Знайсці
20.01.2010 / 23:248РусŁacБел

Беларуская інтрыга: Лукашэнка супраць эканомікі

Ён можа выйграць выбары па звыклай схеме, але гэта не вырашыць ніводнай праблемы. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Для палітолагаў стала ўжо агульным месцам казаць: мясцовыя выбары ў Беларусі не тояць інтрыгі. Ды і не толькі мясцовыя, па вялікім рахунку, дадаюць іншыя.

Мінулым разам у саветы з апазіцыі не прабіўся практычна ніхто. Сфармаваны восенню 2008-га парламент назіральнікі з’едліва назвалі «стэрыльным». Ну, а на прэзідэнцкіх выбарах з 1994-га, самі ведаеце — нязменны трыумфатар. І Лукашэнка ўжо выразна даў зразумець, што разлічвае на чарговую перамогу.

Глуха як у танку?

Перад сёлетнімі выбарамі ўлады зрабілі жэст — унеслі аж каля 130 паправак у выбарчае заканадаўства. Лозунг на экспарт, для Еўразвязу — лібералізацыя. Кошт гэтай рыторыкі вы ведаеце.

Незалежныя эксперты паставілі дыягназ: так, па дробязі (збор подпісаў, агітацыя і да т.п.) стане крыху лягчэй, меней душылаўкі, але

ў прынцыповых пытаннях — назіранне і падлік галасоў — усё па-старому. А значыць, выбарчы працэс застаецца чорнай скрыняй.

Апазіцыі, па сутнасці, дадуць злёгку пагарэзнічаць на прамежкавых стадыях. Зрэшты, у яе замала актывістаў і рэсурсаў, каб густа выступіць на мясцовых выбарах 25 красавіка па ўсёй краіне. Людзі не гараць жаданнем страчваць працу, атрымліваць два вазы і цэбар іншых непрыемнасцей дзеля ілюзіі.

На прэзідэнцкіх выбарах момант напружання заўсёды большы, але і тут на сёння шанцы Лукашэнкі выглядаюць больш чым унушальнымі. Адміністрацыйны рэсурс — само сабой. Але ж! Пры ўсёй умоўнасці рэйтынгаў у краіне выпаленага палітычнага поля прывядзем лічбы снежаньскага нацыянальнага апытання НІСЭПД. Адказваючы на адкрытае пытанне «Калі б заўтра адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі, за каго б вы прагаласавалі?», 42,5% назвалі Лукашэнку.

Пасля прасядання на некалькі працэнтаў (крызісныя непрыемнасці, дэвальвацыя) яго рэйтынг эластычна вярнуўся на ўзровень верасня 2008 года. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць: у крызіс людзі гатовы зацягнуць паясы, знізіць патрэбы, ператрываць на горшай працы і г.д. Ніякіх вам гронак гневу, ніякіх рэвалюцыйных памкненняў. Яшчэ больш, са слоў сацыёлага Надзеі Яфімавай, «крызіс не стаў стымулам да актыўнасці, а стаў стымулам да дэградацыі».

Здавалася б, кіруй ды ў вус не дзьмі да сканчэння веку!

Аднак прыйшла бяда, адкуль не чакалі. Дакладней, наверсе здагадваліся, што рана ці позна Расія стане шчаміць па поўнай праграме. Але неяк усё не верылася. Вось і цяпер, у кантэксце нафтавага процістаяння, Лукашэнка піша Мядзведзеву: ну як жа так, у снежні ж дамаўляліся!..

Але слова да справы не прышыеш, а суровы Сечын гне сваё: нафтавая лафа скончылася, ганіце мыта на чорнае золата па поўнай! І хто паверыць, што расійскі віцэ-прэм’ер займаецца самавольствам без адмашкі зверху?

Кажуць, на кон пастаўлены беларускія НПЗ, і не толькі. Зрэшты, калі іх і ўдасца адбіць, то сама нафтаперапрацоўка па новай, бязлітаснай схеме можа зваліцца ў мінус.

Тым часам крызіс падкасіў наша машынабудаванне, якое дагэтуль трымаецца на састарэлых кітах савецкай індустрыі. Так, напрыклад, аўтапрам па выніках года ўпаў на 43,6%, складскія запасы грузавікоў павялічыліся ў 1,8 разу. Увогуле беларускі экспарт тавараў за 11 месяцаў летась з’ехаў на 38,4%. Для малой адкрытай эканомікі — а наша па-навуковаму менавіта такая — гэта каласальны правал.

І шанцы аднавіць прамысловы экспарт пасля крызісу хісткія. Эканоміцы да зарэзу патрэбна мадэрнізацыя. Дзе ўзяць грошы, інвестыцыі? Можа, «Захад нам дапаможа»?

Так, Захад паказаў, што можа падкінуць крэдытаў. Летась беларускія фінансы праседзелі на іголцы МВФ. Але Еўропа сама сядзіць на расійскіх энергарэсурсах, альтэрнатыўныя пастаўкі для нас (Каспій, а тым больш Венесуэла або Іран) віламі па вадзе пісаны. Ад Расіі, няхай і ўсё больш незгаворлівай, так вось проста не адчаліш.

«Свой геапалітычны выбар Мінск, як ні дзіўна, ужо зрабіў, — гаворыць эксперт аналітычнага цэнтра „Стратэгія“ Валер Карбалевіч. — Гэта — балансаванне. Мадэль дае эфект, і мяняць яе цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не збіраецца».

Галоўная ж беларуская інтрыга, лічыць палітолаг, палягае ў барацьбе Лукашэнкі супраць эканомікі.

Вось такі ён,

сюжэт драмы ў краіне амаль дарэшты выпаленай палітычнай альтэрнатывы: пры яе бачнай адсутнасці афіцыйны правадыр вядзе бой з усё больш бязлітаснымі эканамічнымі наваламі. Якім не ў стане эфектыўна процістаяць заточаная пад танныя энерганосьбіты мадэль.

«Лукашэнка можа выйграць выбары па звыклай схеме, але гэта не вырашыць ніводнай праблемы, — гаворыць Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса. — І самым цяжкім для кіраўніка краіны будзе год пасля выбараў».

Ён дапускае, што, «захоўваючы, магчыма, рыторыку, Лукашэнка будзе змушаны выкінуць на сметнік архаічную эканамічную мадэль».

Што тады? Кітайскі, сінгапурскі шлях? Аднак тут шмат «але», і варыянт сапраўднай лібералізацыі бізнесу пры захаванні жорсткай аўтарытарнай мадэлі, паводле прагнозаў эксперта, здольны працягнуць толькі два-тры гады.

Дапусціць жа «разгул дэмакратыі» цяперашняя ўлада і ў думках не можа.

«Лукашэнка ўжо ўзяў элементы праграмы сваіх палітычных апанентаў, — мяркуе Раманчук. — Ён укараняе элементы ліберальнай эканомікі і пакрыху рушыў у бок Захада. Пытанне ў тым, як доўга ўдасца ўліваць новае віно ў старыя мяхі».

Так што не выключана: сапраўдны час выклікаў прыйдзе пасля выбараў.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера