Знайсці
01.07.2021 / 14:56РусŁacБел

Страшныя паказанні палітвязня Дзядка ў судзе: Выдаў паролі пасля таго, як душылі падушкай

У Мінскім гарадскім судзе 1 ліпеня працягнулі разгляд справы Мікалая Дзядка. Яго вінавацяць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у грубым парушэнні грамадскага парадку, незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчамі, а таксама ў закліках да шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Дзядок сваю віну не прызнае. На мінулым пасяджэнні выслухалі сведак і зачытвалі матэрыялы справы. Цяпер суд перайшоў да агляду рэчавых доказаў. А пасля Мікалай Дзядок даў паказанні.

«З чэрвеня 2020 года я пражываў у пасёлку Сасновы, каб не быць у Мінску, дзе ішлі масавыя арышты. 

Пра абвінавачванне па артыкуле 342: у маршах я не ўдзельнічаў, бо баяўся, што магу быць затрыманы. Выключэнне зрабіў адзін раз — 23 жніўня, у свой дзень нараджэння. Гэта было спантаннае рашэнне. Я быў там адзін. Міліцыі, якая б папярэджвала людзей, што яны парушаюць закон, я не бачыў. Працу транспарту я не блакаваў — бо дарога і так была запоўненая ўжо людзьмі, транспарт не хадзіў, — сказаў Дзядок. — 

Што тычыцца абвінавачвання па артыкуле 295: бутэлькі з гаручымі матэрыяламі мне падкінулі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Раней я заглядваў у тую шафку на кухні, там не было ніякіх бутэлек. А калі мяне затрымлівалі, то праз узламаныя дзверы і балкон у кватэру заляцелі сямёра сілавікоў. У першую чаргу яны спыталі мяне, дзе яшчэ ў хаце камеры — бо над балконам вісеў муляж відэакамеры, які застаўся ад мінулага жыхара. Затым частка супрацоўнікаў разбеглася па пакоях недзе на хвіліну. 

І падчас ператрусу я заяўляў, што бутэлькі не мае. Ад іх ішоў моцны непрыемны пах, што адзначалі нават панятыя. Навошта мне трымаць такое ў хаце, ды яшчэ і ў месцы, дзе я ем?

Пазней у будынку ГУБАЗіК мяне прымушалі браць гэтыя бутэлькі ў рукі, пляваць на іх, горлышкі бутэлек засоўвалі мне ў рот. І тое, што пасля на бутэльках не знайшлі маіх слядоў, лічу, што тут паўплываў ГУБАЗіК на экспертаў, каб выставіць мяне хлусам, калі я буду казаць пра катаванні».

Пасля Мікалай падрабязна распавёў пра затрыманне і здзекі:

«11 лістапада сілавікі ўварваліся праз балкон і ўзламаныя дзверы ў кватэру. Я паспеў толькі ўстаць і закрыць ноўтбук, супраціву не аказваў. Мяне адразу паклалі на падлогу, надзелі кайданкі. 

Было трое ў амуніцыі і чацвёра ў цывільным. Некалькі разышліся па кватэры. Што яны рабілі, не бачыў, бо ляжаў тварам у падлогу. Біць пачалі адразу, за любую спробу варушыцца — білі. Адзін сказаў: разумееш жа, што ты з ШІЗА не выйдзеш?

Я не казаў паролі ад тэхнікі, мяне за гэта білі. Калі я пачаў крычаць, адзін з супрацоўнікаў узяў падушку з канапы і ўціснуў у яе маю галаву. Я адчуў, што не магу дыхаць, спрабаваў крычаць, што скажу паролі, але праз падушку яны не чулі. Некаторы час трымалі падушку. Калі знялі, я сказаў, што ад стрэсу забыўся пароль. Тады мяне працягнулі біць.

Пасля таго, як я назваў пароль, мяне нейкі час не чапалі. Сілавікі з ГУБАЗа адпускалі ў мой бок каментары: «Думаў, ты ў бяспечным месцы?», «Ты казаў, ціск бывае псіхілагічны ці фізічны. Сёння будзе ў цябе і фізічны, і псіхалагічны», «Што, Мікола, думаў, што зашыфраваўся? Можа цябе абассаць?», «Зараз паедзем у лес, распранем, паглядзім, чым ты жанчын задавальняеш», «Паедзем зараз у Гестапа». Я так зразумеў, што «Гестапа» яны называюць будынак ГУБАЗ на вуліцы Рэвалюцыйнай. 

Пасля мяне паднялі. Не дазвалялі глядзець на іх твары, білі, калі я паднімаў галаву. Сказалі: калі буду пры панятых скардзіцца, то пасля мяне будуць збіваць і здзекавацца ўсю дарогу да Мінска. Буду маўчаць — паедзем нармальна.

Падчас ператрусу адзін з сілавікоў браў з шафы жаночыя сукенкі і прыкладваў да мяне са словамі «гэта не тваё?». Іншыя сілавікі смяяліся.

Калі пры панятых дасталі тыя бутэлькі, я адразу сказаў, што гэта не маё. Адзін з сілавікоў нават у прысутнасці панятых адкрыта казаў, што будзе мяне біць. Панятыя рабілі выгляд, што не заўважаюць гэтага. Калі панятыя не бачылі, гэты ж сілавік намагаўся цішком мяне ўдарыць.

Сярод маіх рэчаў была відэакамера, штатыў, наручны гадзіннік і кашалёк, дзе было каля тысячы рублёў: іх пасля не было ў пераліку маіх рэчаў. Гаспадыня кватэры ў жытле іх таксама не знайшла. Мяркую, што гэтыя рэчы скралі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Адпаведную скаргу я падаў ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС.

Пасля ператрусу і падліку грошай сілавікі на падлозе зрабілі «нацюрморт» з маіх рэчаў: выклалі нож, грошы, анархісцкі плакат, чырвона-чорны сцяг, бутэлькі з кактэйлем Молатава, знялі ўсё гэта на смартфон. Затым панятых адпусцілі.

Мяне паставілі тварам да сцяны. Перыядычна мяне білі: па галаве, па спіне, па нагах. Я пытаўся, навошта мяне б’юць. Адзін адказваў, што я адпрацаваны матэрыял, другі казаў: каб атрымаць маральнае задавальненне. Астатнія жартавалі і смяяліся.

Пасля адышлі, каб я не чуў, пра што яны размаўляюць. Сілавікі ў цывільным, дарэчы, пастаянна кудысьці званілі і справаздачыліся кіраўніцтву. Трохі параіўшыся, вярнуліся да мяне, сказалі, што трэба будзе запісаць відэа: «Мы яго запішам, з болем ці без». 

Пасля мяне ўдарылі, я ўдарыўся патыліцай аб сцяну і ўпаў. 

Спыталі, ці буду я гаварыць на відэа. Я маўчаў. Тады ў маленькую кладоўку пырскнулі слезацечным газам з балончыка, замкнулі мяне там.

Я адчуў, што не магу дыхаць, сказаў, што скажу ўсё, што трэба. 

Мяне вывелі на вуліцу, у двор. Адзін трымаў ззаду за кайданкі, другі распыліў мне газ з пярцовага балончыка ў твар. Зрабіў так чатыры разы.

Мяне вярнулі у кватэру, каля хвіліны не чапалі, мяркую, чакалі максімальнага эфекту ад балончыка і газу. Затым адзін з сілавікоў — іншыя называлі яго «следчы» — паведаміў мне, што калі я скажу ўсё правільна, то дадуць умыцца. Яны знялі на смартфон, як я сказаў усё, што патрабавалася.

Пасля мне далі ўмыцца, адшпілілі адзін бранзалет кайданкаў. Пакуль я мыў твар, адзін з сілавікоў шчоўкаў электрашокерам за маёй спінай і пытаўся, ці ведаю я, што такое дыскатэка.

Затым далі сабрацца і апрануцца. У гэты час не збівалі, але абражалі і здзекаваліся. Прапанавалі нават узяць з сабою бутэрброд, але я адмовіўся.

У Мінск павезлі на мікрааўтобусе, я сядзеў на падлозе. Не білі, але размаўлялі са мной. Казалі, што большасць прагаласавала за Лукашэнку, а хто кажа іншае, той хлусіць. Малады сілавік казаў: актывісты і блогеры самі ствараюць нестабільную абстаноўку, а пасля здзіўляюцца, што іх затрымліваюць!

Калі прыехалі ў Мінск, было каля гадзіны ночы. У будынак ГУБАЗіКа мяне завялі з капюшонам на галаве, адвялі ў кабінет, паставілі на калені тварам да сцяны. Патрабавалі пароль ад цвёрдага дыска, казалі: «Коля, зараз будзе балюча». 

Пасля я папрасіўся ў прыбіральню, мяне адвялі, але вярнулі ўжо ў іншы кабінет. Там было некалькі сілавікоў, адзін з маім ноўтбукам. Ён пазней будзе даваць каманды: калі мяне біць, а калі спыніцца.

Усе сілавікі былі ў масках, але ўсё роўна намагаліся, каб я не мог паглядзець ім у твары.

Мяне паклалі на падлогу. Увайшоў сілавік у чорным з дубінкай, яго называлі паміж сабою «Гена». Пыталіся пароль ад цвёрдага дыска, я сказаў, што не памятаю. Пачалі біць дубінкамі: па руках, ягадзіцах, спіне, ікрах. Пагражалі, што зараз пачнуць біць па геніталіях і згвалцяць мяне дубінкай, пагражалі электрашокерам, пагражалі памачыцца на мяне.

Пасля чатырох ці пяці сеансаў збіцця я сказаў пароль. Але яго няправільна ўвялі, пасля чаго мяне пачалі зноў збіваць. 

Падчас збіцця я моцна крычаў. У нейкі момант хтосьці падыходзіў да кабінета — я так зразумеў, што паставы, бо будынак быў пусты. Супрацоўнік па прозвішчы Т** (Дзядок назваў прозвішча цалкам, але мы не ўказваем яго, бо гэта можа быць для Рэдакцыі складам злачынства па артыкуле «паклёп» — «НН») паслаў яго на х** і сказаў: калі гэты дабрак яшчэ раз прыйдзе, я яго сам паб’ю.

Пасля ў мяне пачалі патрабаваць пароль ад тэлеграма. Я яго не памятаў, але сказаў, дзе ляжыць файл з паролем. За гэты час мяне збілі яшчэ некалькі разоў.

Змянілі тактыку: цяпер спачатку білі, а пасля пыталіся. Заўважылі, што я спрабую ўхіліцца — і адзін наступаў нагой мне на твар, каб я не круціўся, пакуль б’юць.

Калі сілавікі атрымалі доступ да тэлеграма, то пачалі ўслых разважаць, што рабіць з маім каналам, пыталіся: як хутка твае паплечнікі паднімуць кіпеш, што ты знік? Пасля той, хто быў за маім ноўтбукам, сказаў, што напіша маёй дзяўчыне зараз, што ў мяне ўсё нармальна. Гэта ён і зрабіў, напісаў, прычым на беларускай, у маім стылі.

Затым мяне яшчэ збівалі, проста так. Намагаліся біць у адно і тое ж месца. Адзін пасля збіцця сказаў: стаміўся! І са словамі «старасць — не радасць» сеў за свой стол. Астатнія сілавікі засмяяліся.

Мне пагражалі, што калі я не буду казаць, што патрабуюць, то пасля 6-й раніцы пачнуць прыходзіць іншыя супрацоўнікі ГУБАЗіК і будуць біць мяне ўсе па чарзе. Я спытаў, за што мяне збіваюць, калі я ўжо даў усю патрэбную ім інфармацыю? Адказ быў: за тое, што ты ёсць».

Падчас аповеду Дзядка адна з прысутных у зале жанчын не вытрывала і проста пачала ціха плакаць. 

Мікалай працягнуў:

«Пасля супрацоўнік па прозвішчы Т*** прынёс бутэлькі з кактэйлем [Молатава]. Загадаў мне браць іх у рукі і сціскаць, пляваць на іх, засоўваў горлышкі мне ў рот. Пасля бутэлькі ўпакаваў у пакеты.

Іншы супрацоўнік працягваў працаваць з маім тэлеграмам, пытаўся пра людзей з перапісак, пра іншыя каналы. Пытаўся: хто з дзейных работнікаў МУС дапамагае? Хто фінансуе акцыі пратэсту?

Спытаў, навошта я публікаваў звесткі супрацоўнікаў міліцыі? Я адказаў: каб выклікаць грамадскае асуджэнне. Пасля гэтага мяне пачалі збіваць.

Затым мяне паднялі і далі нейкія паперы, якія я падпісаў не гледзячы.

Здзекі працягваліся. Адзін сказаў: давайце яго абассым! 

Пыталіся: што, Мікола, стрым не хочаш правесці?

Т*** прапанаваў: «Я на яго сяду, а вы сфоткайце!» Але яго ідэю не падтрымалі.

Таксама мяне ставілі каля чырвона-зялёнага сцяга і загадалі выбачыцца перад супрацоўнікамі за тое, што я выкладваю іх звесткі. І каб я параіў іншым не рабіць так. Т*** сказаў: скажаш усё правільна, то больш біць не буду. Але супрацоўнік у чорным дадаў: а я за сябе не адказваю.

Тут жа Т*** пачаў патрабаваць, каб я сказаў на камеру, што я чмо і гандон…»

Тут суддзя Анастасія Папко спыніла Дзядка. Папрасіла яго не выкарыстоўваць ненарматыўную лексіку. 

Ён адказаў: «Я ж толькі цытую! Трэба накіраваць супрацоўнікам гэтыя прэтэнзіі».

«Я не стаў казаць тое, што патрабаваў Т***, — працягнуў Дзядок. — Т*** захацеў, каб я заплакаў на відэа. Ён казаў мне: пусці слязу, ці мы яе табе пусцім! Але я не плакаў. 

Пасля здымкі малады супрацоўнік з камерай прапанаваў зняць сцяг з будынка і спаліць яго, затым змяніць час на маім смартфоне і зняць гэта на відэа. Я так зразумеў, каб мне навесілі яшчэ артыкул. Але ж іншыя сілавікі пасмяяліся і адхілілі прапанову.

Мяне паклалі на падлогу. Патрабавалі слова гонару, што я ніколі больш не скажу і не напішу нічога кепскага пра супрацоўнікаў ГУБАЗіК. Папярэдзілі, што калі я камусьці скажу, што тут адбывалася, то яны да мяне ў ІЧУ прыедуць і тое, што было тут, будзе мне здавацца дробязямі.

Я з усім пагаджаўся.

Сілавікі казалі, што мне тут ужо жыцця не будзе, што мне прыйдзецца з’ехаць з краіны. Таксама ж казалі, што я атрымаю 7-9 гадоў, дый тое, калі буду супрацоўнічаць са следствам. А калі буду скардзіцца на тое, што было тут, то будзе мне 411-ы артыкул («Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» — «НН»), у калоніі мне не дадуць жыцця і зробяць «пеўнем».

Т*** казаў: «Ёсць у калоніі асуджаныя, што з намі супрацоўнічаюць, ты ж і сам сядзеў, усё ведаеш. Калі яшчэ адкрыеш рот пра супрацоўнікаў, то я прыеду на зону і асабіста цябе дубінкай кончу, а пасля ўтаплю ў парашы. Ты не тых зрабіў ворагамі, з намі змагацца няма сэнсу».

Яны ўдакладнілі, што я ў ІЧУ буду казаць пра сляды збіцця. Я адказаў, што буду казаць, што ўпаў.

Тады мяне вывелі і адвезлі на Акрэсціна. У машыне мяне пачало калаціць. Адзін з сілавікоў пачаў пытацца, што са мной, і хвалявацца, каб мяне не званітавала ў машыне. «Мандраж у яго, што, не бачна», — адказаў іншы сілавік. 

На гадзінніку машыны было 5:24 раніцы. 

Сілавік, які вёў машыну, яшчэ раз нагадаў, каб я маўчаў пра ўсё, што адбывалася. Сказаў: будзеш пісаць скаргі, раскажаш адвакату ці на судзе — не выйдзеш ніколі. 

У ІЧУ супрацоўнік ГУБАЗіК сышоў толькі пасля майго асведчання, каб упэўніцца, што не буду скардзіцца. 

Да ўсяго сказанага дадам: з моманту выхаду на волю ў 2015 годзе мяне 4 разы затрымлівалі, 9 разоў судзілі за экстрэмісцкія матэрыялы — за мае допісы ў сацыяльных сетках.

Усё апісанае я разглядаю як барацьбу са свабодай слова і асабістую помсту супрацоўнікаў ГУБАЗіК.

І пазней мне стала вядома, што пагрозы паступаюць маім блізкім. Пасля майго затрымання ім пісалі ананімы ў месенджарах, што ў турме мяне чакае самае страшнае, што мяне зробяць апушчаным, што ў калоніі мяне заб’юць і спішуць на праблемы з сэрцам. 

Нягледзячы на гэта ўсё, я не прызнаю сябе вінаватым. Мая дзейнасць носіць і будзе насіць асветніцкі характар, мая мэта — пабудова свабоднага грамадства».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
6
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930