Знайсці
18.05.2010 / 11:267РусŁacБел

Чайкоўскі памёр не ад халеры, а ад недазволенага кахання

7 мая споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння кампазітара Пятра Чайкоўскага. Пра яго піша Юлія Андрэева.

7 мая споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння кампазітара Пятра Чайкоўскага. Пра яго піша Юлія Андрэева.

Зрэшты, Чайкоўскі — не зусім зручны аб’ект для напышлівых прамоваў. Паходжанне яго туманнае і нібыта знарок заблытанае. Быццам бы ягоным дзедам па бацьку быў украінец Пётр Чайка, які пазней чамусьці стаў Чайкоўскім. Бацька — інжынер Ілля Чайкоўскі. Маці — францужанка Аляксандра Асіер. А месца нараджэння — заводскі пасёлак Воткінск Пермскага краю (цяпер Удмурція), які хутчэй асацыюецца з месцам высылкі паўстанцаў Касцюшкі. Як і Кунгур Пермскай губерні, дзе афіцэрам медычнай службы працаваў яго дзед. Я сама шмат разоў сустракала прозвішча Чайкоўскі ў метрычных кнігах Барысаўскага павета.

Нязручная тэма і смерць Чайкоўскага, якая ў Расіі дагэтуль пакрытая хлуснёй. Хаця ва ўсім астатнім свеце на гэты конт ёсць вычарпальныя дакументы. У сапраўднасці кампазітар памёр не ад халеры. Гэта было самагубства па прысудзе «суду гонару». Чайкоўскі занадта захапіўся 18‑гадовым графам Стэнбак‑Фермарам. Гэтая сувязь стала вядомая ягонаму стрыечнаму дзядзьку Аляксею Стэнбак‑Фермару, асабістаму сябру цара. І далей разыгралася гісторыя, адзін у адзін падобная да той, што здарылася праз год з Оскарам Ўайлдам.

Абураны граф напісаў ліст цару і даручыў славутаму расійскаму адвакату Мікалаю Якобі яго перадаць. Так супала, што той быў аднакласнікам Чайкоўскага ў Імператарскім вучылішчы правазнаўства — самай прэстыжнай на той час навучальнай установе Расіі. Якобі прачытаў ліст і жахнуўся, што рэпутацыі любімага вучылішча можа быць нанесеная непапраўная шкода. Ён склікаў у сваім доме «суд гонару» з васьмі аднакласнікаў, пераважна юрыстаў. Раіліся пяць гадзін, на той нарадзе прысутнічаў і Чайкоўскі.

У выніку яны запатрабавалі, каб кампазітар зрабіў сабе смерць, інакш ліст будзе перададзены цару.

Чайкоўскі пагадзіўся, і праз два дні Пецярбург абляцелі чуткі пра яго «смяротную хваробу». Час, што застаўся, ён выкарыстаў, каб скончыць усе свае творы. Апошнім быў невымоўна трагічны раманс на вершы Ратгаўза «Снова, как прежде, один…»

Цяпер у Расіі музыка Чайкоўскага — гэта найперш падстава для скандалаў. Не сціхае шум вакол пастаноўкі «Яўгенія Анегіна», якую ажыццявіў у Вялікім тэатры рэжысёр Дзмітрый Чарнякоў. У гэтым спектаклі Анегін і Ленскі — каханкі, Таццяна з Вольгай ім замінаюць, Ленскі ходзіць па сцэне ў кажуху і шапцы‑вушанцы. Такі «Анегін» настолькі шакаваў спявачку Галіну Вішнеўскую, што яна адмовілася святкаваць у Вялікім тэатры свой юбілей.

На шчасце, у астатнім свеце імя і музыка Чайкоўскага цэняцца вышэй. Дастаткова толькі пералічыць выдатныя пастаноўкі таго ж «Анегіна» апошніх гадоў. У 2003 — у Парыжы, у 2007 — у Metropolitan Opera (Нью‑Ёрк). І, нарэшце, вытанчаны авангардны спектакль з Таццянай — грузінкай Тамарай Іверы, пастаўлены ў 2009 годзе ў Венскай оперы. Адна з галоўных яго вартасцяў — адсутнасць расійскіх спевакоў, якія не заўжды пасуюць стылістыцы мадэрновага опернага спектакля.

7 мая, у гадавіну нараджэння Чайкоўскага, ў Вялікай зале Беларускай філармоніі канцэртаў не было наогул. З нагоды ўрачыстасці 12 мая выступіў малавядомы тут славацкі піяніст Марыян Лапшанскі. Акадэмія музыкі таксама Чайкоўскага праігнаравала. У Оперы ішло 25‑гадовай даўніны «Лебядзінае возера» — мабыць, выпадкова, бо ў афішы няма аніякіх згадак пра народзіны кампазітара…

Галоўная музыка, што гучала ў Мінску першую палову мая — гэта рык знішчальнікаў пад савецкія ваенныя маршы. Праз гэтую музыку Чайкоўскаму ніяк не прабіцца.

Юлія Андрэева

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера