Знайсці
22.04.2010 / 22:394РусŁacБел

Лукашэнка і БПЦ: сімфонія з лейтматывам моцнай рукі

Хто яшчэ не зразумеў, чаму галоўны атэіст — праваслаўны? Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Хто яшчэ не зразумеў, чаму галоўны атэіст — праваслаўны? 22 красавіка, выступаючы на пасяджэнні Свяшчэннага сінода (нагода: мітрапаліту Філарэту споўнілася 75), афіцыйны лідэр расшыфраваў сваё асаблівае стаўленне да БПЦ.

Большасць рэсурсаў працытавалі дзяжурныя пасажы, кшталту: «У дзяржавы і царквы — агульныя задачы: клопат аб шчасці народа, яго маральным здароўі, захаванні спакою і стабільнасці ў нашым беларускім доме»».

Болей каларытна — спічрайтэры пашчыравалі — прагучала вось гэта: «Паміж свецкай і духоўнай уладай у Беларусі ўсталявалія сугучныя адносіны, якія ў праваслаўі заведзена называць сімфоніяй».

Аднак самае красамоўнае выказванне прывёў канал АНТ. Паводле яго,

Лукашэнка на сінодзе адзначыў, што «зарукай упэўненасці і веры беларусаў ёсць моцная ўлада, а яе галоўным хаўруснікам ды памочнікам у вырашэнні як духоўных, так і палітычных пытанняў заўжды была і застаецца праваслаўная царква».

Вось так, без эківокаў.

Зрэшты, сапраўды — была і застаецца. Хаця па ідэі царква мусіць быць па-за палітыкай. Але ж — не. Прычым менавіта праваслаўная «вертыкаль» — так ўжо склалася гістарычна — найболей прыдатная да падтрымкі, ухвалення і апраўдання моцнай улады, жалезнай рукі. Адсюдь і такая «сімфонія».

Да касцёла у Лукашэнкі трохі іншае стаўленне не толькі таму, што ён з усходу Беларусі. І не толькі таму, што католікаў у нас меней (хаця арыфметычны чыннік гэты палітык заўжды бярэ пад увагу — таму, напрыклад, не прамаўляе па-беларуску: на гэтым рэйтынг надта не ўздымеш).

Проста

каталіцызм з гледзішча высокага начальства не так заточаны пад самадзяржаўны лад. Звыш таго, саўковую вертыкаль заўжды адпуджваў заходніцкі каларыт. Аб пратэстантызме і казаць няма чаго: зусім іншая філасофія, іншы дух.

Увогуле, міжканфесійны мір у нашай краіне — не столькі заслуга ўладаў, якія паводзяць сябе ў рэлігійных пытаннях даволі дубова, колькі вытворная гістарычнай талерантнасці.

Што ж да ўладаў, то яны, карыстаючыся лаяльнасцю як праваслаўнай, так і каталіцкай царквы, проста па меры патрэбы разыгрываюць рэлігійную карту дзеля палітычных мэтаў. У спадчыну ж ад імперскіх часоў цяперашнім кіроўным вярхам перадалося насцярожанае стаўленне да рэлігійных меншасцяў.

Менавіта дзеянні свецкай вертыкалі раз-пораз выклікаюць хваляванні вернікаў. Пры гэтым (вось яна, беларуская спецыфіка!) прыхільнікі розных веравызнанняў высвятляюць стасункі не між сабою, а з дзяржаваю.

Але ж, кладучы руку на сэрца, крытычная маса беларусаў не тое што не верыць фанатычна, а ўвогуле дэ-факта (калі не лічыць мінімуму каляндарных рытуалаў) індыферэнтная да рэлігіі. Таму і на канфесійныя гульні ўлады шырокая грамада не надта зважае.

Ну і, канечне,

ад суперальянсу з праваслаўем (падмурак, памятаеце, быў закладзены адмысловым пагадненнем) Лукашэнку ўтрымаў правал «братняга яднання» з Расіяй.

Зараз БПЦ наканавана пакрысе беларусізавацца. Ужо і цяперашняя яе вярхоўка не надта хоча выглядаць маскоўскім філіялам. Новыя ж генерацыі святароў пэўна будуць мацней прасякацца нацыянальным духам.

Цяперашняе змушанае дыстанцыяванне Лукашэнкі ад Масквы будзе аслабляць і ўплыў апошняй на БПЦ. Тутэйшым іерархам хоцькі-няхоцькі давядзецца вызначацца, з кім яны.

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930