Знайсці
02.04.2010 / 10:3412РусŁacБел

Пяць плюсаў і пяць мінусаў Міхалевіча

НН працягвае разглядаць слабыя і моцныя бакі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі. Алесь Міхалевіч быў першым, хто заявіў пра свой удзел у кампаніі‑2011.

НН працягвае разглядаць слабыя і моцныя бакі патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі. Алесь Міхалевіч быў першым, хто заявіў пра свой удзел у кампаніі‑2011.

1. Маладосць

+ «Прэзідэнцкага» цэнзу (35 гадоў) Алесь Міхалевіч дасягне толькі ў маі. Ужо цяпер можна смела гаварыць, што гэта будзе самы малады кандыдат на выбарах. Узрост дае Міхалевічу большую мабільнасць. Ён прагматычны, ягоная рыторыка не зводзіцца толькі да лёсу мовы ці адкрытай канфрантацыі з уладай Лукашэнкі. Ён яшчэ не стомлены ад палітыкі, як некаторыя ягоныя сябры‑канкурэнты па дэмакратычным лагеры.

 Але ўзрост можа быць не толькі станоўчым фактарам, але і адмоўным. «Малады, куды яму яшчэ ў прэзідэнты», — падумае нейкі выбаршчык. «Досведу мала, няхай спачатку папрацуе на менш адказнай пасадзе», — дадасць другі. Зрэшты, маладыя гады (39 гадоў) у 1994 не перашкодзілі Лукашэнку стаць першым прэзідэнтам Беларусі.

2. Праца з людзьмі

Алесь Міхалевіч нар. у 1975. Ён з сям’і навукоўцаў. Скончыў БДУ па спецыяльнасці паліталогія. Узначальваў Задзіночанне беларускіх студэнтаў, доўгі час уваходзіў у Партыю БНФ. Быў дэпутатам Пухавіцкага райсавета. Жанаты, мае дзвюх дачок.

+ Міхалевічу няма роўных у беларускай палітыцы ў працы з чалавекам у фармаце «тэт‑а‑тэт». Замест тэлефонных ці інтэрнэт‑размоваў Алесь заўсёды аддасць перавагу асабістай сустрэчы. Веданне людской псіхалогіі прыводзіць да таго, што суразмоўцы Міхалевіча амаль заўсёды згаджаюцца з ягонымі аргументамі. Міхалевіч, падобна павуку, незаўважна расплёў сваю павуціну ў рэгіёнах. За ім стаяць актывісты ў невялікіх гарадах, кшталту Смалявічаў, Горак, Гарадка, Светлагорска. У сталіцы ж вялікай падтрымкі палітык пакуль не мае, а Мінск дае большасць сабраных за кандыдата подпісаў. Напрыклад, у 2006 годзе Казулін сабраў у Мінску 50 са 150, а Мілінкевіч — 60 з 200 тысяч подпісаў у сваю падтрымку.

 Пра Міхалевіча як публічнага палітыка вядома мала. Ён моцны ў ценявой працы, у даверлівых кантактах з аднадумцамі ці з заходнімі донарскімі арганізацыямі. Калі ж Міхалевіч ідзе на выбары, то хоцькі‑няхоцькі давядзецца выходзіць з ценю.

3. Адукацыя

+ У Алеся Міхалевіча добрая адукацыя. Ён быў адным з першых выпускнікоў Ліцэя імя Якуба Коласа. Скончыў БДУ па спецыяльнасці «паліталогія». Потым стажыраваўся ў Варшаўскім і Оксфардскім універсітэтах. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута дзяржавы і права Акадэміі навук. Міхалевіч размаўляе па‑англійску, што для беларускай палітыкі не такая частая з’ява.

— Зрэшты, толку ад той адукацыі, калі практычна ўсё свядомае жыццё Міхалевіч з’яўляецца беспрацоўным. Гэта адразу адштурхоўвае ад такога кандыдата частку электарату. На фоне Міхалевіча Саннікаў і Мілінкевіч выглядаюць у больш выгаднай сітуацыі, бо ў свой час папрацавалі на салідных пасадах.

4. Сацыяльныя сеткі

+ Тут Міхалевіча можна лічыць першапраходцам сярод беларускіх палітыкаў. Ён першым завёў сабе інтэрнэт‑дзённік. Можа, акурат таму беларуская благасфера ставіцца да палітыка досыць прыязна. Ён там «свой» чалавек, якому можна пазычыць поспехаў ці паспрачацца. Таксама Алесь актыўнічаў на такіх папулярных рэсурсах, як vkontakte.ru, «Аднакласнікі» і facebook.

 За Міхалевічам цягнецца шлейф канфліктаў і скандалаў. Яшчэ ў 2006 годзе, напярэдадні тых прэзідэнцкіх выбараў, палітыка злавілі на мяжы з Расіяй з накладам фальшывай «Советской Белоруссии». Тады справу на Міхалевіча так і не завялі. А ў 2008 годзе тагачаснага намесніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча выключылі з арганізацыі за непадпарадкаванне партыйнай дысцыпліне.

5. Голас

+ Натуральная беларускасць. Для Міхалевіча беларуская мова не ёсць «працоўнай», на ёй ён гаворыць і дома, і паўсюль. Упершыню пасля Пазняка і Шушкевіча мы будзем мець настолькі беларусацэнтрычнага кандыдата.

 У Міхалевіча не камандны голас. Не такі, каб кожнае ягонае слова з заміраннем сэрца лавілася на шматтысячным мітынгу. Голас не пастаўлены, слабы, надрыўны. Зрэшты, і касцюмы на Міхалевічу сядзелі не лепшым чынам, але з часам палітык навучыўся апранацца, калі не бездакорна, то блізка да гэтага.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера