай плошчы. Спытайце ў любога настаўніка: дзеці сёньня часьцяком паняцьця зялёнага ня маюць — што гэта за пэрсанаж такі быў, не беларускага гатунку «ягада-маліна» тым больш. На звалцы гісторыі ён апынуўся, як любілі пісаць пра іншых калісьці савецкія газэты, спрэс чорна-белыя.

Прызнаюся: папярэдніка цяперашняга Леніна са старажытнага Наваградка я выдатна памятаю. Адзін з самых халтурна зробленых на Гарадзеншчыне Ленінаў стаяў менавіта ў Наваградку насупраць Дома-музэю мясцовага паэта Міцкевіча Адама. І калі краіна беларусаў зрабілася раптоўна незалежнай, а СССР нечакана сканаў, мясцовы Ленін пачаў імкліва разлагацца-развальвацца, перш — далоні парэпаліся-раструшчыліся, засталіся куксы з іржавай арматуры. Вось на чым Наваградак мог бы зарабіць турыстычныя грошы, рукі Ільліча паказваць! Але мясцовае чынавенства замест гэтага пачало камплесаваць-трымцець. Па-саматужніцку сталі новыя рукі Уладзіміру Ільлічу прымацоўваць, але нічога не атрымлівалася.

Дзякаваць Богу, начальства высокае ў старажытны каралеўска-княскі райцэнтар не зазірала, але гамон усё ж настаў: 200-годзьдзе Міцкевіча, якое вырашана было адзначыць з помпай! Урадавыя кіраўнікі жахнуліся, убачыўшы стан халтурнай статуі, але санкцыі — выкінуць яго на сьметнік гісторыі не далі. Аднак і грошы на сьвежага Ільліча таксама шкадавалі. Было прапанавана ўзяць з падвалу Гарадзенскага аблвыканкаму ленінскую галаву, якая там пылілася, нібыта сталінскія скульптуры ў вядомым антытаталітарным фільме Анджэя Вайды.

Памятаю: галава гэтая цяжэла як папросту дамоклавы меч над прэзыдыюмам у аблвыканкаме, над галовамі спадара Арцымені і Шушкевіча, калі прыяжджаў са сталіцы. Даўно гэта было, вой даўно: Арцыменю застрэліў невядомы стралок, Шушкевічу далі рэкордна неістотную пэнсыю для кнігі Гінэса, а вось Ленін, як чорт з табакеркі, зноўку апынуўся на паверхні. Што праўда, давялося зьмяніць месцажыхарства на райцэнтар. Але ж затое як прыемна сёньня стаяць там сапраўдным героем, з абароненымі рашуча «гонарам і годнасьцю», усьведамляючы, што пляму ацанілі ажно ў тры тысячы амэрыканскіх даляраў, шкада толькі, што ня ў эўра, помнік у палітэканоміі заўжды шурупіў, калі быў яшчэ з глуздам, зразумела. Цяпер за яго «кумекаюць» іншыя і ў іх гэта атрымліваецца, бадай, ня горш. Сам жа Ільліч моўчкі працягвае з таго сьвету караць беларусаў, нават больш ня маючы пры сабе рук.

Замест Леніна паравоз

А зь іншага боку, ці ня варта штраф за ільлічоўскую пляму, праўда, астранамічны штраф, расцэньваць як «вяршэнства дэмакратыі»? Бо прыгадваецца нешчасьлівы лёс ленінскай статуі, дарэчы, таксама вельмі і вельмі халтурнай, што «загадала доўга жыць» у суседняй Лідзе калісьці? Пятнаццаць гадоў мінула, нават ня верыцца, як два лідчукі «кувалдай», паводле сьледчых і судзьдзяў, ляснулі халтурны канвэерны выраб сталінскіх часоў, аўтар якога быў невядомы. Стод гэты стаяў на чыгуначнай станцыі. Кавалкі цэмэнту выкінулі ў сьметніцу, але лідчукоў пакаралі тэрмінамі хіміі як за «пашкоджаньне каштоўнага помніка гісторыі і культуры» беларускага народу.

Яны былі п’яныя! — заявіў лідзкі судзьдзя. Што, паводле яго, пагоршыла іхнюю віну. Але, з другога боку, тады «хімія», цяпер, прычым толькі за сьцяг, чалавеку пагражае ўжо турма. Не, бадай ніякага прагрэсу з «вяршэнствам дэмакратыі», адно рэгрэс… Лідчукі, дарэчы, сёньня ўдзячныя сваім героям: замест халтурнага недарэкі на яго месцы стаіць цяпер паравоз, яго кавалак -пярэдняя частка без кабіны машыністаў, прычым шыльда на роднай мове паведамляе, што гэта — помнік Беларускай чыгунцы. У маім разуменьні яна якраз мае непасрэднае дачыненьне да Ліды, чаго зусім ня скажаш пра Леніна.

Напрошваецца яшчэ адна выснова міжволі. Як казаў наш армейскі старшына: самае дрэннае ня тое, што ты ўцёк з казармы ў самаволку, а тое, сынок, што трапіўся ў рукі патрулю. Ён у нас увогуле любіў армейскія сэнтэнцыі, нават максімы, карацей, чалавек быў па-свойму мудры, хоць і старшына.

«Сякірбашка» туркмэнбашы

Яшчэ адно паведамленьне апошніх дзён прымушае — ня ведаеш — ці сьмяяцца, ці ніякавець. Пазалочаную статую туркмэнбашы, не пасьпеў ён памерці ў памяці ўсіх туркмэнаў, ягоны наступнік загадаў неадкладна дэмантаваць. Тое, што яна знаходзіцца ў небе і паварочваецца паводле руху Сонца, увогуле здаецца фантасмагарычнай падрабязнасьцю зь літаратурнай утопіі. Туркі паставілі, туркі дэмантуюць. Хто адмовіцца ад паўторных грошай?

Партрэты туркмэнбашоўскія ўвогуле даўно здалі ў архіў, а ён жа землякоў у сваёй фундамэнтальнай кніжцы гэтак падхвальваў — маўляў, памяркоўныя, але самыя разумныя — і кола яны вынайшлі, і ракету, калі не памыляюся. А яны яму: ня ўсё золата, што блішчыць, і назад цырк адкрылі забаронены і нават опэру, якую гэтак не любіў іхні пазалочаны баша. Можа свае прадстаўленьні да нас прывязуць калі? Цырк на дроце ў нас пакуль на месцы, нават капрамонт зрабілі.

Сяргей Астравец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930