Знайсці
09.12.2009 / 17:4526РусŁacБел

Пад выбары будуць моцна «бдеть»

Выключэнне Тацяны Шапуцькі, адмова «Белсату», прызначэнне Праляскоўскага — што агульнага? Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Выключэнне Тацяны Шапуцькі, адмова «Белсату», прызначэнне Праляскоўскага — што агульнага? Ключавы панятак тут — ідэалагічная пільнасць. Ці, калі яшчэ канкрэтней, — барацьба «с вредным направлением мыслей», як выказаўся зухаваты палкоўнік КДБ Дзядкоў.

Оруэлаўская Паліцыя Думак аперавала яшчэ болей зручным, адточаным тэрмінам — «злачындум». Оруэл пісаў сваю антыўтопію, гледзячы на сталінскі СССР, але і ўявіць сабе не мог, што гэтакім казематным духам будзе патыхаць у суверэннай Беларусі ХХІ стагоддзя.

Нядаўна Наталля Пяткевіч, першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі, на нейкім семінары заклікала, каб ідэолагі «знаходзілі такія шляхі ў душы людзей, якія былі б зусім натуральнымі і, галоўнае, нефармальнымі». Кіраўніца, якая надта рупіцца стварыць сабе сучасны імідж, мусіць, і не падазрае, што ёй падсунулі саўковы нафталін. Гэтыя тэзы як пад капірку паўтараюць фармулёўкі колішніх пленумаў ЦК КПСС.

Цягам усяго брэжнеўскага застою кіроўная партыя (душок загнівання ўсё ж казытаў ноздры і наверсе) спрабавала змагацца з фармалізмам у ідэалагічнай працы. Але марна:

просты люд бачыў, што ідэолагі не ёсць носьбітамі нейкай найвышэйшай праўды — яны носяць у сваіх скураных партфелях толькі дэфіцытны сервелат са спецразмеркавальнікаў. І за гэта гатовы рваць жылы, шчыруючы на ніве выкаранення «злачындуму».

Якая, да д’ябла, ідэалогія, калі ўсё зводзілася да падзелу ікры, сухой кілбасы, льготных пуцёвак у Сочы сярод вузкай апаратнай касты — ды «стойлавага ўтрымання» паспалітага люду?

Цяпер хіба што сервелат у кожнай краме ды Сочы ўжо не «коціць». А так — задачка «Знайдзі дзесяць адрозненняў».

Дарэчы, калі пра адрознасць, то ідэалагічная машына савецкай імперыі спрабавала прыкрыцца хоць нейкай навуковасцю — пабітым моллю сцягам марксізму-ленінізму. У сённяшняй «ідэалогіі беларускай дзяржавы» няма ніякага канцэптуальнага зместу. Пасля натужлівых спроб зляпіць хоць нешта (апафеозам быў вялікі эклектычны даклад Лукашэнкі на семінары 2003 года)

наверсе махнулі рукой на ідэалагічны кантэнт. Штатныя ідэолагі сталі проста наглядчыкамі. Місія адна — «бдеть»!

Ідэя таксама адна — захаваць статус-кво самі-ведаеце-для-каго. Моладзь сёння не муштруюць «ленінскімі залікамі», як за савецкім часам (ну, дык што казаў правадыр на ІІІ з’ездзе РКСМ?). Зараз патрабаванне да ўсіх, па вялікім рахунку, адно — лаяльнасць. Сядзець як мыш пад мятлой. Маўчаць у анучку. Без лішніх слоў пілаваць на датэрміновае галасаванне і г.д. Карацей, не рыпацца, не выступаць, не «ўзнікаць».

Тацяна Шапуцька парушыла табу, і, паводле правілаў Сістэмы, мусіць быць узорна пакараная. На першы погляд, дзеянні апаратнай махіны супраць кволай дзяўчыны — нерацыянальныя, абсурдныя. У выніку міністр Мартынаў у Бруселі чырванее, як школьнік. Вольналюбівая Еўропа на вушах, і гэта Мінску абсалютна недарэчы ў кантэксце цяперашняга «прагматычнага дыялогу».

Але

тутэйшае начальства гатовае біць з гарматы па вераб’ях, палохаючы лібералаў Старога Свету, бо найважней, каб у краіне баяліся рыпацца.

Калі ідэалагічныя цэрберы заплюшчаць вочы адзін раз, другі — моладзь адаб’ецца ад рук як піць даць! Студэнты ж ва ўсе часы і ўсюды — патэнцыйны порах рэвалюцыі.

Тое ж тычыцца і прэсы: ніякага спуску, бо асмялеюць пісакі! Трымаць у чорным целе. Біць па галаве пры кожнай зручнай нагодзе.

Але са «злачындумам» змагацца ўсё цяжэй. Бо небяспечныя развагі могуць гняздзіцца не толькі ў маладафронтаўскіх мазгах ці ў галовах «нячэсных» пісак. Любому, у каго трохі працуе логіка, варушацца глузды, ну надта ж цяжка пазбавіцца ад пачуцця кагнітыўнага дысанансу, калі, напрыклад, афіцыйны лідэр разважае пра недапушчальнасць прызначэння на адказныя пасады дыскрэдытаваных асоб… адначасна ставячы на чале індустрыяльнага флагмана чалавека, асуджанага летась на пяць гадоў. А кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі яшчэ і дадае, што зараз гэта фігура палітычная.

Зона — во вам новая кузня кадраў, а то прыдумалі нейкую Акадэмію кіравання! — іранізуе аналітык Валер Карбалевіч.

Палкоўнік Праляскоўскі на чале Мінінфа таксама не выглядае для Еўропы фарэйтарам прагрэсу. Затое на Карла Маркса, 38 могуць быць спакойныя: напярэдадні адказных выбарчых кампаній медыйная сфера апынаецца пад надзейным каўпаком.

Зрэшты, гайкі тут ніхто надта і не адкручваў.

І чым бліжэй да выбараў, тым меней будзе аглядкі на Еўропу (дый чаго надта баяцца, калі апошні год паказаў: яе прынцыпы таксама могуць быць дастаткова гумавымі).

Ужо касяком пасыпаліся адмовы ў рэгістрацыі новых выданняў, папярэджанні рэдакцыям нібыта за свіны грып (пасля чаго прыпыніць выпуск газеты можна адной левай). З гледзішча рэдактараў выбарчыя кампаніі ў нас страшнейшыя за тыя пандэміі. Гэта час, калі ідэолагі пачынаюць узмоцнена «бдеть». Незалежная прэса ўсе гэтыя электаральныя цыклы зведала на ўласнай скуры.

Што да медыяў, то апафеоз здзеку над здаровым сэнсам — перыядычныя адмовы акрэдытаваць «Белсат», «Радыё Рацыя» з матывацыяй: дык жа вашы людзі без акрэдытацыі працуюць! Службовыя асобы, што падпісваюць такія паперы, пэўна ж некалі здавалі залікі па логіцы.

А як вам, калі БТ з асалодай паказвае татальны расійскі бардак, а потым гучаць фразы пра вялікія дасягненні саюзнага будаўніцтва і важнасць далейшай інтэграцыі з усходняй суседкай?

Оруэл у чыстым выглядзе:

ВАЙНА ЁСЦЬ МІР

СВАБОДА ЁСЦЬ РАБСТВА

НЯВЕДАННЕ ЁСЦЬ СІЛА

Каб аблегчыць змаганне са «злачындумам», варта было б выключыць з навучальных праграмаў логіку як ідэалагічна шкодную псеўданавуку. У ідэале ж — каб піпл проста не думаў, а спажываў масавае меню. Хай лепей глушаць сябе дэбільным эрзац-мастацтвам ды алкаголем. А хто надта разумны, хай звальвае за кардон. Астатнім — маўчаць, пакуль зубы тырчаць!

Зрэшты, нават самыя моцныя ідэалагічныя дубы разумеюць, што рымейк сталінскай сістэмы немагчымы. Па вялікім рахунку гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу (хаця канкрэтнаму чалавеку, што трапіў пад рэпрэсіўную мятлу, ад гэтага не лягчэй).

Увогуле ж, у рэліктавай, амаральнай палітычнай сістэме ідэалогія, незалежна ад рангаў ды пагонаў яе служак, натуральным чынам дэградуе да ўзроўню унтэра Прышыбеева.

Няўдзячная місія нават для правераных кадраў!

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930