Даслаць навіну
Знайсці
01.04.2010 / 13:21 10

Бікфордаў шнур «братняй інтэграцыі»

Тэракты ў Расіі нагадалі, што беларусы мусяць жыць побач з краінай перманентных катастроф. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Доку Умараў, правадыр чачэнскіх сепаратыстаў, абвяргае сваю датычнасць да выбухаў у маскоўскім метро. І вешае адказнасць на расійскія спецслужбы. Чаканы абмен ярлыкамі.

Жахліва тое, што многія ў Расіі цалкам сур’ёзна ўспрымаюць версіі пра датычнасць уладаў, спецслужбаў да цынічнага, зверскага злачынства. Гэта сімптом, што маральны аўтарытэт кіроўнай вярхоўкі там — ніжэйшы за плінтус.

Даць рады каўказскім праблемам Масква не ў стане. Так што

тэракты будуць традыцыйна ўжо скарыстаны найперш дзеля згортвання рэшткаў дэмакратыі, дадушвання ліберальнай крамолы.

У 2004 годзе пасля Беслана паводле дзіўнай логікі скасавалі выбары губернатараў і сталі фармаваць Думу цалкам па адфільтраваных партыйных спісах — зрабілі парламент яшчэ болей марыянеткавым. Зараз сенатары загаманілі пра вяртанне смяротнага пакарання для тэрарыстаў. Варта чакаць серыі навацый рэпрэсіўнага кшталту.

Акрамя таго,

вярхі — гэта класіка жанру — скарыстоўваюць выбухі, увогуле любыя «падкопы ворагаў» дзеля ўздыму патрыятызму, згуртавання электарату. Нярэдка ворагаў спачатку ствараюць ці дэманізуюць.

Пуцін, некалі набраўшы рэйтынг заклікам мачыць тэрарыстаў у сарціры, зараз у той самай стылістыцы загадаў дастаць іх са дна каналізацыі. Але наўрад ці грозная каналізацыйная рыторыка спрацуе цяпер, як тады. За дзесяць гатоў пуцінскай эры Каўказ так і не ўтаймаваны. Як кажуць расійцы — «кишка тонка».

План «Кадыраў» не спрацаваў. Крэмль атрымаў зусім не тое, на што разлічваў. А зараз паспрабуй загані джына ў пляшку! Яшчэ болей, тэрарызм распаўзаецца па ўсім Паўночным Каўказе, запускае шчупальцы ў метраполію.

Беларусам застаецца дзякаваць богу, што праект «саюзнага будаўніцтва» праваліўся. Але

вялікая хворая дзяржава з імперскімі замашкамі не хоча адпускаць Беларусь. Адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны, КСАР, Мытны звяз — прыдумляецца ўсё новая і новая халера, каб прывязаць, пасадзіць на ланцуг.

Ахвяры выбухаў ні ў чым не вінаватыя. Увогуле расійскі народ заслугоўвае спачування: у казачна багатай краіне маса насельніцтва жыве ў ганебных умовах, на тле якіх Беларусь сапраўды можа здацца раем.

Але разам з тым трэба сказаць горкую рэч: у плане гістарычным Расія мусіць сплочваць страшны падатак на імперскую спадчыну. Гэтай выплаце не бачна канца-краю. І становішча тым болей трагічнае, што вялікадзяржаўныя рэфлексы не зжытыя, а ўлада — прагнілая, дарэшты карумпаваная, звыклая толькі «мачыць».

Між тым мускулы ўжо не тыя, адрузлі. Савецкі тэхналагічны падмурак усходняй суседкі развальваецца, а мадэрнізацыя сыравіннай эканомікі застаецца толькі летуценнем Мядзведзева. Расіі пагражае далейшае распаўзанне па швах ва ўсіх сэнсах. Воляй лёсу беларусы мусяць жыць побач з краінай перманентных катастроф.

На Месяц не пераселішся. Ды і абсекчы эканамічныя сувязі нерэальна. Але

гульні ў розныя праекты «постсавецкай інтэграцыі» пад патранажам Крамля беларускай уладзе варта акуратна, аднак паслядоўна згортваць.

Пабачым, ці ёсць апошнія выступы тутэйшага начальства сведчаннем нейкай ментальнай эвалюцыі ў гэтым кірунку, або гэта зноў толькі кіданне пантоў. Пакуль што бікфордаў шнур «братняй інтэграцыі» не затушаны.

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ

0
Кот / адказаць
01.04.2010 / 21:50
Быў упэўнены, што падымецца шум..але што зробiш спадарства.. такая праўда жыцьця..:)) Ну зразумела я меў на увазе другi варыянт, сп. Scooter :) У такiм выпадку Лукашэнкава роля тут ясная. Ён дабраахвотна адыходзiць, забясьпечвае пераход улады ды свабодныя выбары, а таксама спрыяе беларускiм ciлам. Калi сiтуацыя патавая, ну то тады трэба ўжо сёньня маральна рыхтавацца да таго, што Беларусь будзе ўцягнутая ў грамадзянскi канфлiкт ў РФ, ды заадно да ўдзелу ў расейска-каўказкай ды, магчыма, расейска-кiтайскай вайне. А што да вашай, сп. brudny, рэплiкi, то другога варыянта ў цяперашнi перыяд проста няма. Далей будуем калектар, рыхтуем глебу да далучэньня смаленшчыны i гэтак далей, такая вось сiтуацыя :)
0
Пяткевіч / адказаць
03.04.2010 / 03:38
Шаноўны Аляксандар, можа ня варта на чыёсьці "мачыць у сартыры" адказваць "кіданьнем пантоў"? Ваш сталы чытач і прыхільнік
0
Аляксандр КЛАСКОЎСКІ 2 Пяткевіч / адказаць
03.04.2010 / 12:22
Шаноўны (-ая) сп. (спн.) Пяткевіч, гэта не ўласна мая лексіка, а стылістычны прыём для характарыстыкі пэўных нораваў, пэўнай ментальнасці. Не буду спрачацца, наколькі ўдала ён ужыты менавіта тут, гэта пытанне густу, але ўвогуле ў літаратуры і публіцыстыцы такі прыём ужываецца часта. Прыслухайцеся да мовы пэўных высокапастаўленых дзеячаў: ледзь ці не праз слова --"падставіць", "наехаць", "бардак", "дзярмо" :) Так, пра пэўныя іх разлічаныя на публіку дзеянні можна сказаць дыпламатычна-прэсна -- "ладзяць піяр", а можна і экспрэсіўна -- "кідаюць панты". Другое, на мой погляд, гучыць болей сакавіта і трапна. Першы варыянт -- для зашпіленага на ўсе гузікі акадэмічнага палітолага, другі -- для блогера, які заўжды трохі троліць :)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31