Знайсці
13.11.2009 / 18:283РусŁacБел

Тутэйшае начальства капіруе «добрага Ільіча»

Памятаеце стары анекдот пра добрага Ільіча: «А мог бы і брытвай разануць!». Піша Аляксандр Класкоўскі.

Памятаеце стары анекдот пра добрага Ільіча: «А мог бы і брытвай разануць!». Гэты слоган акурат пасуе да тактыкі беларускага начальства ў дачыненнях з Еўропай. Свежы прыклад: скандал вакол Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта.

13 лістапада павінна было адбыцца яе доўгачаканае чацвёртае за год пасяджэнне. Меркавалася дыскусія па пытаннях выбарчага заканадаўства. Але напярэдадні начальнік рады, ён жа кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей зрабіў дэмарш. Паколькі, маўляў, апазіцыя бэсціць гэты орган брыдкімі словамі кшталту «бутафорская структура», то мы вось возьмем ды і прыпынім яго дзейнасць.

Натуральна, усе разумеюць, што загартаваны дзяржаўны муж наўрад ці можа насамрэч крыўдзіцца, як дзіця: а чаго яны абзываюцца?! У любым выпадку статус топ-чыноўніка абавязвае трымаць эмоцыі ў аброці. А калі ўжо яны адліваюцца ў чаканныя радкі публічнай заявы (адшліфаванай, мяркуючы па стылі, спічрайтэрамі старога гарту), то

мы бачым, канечне ж, пралічаную халодным розумам гульню. Прычым гэтая матрыца выкарыстоўваецца не ўпершыню.

Не далей як на мінулым тыдні той самы Уладзімір Макей у кулуарах ХІІ Мінскага форуму нібы незнарок даў зразумець, што Мінск шчыльна бярэцца вывучаць пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. А з трыбуны таго ж форуму кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі жорстка запатрабаваў, каб Брусель скасаваў візавыя санкцыі супраць групы беларускіх чыноўнікаў. Сувязь паміж дзвюма заявамі чытаецца лёгка: не скасуеце — возьмем ды і задаволім жаданні спадароў Багапша ды Какойты (і Масквы, натуральна).

А гэта Бруселю, зразумела, як нож востры. Карацей, замежныя ўдзельнікі форуму тут жа вядуцца на прынаду. Бяруцца наперабой адгаворваць: маўляў, ды кіньце, гэта ж ўскладніць наш дыялог і ўсё такое! І ўжо адсунуты ў бок аркушы прамоў наконт дэмакратызацыі ды правоў чалавека.

У выніку Мінск элегантна накідае Еўропе торг за геапалітычную лаяльнасць замест абмеркавання пытанняў лібералізацыі.

Так і тут, у выпадку з Грамадска-кансультацыйнай радай. На роўным месцы разгарэлася палкая дыскусія. Прафесар Багданкевіч, адзін з апазіцыйных сяброў рады (узніклі падазрэнні, што менавіта яго выказванні раззлавалі начальства), цяпер хоцькі-няхоцькі даводзіць, што ён не вярблюд: «Я не думаю, што маю такую палітычную вагу, каб праз мяне прыпынялі дзейнасць Грамадска-кансультацыйнай рады».

З іншага боку, стары паплечнік Лукашэнкі і таксама чалец рады генерал Чаргінец у інтэрв’ю агенцтву Інтэрфакс-Захад гваздае дэструктыўныя элементы: «У краіне была створана добрая трыбуна, форум, у якім удзельнічаюць усе бакі. Але яго чамусьці не захацелі ацаніць некаторыя апазіцыйныя сілы, яны пайшлі на канфлікт, проста спрабавалі або ігнараваць, або дыскрэдытаваць працу гэтай рады».

Нарэшце, Стэфан Эрыксан, амбасадар Швецыі, што генеравала на пару з Польшчай ідэю размякчэння «апошняй дыктатуры Еўропы» цераз «Усходняе партнёрства», спрабуе дыпламатычна пераканаць раззлаванае беларускае начальства, што не варта секчы спляча.

І калі праз нейкі час, задушыўшы ў сабе гэту страшэнную крыўду, яно ўсё ж здыме мараторый з Грамадска-кансультацыйнай рады, Еўразвяз, паводле логікі рэчаў, мусіць скакаць да нябёсаў і бясконца дзякаваць за такую велікадушнасць. Ну і цыкнуць на апазіцыю, каб крыху прыкусіла язык.

Тым часам з брусельскіх кулуараў пратачылася інфармацыя, што Рада ЕС на наступным тыдні прыме саламонава рашэнне — прадоўжыць прыпыненне візавых санкцый на год. Падвесіць пытанне.

Усё лагічна: для іх скасавання Мінск зрабіў занадта мала, але і вяртацца да канфрантацыі неразумна. Усё ж дробныя саступкі былі. Апошняя — акрэдытацыя аднаго з «варожых галасоў» — «Еўрарадыё».

Дарэчы, акрэдытавалі таксама на год. Так што на Брусель няма чаго наракаць: падвешванне — тактыка ўзаемная.

Такім чынам, пры падаўжэнні мараторыю на санкцыі мясцовыя выбары, папярэдне намечаныя на красавік наступнага года, трапляюць у тэставы перыяд. Такая сітуацыя напружыць беларускае начальства.

Давядзецца, напэўна, пусціць у саветы крыху дэструктыўных элементаў (канечне, у глыбінцы і, канечне, не самых крутых цыцэронаў).

Мінскі аналітык Андрэй Фёдараў прагназуе, што ў выпадку такога рашэння Рады Еўразвязу Мінск «выкажа шкадаванне», але з «Усходняга партнёрства» пэўна ж не выйдзе. Заходнія грошы і тэхналогіі вельмі патрэбныя.

«Звышзадача беларускіх уладаў — саступіць Еўропе па мінімуме, а атрымаць па максімуме», — мяркуе эксперт.

Для таго і вядзецца гэтая гульня ў хмурныя бровы на ўзроўні «а чаго яны абзываюцца».

Урэшце, і тут бакі люстраць адзін аднаго. Бо Брусель і сам крыху гуляе ў хмурныя бровы.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930