Знайсці
13.05.2010 / 11:074РусŁacБел

Dolce Vita завітала ў Мінск

У сталіцы прайшоў канцэрт гурта «Океан Ельзи».

«Океан Ельзи» ці не адзіны гурт з суседніх краін, што даволі часта з’яўляецца ў Беларусі. Нягледзячы на гэта «ОЕ» заўсёды прыцягвае цікавасць, а трапіць на яго выступ не вельмі проста.

На гэты раз украінцы прывезлі ў Мінск праграму з Dolce Vita тура, у якую увайшлі старыя песні ды некалькі новых з апошняга аднайменнага альбому.

Як водзіцца, Вакарчук з кампаніяй перад выступам паразмаўлялі з журналістамі. На гэты раз, унікнуўшы гутаркі пра ўкраінскую палітыку, гутарылі аб украінскай мове, «Ляпісах», ды новым альбоме.

«Мяне цікавіць не столькі пытанне чысціні ўкраінскай мовы (а мова нашых песняў не такая ўжо чыстая), а яе жыццёвасць. Я хачу, каб украінская мова жыла і каб на ёй размаўляла як мага больш людзей.

Увогуле пытанні мовы ў творчасці (у адрозненні ад мовы ў палітыцы) — пытанне надуманнае. Галоўнае сэрца, якое адчувае або не. Я спяваю па-украінску, бо гэта мая першая мова»
, — распавёў Вакарчук. Што датычыць загалоўнай песні з новага альбома яна, зразумела, навеяная творамі Феліні: «Вядомы фільм Феліні іранізаваў над старой італьянскай арыстакратыяй 50-х гадоў, якая жыла старымі ідэаламі. Рэжысёр ставіў тлустую кропку на тэме жыцця, недаступнага большасці людзей, Мая песня таксама хутчэй іронія над «салодкім жыццём».

Вакарчук таксама пахваліў Міхалка: «Прыязны нам гурт, а яшчэ і запісваемся на адной студыі. Скажам так — гэта не тая музыка, якую я буду слухаць дома, але мне падабаецца іх апошні рух да больш рокавага, валявога гучання, ён мне сугучны. Мне вельмі падабаецца іх іронія ў творчасці, якую я ў сваіх песнях не заўсёды гатовы выстаўляць».

А потым быў канцэрт. Ён звыкла пачаўся на 40 хвілін пазней запланаванага. Публіка ўжо пачынала абурацца, аднак калі «ОЕ» з’явіліся на сцэне і зайгралі «Там-де нас нема» з новай аранжыроўкай і ў два разы больш працяглую, чым альбомная версія, ад абурэння не засталося і следу. Далей было яшчэ больш жвава і весела. Вакарчук настолькі завёў слухачоў і гледачоў, што пад сярэдзіну выступу мінчане, якія і па-беларуску ніколі слова не скажуць, хорам спявалі песні «ОЕ» на нядрэннай украінскай мове. Чым выклікалі захапленне ў гурта і Вакарчука асабіста, які не губляў любога моманту каб тое захапленне выказаць.

«ОЕ» нават заспявалі у Мінску новы хіт «Небо над Дніпром», які збіраліся выконваць толькі ў тых гарадах, што ляжаць ля гэтай вялікай ракі.

«Океан Ельзи» на канцэртах і ў запісах — непараўнальныя рэчы. Меладычнасць студыйных альбомаў падчас жывога выканання напаўняецца мноствам імправізацый. А гэта заўсёды прываблівае. Разам з шалёнай харызмай Вакарчука «ОЕ» ператвараецца ў бомбу. І ёй не замінаюць нават слязлівыя тэксты пра каханне.

Наступныя беларускія канцэрты «ОЕ» пройдуць: 13.05 Віцебск, 17-га Брэст, 18-га Баранавічы, 19-га Гомель. «Фортка» паміж віцебскім і брэсцкім выступамі выкліканая днём нараджэння Святаслава Вакарчука, які ён плануе адзначыць адно з блізкімі людзьмі.

«Океан Ельзи» — ці не самы вядомы ўкраінскі рок-гурт. Створаны ў 1994, О.Е. ужо даўно прызнаны лідэр мяккага року і поп-року на постсавецкай прасторы. Спяваюць па-ўкраінску. Лідэрам гурту, аўтарам большасці песняў з’яўляецца Святаслаў Вакарчук. Сёмы паводле ліку альбом Dolce Vita увайшлі 13 кампазіцыяў, дзе музыкі сцвярджаюць, што вярнуліся вярнуцца да свайго колішняга гучання. Цымус альбома — запіс з аднаго дубля, каб нараджалася адчуванне выступу «жыўцом».

Алесь Пілецкі, Павал Касцюкевіч, Таццяна Гаўрыльчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера