Знайсці
23.02.2010 / 20:3416РусŁacБел

Вялы інструмент Бруселя

Сваю ролю ў распачатым дыялогу з Лукашэнкам Еўропа згуляла блякла, бяздарна, без крэатыву і мазгавой напругі. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Еўрапарламент адклаў меркаваны шчаўчок пугай. Рэзалюцыя ў беларускім пытанні адсунутая на сакавіцкую сесію.

Сацыялісты ды камуністы ў ЕП настойваюць на тым, што варта дачакацца, як з’ездзяць у Мінск эмісары. Візіт чатырох еўрапарламентароў, у тым ліку Яцка Пратасевіча, чакаецца 25–27 лютага.

Але гэта тэхнічныя моманты. Прынцыповы ж палягае ў тым, што

бабуля Еўропа зараз увогуле ў разгубленасці. Беларускі аўтарытарны арэшак аказаўся занадта цвёрды для яе зубоў.

У свой час еўрабюракраты не рызыкнулі ўжыць дарожную мапу, распісаць стратэгію наладжвання дачыненняў з Мінскам паводле прынцыпу абумоўленасці. Маўляў, а што будзем рабіць, калі беларускія ўлады ўпруцца рогам.

А яны і так уперліся. І сёння, спахапіўшыся, накідаць умовы Мінску для Бруселя тым болей нязручна. Ён ужо па самыя вушы ўлез у каляіну «прагматычнага дыялогу».

Самае ж галоўнае, што

грошы з МВФ спраўна ідуць у Мінск без усялякай лібералізацыі. Фонд гуляе у сваю гульню. На тле яго салідных траншаў меркаваная макрафінансавая дапамога ад Еўразвязу — 290 мільёнаў долараў — велічыня, якой Лукашэнка можа ахвяраваць.

Звыш таго, Брусель паклаў пад сукно прапанаваныя яшчэ летась беларускім бокам супольна з Кіевам ды Вільняй праекты ў галіне энергабяспекі. Парадаксальна, але ў снежні на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўразвязу ды «Усходняга партнёрства» ў Бруселі беларускі міністр Мартынаў быў ці не адзіны, хто заклікаў паскорыць гэтыя канкрэтныя праекты, у той час як заходнікі луналі ў эмпірэях абстрактнай рыторыкі.

Еўропа ціха маўчала і падчас студзеньскай нафтавай вайны з Расіяй. Геапалітычны імпэт, разварушаны вайной на Каўказе ў жніўні 2008-га, праз год згас. Брусель яўна страціў інтарэс да гульні на пастсавецкім абсягу, адсунуў і без таго сыры праект «Усходняга партнёрства» на задні план. Захліснулі ўнутраныя праблемы: крызіс, спаўзанне еўра і г.д.

Ціха маўчала Еўропа і калі на змену гульні ў лібералізацыю прыйшла хваля новых рэпрэсій супраць апазіцыі, незалежнай прэсы. Схамянуліся толькі тады, калі ўзняла голас Варшава: нашых б’юць!

Канечне, не справа брусельскіх бюракратаў ладзіць дэмакратычныя перамены ў краіне, дзе маса народанасельніцтва пакорліва глытае аўтарытарызм. І санкцыямі рэжым наўрад ці задушыш. Хутчэй ён здасца Маскве.

Але другая палова праўды палягае ў тым, што

сваю ролю ў распачатым дыялогу з Лукашэнкам Еўропа згуляла блякла, бяздарна, без крэатыву і мазгавой напругі.

Канечне, яшчэ не вечар. Але факт тое, што зараз ляскатанне пугай нейкай рэзалюцыі мала што дасць.

На пачатку двухбаковай адлігі еўрафункцыянеры паўтаралі: у дачыненнях з Мінскам мы хочам мець гнуткі інструмент. Але насамрэч інструмент аказаўся вялым.

Аляксандр Класкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930