Знайсці
16.02.2010 / 11:432РусŁacБел

Псарыяз — дыягназ на ўсё жыццё

У Беларусi на псарыяз хварэе 2,8 % насельнiцтва.

Адной з самых распаўсюджаных дэрматалагiчных хваробаў з’яўляецца псарыяз. Па сусветнай статыстыцы, ад 1 да 3% насельнiцтва маюць гэтую паталогiю. У паўночных краiнах, з больш халодным клiматам, яна сустракаецца часцей, у паўднёвых — больш рэдка.

У Беларусi, з яе ўмераным клiматам, на псарыяз хварэе 2,8 % насельнiцтва. З чым звязана ўзнiкненне захворвання? З гэтага пытання пачалася наша размова з урачом‑дэрматавенеролагам, загадчыкам амбулаторнага дэрматавенералагiчнага аддзялення Мiнскага скурнавенералагiчнага дыспансэра Уладзiмiрам Яромiчам.

—Як i ў мiнулым стагоддзi не маглi дакладна сказаць, з чым звязана гэтае захворванне, так i цяпер нельга на 100 % вызначыць, якiя прычыны выклiкапi ў канкрэтнага чалавека псарыяз. Тэорый iснуе шмат. Людзям, якiя захварэлi, трэба змiрыцца з думкай, што з такой паталогiяй давядзецца iснаваць усё жыццё. Але хвароба гэтая хоць i непрыемная, аднак не смяротная.

У псарыяза выдзяляюць некалькi стадый. Прагрэсуючая — пры ёй з’яўляюцца новыя высыпкi, павялiчваюцца ранейшыя. На скуры ўзнiкаюць чырвоныя вузельчыкi, пакрытыя серабрыста‑белымi лускавiнкамi. Гэтыя вузельчыкi могуць злiвацца ў бляшкi буйных памераў. У аднаго чалавека могуць быць высыпкi памерам ад запалкавай галоўкi да вялiкiх зонаў пашкоджання. На стадыi прагрэсу высыпкi суправаджаюцца свербам, яны могуць з’яўляцца на любой частцы цела, найбольш тыповае iх месца з’яўлення — на разгiнальнай паверхнi канечнасцяў (локцi, каленi), у раёне крыжа, на валасiстай частцы галавы. Часам гэта хвароба пашкоджвае суставы.

Яшчэ адна стадыя захворвання — стацыянарная, калi перасталi з’яўляцца новыя высыпкi, яны быццам «задрамалi», «супакоiлiся». Ёсць яшчэ рэгрэсуючая стадыя, пры ёй высыпкi пацiху знiкаюць пад уплывам лячэння, могуць заставацца толькi нейкiя дзяжурныя бляшкi.

У залежнасцi ад сезоннасцi абвастрэнняў адрознiваюць зiмовую форму псарыязу, якая сустракаецца значна часцей, — у 95 % выпадкаў, i летнюю — у 5 % выпадкаў.

— Вы адзначылi, што псарыяз — гэта дыягназ, якi застаецца на ўсё жыццё. Скажыце, якiя цяпер iснуюць метады лячэння хваробы, каб зменшыць яе наступствы?

— Методык iснуе шмат. Але трэба ўлiчваць, што мы лечым не толькi само захворванне, але i пацыента, падыходзiм iндывiдуальна. Тактыка лячэння гэтай немачы залежыць ад стадыi, формы i распаўсюджанасцi хваробы, ад асаблiвасцяў яе цячэння ў канкрэтнага хворага, ад узросту. Прэпаратаў цяпер iснуе вельмi шмат: ад сiстэмнай тэрапii, калi лекi прымаюцца ўнутр, да мясцовых лакальных спосабаў лячэння.

Пры лёгкiм цячэннi псарыязу цi пры наяўнасцi адзiнкавых бляшак, асаблiва ў дзяцей, часта бывае дастаткова вонкавага лячэння, бальнеа‑ i курортатэрапii, захавання рэжыму харчавання, здаровага ладу жыцця.

Увогуле дыета пры псарыязе мае iстотнае значэнне. Рацыён харчавання хворага павiнен уключаць малочныя прадукты, садавiну, агароднiну, натуральныя сокi. Аднак з меню трэба выключыць цытрусавыя, стравы з воцатам, перцам, шакалад, каву, абавязкова адмовiцца ад алкаголю i курэння.

Сярэдняцяжкiя i цяжкiя формы псарыязу патрабуюць правядзення комплекснага лячэння ў амбулаторных умовах, а ў перыяд абвастрэнняў — лячэння ў стацыянары.

Важнай з’яўляецца i прафiлактыка рэцыдываў хваробы, якая ўключае ў сябе санацыю ачагоў хранiчнай iнфекцыi ў арганiзме: лячэнне хворых зубоў, хранiчнага танзiлiту, атыту, сiнусiту, халецыстыту. Спрыяльным можа быць перыядычны прыём мяккiх раслiнных заспакаяльных сродкаў (валяр’яна, мяты, сардэчнiку).

I яшчэ хачу звярнуць увагу на тое, што некаторыя людзi, iмкнучыся пазбавiцца ад бляшак, пачынаюць на сабе эксперыментаваць. Купляюць дарагiя прэпараты, выкарыстоўваюць розныя БАДы. Але ж часцей за ўсё рэклама лекаў ад псарыязу выдае жадаемае за сапраўднае. Таму да кожнай новай методыкi трэба ставiцца з асцярогай i без кансультацыi з доктарам не выкарыстоўваць яе на сабе, асаблiва ў перыяд рэмiсii, iнакш можна атрымаць адваротны эфект.

Фiтатэрапiя пры псарыязе

1. Чыстацел вялiкi, трава — 1 частка; дзiвасiл, корань — 2 часткi; бузiна чорная, кветкi — 1 частка; хвошч палявы, трава цi лiсце бруснiц — 1 частка; святаяннiк дзiркаваты (зверобой продырявленный), трава — 3 часткi. 1 ст. лыжку сумесi з верхам залiць адной шклянкай кiпеню, настойваць на працягу 12 гадзiн, працадзiць. Далiць ваду да першапачатковага аб’ёму, прымаць па 1/3 шклянкi за 20—30 хвiлiн да яды 3 разы на дзень на працягу 2‑3 месяцаў. Пасля кожнага месяца лячэння — перапынак 7 дзён.

2. Чыстацел вялiкi, трава — 1 частка; браткi (анютины глазки), трава — 2 часткi; дымнiца аптэчная, трава — 2 часткi; падалешнiк (копытень) еўрапейскi, лiст — 1 частка; багун балотны — 1 частка. Гатаваць i пiць, як i ў першым выпадку.

3. Чыстацел вялiкi i браткi, трава. 1 ст. л. сумесi з верхам залiць 1 шклянкай кiпеню. Настойваць 6 гадзiн. Прымаць па 1 шклянцы 2 разы на дзень пасля яды.

4. . Ваўчкi (череда), трава — 3 часткi; аер балотны, корань — 3 часткi; святаяннiк дзiркаваты, трава — 3 часткi; чыстацел вялiкi, трава — 1 частка; дзiвасiл высокi, корань — 2 часткi; кукурузныя рыльцы — 2 часткi; бруснiцы, лiст — 2 часткi; бузiна чорная, лiст — 2 часткi. Гатаваць i прымаць, як у рэцэпце № 1.

Вольга Шаўко, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера