Знайсці
23.03.2010 / 13:341РусŁacБел

Гастрыт злуецца на свежую агародніну

Ад гэтай хваробы сёння пакутуе ледзь ці не кожны другі. Вясной жа гастрыт, як правіла, абвастраецца. Справа ў тым, што мы пачынаем больш ужываць зяленіва, свежай агародніны, якія хвораму страўніку прыходзяцца не даспадобы. Дык што ж — зусім адмовіцца ад гэтых прадуктаў?

Адкуль ён бярэцца

З‑за няправільнага рэжыму харчавання, стрэсаў, дрэннай экалогіі ў страўніку пачынае выпрацоўвацца вельмі шмат салянай кіслаты. З’едзеная ежа не можа цалкам нейтралізаваць яе, і астатняя частка кіслаты выклікае запаленне слізістай страўніка. Вынік — гастрыт, прадвеснік язвавай хваробы. Яго сімптомы: пякотка, болі пад лыжачкай, млоснасць, прысмак кіслага ў роце.

Але веснавое абвастрэнне можа быць звязана і, наадварот, з недастатковай выпрацоўкай салянай кіслаты. Гэта прыводзіць да сухасці слізістай, парушаецца працэс апрацоўкі ежы ў страўніку, на гэта патрабуецца больш часу. У выніку развіваецца гастрыт з паніжанай кіслотнасцю. Прыкметы: адчуванне цяжару ў жываце і ўздуцце, адрыжка паветрам, непрыемны пах у роце, зніжэнне апетыту. Аднак ставіць дыягназ у абодвух выпадках самастойна не варта, бо падобныя сімптомы могуць быць і ў іншых хваробаў. Таму без медыцынскага абследавання не абысціся.

Лячэнне гастрыту можа заняць некалькі тыдняў, калі гастрыт востры, а можа зацягнуцца і на гады, калі ён хранічны. Але і ў першым, і ў другім выпадку давядзецца сесці на дыету.

Галоўнае веснавое правіла

Такім чынам, пры павышанай кіслотнасці лепш за ўсё ўжываць абвалакальныя прадукты: кісялі, супы‑пюрэ крупяныя, малочныя, агароднінныя.

Самае галоўнае правіла ўвесну — ужыванне агародніны ў адварным, тушаным, запечаным выглядзе. Карыснымі таксама будуць усе кашы (акрамя проса), макароны, поснае мяса, нятлустая рыба і птушка, някіслыя гатункі яблыкаў, бананы. Прыкладнае меню пры абвастрэнні гастрыту: адварныя і прапушчаныя праз мясарубку мясныя і рыбныя стравы, пюрэ з варанай агародніны і караняплодаў, паравы амлет, свежы тварог, хлеб з мукі дробнага памолу (крыху падсушаны або ўчарашні), вада без газу, гарбата з малаком. Дарэчы, неразведзенае малако здольна нармалізаваць павышаную кіслотнасць.

Чаго есці не трэба

Вострыя прыправы, вяндліну, свініну лепш пакіньце тым, хто больш здаровы. Гэтыя прадукты вельмі раздражняюць слізістую стрававода і страўніка. Нельга ўжываць наварыстыя тлустыя булёны, асабліва грыбныя, сырую агародніну, саленні, марынады, вострыя закускі з агародніны, цыбулю і часнок, цытрусавыя і іх сокі, здобнае цеста, свежы чорны хлеб. Моцна ўзбуджаюць страўнікавую сакрэцыю і смажаныя стравы, мяса і рыба, тушаныя ва ўласным соку, кансервы, асабліва ў тамаце, крутыя яйкі, кіслыя і недаспелыя садавіна і ягады. Адмоўцеся таксама ад газаваных і халодных напояў.

Не варта злоўжываць кавай і моцнай гарбатай, таму што яны павялічваюць колькасць і канцэнтрацыю кіслаты ў страўніку. Есці трэба малымі порцыямі, але часта — 4—6 разоў у суткі. Ежа павінна быць не вельмі гарачай і не вельмі халоднай — 30—40 градусаў. Старайцеся вячэраць за тры гадзіны да сну.

Гумка і празмернасці — нашы ворагі

Выпрацоўка салянай кіслаты павышаецца пры адсутнасці ежы ў страўніку, таму нельга надоўга пакідаць яго зусім пустым. Па гэтай жа прычыне не варта жаваць гумку на галодны страўнік. Сліна стымулюе выпрацоўку страўнікавага соку, але калі страўнік пусты, то перапрацоўваць яму няма чаго, ён пачынае дзейнічаць на слізістую.

Улічыце, што курэнне і алкаголь, нават калі гэта сухое віно і піва, прыводзяць да павышэння кіслотнасці. Некаторыя лекі таксама здольныя павышаць кіслотнасць страўніка: аспірын і іншыя прэпараты, якія ўтрымліваюць ацэтылсаліцылавую кіслату, картыкастэроіды, сульфаніламіды. Назіранні паказваюць, што людзі схільны самастойна прызначаць сабе прэпараты жалеза, антыбіётыкі тэтрацыклінавага раду, якія таксама ўплываюць на слізістую страўніка. Дарэчы, калі лякарства трэба прымаць пасля або падчас яды, то гэта якраз для таго, каб нейтралізаваць яго магчымы негатыўны ўплыў.

Калі ў вас гастрыт з паніжанай кіслотнасцю…

Ваша асноўная задача — з аднаго боку, стымуляваць выпрацоўку страўнікавай сакрэцыі, а з другога — прымяняць «прынцып ашчаднасці» (дробнае харчаванне, неўжыванне грубай і смажанай ежы, стараннае жаванне і г.д.). Самае галоўнае — не прапускаць так званую 1‑ю фазу сакрэцыі. Яна настае, калі мы бачым што‑небудзь смачненькае, марым пра абед або проста акідваем позіркам прыгожа сервіраваную вячэру. Менавіта тады і пачынае выдзяляцца страўнікавы сок (што, уласна, і неабходна для нармальнай работы страўніка ў гэтым выпадку), і таму так важна есці ў спакойнай абстаноўцы, каб ежа трапляла ў страўнік, які ўжо выпрацоўвае сок.

Спрабуючы кампенсаваць недахоп кіслаты, многія злоўжываюць салёнай, вострай ежай. Гастраэнтэролагі раяць сваім пацыентам ставіцца да падобных «гастранамічных капрызаў» з вялікай асцярожнасцю. Такія прадукты, раздражняючы слізістую страўніка, могуць толькі пагоршыць цячэнне хваробы. Менавіта таму вострыя прыправы, вяндліну і кансервы лепш не ўключаць у меню. Цягу «да востранькага» можна задаволіць працёртымі зялёнымі яблыкамі, кісламалочнымі прадуктамі, слабасалёнай рыбай, кіслымі сокамі і морсамі. Акрамя таго, выпрацоўку страўнікавага соку цудоўна стымулююць мясныя і рыбныя булёны, таму іх абавязкова трэба ўвесці ў штодзённы рацыён. Выключыць з яго неабходна тыя прадукты і стравы, якія доўга ператраўліваюцца ў страўніку (здобная выпечка, пірагі, рыс, жытні хлеб).

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

Вольга Цыбульская, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930