Даслаць навіну
Знайсці
28.10.2009 / 17:26 14

Фрау Меркель «кансалідавалася з адмарозкамі»

Новы склад бундэстага прагаласаваў 28 кастрычніка за ранейшага канцлера. Ніякай інтрыгі не было. Усе ведалі, што ў Ангелы Меркель другі тэрмін ужо ў кішэні яе гарнітура. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Новы склад бундэстага прагаласаваў 28 кастрычніка за таго ж самага канцлера. Ніякай інтрыгі не было. Усе ведалі, што ў Ангелы Меркель другі тэрмін ужо ў кішэні яе гарнітура. Таму і нядаўнія парламенцкія выбары ў Германіі, за якімі давялося назіраць і аўтару гэтых радкоў, аглядальнікі назвалі нуднымі.

Тое ж кажуць і пра беларускія выбары, на якіх вось ужо паўтара дзесяцігоддзя нязменна перамагаюць Аляксандр Лукашэнка і яго нефармальная партыя ўлады. Але гэтыя дзве нуды — неба і зямля, скажу я вам.

Нязменны прэзідэнт Беларусі артыстычна скардзіцца перад тэлекамерамі: маўляў, народная любоў проста зашкальвае, даводзіцца нават злёгку адкручваць вынікі волевыяўлення.

Вось як, паводле яго версіі, было ў 2006 годзе: «Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80, я не памятаю колькі. Таму што за 90 — гэта ўжо псіхалагічна не ўспрымаецца».

І раней на гэтую тэму: «Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі, я ўжо заходнікам пра гэта гаварыў… За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. Кажуць — гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86».

Шчыра кажучы, і гэта — не еўрапейскі паказчык. У дэмакратыях Старога Свету такіх «элегантных перамог» практычна не бывае. Бо там — развітая партыйная сістэма, рэальная палітычная канкурэнцыя, змаганне ідэй. Да таго ж не ўжываецца тэрмаядзерны адміністрацыйны рэсурс. Так што сімпатыі шматслойнага, нюансаванага грамадства натуральным чынам раскладваюцца па паліцах.

Паглядзім на прыкладзе Германіі. Кансерватыўны блок Ангелы Меркель —

ХДС/ХСС — набраў на выбарах 27 верасня 33,8%. Зусім не трыумф, заўважце.

Зрэшты, піва на вечарынцы ў кансерватараў лілося ракой, пацвярджаю як сведка. Але потым наступілі суровыя будні. І каб стварыць урад, давялося амаль цэлы месяц на цвярозую галаву дамаўляцца з лібераламі са Свабоднай дэмакратычнай партыі на чале з Гіда Вестэрвеле. Прычым тыя наогул набралі толькі 14,6%. Але кансерватары аддалі перавагу кааліцыі з гэтымі ўчарашнімі апазіцыянерамі, а не з сацыял‑дэмакратамі, у якіх фармальна вынік быў лепшы — 23%.

Для беларускага абывацеля ўся гэтая арыфметыка — цёмны лес. Немцы ж адсочвалі перад выбарамі дынаміку сацыялагічных апытанняў, звяртаючы ўвагу на долі працэнта.

Дарэчы, пра незалежную сацыялогію. У нас яе трымаюць у абцугах. Экзіт‑полаў баяцца як чумы. НІСЭПД, як і ЕГУ, выціснулі ў Вільню: няма чаго кідаць цень на элегантныя перамогі!

У Германіі афіцыйныя вынікі выбараў у бундэстаг практычна супалі як з прагнозамі, так і са звесткамі экзіт‑полаў,

што былі абвешчаны на ўсю краіну па гарачых слядах. Дакладнасць незалежнага маніторынгу на ўсіх стадыях кампаніі — аптэкарская. Гэта значыць, што «між іншым» перакінуць сюды‑туды дзесятак працэнтаў у іх там у прынцыпе немагчыма.

Ну а сацыял‑дэмакраты, саюз з якімі (во ўжо сапраўды саюз вужа і вожыка!) фрау Меркель разарвала, цяпер самі апынуліся ў апазіцыі. Але гэта зусім не азначае, што шаноўнага гера Штайнмаера і яго доблесных партайгеносе зараз будуць рэгулярна дубасіць паліцэйскія. Апазіцыя ў іх, бач ты, сістэмная.

Сацыял‑дэмакратычныя лідэры (у катэгорыях айчыннай прапаганды — «адмарозкі, якія рвуцца да ўлады») будуць сядзець у тых жа сініх крэслах пад празрыстым купалам рэйхстага. Гэткая нудная еўрапейская палітычная руціна. Ніякага адрэналіну.

Дарэчы, ацаніце прапорцыю: у новым бундэстагу ў кіроўнай кааліцыі — 332 месцы, у апазіцыі — 290.

Тамтэйшы апазіцыйны барацьбіт не апынаецца з пабітымі рэбрамі ў пастарунку пасля несанкцыянаванай акцыі. Збэсціўшы з трыбуны ўрад, «гер адмарозак» спакойна ідзе дамоў, п’е гарбату ў халаце ды тапках — і хваліцца жонцы, які ён круты.

Звыш таго, СДПГ будзе і надалей спраўна атрымліваць казённыя грошы. Такая падкормка прызначана паводле закону, які абвяшчае: «Партыі выконваюць грамадскую задачу і таму атрымліваюць сродкі ад дзяржавы». Праграма‑мінімум, каб адчыніліся засекі, не такая ўжо і складаная: набраць паўпрацэнта галасоў на выбарах у бундэстаг ці Еўрапарламент, адзін працэнт — на зямельных выбарах.

Карацей, паводле іх гнілых дэмакратычных замарочак дзяржава абавязана песціць палітычны плюралізм. Дарэчы, гэта дзіўная для беларусаў практыка — дзяржфінансаванне партый — дзейнічае больш як у паўсотні краін.

Зараз вось і айчыннае начальства хоча крыху спадабацца Еўропе. Днямі анансаваны навацыі, якія мяркуецца ўвесці ў выбарчае заканадаўства. І вуснамі кіраўніцы ЦВК абяцана нават «стымуляваць» партыі.

Усталяваўшы для партый і грамадскіх арганізацый квоты ў выбаркамах, Беларусь фармальна пераплюне Германію, дзе такіх заканадаўчых гарантый няма. Але, ведаеце, і сталінская канстытуцыя, складзеная будучым «ворагам народа» Бухарыным, выглядала на паперы вельмі нават прагрэсіўна. А «ворагаў» тым часам адстрэльвалі пачкамі.

Карацей, на практыцы ў нас могуць на гэтую квоту насадзіць у камісіі людзей з лаяльных структур (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь») і такім чынам ізноў элегантна прадынаміць «дэструктыўныя элементы».

У Германіі ж механіка выбараў настолькі празрыстая, усе працэдуры выконваюцца з такім педантызмам (ну немцы ж!), што партыйнасць валанцёраў, з якіх фармуюцца камісіі (сапраўдных добраахвотнікаў, а не падабраных вертыкаллю манекенаў), нікога не хвалюе. Якая розніца, даказвалі мне тамтэйшыя суразмоўцы (і палітыкі, і функцыянеры МУС, і звычайныя людзі), калі імавернасць фальсіфікацый апрыёры імкнецца да нуля?

І вось што я вам скажу. У прынцыпе і паводле сённяшняга кодэксу ў нас можна правесці ўзорна сумленныя выбары. Тэарэтычна. Але

ўсё ўпіраецца ў пачварную, амаральную палітычную сістэму, дзе паводле азначэння няма месца канкурэнцыі. Кожная ўлада, як вядома, разбэшчвае, абсалютная ж улада разбэшчвае абсалютна.

А вось Ангела Меркель хоць трэсні не здолела б задзейнічаць адміністрацыйны рэсурс. Тамтэйшая сістэма не дазваляе: уладныя галіны адна другую стрымліваюць і кантралююць.

Дэмакратыя, няхай гэта будзе нямецкая, амерыканская ці іншая, зусім не ідэальная рэч. Яна не робіць палітыкаў белымі ды пухнатымі, але, далібог, добрая ўжо тым, што не дае ім захапаць усё.

Ну а спадарыню канцлерку, не чакаючы ніякіх ста дзён, па поўнай праграме прабірае ўжо тамтэйшая прэса (цалкам, заўважце, «дэструктыўная»: дзяржаўнай практычна няма). Аглядальнік «Шпігеля» назваў новы ўрад паркам Юрскага перыяду. Ну што тут сказаць? Не бачыў ён паркаў Юрскага перыяду.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

0
Пятрусь / адказаць
02.11.2009 / 17:13
Многа сьмяяўся. Артыкул азначае, што спадар аўтар ня ведае, пра што піша.
0
HP / адказаць
07.11.2009 / 00:29
а чего ж вы хотели: чтобы власть одна играла по правилам, в то время как ее оппоненты на эти правила болт положили? ______________________ Ведаеце, шмат на што не зауважаеш, бо проста абрыдла. Але на такое нахабства не магу не адказаць. Гэта ваш "Господин" гуляе па правiлах??? Гэта тое быдла, якое у свой час клялося на Канстытуцыi, а потым яе тут жа змянiла? Гэта той, што нас усiх утаптау у бруд сваiмi "полiтiнформациями"? Гэта той, хто паставiу усiх на коленi сваiмi "контрактами" (гэта - зусiм не заходнiя кантракты). Гэта тая курва, што зачынiла усе беларускамоуныя школы ва усiх абласных цэнтрах? Гэта той байструк, што не дазваляе нiякiх мерапрыемствау, апроч маршау ветэранау? Гэта тое быдла, што гандлюе незалежнасцю маёй краiны? Прабачце....i
0
Броўка / адказаць
07.11.2009 / 01:37
Пятрусь напiсаў(ла) Лiстапад 2, 2009 у 16:13 Многа сьмяяўся. Артыкул азначае, што спадар аўтар ня ведае, пра што піша. ---------- А што не так? Падзяліцеся, калі ласка, тым, што ведаеце вы, адрозна ад аўтара!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30