Даслаць навіну
Знайсці
25.02.2010 / 14:14

Дзе рымейк, Білі?

Якія фільмы будуць здымацца ў 2010-м? «Востраў скарбаў», «Франкенштэйн» і «Каласы пад сярпом тваім». Навіны кіно са свету і з Беларусі. Піша Ліза Кавальчык.

У 2010 годзе ў свеце і ў Беларусі сцэнар кіназдымкаў будзе ранейшы: у распрацоўку трапяць падноўленыя версіі старых, правераных часам блокбастэраў, а таксама сюжэты паводле класічных твораў. «Востраў скарбаў», «Франкенштэйн» і «Каласы пад сярпом тваім». Навіны кінематографа.

1. Дзе рымейк, Білі?


Не толькі Франкенштэйн замысліў вяртанне ў сучасным фармаце. Паводле кінематаграфічнага часопіса Empire, «Востраў скарбаў» — класічная кніга Роберта Льюіса Стывенсана — можа адведаць кінатэатры ў адноўленай версіі.

З 1920 г., калі выйшла першая нямая кінематаграфічная версія кнігі, нямала рэжысёраў і мультыплікатараў спрабавалі сваё шчасце і пераапрацоўвалі паспяховы раман у кінастужкі і тэлесерыялы. Натхнёныя шалёным поспехам іншай пірацкай гісторыяй апошніх гадоў, «Піратамі Карыбскага мора» ў брытанскай студыі Ecosse Films рыхтуюць і абяцаюць крыважэрным марскім рабаўнікам камбэк, апгрэйд-доступ да сучаснай моладзі.

Аднаногага Сільвера сыграе Шэрлак Холмс-2010, ён жа Роберт Даўні-малодшы.

2. Франкенштэйн-2010


"Франкенштайн'94"

У 2004 годзе аўтар літаратурных трымценнікаў Дына Кунц ажывіў трохі памярцвелы вобраз пачвары Франкенштэйна. Каб пачвара трохі акліматызавалася ў нашым свеце пасля дсесяцігоддзяў забыцця, ён адправіў пякельную істоту ў Новы Арлеан нашых дзён.

Цяпер, выглядае на тое, што кніжная серыя з трох кніг здолела працярэбіць шлях да вяртання Франкенштэйна ў кіно: часопіс Variety паведамляе, што прадусары Ральф Вінтэр і Тэры Бутвік рыхтуюць кінематаграфічную апрацоўку для першай кнігі.

Самае пацешнае, што самі кнігі нарадзіліся з тэлевізійнага серыяла, які так і не выйшаў на экраны. Кунц і яго суаўтар Кевін Джэй Андэрсан напісалі апавяданне як падмурак для серыяла, які здымаў Маркус Ніспель. Але аўтарам не спадабаўся пілотны праект, і Ніспель вырашыў за лепшае не звязвацца з кіношнікамі.

3. Зноў бунт!


Гістарычны бунт у амерыканскай вязніцы «Атыка» ў верасні 1971 г. ужо засвяціўся на экранах. У 80-я былі знятыя тэлесерыялы пра гвалтоўны пратэст вязняў, а кліч адтуль: «Атыка, Атыка!» ў ЗША ўвайшоў у фальклор. Сёлета бунт мае ператварыцца ў паўнавартасны фільм. Дуг Лайман, які пазнаёміў нас з «Сп-ром. і сп-няй Сміт», а Анджаліну Джолі - з Брэдам Пітам, цяпер спрад'юсуе і зрэжысуе стужку, якая будзе называцца па-просту «Атыка». Сцэнар да яе напісаў Джэфры Флетчэр, які цяпер ходзіць у намінантах на «Оскар» за сцэнар да фантастычнага фільма Лі Дэніэлса Precious/«Пятае вымярэнне» (2009).

Лайман мае наўпроставае дачыненне да самой гісторыі бунту ў турме: яго бацька быў у камісіі, якая расследвала прычыны бунту, а таксама з’яўляўся адным з падпісантаў канчатковай справаздачы, у якой віна за дзесяткі смерцяў часткова ўскладалася на губернатара штата Нью-Ёрк і турэмныя службы.

Пакуль няясна, калі выйдзе фільм, і пакуль што можна задаволіцца іншай стужкай Лаймана, якая выйдзе да лета, баевіком «Справядлівая гульня» з Шонам Пэнам у галоўнай ролі.

4. Цяжкія ментальныя канструкціі


Крыху кур’ёзнага. Пасля «Манаполіі», Lego і «Трансформераў» адной дзіцячай забаве было неяк не вельмі бавіцца без свайго кінематаграфічнага ўвасаблення. Гутарка ідзе пра канструктар з жалезных дзіркаватых пласцінак, пры дапамозе якога дзеці ўсяго свету робяць свае першыя крокі ў інжынерыі і будаўніцтве. Амерыканская прад'юсарская кампанія Helix Films мае намер зняць сямейны фільм паводле канструктара, што вядомы ў Еўропе па найменні Meccano, ды які быў вынайдзены ў пачатку мінулага стагоддзя. Які сюжэт, спытаеце вы? Збытнае пытанне, галоўнае, будучыя стваральнікі фільма пакуль адкрылі, што гэта будзе 3D ды фільм будзе напоўніцу выкарыстоўваць гандлёвы патэнцыял брэнду.

5. Каласы пад сярпом тваім. The Movie.


сцэна са спектакля "Каласы пад сярпом тваім"

Перанесці гістарычна-прыгодніцкі раман «Каласы пад сярпом тваім», які ўпершыню быў апублікаваны ў 1965 годзе і стаўся адным з нарожных камянёў справы нацыянальнага выхавання моладзі, у больш відовішчны фармат спрабаваў шмат хто. Спярша ў канцы 80-х на Беларускім радыё была зроблена шматгалосавая радыёпастаноўка рамана. Кіраўніком галасавой трупы тады выступіў тэатральны рэжысёр Валерый Анісенка. У 2007-м ужо без музыкі і адным голасам, але не менш паліфанічна і драматычна, «Каласы» агучыў знаны моўны педагог, вядомы чытальнік беларускай класікі, прафесар Андрэй Каляда. Выйшла CD-кружэлка з поўным тэкстам рамана, які гучыць цягам 40 гадзінаў. Усё роўна як аўтар раману, Уладзімір Караткевіч, які пісаў раман больш за 12 гадоў, тэатральны рэжысёр Анісенка доўгія гады выношваў і абдумваў ідэю паставіць раман на сцэне. І толькі ў 2008 на падмостках Тэатра беларускай драматургіі ён спраўдзіў сваю мару, урэшце зрабіўшы тэатральную пастаноўку паводле рамана.

Спектакль «Каласы пад сярпом тваім» — пастаноўка не толькі глыбокая, але і відовішчная. Яна найбольш набліжаная да кінастужкі: вялікая, кіношная масоўка (на сцэне побач з дасведчанымі акторамі выступаюць і першакурснікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва), багатыя светлавыя эфекты і паралельны відэашэраг, што дае магчымасць гледачу больш аб’ёмна успрымаць тое, што адбываецца на сцэне.

І вось 2010 год — аўтар шчымлівага прачытання «Тутэйшых» і «Сялянкі»

Мікалай Пінігін будзе здымаць «Каласы пад сярпом тваім» на «Беларусьфільме».
Фармальна кінастужка прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. Над сцэнаром фільма працуе Аляксандр Качан.

Ліза Кавальчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31