Знайсці
31.12.2009 / 00:285РусŁacБел

Лукашэнка пачынае перадвыбарную кампанію

На прэс-канферэнцыі у «алмазе ведаў» афіцыйны кіраўнік прызнаўся, што хацеў бы вярнуцца ў светлую мінуўшчыну. Але разам з тым трымае ў галаве наступныя выбары.

Бачна, што крызісны год даўся Лукашэнку ў знакі. На прэс-канферэнцыі 30 снежня бракавала драйву, за самавітасцю праступала стомленасць.

А можа, гэта момант расслабону пасля нервовых месяцаў? Усё ж горшага не здарылася. Канечне, было не да раскошы, але, ва ўсякім разе, краіна не абрынулася.

Паводле версіі Лукашэнкі, эканоміка і фінансы выстаялі дзякуючы жалезнай волі і дысцыпліне. Але празаічная арыфметыка ставіць пад сумнеў гэтую канцэпцыю трыумфу волі. Колькі ні ўпіраліся рогам, склады так і не разгрузілі. Мінус у замежным гандлі таварамі за 11 месяцаў дасягнуў небывалай лічбы — 6,4 мільярда долараў.

Пры такой дзірцы залатыя зліткі, на якіх да крызісу прэзідэнт пазіраваў з кіраўніком Нацбанка, выпарыліся б са свістам… А так да канца года нават трохі нарасцілі запасы. Сітуацыю выратавалі крэдыты, прычым найперш — ад МВФ. Карацей, выратаваў пракляты гнілы Захад (якому перапала і на прэс-канферэнцыі — за бездухоўнасць, што прывяла да крызісу, «наркату» ды ціск на гордую рэспубліку).

Кажучы пра ўрокі года, кіраўнік дзяржавы агучыў падрыхтаваныя тэзісы, з якімі цяжка паспрачацца. Але гэтыя залатыя словы тут жа цьмянелі ад імправізацый з тых самых вуснаў.

Вось, скажам, выдатная фраза: «Самы галоўны ўрок года ў тым, што мы мусім быць адзінай сям’ёй». У сэнсе кансалідацыі беларусаў. «Мы не павінны праз дробязі хапаць за горла, за гальштук адзін аднаго…». Але праз некаторы час гучыць спантаная характарыстыка палітычных апанентаў, і ад ідылічнага закліку «рабяты, давайце жыць дружна!» не застаецца і знаку.

Яшчэ адзін урок, маўляў, у тым, што «мадэрнізавацца трэба было хутчэй». Пытанне: а хто перашкаджаў? Хто перашкаджаў у краіне, дзе ўсе вагары ў адных руках?

Ну добра, лепш позна, чым ніколі. Але для гэтага мала нашпігаваць старыя індустрыяльныя каробкі новым начыннем. Патрэбны структурныя ды іншыя карэнныя рэформы. Аднак Лукашэнка тлумачыць, што не пойдзе на хуткае, рашучае рэфармаванне, хоць і такі варыянт пад рукой ёсць. Маўляў, народ не гатовы.

Але ні ў адной краіне народ не будзе абедзвюма рукамі за ломку звыклага ладу. Любыя рэформы адчувальныя, робяцца праз «не хачу» і вымагаюць палітычнай волі.

Дарэчы, калі абставіны прыціскаюць, то высокае начальства на народ не вельмі азіраецца: шокавая дэвальвацыя студзеня-2009 — наглядны таму прыклад. Але цяпер надыходзіць год выбараў, і «сабачыцца з народам», як выказаўся Лукашэнка, надта ж нязручна.

Яшчэ адзін урок, паводле яго слоў, у тым, што трэба ствараць умовы для большай самастойнасці грамадзян. У сэнсе, каб самі зараблялі, а не спадзяваліся на дзяржаву. Так, але для гэтага патрэбны комплекс мер, які завецца лібералізацыяй.

Аднак у год дзвюх выбарчых кампаній сур’ёзнай эканамічнай лібералізацыі, не кажучы пра палітычную, чакаць наіўна.

А ўжо што да вольніцы ў інтэрнэце, традыцыйна грэбліва названым «сметніцай», дык гэтага дакладна паменее (Лукашэнка ўскосна пацвердзіў розгалас пра будучы грозны дакумент наконт рэгламентацыі «беларускага сегменту»).

Затое вербальнага папулізму, мяркуючы па гэтай прэс-канферэнцыі, прыбавіцца. Яна, па сутнасці, дала старт перадвыбарнай кампаніі.

Прычым, кажучы пра важнасць абнаўлення, ратацыі кадраў на розных узроўнях, кіраўнік дзяржавы відавочна меў на ўвазе, што для найвышэйшай пасады гэта пакуль што не актуальна. «Я нікому ўладу ў краіне не збіраюся аддаваць, тым больш камусьці за межамі краіны», — цвёрда паабяцаў электарату нязменны прэзідэнт.

Новы год будзе характарызавацца калізіяй паміж логікай аўтакратыі і неабходнасцю штосьці рабіць у плане калі не сістэмных рэформаў, то хаця б выканання заліковага мінімуму. Напрыклад, тых жа патрабаванняў МВФ.

Эксперт мінскага аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Валер Карбалевіч мяркуе: галоўны начальнік, бадай, у прынцыпе не вельмі добра разумее, што такое мадэрнізацыя, сістэмныя эканамічныя рэформы.

«З адказаў вынікала, што рэформы асацыююцца з абвальнай прыватызацыяй, шокавай тэрапіяй, хоць пытанне больш складанае і шырокае, — гаворыць палітолаг. — Падобна,

кіраўніцтва не вельмі добра ўяўляе сабе, што рабіць, дзе ўзяць грошы на абяцанае павышэнне заробкаў, як выканаць завоблачныя паказчыкі росту, запланаваныя на апошні год пяцігодкі. Спадзяванне, як і раней, на адміністрацыйныя метады».

Паводле Карбалевіча, «у цяперашняга кіраўніцтва няма сапраўднай канцэпцыі развіцця краіны.

Гэта не стыль Лукашэнкі — думаць на гады наперад. Ён думае сітуацыйна, рэагуе на змену абставінаў, дзейнічае тактычна. Цяпер, напрыклад, галоўнае — правесці выбары ў патрэбным ключы».

У прыватнасці, і таму ў замежнай палітыцы працягнецца элементарнае балансаванне. Можна было б сказаць — прымітыўнае. Аднак яно дае плён з абодвух бакоў. І, будзьце ўпэўнены,

рэсурс груба зробленых, але моцна збітых беларускіх геапалітычных арэляў будзе выбраны дарэшты.

Назіральнікі адзначаюць: 30 снежня Лукашэнка быў вельмі стрыманы ў дачыненні да расійскага кіраўніцтва. Амаль ласкавы, калі параўноўваць з восеньскімі эскападамі. Гэта і зразумела: ідуць напружаныя перамовы пра газ і нафту, лепш не цвяліць маскоўскіх гусакоў. Хоць крыўды: за малочную вайну, задзіранне цэн на энергарэсурсы да іншыя выкрутасы — усё ж павылазілі.

Дарэчы, просты чалавек можа задаць наіўнае пытанне: калі ні для каго, акрамя найбліжэйшага хаўрусніка, цэны не павышаюцца, то на чорта нам такая інтэграцыя?

Адчуваецца, што Лукашэнка сам зусім не ўпэўнены ў бліскучых перспектывах Мытнага звязу ды Адзінай эканамічнай прасторы (першы варыянт якой, яшчэ з улучэннем Украіны, як ён прызнаў, быў паспяхова правалены). Прагучала нават амаль што не прыхаваная пагроза выйсці з Мытнага звязу, калі — весёленькі варыянт! — «нас там пачнуць таптаць, душыць, у нас страляць».

Прарваліся і крыўды на Еўразвяз, які сваёй замарозкай (а не скасаваннем) санкцый хоча, маўляў, падвесіць Лукашэнку на кручку перад выбарамі. Замежная палітыка падаецца беларускаму афіцыйнаму лідэру менавіта ў такіх вось катэгорыях барацьбы: хто каго возьме на кручок, хто каго прыцісне і г.д., адзначае Карбалевіч. Інакш кажучы — як гульня з нулявой сумай. Ці выпадкова і Еўразвяз, і ЗША, і Расію Лукашэнка раз-пораз называе «монстрамі»?

Дарэчы, яшчэ адзін з урокаў, паводле афіцыйнага кіраўніка, у тым, што не трэба залішне налягаць на ўсходняе крыло замежнай палітыкі, варта развіваць і заходні вектар.

Але пры гэтым

мяркуецца, што заходнія монстры ў год Тыгра яшчэ глыбей заглынуць кручок «прагматычнага дыялогу».

Лукашэнка пацвердзіў, што вытанцоўваць перад Еўропай не збіраецца. Маўляў, няма чаго Еўразвязу гуляць у коткі-мышкі. Хоць, напэўна, так гаварыць больш нагоды якраз у Бруселя. Еўразвяз выразна сфармуляваў свае ўмовы. А вось яму пускаюць у вочы пыл, выдаючы бутафорыю за дэмакратычны прагрэс.

Ну, а расійскага мядзведзя, як мяркуюць у Мінску, давядзецца перыядычна пагладжваць ды карміць дробнымі саступкамі. Зрэшты, не выключаны і абвастрэнні, калі Крэмль пачне занадта груба прасоўваць свае інтарэсы, карыстаючыся патрэбай беларускага партнёра ў перадвыбарным допінгу.

Пад заслону Лукашэнка агучыў запаветную мару — вярнуцца ў дакрызісныя часы. Некалі, памятаеце, ён прыйшоў да ўлады на настальгіі па СССР. Цяпер вось — новая варыяцыя на тэму «светлай мінуўшчыны».

Але вяртання да танных выгодаў саўка не атрымалася. Наўрад ці пракоціць і вяртанне да сытага беларускага застою некалькіх папярэдніх гадоў. Хоць электарату заўсёды салодка марыцца, і ў гульні на яго пачуццях Лукашэнка сапраўды віртуоз.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера