Знайсці
30.12.2009 / 16:249РусŁacБел

5 кінастужак, якія сёлета нас расчулілі

Гэта былі не блокбастэры, а ўсё ж яны трапілі ў нашыя сэрцы (праз службовы ўваход «Выключна для людзей»). «Рэстлер», «Стылягі», «Польска-расейская вайна», «Раён №9»... Топ-5 ад Лізы Кавальчык.

Гэта былі не блокбастэры, а ўсё ж яны трапілі ў нашыя сэрцы. «Толькі для людзей»: «Рэстлер», «Стылягі», «Польска-расейская вайна», «Раён №9»... Піша Ліза Кавальчык.

Сёлета чацвёртым захадам нашу планету выбаўляў Тэрмінатар, трансформеры другім накладам бліскуча, але без усякай ясачкі сэнсу ператварыліся ў саміх сябе, а Людзі Ікс каторы ўжо раз не схацелі паставіць на сваёй мутанцкай планетавыбаўляльнай кар’еры тлусты ігрэк.

Аднак пасля кіношных сцэн масавага разбурэння, вяртаючыся ў свае дзіўным чынам ацалелыя пасля ўсіх тых апакаліпсісаў малінаўкі і серабранкі, гледачы сутыкаліся там з пазбаўленай дзівосных спэцэфектаў, але адгэтуль не менш феерычнай рэчаіснасцю. Рэальнасцю, замяшанай не на камп’ютарных труках, а на чалавечых пачуццях і жарсцях.

Аднак, варта зацеміць, былі, былі сёлета стужкі, які абралі не ісці зорным шляхам блокбастэраў пра неймаверных прышэльцаў і бляшаных кібаргаў, і ўсё роўна трапілі ў нашыя сэрцы (хіба праз службовы ўваход «Толькі для людзей»). 5 фільмаў, якія нас сёлета расчулілі.

5. Ён яшчэ вернецца


Узлёт Мікі Рурка ў "Рэстлеры".

«Рэстлер» з Мікі Руркам. Нягледзячы на кідкую рэкламную кампанію і бляск галоўнай тэмы (пастановачныя баі - рэстлінг), гэта сцішаны, асабісты фільм: прыватны аповед пра прыватнага чалавека. Адвечная песня пра спробу вяртання да ўласных вяршыняў. Пра пакліканне, улюбёную справу, займанне якой мае сваю высокую цану. Нават усведамляючы, што хэпі-энда не прадбачыцца, усё роўна глядзім, прыглядаемся, прымерваемся не выключана, што і самім колісь давядзецца здзейсніць свой камбэк.

4. Раскатурхаем гэты свет!


"Рок-хваля"


"Стылягі"

На гэтую пазіцыю заскочылі аднаяйкавыя браты-блізнюкі: англійская «Рок-Хваля» і расійскія «Стылягі». Героі першай стужкі з брытанскіх мораў 70-х па пірацкім радыё транслююць яўную контру саладжавай эстрадзе, другія - у Маскве 60-х на злосць камсамольскай арганізацыі настаўляюць фіялетавыя чупрыны і скочуць яўна неканвенцыйныя бугі-вугі. Сэкс, рок-н-рол і ўсё такое па поўнай праграме. І, вядома, ім годна процістаяць: першым - кепскі афіцыёз з ураду Яе Каралеўскай Мосці ў зашпіленых на ўсе гузікі гарнітурах, другім: стрыманая звонку і ашалелая з сярэдзіны савецкая ўраўнілаўка.

І дыхтоўны саўндтрэк у дадатак. А для англа-амерыканскага вуха «Маё пакаленне» гурту The Who – ўсё роўна як для постсавецкага «Cкованные одной цепью» «Наутылуса Пампіліуса».

3.Голая праўда пра эўраграмадзянства


«Маўчанне Лорны»

«Маўчанне Лорны». Албанская імігрантка Лорна заключае фіктыўны шлюб з безнадзейным наркаманам Кладзі, каб атрымаць бельгійскае грамадзянства. Саўдзельнікі Лорны чакаюць, калі наркаман памрэ: тады аўдавелая Лорна ізноў праз шлюб — выцягне на Захад расійскага мафіёзі з вялікімі грашыма. Але ў гераіні нечакана абуджаецца спачуванне.

Пасля шэрагу стужак, у якім ўся віна за гаротнае становішча эмігрантаў ў Еўрасаюзе ўскладалася на карэнных жыхароў краіны, «Маўчанне Лорны» – контратака. Гэтым разам ад вока кінамастакоў не схаваўся той факт, што пакрыўджаныя адаптаваліся да ўдараў і наносяць крыўдзіцелю не менш жахлівыя выцягі ў адказ. Аднак рэжысёры, браты Дардэны, забаўленыя зусім не праблемай еўрапейскай эміграцыі, а хутчэй вымалёўваннем абрысаў чалавечай душы, што прачынаецца й праяўляе сябе. Фільма намінаваўся ў Канах на «Залатую пальму».

2.Польска-расійская вайна ў асобна ўзятай галаве


«Польска-руская вайна пад бел-чырвоным сцягам»

На гэтае месца трапляе не аблашчаная і не абеларушаная нашым кінапракатам «Польска-расейская вайна пад бел-чырвоным сцягам». Гданьскі мікрараён: яго насельнікі, нанюханыя грамучай сумессю какаіну і супоў з пакеціка, закінутыя нягустым піўцом з пластыкавых кубачкаў, каламутным вокам назіраюць за калдырным конкурсам прыгажосці, што прысвечаны таямнічаму Дню без расейцаў. Фантасмагарычны раман Дароты Маслоўскай перакінуўся ў яскравую вытворную мастацкага фільма. Няма ні Польшчы, ні Расіі, ні згаданай у фільме Беларусі, адно прыгарадны сплін і гопнік па мянушцы Сільны, якога нешчаслівае каханне ўдарам па галаве разбудзіла сярод беспрабуду сацыяльнай матрыцы, і ўклала ў вусны сакраментальнае «Хто я?».

1.Выключна для людзей


Толькі для людзей. Шыльда са стужкі «Раён №9»

Пакінем «Аватар» для будучыні – з усімі сваімі касмічнымі анімацыямі, іншапланетнымі паўстаннямі ён прыляцеў да нас, пэўна, з наступнага дзесяцігоддзя, дзе, падазраем, гэтых незямных даброццяў будзе напоўніцу.

Наш жа выбар - «Раён нумар 9».

У 80-я над Ёханэсбургам трапляе ў аварыю іншапланетны карабель. Пацярпелых — інсектападобных істотаў — рассяляюць пад горадам у нешта накшталт лагера для ўцекачоў, ад чаго тамтэйшыя зямляне не ў захапленні, бо разбэшчаныя галечай і крыміналам, прыхадні зусім як людзі пачынаюць весці антысацыяльны лад жыцця.

Дробны чыноўнік Вікус (Шартло Коплі) мусіць арганізаваць пераезд іншапланетнікаў у канцэнтрацыйны лагер. Але ад канфіскаванага карабельнага паліва герой сам пачынае пераўтварацца ў інсекту — і яму даводзіцца на ўласнай скуры зазнае чалавечую лютасць.

«Раён нумар 9» - таксама фантастыка, таксама высокі бюджэт. Але рэжысёр Нэйл Бламкамп дабіўся праўдзівай спагады: стварыў прыхадняў з космасу, адно каб мы адчулі зямную чалавечнасць, адзеў людзей у спэцэфектную браню, толькі каб мы ўбачылі іх датклівасць, перакінуў сюжэт у паралельны свет - дзеля стараннага вывучэння нашага часу з насамрэчнымі, жалюгоднымі, лагерамі для ўцекачоў на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Еўропе.

Ліза Кавальчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930