Знайсці
15.11.2009 / 00:3914РусŁacБел

Беларусь — у Еўропу! Хто за? Хто супраць? Аднагалосна!

Пра форум у Палацы культуры МАЗа піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

«Піпл у Беларусі яшчэ не зусім усведамляе гэту ісціну», — збіўся на англіцызм Алесь Лагвінец, перакладаючы еўрадэпутата Яцка Пратасевіча. Той казаў, што не толькі наша краіна мае патрэбу ў Еўропе, але і наадварот, і важна, маўляў, каб гэта ўсвядоміў увесь тутэйшы люд.

Агаворка перакладчыка падалася сімвалічнай. Калі я шыбаваў ад метро на імпрэзу ў Палац культуры МАЗа, то бачыў: піпл Заводскага раёна лечыць галаву ля суседняга гастранома і, бадай, найменей дбае пра еўрапейскі вектар.

На форуме называліся аптымістычныя лічбы — хтосьці казаў пра траціну, а філосаф Уладзімір Мацкевіч — нават пра 43% еўрабеларусаў. Але сам жа агаварыўся: гэтыя 43% насамрэч не аб’яднаныя нейкай супольнай ідэяй. Ды і сацыёлагі падкрэсліваюць: у значнай долі рэспандэнтаў Еўропа асацыюецца найперш з багатымі вітрынамі, а не з дэмакратычным ладам і правамі чалавека. Вось і атрымліваецца, што для многіх суайчыннікаў гэтыя каштоўнасці сапраўды эфемерныя — так называе іх афіцыйны кіраўнік.

Уладам зручна, калі грамада атамізаваная, загрузлая ў клопатах пра асабістае выжыванне. Кіроўная вярхоўка рэфрэнам дзяўбе, што хоча ладзіць гешэфты з Бруселем «без пасярэднікаў».

Паводле задумы ініцыятараў, Беларускі еўрапейскі форум мусіў стаць сігналам і ўладам, і Еўразвязу: вось мы, згуртаваныя свядомыя грамадзяне, якія не хочуць быць назіральнікамі працэсу! Не радыкалы, каторым чым горай, тым лепей, але і не статысты.

Добра, што Беларусь улучылі ва «Усходняе партнёрства», аднак сапраўдная еўраінтэграцыя немагчымая без карэнных дэмакратычных змен унутры краіны, прыспешыць якія мы і патрабуем ад свайго ўраду. Такая вось, калі сваімі словамі, сутнасць выніковай рэзалюцыі форуму, прынятай без асаблівых дыскусій.

Калі коратка, то арганізатары зладзілі дыхтоўнае палітычнае шоў. Усё прадумана, акуратна, стылёва. Відэазвароты ад статусных еўрапейскіх палітыкаў, абойма знакамітых ганаровых гасцей… Нават на ўзроўні атрыбутыкі, тэхнічнага забеспячэння — буклеты на добрай паперы, кампакт-дыскі з матэрыяламі, відэаэкран і ўсё такое — павявала не андэграундам, а гэтакай, ведаеце, сістэмнай рэспектабельнасцю.

Імпрэза нагадала мне бачанае пры канцы верасня ў Берліне перадвыбарнае мерапрыемства ХДС з Ангелай Меркель у галоўнай ролі. Тут, натуральна, адпаведная роля была наканавана Аляксандру Мілінкевічу (так што хоць і націскалі вербальна на грамадзянскую супольнасць, палітыка усё адно вылазіла).

Партыя Меркель неўзабаве перамагла, і яна зноў стала канцлеркай. Лідэр Руху «За свабоду» на форуме ў Палацы культуры МАЗа фактычна даў старт сваёй перадвыбарнай кампаніі. Агучыў некаторыя праграмныя тэзы. Зрабіў, як і належыць любому палітыку, каскад бадзёрых заяў. Трэба думаць, зрабіў уражанне на замежнікаў арганізацыяй і масавасцю імпрэзы.

Але што можна казаць пра шанцы Мілінкевіча, як і любой апазіцыйнай фігуры, у краіне, дзе палітычная сістэма строга заточаная пад аднаго чалавека? Тут вам не Германія. Тут апазіцыя — для дэкарацыі.

Пры жорсткім аўтарытарным рэжыме электаральную сітуацыю можа пахіснуць ціск вуліцы. Але ў нас на сёння крызіс генеруе ў паспалітага люду не рэвалюцыйны дух, а настрой на самавыжыванне. Глуха як у танку.

Зрэшты, нядобразычліўцы экс-адзінага апазіцыйнага кандыдата акурат і дзяўбуць, што той апрыёры згодны быць спарынг-партнёрамсамі-ведаеце-каго. «Пэўныя сайты вырашылі, што калі няма канфрантацыі, то няма і сэнсу ў такім форуме», — дыпламатычна абмаляваў калізію шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан. Праўда, калі трохі пазней на трыбуну выйшаў пасіянарны Севярынец, то тыя сайты адпачывалі. Бязбожнаму рэжыму папала па поўнай праграме.

Увогуле ж асаблівай інтрыгі, драматургіі на форуме чакаць і не варта было. Вакол чаго ламаць дзіды? Адзінага (ва ўсякім разе фармальна) тут не выбіралі, а за еўрапейскі выбар — усе аднагалосна.

Хіба што Мікола Статкевіч, палітычны канкурэнт Мілінкевіча ў еўранішы, спрабаваў падчапіць арганізатараў: маўляў, добра што падхапілі тэзы, вылучаныя шэсць гадоў таму нашай «Еўрапейскай кааліцыяй»! (Ягоны выступ, дарэчы, стаў сімптомам: апафеоз унутрыапазіцыйнага высвятлення стасункаў яшчэ наперадзе.)

Ну і калі прымаліся выніковыя дакументы, дык Зміцер Дашкевіч, лідэр «Маладога фронту», трохі дадаў у рэзалюцыю перцу: дамогся, каб улучылі патрабаванне да ўладаў вызваліць палітвязняў.

Зразумела, аднак, што як ні адточвай фармулёўкі, яны застануцца слоўнымі экзэрсісамі, калі няма механізмаў увасаблення праграмы. Улада ж сказала выразна: абыдземся без пасярэднікаў!

Яцэк Пратасевіч, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, у размове з журналістамі сказаў, што тэстам для тутэйшага кіраўніцтва стануць мясцовыя выбары. Ваш пакорлівы слуга нагадаў яму: летась перад парламенцкімі выбарамі Еўропа таксама цвердзіла пра тэст, а ў выніку пракаўтнула «стэрыльную» Палату. Ці не выглядае, што сёння Еўразвяз стаў закладнікам сваёй мяккай лініі ў дачыненні да беларускіх уладаў?

З адказу вынікала, што еўрадэпутат не верыць ў цудоўную перакоўку Лукашэнкі («ён наўрад ці памяняе сваю палітычную філасофію»). Але Пратасевіч мяркуе, што патрэба ў заходніх грашах змусіць рэжым да пэўнай гнуткасці, саступак.

Астатняе для беларусаў сёння ўвасабляецца ў расплывістай фармулёўцы «акно магчымасцяў». Пра гэта дыскутуе кола пасіянараў, але ж піпл не надта зазіраецца ў тое акно. І калі ўлада кажа, што абыдзецца без пасярэднікаў, гэта азначае, што народ яна проста не бярэ ў разлік.

Зрэшты, той самы Яцэк Пратасевіч, былы бунтар-антыкамуніст, нагадаў: «Берлінскі мур таксама разбурылі звычайныя людзі».

Аляксандр Класкоўскі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера