Знайсці
18.03.2010 / 11:0468РусŁacБел

Спадары каментатары

Калі чалавек піша каментар «дзе фінгал у Наталлі Радзінай?», то ён мала чым розніцца ад міліцыянера, які б'е чалавека ў твар на Кастрычніцкай. Піша Віталь Тарас.

Гвалтоўныя дзеянні міліцыі ў адносінах да журналістаў «Народнай волі», інтэрнет‑выдання «Хартыя ‑97», расійскай «Новой газеты» выклікалі адэкватны рэзананс на Захадзе. Піша Віталь Тарас.

На жаль, рэакцыя ў самой Беларусі, як заўжды, даволі млявая. Ці то грамадства прызвычаілася да падобных рэчаў, ці проста робіць выгляд, што іх не заўважае.

Але я не пра гэта.

Я пра некаторыя каментары, якія з’явіліся на папулярных інтэрнет‑сайтах, што трымаюцца незалежніцкіх і дэмакратычных пазіцый.

Не буду называць гэтыя рэсурсы, бо справа не ў іх, а ў рэакцыі пэўнай часткі аўдыторыі.

Вось, напрыклад, адзін з першых тыповых водгукаў да фатаграфій з Наталляй Радзінай пасля іх публікацыі:

«А дзе фінгал?»

(Гэта ў сувязі з інфармацыяй, што супрацоўнік міліцыі ўдарыў журналістку).

Другі характэрны водгук прыйшоў адразу пасля прэс‑канферэнцыі Радзінай, Саннікава, Халіп ў сядзібе партыі БНФ:

Гэта іх нам прапануюць у якасці новых герояў?». Ну, і далей, зразумела, пра прэзідэнцкія выбары, пра «піяр» і г.д.

Лягчэй за ўсё было б сказаць, што тыя каментары пішуць «брыгаднікі» на замову спецслужбаў ці што гэта нейкія надзвычай рэдкія ўроды. На жаль, іх не так і мала. І галоўнае, стылістыка многіх «каментаў» паказвае:

іх аўтары пішуць, як казаў паэт, па загадзе ўласнага сэрца.

І пішуць яны не толькі пра журналістаў, якія апынуліся цяпер у цэнтры грамадскай увагі, але ўвогуле пра ўсіх заўважных людзей.

Ананімы ў сваіх каментах любяць прыпісваць аб’ектам крытыкі самыя горшыя матывы — відаць, зыходзячы з уласнага жыццёвага досведу.

Я не выступаю за цэнзуру каментароў — за выключэннем ненарматыўнай лексікі. Усе маюць права выказацца. (Мне, напрыклад, не падабаецца, што на сайце той самай «Хартыі» публікуюцца пераважна водгукі, якія супадаюць з думкай рэдакцыі і амаль ніколі — негатыўныя ці хоць бы палемічныя. Але гэта не мае дачынення да тэмы.)

Мне хацелася б — хоць я і разумею ўсю марнасць гэтых спадзяванняў — каб спадары каментатары, якія лічаць сябе, несумненна, людзьмі годнымі і інтэлектуальнымі, зразумелі адну простую рэч.

Калі яны пішуць — «дзе фінгал?», то яны мала чым адрозніваюцца ад міліцыянера, які гвалтам урываецца ў кватэру журналісткі. Ці ад таго амонаўца, які некалі публічна ўдарыў у твар жонку зніклага журналіста Зміцера Завадскага на Кастрычніцкай плошчы.

Вам могуць падабацца ці не падабацца асобныя палітыкі і журналісты. Але калі адбываецца гвалт над чалавекам, непрыстойна блюзнерыць: «а, ён, мабыць, проста вырашыў сябе прапіярыць, каб пра яго напісалі, што ён герой!»

Пастаўце сябе спачатку на месца гэтых людзей — ці хацелі б вы, каб вас прапіярылі падобным чынам і зрабілі з вас героя?

У расійскага паэта Канстанціна Ваншэнкіна ёсць верш, які часта згадваць мой бацька:

    Трус притворился храбрым на войне,
    Поскольку трусам спуску не давали.
    Он, бледный, в бой катился на броне,
    Он вяло балагурил на привале.

    Его всего крутило и трясло,
    Когда мы попадали под бомбежку.
    Но страх скрывал он тщательно и зло
    И своего добился понемножку.

    И так вошел он в роль, что наконец
    Стал храбрецом, почти уже природным.
    Неплохо бы, чтоб, скажем, и подлец
    Навечно притворился благородным.

    Скрывая подлость, день бы ото дня
    Такое же выказывал упорство.
    Во всем другом естественность ценя,
    Приветствую подобное притворство!

Гэты верш, напісаны ў 1961‑м, па‑мойму, не страціў сваёй актуальнасці.

Віталь Тарас, baj.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера