Знайсці
06.01.2010 / 16:173РусŁacБел

Заслужаны чорт Беларусі ў ролі Шэрлака Холмса

Хто мог бы быць Шэрлак Холмсам у беларускай экранізацыі Конан-Дойла? Расследаванне Лізы Кавальчык.

6 студзеня лічыцца днём народзінаў аднаго з улюбёных літаратурных персанажаў, лонданскага дэтэктыва Шэрлака Холмса. Мы ж вырашылі высветліць,

хто мог бы быць Шэрлак Холмсам у беларускай экранізацыі Конан-Дойля?
Расследаванне Лізы Кавальчык.


Ігар Забара

Хто з беларускіх актораў змог бы сыграць Шэрлака Холмса?

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца: Хто такі Шэрлак Холмс? Гэта прайдзісвет, махляр, сам трохі крымінальнік, які знаецца з адкідамі грамадства. А хто як не выканаўца ролі ў рудаўскай «Камедыі», заслужаны чорт Беларусі Ігар Забара, які бліскуча грае пракаветнага ашуканца і шантажыста чалавецтва, здатны на такое?!

Не трэба падладжвацца пад англійскі арыгінал і савецкую версію стужкі — празмерны арыстакратызм тут недарэчы. А дзеля надання лоску на ролю доктара Ўотсана запрасіць актора Купалаўскага, выканаўцу ролі Мікіты Зноска ў спектаклі «Тутэйшыя» элегантнага, іранічнага Віктара Манаева.


Віктар Манаеў

Доктар Марыярці? Без праблем: на гэтую глабальную ролю падыдуць кандыдатуры многіх айчынных палітыкаў, і з Баскервільскай пачварай пытанняў не будзе — у нас злобных псюкоў у кожнай вёсцы як сабак нярэзаных.

Слава Бандарэнка, кінасцэнарыст, аўтар дэтэктыўнага раману «Ліквідацыя»: Калі здымаць Шэрлак Холмса на беларускі манер, дык на галоўную ролю трэба браць маладога актора Максіма Паніматчанку з Тэатра беларускай драматургіі. Са сваімі кудзеркамі і выбітным носам ён быў бы вельмі панадным Холмсам. І зрабіць яго шатландцам ці ірландцам. «Фішка» зробленага ў Беларусі Холмса: сышчык бы пастаянна пацягваў не люльку, а віскі з рыльца, і акрамя крымінальных злачынстваў змагаўся б супраць англійскіх акупантаў.


Максім Паніматчанка. Фота – Аляксандра Ружачкі, "Беларусь Сегодня"

Андрэй Кудзіненка, рэжысёр: На ролю Холмса Сяргей Журавель, на роль Ўотсана — Віктар Манаеў. Або наадварот. Калі Холмс — прагматык і, амаль як Шварцэнэгер, рашучы і магутны, дык Ўотсан — далікатны і вытанчаны спадар, мозг расследвання. Вось такая ракіроўка.

Як бы змяніўся сюжэт Шэрлака Холмса, калі б яго здымалі ў Беларусі?

Сяргей Харэўскі: Сюжэт такі: Шэрлак Холмс і доктар Уотсан сядзяць на Карл-Маркс-стрыт у кавярні «Мая англійская бабуля» і чытаюць беларускую крымінальную хроніку з усёй яе беспрасвеціцай: расчлянёнка, нематываваныя забойствы. І потым бяруцца за адну са справаў.

Тут самае галоўнае — праўдзівая беларуская фактура. Не ісці па шляху савецкага кінематографа, калі еўрапейцаў гралі прыбалты, а маўраў — азербайжанцы і грузіны. На маю думку, галоўнае, каб усё было аўтэнтычнае, кожнай гісторыя мусіць быць звязаная з беларускай рэчаіснасцю. Напрыклад, павінны гучаць постсавецкія анекдоты пра Шэрлака Холмса, а таксам мусяць з'явіцца крымінальныя гісторыі ў постперабудовачнам ключы пра неверагодныя афёры з нерухомасцю і зброяй, а таксама байкі пра кантрабанду на Захад і Усход.

Самае галоўнае пытанне айчыннага «Холмса» — не выбар галоўных герояў, а хто з нашых актораў другога плану зможа не скрывіўшыся, з гонарам і шыкам сказаць: «Аўсянка, сэр!». Бо з натурай у нас поўны парадак: замест Хемпшырскай дрыгвы маем балоты ля Асвеі ды Чарэі, а роўнядзь Дзвіны — ну, чыстая Тэмза. А адметныя завулкі Гомеля і Гродна — выдатныя дэкарацыі для дэтэктываў.


Віктар Манаеў і Сяргей Журавель

Слава Бандарэнка: Калі перанясём дзеі ў Мінск, дык усё пачнецца з банальнага забойства. Але наш Холмс не проста раскруціць крыміналку, ён да таго ж натрапіць на карупцыйную змову ў якім-небудзь беларускім міністэрстве.

Андрэй Кудзіненка: Паколькі цяпер крызіс, дзеянні карціны мусяць адбывацца недалёк ад сталіцы, недзе ў Смалявічах, максімум у Бабруйску. Шэрлак Холмс і доктар Ўотсан заняты агульнанацыянальнай, датуль нявыкананай місіяй: шукаюць і знаходзяць крыж Еўфрасінні Полацкай. Або напалеонаўскае золата. Або шчасце беларускага народа.

Чытаць яшчэ:

З гісторыі замахаў на вобраз Шэрлака Холмса ў сусветным кінематографе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930