Даслаць навіну
Знайсці
19.03.2010 / 21:50 12

Два дні моцна патыхала нафталінам часоў КПСС

Высокія чыны самі прагаворваюцца, што ўся дзяржаўная ідэалогія заточана пад «элегантныя перамогі» самі ведаеце каго. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Зладжаны ў сталіцы двухдзённы семінар па ідэалогіі звёўся да банальных заклінанняў: пазбаўляцца фармалізму, дайсці да кожнага і г.д. Нафталін часоў КПСС. Але былі і красамоўныя заявы. Начальства само сябе высцёбвае.

Вось, напрыклад, устаноўка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея наконт БРСМ: «Няма патрэбы прымусова ставіць пад сцягі арганізацыі татальна ўсю моладзь». Ноу комэнт, практыка ідэалагічнага ахопу юных акрэслена болей чым вычарпальна.

Хіба што варта было пра «Белую Русь» дадаць. Ці там яшчэ план не выканалі?

Высокі начальнік падкрэсліў, што галоўнае для дзяржаўнай ідэалогіі — кансалідацыя нацыі. Але

цягам двух дзён з той самай трыбуны гучаў рэфрэн пра ідэалагічных праціўнікаў, каторым трэба няспынна даваць адлуп. А яны хто — марсіяне? Ці тых, хто прынцыпова не згодны з цяперашнім курсам, часткай нацыі лічыць не варта?

Двухсэнсоўна прагучаў і фармальна прагрэсіўны заклік Уладзіміра Макея, каб вертыкальнікі не цураліся працаваць з недзяржаўнай прэсай. Маўляў, так робяць у Маладзечне: даюць інфармацыю, дзейнічаюць «мяккім, спакойным перакананнем».

Але вось вам маралітэ: «І ў выніку такой стратэгіі людзі (відавочна, маюцца на ўвазе недзяржаўныя журналісты. — А.К.) часта пераходзяць на бок улады. Таму гэты вопыт Маладзечанскага раёна трэба пераймаць усім мясцовым органам улады краіны».

Учытайцеся: міжволі ўлада вербальна аддзяляе сябе ад людзей.

Галоўнае ж —

там, наверсе, не хочуць разумець элементарнага: нармальная прэса не мусіць быць на баку дзяржапарату, яна акурат заклікана ажыццяўляць над ім грамадскі кантроль. Нармальная прэса — у апазіцыі да любой улады.

Ці вось яшчэ: «Нашы каналы сёння ў асноўным кантралююць тэлевізійную прастору ў Беларусі. Але трэба разумець, што гэта становішча дасягнута дзякуючы магутнай падтрымцы дзяржавы, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця нацыянальнага тэлебачання. Таму дзяржава мае права разлічваць на сур’ёзную аддачу».

Во як: дзяржава! Чытай: вертыкаль, апарат, начальства. А чаму не гледачы, у тым ліку і апазыцыйных поглядаў? Яны ж таксама плацяць падаткі на «магутную падтрымку» электронных медый.

І нарэшце, вось які крытэр эфектыўнасці ідэалагічнай працы ставіць на першае месца кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта: «вынікі галасавання ў ходзе палітычных кампаній».

Тут расшыфроўка адназначная:

каб як мага болей электарату галасавала за праўладных кандыдатаў і найменей — за апазіцыю. Гэтая ўстаноўка — абсалютны нонсэнс для нармальнай дзяржавы.

Глядзіце, ёсць, напрыклад, амерыканская ідэя. І яна ні на каліва не залежыць ад таго, хто пераможа там на прэзідэнцкіх выбарах. І ў Брытаніі то кансерватары кіруць, а лейбарысты ў апазіцыі, то наадварот. Ад гэтага ідэі, на якіх грунтуецца брытанскі лад жыцця, зусім не куляюцца. Так усюды ў нармальных дэмакратыях.

Там, калі хочаце, сам прынцып ратацыі кіроўных эліт — адна з галоўных ідэй. Справа ж чыноўнікаў — забяспечваць працэс канкурэнтнай палітыкі, а не закаркоўваць яго.

У нас жа з трыбуны семінара выказваецца надзея, што «экзамен, які нам з вамі і ўсёй уладзе трэба будзе трымаць менш як праз год, мы вытрымаем з гонарам». А іначай, значыць, капец.

Як бачым, высокія чыны праз слова прагаворваюцца, што ўся дзяржаўная ідэалогія заточана пад элегантныя перамогі самі ведаеце каго. На такім грунце трымаецца і дабрабыт самой вертыкалі. Усё элементарна.

Але пры гэтым яшчэ — прэтэнзіі на нейкую канцэптуальнасць, наморшчванне лбоў!

Галеча філасофіі, як казаў класік.

Аляксандр Класкоўскі.

0
2 Дубатоўк / адказаць
21.03.2010 / 14:03
Вось будзе ў нас дзве партыі - "Белая Русь" і... ну няхай "За моцную і квітнеючую Беларусь!" - вось тады пагаворым пра ратацыю кіроўных эліт :)) ====== Гэта як "Адзіная Расія" і "Справядлівая Расія"? Ну-ну... :)
0
Iгар / адказаць
21.03.2010 / 16:16
"Маўляў, так робяць у Маладзечне: даюць інфармацыю, дзейнічаюць «мяккім, спакойным перакананнем»." Фактычна адзіная незалежная "Рэгіянальная газета" не дапускае ніякай крытыкі афіцыйных уладаў. Рэдакцыя падвяргае жорсткай цэнзуры нават каментарыі чытачоў на сваім сайце.
0
Daminik / адказаць
21.03.2010 / 20:40
Iгар напiсаў(ла) Фактычна адзіная незалежная \"Рэгіянальная газета\" не дапускае ніякай крытыкі афіцыйных уладаў. Рэдакцыя падвяргае жорсткай цэнзуры нават каментарыі чытачоў на сваім сайце. =========================================================== Для палітыкаў любая недзяржаўная газета -- гэта, як жаўнер на вайне. Пушачнае мяса! Палітыкі згадваюць, што ёсць недзяржаўная прэса толькі раз у пяць гадоў пад час прэзідэнцкіх выбараў. Просяць ахвяравацца газетай дзеля чыёйсьці перамогі, насамрэч, паразы. Звычайнае кідалава! Пасля выбараў -- паразы -- выпутвайцеся, хлопцы, самі! І дзе цяпер тая сотня незалежных газетаў, якія былі яшчэ 10-15 гадоў таму? \"Пагоня\", \"Салідарнасць\", напрыклад. Хто ўжо згадае, што такія газеты былі? Хай бы хто з палітыкаў стварыў бы сабе газету пад выбары і знайшоў валанцёраў для яе распаўсюду. Слабо!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31