Знайсці
29.04.2010 / 12:181РусŁacБел

Аўтарынак не верыць у падвышэнне мытаў

«Ніколі не спрабуй падмануць дзяржаву, — прыгаворваў неяк адзін мой таварыш. — Усё адно яна цябе падмане». Здаецца, яшчэ адным пацверджаннем гэтага правіла стала нашумелая эпапея з легкавымі аўтамабілямі.

І вось вынік — цэны на аўто плаўна паўзуць уніз. Пакупнікі чакаюць. У раней праанансаванае павелічэнне з 1 ліпеня кошту «растаможкі» для фізічных асобаў ужо мала хто верыць (тым больш што акурат на мінулым тыдні намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк заявіў на Першым нацыянальным тэлеканале, што нашая краіна заняла жорсткую пазіцыю і будзе адстойваць дзейныя стаўкі мытаў). Расійцы паставілі «шлагбаўм» для аўто з Беларусі.

Што будзе далей — з дакладнасцю не бярэцца сказаць ніхто. Хоць самі перагоншчыкі і прадаўцы на аўтарынку запэўніваюць, што істотнага падзення коштаў усё ж чакаць не варта.

Поўдзень нядзелі. На аўтарынку ў Ждановічах прапанова відавочна перавышае попыт. Самотныя пакупнікі нетаропка блукаюць па пляцоўцы, прадаўцы драмаюць у салонах прадаваных «жалезных коней». Здаецца, што ні тыя, ні гэтыя не адчуваюць нават найменшай цікавасці адзін да аднаго.

Шчыра кажучы, агледзеўшыся, я адчуў салідарнасць з прадаўцамі — нешматлікія разявакі відавочна «не цягнулі» на пакупнікоў. Хутчэй за ўсё, проста зайшлі паглядзець. Як, уласна, і я.

На лабавым шкле машын — цэннікі. На многіх папярэдняя лічба закрэсленая і побач напісаная іншая. Даляраў на 100–300 менш. Мяркуючы па ўсім, цэны на аўтамабілі з прабегам крыху скаціліся ўніз, нягледзячы на сезон.

Пахадзіўшы па шэрагах, разумею, што аўтамабіляў прапануецца шмат. У прынцыпе, маючы грошы, можна чаго і выбраць. Збольшага прапануюцца бюджэтныя мадэлі. Шмат «французаў», ёсць «японцы». У дыяпазоне ад 6 да 7 тысяч ужо можна пра нешта гаварыць.

Толькі калі надоўга спыняюся каля адной з машын — а гэта Nissan X-Trail 2003 году, — да мяне падыходзіць прадавец. Цікавішся, маўляў?

— Цікаўлюся, — адказваю. І завязваецца звычайная ў такіх выпадках размова, з якой вынікае, што прадавец кошт зніжаць не жадае. І так скінуў усё, што мог.

Ну, калі б я меў намер чаго купіць, можна было б і пагандлявацца. Таму задаю наступнае пытанне.

— Ну, а расiйцы, здаецца, бар’ер паставілі для аўто з Беларусі? — удакладняю.

— Паставілі — сумна ківае прадавец. — На машыны, знятыя з уліку тут і прыгнаныя для пастаноўкі на ўлік у Расію, трэба даплочваць розніцу ў кошце «растаможкі». А гэта ставіць крыж на спробах прадаць машыну ў Расію.

— І што цяпер? У нас, значыць, цэны папаўзуць уніз?

— Папаўзлі ўжо. Але танней не будзе. Таму што танней няма куды. І так у страту працуем.

— А пакупнікоў не відаць нешта

— Не відаць, — згаджаецца прадавец. — Усе чакаюць чагосьці. Хаця чаго чакаць? Усяго, што можна было, мы ўжо дачакаліся.

Добра, кажу, дзякуй. Гэта ўслых. А сам сабе думаю — ну, а што ты, дзядзька, мне яшчэ мог сказаць? Што ж ты, сам сабе вораг — тлумачыць пакупніку, што пацярпі, маўляў, хутка яшчэ танней будзе?

Спыняюся ля яшчэ аднаго агрэгата. Прадавец драмае ўнутры. Нарэшце прачыняе акенца. Так і размаўляем. Добра, адразу бяру быка за рогі:

— Ты мне вось што скажы — будуць кошты яшчэ зніжацца?

— Не, — хітае галавой. — Ужо не. Хопіць.

— Дык завезлі ж іх у краіну колькі! А расійцы сказалі, што ім гэты хлам не патрэбны. Куды цяпер іх падзенеце?

— Не ведаю, — кажа. — Прадаем вось паціху. Я сам пад гэтую справу некалькі машын сюды прыгнаў. Ну так, думаў на расійцах зарабіць. Не склалася. Праўда, большасць аўто ўжо тут і прадаў, усяго два засталося.

— А з расійцамі мы крута праляцелі, — скардзіцца ён, знайшоўшы нарэшце ўдзячныя вушы. — Мне вось у пачатку году тэлефанавалі з Расіі, прапаноўвалі — давай мы ў цябе машыну цяпер купім, а забярэм пасля 1 ліпеня. Потым зноў тэлефанавалі — адмаўляліся.

А машыны — ну што ж, пойдуць паціху. Нашым жа таксама на чымсьці ездзіць трэба. Тым больш што мы ўжо ўвозіць не будзем. Нявыгадна. Тыя ж немцы, нідэрландцы тэму зразумелі і з Новага году выстаўлялі свае аўто ўжо на тысячу даражэйшымі ў сярэднім. Таму я ж табе і кажу — цэны не ўпадуць ўжо. І так прадаем без «навару» — хоць бы сваё вярнуць. А ў мінус хто ж будзе прадаваць?

— Ты цяпер бяры, — ужо распаліўшыся, даказвае прадавец. — Бо да восені ўсё ўвезенае разыдзецца паціху, а новага і не будзе. Тады, можа, і даражэць машыны пачнуць!

— Што ж, — кажу, — сам, калі такі разумны, да восені не пачакаеш?

— Грошы трэба вярнуць, — уздыхае. — Я ж уклаў у гэтую справу…

На тым і разышліся.

— Ну, а што з нашымі мытамі будзе з 1 ліпеня? — цікаўлюся яшчэ ў аднаго прадаўца.

— А што будзе? — здзіўляецца ён. — Застануцца такімі, якія і былі. Ну, можа, падымуць крыху, каб грошай у бюджэт падзарабіць. Але не нашмат, даляраў на сто.

— А як жа мытны саюз?

— Ты што, тэлевізар не глядзіш? — здзіўляецца палітычна падкаваны прадавец. — Бацька ж ясна сказаў — мытны саюз нам не выгадны, і я, кажа, рашэння яшчэ не прыняў. А хто ж прыме тое, што нявыгадна? Нафты нам не далі таннай, таму і мытаў агульных не будзе, — з выглядам знаўцы тлумачыць ён.

Так, думаю сам сабе. Калі б усё было так адназначна… Ну ды ладна, можа, мужык, ты і маеш рацыю. А то зусім сумна — ні табе нафты таннай, ні машын.

— Ды што кажуць… — гутарка з чарговым «тырчальнікам» на рынку. — Усе табе тут адно скажуць — не будуць кошты падаць. Мы ж прадаем тут і не ворагі сабе. А як яно будзе насамрэч, стане зразумела пасля 1 ліпеня. У нас як бывае? Кажуць табе, што нічога не будзе, а потым што-небудзьякраз-такі і здараецца.

— Што, верыш, што мыты падымуць?

— Ды ні ў што я ўжо не веру, — сплёўвае. — І нікому. І табе не раю. Вось, глядзі сам і вырашай, што табе рабіць.

Ну, гляджу і вырашаю. Чорт яго ведае. Здаровы сэнс падказвае, што калі аўто, што стаяць дзесяткамі ў дварах у Астраўцы, Лідзе, Ашмянах і іншых памежных гарадах, паваляць на наш рынак, цэны не ўтрымаюцца. І ў рост мытаў не верыцца, як і ў танную нафту. Можа, лепш пачакаць?

Цьху, чаго гэта мяне разабрала… Я ж і купляць нічога не збіраўся. У мяне ж проста рэдакцыйнае заданне — з перагоншчыкамі-прадаўцамі пагаварыць…

А што рабіць тым, хто збіраецца? Вырашайце самі. Перагоншчыкі кажуць так, але хто яго ведае… Прадаўцы — яны ж, як і журналісты, любяць выдаваць жаданае за сапраўднае…

Сяргей Авяр’янаў, «Салідарнасць»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера