Знайсці
25.07.2009 / 21:1415РусŁacБел

Польскія ўрокі свабоды

За Круглы стол зможа сесці толькі наступнае пакаленне беларусаў. Піша Франц Чарнушэвіч.

За Круглы стол зможа сесці толькі наступнае пакаленне беларусаў. Піша Франц Чарнушэвіч.

На адной польска‑беларускай сустрэчы прагучала фраза, якая выклікала шмат у кога з прысутных беларусаў здзіўленне, а то і пратэст. Фраза гучала прыблізна так: «Кепскія вучні гэтыя беларусы. Яны не здолелі зрабіць рэвалюцыі, хаця ж мелі амаль такую самую сітуацыю, як палякі падчас ваеннага становішча». Нечаканасцю сталі не так словы пра «кепскіх вучняў», як наўпроставыя параўнанні беларускай палітычнай сітуацыі з часамі «Салідарнасці» ў Польшчы.

Алюзіі з найноўшай польскай гісторыяй узнікаюць у галовах паспалітых жыхароў Польшчы незалежна ад іх сацыяльнага статусу і месца жыхарства. У кантэксце навінаў з‑за ўсходняй мяжы паняцці «дыктатура», «апазіцыя», «самвыдат» і «вулічныя акцыі» набываюць дадатковыя канатацыі і выклікаюць ў польскіх грамадзян ўспаміны пра падзеі амаль трыццацігадовай даўнасці.

Гістарычныя прэцэдэнты часцяком дапамагаюць асэнсаваць сітуацыю, аднак могуць таксама сур’ёзна замыліць зрок.
Для польскіх экспертаў разгляд працэсаў у Беларусі праз прызму польскага досведу 80‑х спрашчае заданне, бо ў такім разе сітуацыя стае для іх больш зразумелай. Як наступства — адпаведныя рэцэпты, аднак ніхто не дае гарантыі, што такія лекі будуць прыдатныя ў сённяшніх беларускіх умовах.

1989 год для Польшчы — час дыялогу паміж апазіцыяй і уладай, калі грамадства шукала шляхі выйсця з палітычнага ды эканамічнага заняпаду. Шмат хто з польскіх экспертаў небеспадстаўна лічыць, што аніводны з бакоў самастойна не здолеў бы выправіць сітуацыю. Гэта быў час не расколу, а дыялогу і паразумення, агульнай перакананасці ўсей нацыі, што ў такіх умовах далей існаваць немагчыма. Зусім іншая сітуацыя назіралася ў Беларусі, дзе грамадства трапіла ў пастку эканамічнага і палітычнага крызісу пасля сытых і бесклапотных 80‑х.

Пра падзеі 1989 года ў Польшчы большасць беларусаў мае цьмянае ўяўленне.
Калі запытацца пра гэта ў маёй маці, яна пацепне плячыма: «А халера яго ведае што там было». Яна не вінаватая — у савецкай імперыі, нават напярэдадні яе імклівага скону, інфармацыя дазавалася.

Аднак што існуе дакладна, дык гэта успамін пра пазнейшыя перамены ў Польшчы
. Іх шмат хто з беларусаў пабачыў на ўласныя вочы. Ужо ўвосень 1989 года праз Буг пацягнуліся аўтобусы з бізнэс‑турыстамі па «камсамольскай ды прафсаюзнай» лініях.

Гама пачуццяў уражвала: Польшчай захапляліся і ненавідзелі адначасова, палякам зайздросцілі і спачувалі. Паўсталая перад іх вачыма краіна здзіўляла і палохала. Палохала галеча, у якой апынуліся пенсіянеры і працаўнікі зачыненых прадпрыемстваў, ды зачароўвалі каляровыя пачкі на паліцах крамаў, а таксама магчымасці, якія займелі жыхары Польшчы. Беларусы зайздросцілі польскаму эканамічнаму цуду і тут жа задаваліся пытаннем:»А за што гэта ім такое шчасце?». Не драмала гістарычная памяць, якую шчодра падпітвалі ў савецкай школе, распавядаючы пра прыгнёт у «панскай Польшчы».

Ці мог польскі досвед пераўтварэнняў стацца для большасці беларусаў каталізатарам іх матывацыі да сацыяльных зменаў? Польскі досвед прынамсі дадаў дадатковыя сілы грамадска актыўнай частцы людзей, апазіцыі ў шырокім сэнсе гэтага слова.

Развіццё сітуацыі пасля 1991 года прывяло да таго, што грамадству трэба было зрабіць выбар паміж рознымі сістэмамі каардынат, то бок, сапраўдны выбар, бо толькі такі выбар па меркаванні філосафа Славоя Жыжэка можна назваць сапраўдным. Вынік такога выбару стаў пэўным індыкатарам сталасці нацыі, яе гатовасці прыняць новыя рэаліі. Але ж перад тым як зрабіць выбар і рухацца далей трэба разабрацца са сваім мінулым і ўсвядоміць сябе ў ім.

Наколькі большасць беларусаў, якія ў 1991 годзе заставаліся савецкімі людзьмі, былі гатовыя крочыць да новага вымярэння?

Пытанне матывацыі да пераўтварэнняў з’яўляецца адным з ключавых для разумення, чаму два суседнія, бадай братнія народы, звязаныя супольнай (хоць і складанай) гісторыяй выбралі амаль супрацьлеглыя шляхі сацыяльнай мадэрнізацыі.
Матывацыя складаецца не толькі са стымулаў да пераменаў, але таксама з тых ахвяраў, якія грамадства гатовае прынесці дзеля таго каб пачаць існаваць у новай прасторы: станоўчы баланс паміж выгодамі і стратамі стае моцным стымулам да актыўнага дзеяння, адмоўны ж пераўтвараецца часам у непераадольную сцяну на шляху трансфармацыі.

Пра гістарычныя і эканамічныя перадумовы як польскіх рэформаў, так і беларускага феномену ўжо напісана шмат аналітычных артыкулаў, таму рэтрансляцыя тэзісаў пра цывілізацыйны падзел, жалезную заслону, чужароднасць камуністычнага рэжыму, ролю касцёлу і асобы Яна Паўла II і шмат пра што яшчэ была б недарэчнай. Варта адзначыць галоўнае: у адрозненне ад беларусаў польскае грамадства аказалася больш матываваным з гістарычных і палітычных прычынаў.

Камуністычныя ўлады Польшчы былі вымушаны ўзаемадзейнічаць з грамадскай апазіцыяй, якая шмат гадоў фарміравалася знізу цягам амаль сарака гадоў.
Іначай быць не магло, бо абодва бакі былі як дзве палоўкі яблыка ў адзінай дзяржаве — Польшчы — існаванне якой ніколі не падлягала сумневу, незалежна ад таго, хто быў ва ўладзе. Сістэма каардынат была адзіная як для ўладаў, так і для шырокай грамадскай апазіцыі і заданая яна была фактам існавання дзяржавы ў дакамуністычныя часы і адзінага народу ў яе межах. Ахвяраванне недасканалым механізмам рэалізацыі інтарэсаў усіх існуючых у грамадстве груп ва ўмовах эканамічнага крызісу дзеля новай будучыні не магло стаць трагедыяй, а разглядалася як непазбежнасць. Калі хочаш зрабіць свой дом лепшым, прыгажэйшым і больш камфортным для жыцця, цяжкасці і пакуты, звязаныя з капітальным рамонтам цябе не напалохаюць.

А вось апазіцыя і ўлады ў Беларусі напачатку ўжо былі падзеленыя і чым далей ад падзей 1991 году, тым больш. Адзінага яблыка не існавала.
Улада выйшла з народу, з той большасці, для якой той год стаў сапраўднай трагедыяй, бо іхны дабрабыт наўпрост залежаў ад дзяржавы і яе патэрналізму. А як жа іначай, дабрабыт — асноўная каштоўнасць для ўцекачоў з беларускай вёскі ў горад, якія пасля «вялікага перасялення народу» ў 60‑70‑я з вёсак ў гарады складалі каля 70% адсоткаў насельніцтва сталіцы і абласных цэнтраў.

З’яўленне новай незалежнай беларускай дзяржавы замест СССР пахавала надзеі і тых, хто рыхтаваўся набыць новую машыну, марыў пераехаць з занядбанага напаўразваленага інтэрнату ва ўласную кватэру і тых, хто нацэліўся на кар’еру ў саюзных партыйна‑гаспадарчых органах. Грамадства зрабілася дэзарыентаваным, бо сапсаваўся, а потым знік механізм рэалізацыі ягоных інтарэсаў, які функцыянаваў дзякуючы савецкай дзяржаве. Актыўная ж меншасць была думкамі ў новай еўрапейскай краіне, аднак у такіх умовах забраць уладу проста не здолела.

У гады БССР усё вырашалася не ў Мінску, а ў Маскве, апошняя давала сваёй заходняй правінцыі ўсё: грошы, статус, надзвычайныя правы «рэспублікі‑партызанкі», месца ў ААН. Менавіта ў часы БССР беларусы пераехалі з вёскі ў гарады, ажыццявіўшы мару бацькоў вырвацца з беспрасветнай галечы. Вялікае Княства, Рэч Паспалітая двух народаў, БНР, для тых людзей былі адно пустым гукам, маральныя праблемы. Беларусь малая Радзіма, а вялікая — СССР і любоў да «малой» Радзімы пачыналася з захаплення і ўдзячнасці «вялікай».

Новая дзяржава не выклікала даверу, бо ніхто не меў гарантыяў, што забяспечыць яна ўсё тое, што калісьці даваў саюзны Цэнтр. «Малая» Радзіма не існавала ў свядомасці асобна ад «вялікай».

Можа менавіта таму ў галовах беларускіх месцічаў у 1991 годзе ўзнікала пытанне, якое падалося б нонсэнсам для любога ўдзельніка Круглага стала: а навошта нам свая дзяржава і якая з яе карысць? Калі звыклая сістэма каардынат пачала знікаць , дэзарыентаваныя беларусы пачалі зноў шукаць, да каго прытуліцца. Матывы да пераменаў не пераважылі страты ад падзення сістэмы. Нацыя, дзяцінства якой прайшлі ў БССРаўскіх школах і садках, за якую з маленства плаціў 300‑мільённы СССР, апынулася на ростанях, як шаснаццацігадовы маладзён у чужым горадзе пасля заканчэння школы. Страшна, непрыемна і процьма невядомых спакусаў. Бо маладзён з вёскі не можа жыць па вясковых правілах, але трэба ўладкоўвацца і жыць па новых правілах, бо надта ўжо хацелася з той вёскі вырвацца.

Як піша беларускі публіцыст Алесь Чобат « пачаў тады шукаць беларус таго, хто за яго заплаціць, хоць бы тую «бяздонную» Расею, а ён ужо адробіць на «панскім двары» усё як след, альбо паплача і пажаліцца, каб грошай не аддаваць».

Беларусы падтрымалі прапанаваную ім мадэль сацыяльнага кантракту з нованароджанай дзяржавай, якая прапаноўвала працяг «шчасця» пасля «перабудовачнага» перапынку і гарантавала аўтаномнае існаванне як у вёсцы. Працяг, вядома, быў суцэльнай ілюзіяй, аднак ілюзіі цешылі сэрцы простых людзей, якім надта ўжо не хацелася прачынацца ў суворай і непрыемнай для іх рэальнасці. Вёска, якая пераехала ў чужы для яе горад, вякамі жыла адным днём, бо невядома, што прынясе наступны ранак і які гаспадар зменіць папярэдняга. Сялянская нацыя, якая некалькі вякоў звыклася туляцца па чужых «радзімах» і «адрабляць паншчыну» аказалася негатовай самастойна рушыць у дарогу.

Краіна, якая нарадзілася на памежжы дзвюх культур — лацінскай і візантыйскай — народ якой дагэтуль яшчэ не можа вызначыцца: хто ён і якога роду і племені — беларускага, літвінскага, тутэйшага, савецкага, рускага — чакае на свой час.

Факт існавання незалежнай дзяржавы дазволіць наступным пакаленням аддзяліць савецкую мінуўшчыну ад сучаснасці і пачаць шукаць шляхі для уладкавання ўжо ўласнага дому, а не сціплай каморкі ў вялікай хаце. Тады і ўзнікне тая адзіна сістэма каардынатаў, у рамках якой улады і тагачасная апазіцыя сядуць за Круглы стол, як селі калісьці ў 89‑м «Салідарнасць» і камуністычныя бонзы ў Польшчы,
каб дамовіцца пра тое, як жыць далей і ў які бок крочыць. А польскія ўрокі свабоды ўзору 1989 года стануць для беларусаў добрай запамогай падчас пошуку кампрамісаў і механізмаў іх рэалізацыі.

Франц Чарнушэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930