Знайсці
24.06.2021 / 15:54РусŁacБел

Поўны тэкст прамовы адвакаткі Наталлі Мацкевіч у судзе над Віктарам Бабарыкам. Яна патлумачыла сутнасць справы алегорыяй пра Карабаса

23 чэрвеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы топ-менеджараў Белгазпрамбанка. Нагадаем, дзяржабвінавачванне папрасіла пакараць Віктара Бабарыку 15 гадамі зняволення. Сайт Spring96.org прыводзіць у скарочаным варыянце прамову адвакаткі палітвязня Наталлі Мацкевіч, з якой можна зрабіць высновы аб тым, пра што на працягу апошняга года павінна была літаральна маўчаць абарона Віктара Бабарыкі ў сувязі з падпіскай аб неразгалошванні.

Віктар Бабарыка ў судзе. Фота Асашыэйтэд прэс

«У задачы абароны ўваходзіць абвяржэнне абвінавачання і забеспячэнне правоў і інтарэсаў падабароннага. Гэта дапускае працэсуальную палеміку з абвінавачаннем. Асноўны тэзіс абвінавачання прагучаў па-за залай суда яшчэ да таго, як абвінаваўцы пачалі абвяшчаць абвінавачанне. 17 лютага ў дзень пачатку судовага разбіральніцтва генпракурор Андрэй Швед, адказваючы на пытанне выданню «СБ Беларусь сёння», сказаў: «следства праведзена аб'ектыўна і бесстаронне»«гэта абсалютна карупцыйная справа, чыстай вады крымінальшчына» і назваў абвінавачаных «хабарнікамі» і «нягоднікамі». Аб гэтым выказванні з пункту гледжання прэзумпцыі невінаватасці скажу пазней. Але такім чынам быў зададзены курс, які бокам абвінавачання не зменены і, мяркую, у сілу іерархічнасці пракуратуры, не мог быць зменены: «абвінавачаныя — нягоднікі, іх дзеянні — крымінальшчына, а следства праведзена бездакорна».

Гэтыя тэзісы і ёсць прадмет спрэчкі абароны з працэсуальным апанентам. Абарона Бабарыкі сцвярджае: следства праведзена неаб'ектыўна, з парушэннем правоў абвінавачаных, яны не хабарнікі, і гэта справа не ўвойдзе ў гісторыю беларускай юрыспрудэнцыі як карупцыйная справа. Не будзе разглядацца яна такім чынам міжнароднымі органамі і грамадскасцю. Гэта справа аб тым, як паспяховы кіраўнік паспяховага банка Віктар Бабарыка пайшоў браць удзел у выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года і ўжо праз месяц пасля пачатку сваёй кампаніі быў змешчаны пад варту і падпаў пад крымінальны пераслед. Кажучы прававоймовай, гэта справа аб паразе ў правах, аб парушэнні і выпустошванні цывільных і палітычных, а таксама працэсуальных правоў у дачыненні да Віктара Бабарыкі.

Адвакатка Наталля Мацкевіч

Разбіраючы цягам шматлікіх судовых пасяджэнняў элементы выстаўленага абвінавачання і доказы, пададзеныя бокам абвінавачання, мы нібыта не заўважалі «слана ў пакоі». Гэты выраз азначае акалічнасць настолькі важную і відавочную, што недарэчна спрабаваць яе ігнараваць. У гэтай справе «слон у пакоі» — гэта пытанне матыву крымінальнага пераследу, аб палітычным характары якога заявіў на папярэднім следстве і ў судзе Віктар Бабарыка, гэта — грунт яго працэсуальнай пазіцыі. І абарона мае намер абгрунтаваць гэту пазіцыю ў прававых катэгорыях.

Матыў крымінальнага пераследу непасрэдна звязаны з прадметам судовага разбіральніцтва і з задачай суда даць ацэнку выстаўленым доказам і вынесці справядлівы прысуд. Гэтая функцыя правасуддзя не можа быць выканана ў адрыве ад сацыяльнага кантэксту, у якім быў пачаты і вядзецца крымінальны працэс. Бо задача крымінальнага закона і крымінальнага працэсу ў цэлым — спрыяць фармаванню ў грамадстве павагі да правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, усталяванні справядлівасці.

Акрамя таго, ацэнка дапушчальнасці доказаў у цэлым заснавана на тым, наколькі належнай была прававая працэдура, у якой гэтыя доказы атрыманыя, і ці былі забяспечаны правы ўдзельнікаў працэсу.

Крымінальна-працэсуальны кодэкс проста замацоўвае, што міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, у крымінальным працэсе ўжываюцца нароўні з Кодэксам [Крымінальна-працэсуальным кодэксам].

Таму прымяняльным правам у крымінальным працэсе і ў дадзенай справе з'яўляецца не толькі КПК і КК, а таксама прынятыя ў іх тлумачэнне пастановы Пленума Вярхоўнага Суда, але і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і прынятыя ў тлумачэнне яго нормаў Заўвагі агульнага парадку Камітэта па правах чалавека, які створаны ў адпаведнасці з Пактам і з'яўляецца органам па кантролі і маніторынгу выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі гэтай міжнароднай дамовы.

Для абароны такі падыход не толькі падымае ўзровень прававой дыскусіі, але і адкрывае магчымасці звароту ў Камітэт па правах чалавека, калі парушэнне правоў, аб якім мы заяўляем, не будзе ліквідавана ў нацыянальнай прававой сістэме пасля таго, як мы вычарпаем унутраныя сродкі прававой абароны. Кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека прымаць і разглядаць індывідуальныя паведамленні ад грамадзян, якія сцвярджаюць, што іх правы па Пакце парушаныя дзяржавай, Рэспубліка Беларусь прызнала шляхам ратыфікацыі ў 1992 годзе Факультатыўнага пратакола да Пакта.

У дадзеным працэсе ў дачыненні да Віктара Бабарыкі стаўлю пытанне аб парушэнні яго права на свабоду, прэзумпцыі невінаватасці, права на доступ да суда, права на абарону, права не быць прымушаным да дачы сведчанняў і прызнання сябе вінаватым, права на публічнае судовае разбіральніцтва, права абскардзіць прысуд, права на роўнасць перад законам і, як вынік, права браць удзел у выбарах на дзяржаўную пасаду. Абгрунтую, што гэта справа — аб паразе ў гэтых правах.

Прэзумпцыя невінаватасці

Права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў дачыненні да абвінавачанага ў крымінальным злачынстве ўключае не толькі этап суда. Дзеянне такіх яго элементаў, як прэзумпцыя невінаватасці і права на абарону, пачынаецца з таго моманту, калі публічна ці непублічна агучаныя падазрэнні або чалавек затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

Паводле матэрыялаў справы, крымінальная справа была ўзбуджана 11 чэрвеня 2020 года ў дачыненні да Дабралёта, Шаўчука і іншых асоб. У пастанове аб узбуджэнні справы ніякіх падазрэнняў у дачыненні да В. Дз. Бабарыкі не апісана, ён наогул не згадваецца сярод асоб, якія падазраваліся ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, здабытых злачынным шляхам, — ч. 2 арт. 243 і ч. 1 арт. 235 КК. Тым не менш, ужо на наступны дзень кіраўнік органа дазнання — Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь — Іван Церцель заявіў, што «ў цяперашні час у нас ёсць пераканаўчыя доказы яго [Бабарыкі] дачынення да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці», што было апублікавана на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

У дзень затрымання Віктара Бабарыкі 18 чэрвеня 2020 г. Іван Церцель расказаў журналістам, што Бабарыка «затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў уздзейнічаць на сведчанні сведкаў, прадпрымаў спробы ўтойвання слядоў учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».

19 чэрвеня Генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў БелТА, што «злачынныя дзеі здзяйсняліся сістэмна, на працягу доўгага часу, з выкарыстаннем транснацыянальных супрацьпраўных схем»«стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі нашай краіны».

13 ліпеня ў рэпартажы АНТ «Чорная каса» Белгазпрамбанка. Новыя дэталі ў нашумелай справе» намеснік начальніка кіравання дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Дзягілеў сцвярджае, што «Бабарыка і топ-менеджары банка атрымлівалі «брудныя грошы» злачынным шляхам» і што купля аблігацый Белгазпрамбанка на прад’яўніка дазваляла «незаконныя даходы кіраўніцтва банка зрабіць чыстымі».

16 ліпеня Арцём Дунько, старшы інспектар ДФР КДК Рэспублікі Беларусь, каментуе тэлеканалу «Беларусь 1» у рэпартажы «Справа Белгазпрамбанка: куды цяклі даляравыя рэкі?», што «злачынная дзейнасць ажыццяўлялася пад непасрэдным кіраўніцтвам былога кіраўніка банка Бабарыкі і іншых асоб».

Такім чынам, службовыя асобы Камітэта дзяржаўнага кантролю і Генеральнай пракуратуры ў самым пачатку расследавання публічна, у сцвярджальнай форме заяўлялі аб здзяйсненні Віктарам Бабарыкам і іншымі абвінавачанымі злачынстваў, аб атрыманні імі незаконных даходаў, аб кіраўніцтве злачыннай дзейнасцю з боку Віктара Бабарыкі. Такія выказванні не сумяшчальныя з прэзумпцыяй невінаватасці, паколькі ўказваюць на вінаватасць падабароннага, якая не вызначана набыўшым законную моц судовым прысудам.

У сваю чаргу, дзяржаўныя СМІ выпускалі публікацыі і тэлерэпартажы, дзе не толькі ад імя службовых асоб, але і ад імя саміх СМІ сцвярджалася пра вінаватасць Віктара Бабарыкі і іншых абвінавачаных. Такія сцверджанні маюцца і ў назве рэпартажу АНТ «Банкоўскія таямніцы. Навошта Віктар Бабарыка падкупляў чальцоў кіраўніцтва Белгазпрамбанка і атрымліваў хабары сам». У рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1» «Справа Белгазпрамбанка: куды цяклі даляравыя рэкі?» гаворыцца: «Мы ўжо расказвалі, якую незаконную дзейнасць, паводле звестак следства, ажыццяўлялі Віктар Бабарыка і яго змоўшчыкі».

Гэта не што іншае, як заявы сродкаў масавай інфармацыі, якія падрываюць прэзумпцыю невінаватасці: ад імя дзяржаўных тэлеканалаў у вачах грамадскасці фармавалася негатыўнае аблічча Віктара Бабарыкі як злачынцы задаўга не тое што да судовага прысуду, але да самога судовага разбіральніцтва справы.

Акрамя гэтага, з матэрыялаў справы ўгледжваецца, што орган папярэдняга расследавання перашкодзіў Віктару Бабарыку ў рэалізацыі права на судовую абарону. У томе 2 крымінальнай справы ёсць звесткі аб тым, што ў верасні 2020 г. адвакатам Дзмітрыем Лаеўскім двойчы праз адміністрацыю СІЗА КДБ у парадку аказання юрыдычнай дапамогі перадаваліся Віктару Бабарыку праекты скаргі для падпісання і накіравання ў суд Першамайскага раёна г. Мінска. Мэта падрыхтоўкі і падачы такой скаргі — судовая абарона ад парушэння прэзумпцыі невінаватасці ў выніку распаўсюджвання Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць гонар і годнасць Віктара Бабарыкі. У адпаведнасці з Законам «Аб сродках масавай інфармацыі» Віктар Бабарыка запатрабаваў абвяржэння гэтых звестак ад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, а, атрымаўшы адмову, меў намер рэалізаваць сваё права яго абскарджання ў судзе. Аднак адміністрацыя СІЗА КДБ праект прававога дакумента Бабарыкі не перадала, а аддала яго следчаму. Той, у сваю чаргу, вярнуў скаргу абаронцу, спаслаўшыся на адсутнасць у органа расследавання звестак аб паўнамоцтвах адваката аказваць Віктару Бабарыку такую прававую дапамогу.

У выніку адвольнага і некампетэнтнага разумення заканадаўства аб аказанні юрыдычнай дапамогі, адміністрацыя СІЗА КДБ парушыла адвакацкую таямніцу, перадаўшы матэрыялы ліставання адваката і кліента органу папярэдняга расследавання, а апошні перашкодзіў аказанню юрыдычнай дапамогі і рэалізацыі права падабароннага на зварот у суд.

Пры гэтым варта ўлічыць, што адзіны адвакат, які меў даверанасць на падачу скаргі ў суд ад імя Віктара Бабарыкі — Максім Знак, — быў змешчаны пад варту 9 верасня 2020 і ўтрымліваецца пад вартай дагэтуль па абвінавачанні, звязаным з прадстаўніцтвам у выбарчым працэсе.

Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці мела месца не толькі ў пачатку і падчас папярэдняга расследавання. Абыходжанне з абвінавачанымі як са злачынцамі грамадства назірае з моманту пачатку судовага разбіральніцтва. З першага дня судовага працэсу 17 лютага 2021 г. абвінавачаныя, у тым ліку наш падабаронны, падпадаюць абыходжанню, якое выстаўляе іх у вачах грамадства як небяспечных злачынцаў: учорашнія топ-менеджары банка, людзі эксклюзіўных, можна сказаць, кампетэнцый, знаходзяцца ў гэтай зале ў клетцы, іх прыводзяць і выводзяць у кайданках. Можна, вядома, спаслацца на правілы канваявання, і мы ўжо да гэтага як быццам бы прывыклі. Але з пункту гледжання стандарту прэзумпцыі невінаватасці, такая сітуацыя абсалютна неправамерная і не сумяшчальная з павагай чалавечай годнасці.

У першы дзень суда, 17 лютага 2021, як ужо было мною згадана, Генеральны пракурор Андрэй Швед публічна выказаўся аб гэтай крымінальнай справе, назваўшы яе ў інтэрв'ю «СБ. Беларусь сёння» «чыстай вады крымінальшчынай». Тут жа, сцвярджаючы, што «на працягу некалькіх гадоў браліся велізарныя сумы хабараў, адкаты і здзяйсняліся іншыя супрацьпраўныя дзеі» і выказваючы ўпэўненасць у тым, што «рашэнне суда і яго прысуд у адкрытым працэсе пацвердзяць, што фігуранты справы — звычайныя хабарнікі», ён фактычна прадвызначае судовы прысуд. Акрамя таго, называючы абвінавачаных «нягоднікі, якія нажываліся, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча», Генеральны пракурор публічна да судовага прысуду выставіў іх асобы ў негатыўным святле, таксама прадвызначаючы іх віну, што непасрэдным чынам супярэчыць прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці.

Права на абарону 

Адной з найважнейшых гарантый для кожнага, хто знаходзіцца ў сітуацыі крымінальнага пераследу, з'яўляецца права на абарону. Што адбывалася на этапе расследавання гэтай справы?

Як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы, 18 чэрвеня 2020 г. у 08:58 Віктар Бабарыка быў затрыманы па дарозе ў свой выбарчы штаб, затым дастаўлены ў будынак Дэпартамента фінансавых расследаванняў, дзе з 09:13 да 10:55 быў праведзены асабісты ператрус, з 10:57 да 11:25 складаўся пратакол затрымання, падпісаны Віктарам Бабарыкам ў 11:46, ў 11:50 — пастанова аб затрыманні.

З пратакола асабістага ператрусу, першага са складзеных дакументаў, бачна, што з сабой у Віктара Бабарыкі былі дагаворы на абарону ў крымінальным працэсе, заключаныя з трыма адвакатамі — Дзмітрыем Лаеўскім, Наталляй Мацкевіч, Аляксандрам Пыльчанкам, а ў самім пратаколе ператрусу Віктар Бабарыка двойчы ўласнаручна запісаў: «Патрабую адвакацкай абароны».

У справе маюцца апавяшчэнні адвакатаў аб прыняцці абароны. Прычым электронны ліст ад адвакатаў Дзмітрыя Лаеўскага і Аляксандра Пыльчанкі з апавяшчэннямі і копіямі ордэраў паступіў на электронную пошту Дэпартамента фінансавых расследаванняў у 11:05.

У момант, калі афармляліся пратаколы затрымання, асабістага ператрусу, абвяшчалася пастанова аб затрыманні, адвакаты Аляксандар Пыльчанка і Лаеўскі знаходзіліся ля ўваходу ў будынак Дэпартамента фінансавых расследаванняў для таго, каб прыступіць да сваіх абавязкаў, а таксама падаць праз орган, які вядзе крымінальны працэс, скаргу ў суд на затрыманне. Аднак нават у будынак ДФР яны дапушчаныя не былі, са спасылкай на «вучэнні».

У той жа час на тэлеграм-канале Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі ў 11:07 гэтага ж дня паведамлялася, што Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард дастаўлены ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК. Асноўная мэта «візіту» — правядзенне следчых дзеянняў. «Пры затрыманні ні адзін, ні другі прэтэнзій да аператыўнікаў не прад'яўлялі, не прад'яўляюць і цяпер. Акуратна даюць сведчанні». Хачу адзначыць, што ў матэрыялах крымінальнай справы сведчанняў, якія былі б дадзены Віктарам Бабарыкам у гэты час, няма.

З зазначанага вынікае, што пры затрыманні Віктару Бабарыку не забяспечылі своечасовы доступ да абаронцаў, пры наяўнасці для гэтага ўсіх законных падстаў і абавязка органа, які вядзе крымінальны працэс, забяспечыць такі доступ, а таксама пры тым, што паўнамоцтвы абаронцаў былі пацверджаны дакументальна, а самі абаронцы знаходзіліся каля будынка ДФР, але не былі дапушчаныя ў месца, дзе ажыццяўляліся працэсуальныя дзеянні. Адначасова грамадства ўводзілася ў зман адносна працэсуальнай сітуацыі. Гэта з відавочнасцю сведчыць аб парушэнні права Віктара Бабарыкі на абарону і неправамерных дзеяннях органа дазнання.

Магчымасць сустрэцца з абаронцамі ў Віктара Бабарыкі з'явілася толькі 19 чэрвеня 2020 на допыце ў якасці падазраванага, але гэтая сустрэча ў кабінеце СІЗА КДБ не можа расцэньвацца як канфідэнцыйная. Не адбыліся сустрэчы з адвакатамі ў СІЗА КДБ, дзе ўтрымліваўся Віктар Бабарыка, з моманту затрымання 18 чэрвеня 2020 аж да 25 чэрвеня 2020, нягледзячы на ​​тое, што кожны дзень абаронай прадпрымаліся спробы наведаць падабароннага. Гэта пацвярджаецца скаргамі адваката ў Генеральную пракуратуру, далучанымі да матэрыялаў крымінальнай справы.

Такая ж сітуацыя нядопуску адвакатаў у СІЗА КДБ паўтарылася ў жніўні 2020 г., калі на працягу тыдня, з 11 па 14 жніўня, абаронцы Віктара Бабарыкі не дапускаліся ў СІЗА для аказання юрыдычнай дапамогі і не мелі магчымасці пераканацца ў фізічным і маральным дабрабыце падабароннага ў той перыяд, калі ў публічнай прасторы мелася мноства сведчанняў пра ўжыванне гвалту ў месцах ізаляцыі. З гэтай нагоды ў Генеральную пракуратуру таксама пададзены скаргі, якія далучаны да матэрыялаў справы. З адказаў на іх вынікае, што пытанне пра нядопуск абаронцаў у СІЗА не было разгледжана па сутнасці. Такім чынам, было парушана права Віктара Бабарыкі мець зносіны з абаронцам сам-насам і канфідэнцыйна.

Нельга не сказаць пра тое, што ў перыяд ажыццяўлення абароны Віктара Бабарыкі 16 кастрычніка 2020 г. быў пазбаўлены спецыяльнага дазволу на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці адвакат Аляксандр Пыльчанка. Гэтае рашэнне прынята Міністэрствам юстыцыі (дзеянне ліцэнзіі спынена за выказванні Аляксандра Пыльчанкі ў інтэрв'ю, дадзеным інфармацыйнаму рэсурсу TUT.BY 14 жніўня 2020 г — рэд.).

Пазбаўленне Аляксандра Пыльчанкі статусу адваката міжнародныя прафесійныя асацыяцыі адвакатаў расцанілі як звязанае з ажыццяўленнем прафесійнай адвакацкай дзейнасці парушэнне асноўных правоў, у тым ліку права на свабоду выказвання меркавання адваката Аляксандра Пыльчанкі, правоў яго кліентаў і асноўных прынцыпаў незалежнасці юрыдычнай прафесіі.

Калі Віктар Бабарыка падаў заяву аб тым, што такім чынам парушаецца ягонае права на абарону, Міністэрства юстыцыі Беларусі адказала, што спыненне дзеяння ліцэнзіі адваката Аляксандра Пыльчанкі не пазбаўляе заяўніка права на абарону, паколькі ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць больш за 2000 адвакатаў. І Віктару Бабарыку, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, было рэкамендавана азнаёміцца ​​са спісам адвакатаў на інтэрнэт-партале Міністэрства юстыцыі. І, мабыць, абраць з 2000 любога, пасля таго як адзін з яго адвакатаў, Максім Знак, быў заключаны пад варту, а другі, Аляксандр Пыльчанка, пазбаўлены свайго статусу.

Названыя факты сведчаць аб парушэнні права на абарону Віктара Бабарыкі ў тым аспекце, што дзяржавай не было забяспечана ажыццяўленне абаронцам сваіх задач без якіх бы там ні было абмежаванняў, уздзеяння, ціску ці неправамернага ўмяшання.

Права на свабоду

Права на свабоду і асабістую недатыкальнасць з'яўляецца неад'емным правам кожнага. Ужываючы міжнародна-прававы стандарт [права на свабоду — заўв.] да цяперашняй справы бачым наступнае.

З 18 чэрвеня 2020 і на працягу больш за год Віктар Бабарыка, чалавек з бездакорнай асабістай і прафесійнай рэпутацыяй, знаходзіцца пад вартай, пры гэтым ён абвінавачваецца ў негвалтоўным злачынстве. У матэрыялах крымінальнай справы не выяўляем ніводнага доказу таго, што ён «спрабаваў уздзейнічаць на паказанні сведак, рабіў спробы ўтойвання слядоў учыненых злачынстваў», як было публічна заяўлена кіраўніком Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дзень затрымання Віктара Бабарыка і як паказвалася ў кожнай з пастаноў аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай. У дадзеных працэсуальных рашэннях ніколі не абгрунтоўвалася мэтазгоднасць і неабходнасць утрымання з улікам канкрэтных абставінаў справы, індывідуальных якасцяў падабароннага для пэўных названым стандартам і КПК мэтаў крымінальнага працэсу.

Пры гэтым варта ўлічыць, што ў перыяд, які папярэднічае затрыманню Віктара Бабарыкі, ён быў публічна пайменаваны «ашуканцам» з боку кіраўніка дзяржавы (пра што скажу пазней), а пра яго датычнасць да узбуджанай 11 чэрвеня крымінальнай справы на наступны дзень было заяўлена кіраўніком КДК. І пры такіх абставінах Віктар Бабарыка не рабіў ніякіх спробаў схавацца або перашкодзіць правядзенню расследавання, а наадварот, заяўляў пра сваю гатоўнасць даць тлумачэнні, калі да яго маюцца пытанні.

А калі заключэнне пад варту наўпрост не абумоўлена мэтамі папярэджання ўцёкаў, умяшання ў працэс даказвання або прадухілення здзяйснення злачынства, гэта значыць ёсць усе падставы сцвярджаць аб адвольным характары пазбаўлення асабістай свабоды Віктара Бабарыкі.

Мяркую, што гэта рэлевантна і для іншых абвінавачаных, а таксама сведак па гэтай крымінальнай справе, якія былі дастаўлены ў залу суда з СІЗА КДБ, што дазваляе казаць, што ўтрыманне пад вартай пры расследаванні гэтай крымінальнай справы ўжыта як агульная практыка.

Акрамя гэтага, у матэрыялах справы не маецца звестак аб тым, што ўтрыманне пад вартай Віктара Бабарыкі разглядалася як выключная мера, якая б ужывалася толькі таму, што іншыя меры не маглі забяспечыць мэты крымінальнага працэсу. Абаронай неаднаразова ставілася пытанне аб тым, каб змяніць меру стрымання на асабістае даручальніцтва альбо хатні арышт, але ў працэсуальных рашэннях па дадзеных хадайніцтвах не ўгледжваецца аргументаў, па якіх можна было б зрабіць выснову, што іншыя меры старанна разглядаліся і, калі так, чаму яны былі адхілены.

Больш за тое, у пэўны момант, а менавіта 28 ліпеня 2020 г., КДБ былі створаныя перашкоды многім людзям, якія хацелі выказаць свой намер выступіць як асабістыя паручыцелі Віктара Бабарыкі пры змене яму меры стрымання. На падыходзе або пры выхадзе з прыёмнай КДБ былі затрыманыя не менш за 36 чалавек з тых, хто прыйшоў туды падаць заяву аб гатоўнасці прыняць асабістае даручальніцтва.

Хачу падкрэсліць, што адвольнасць і працягласць пазбаўлення асабістай свабоды ў перыяд папярэдняга расследавання пагаршаецца тым фактам, што, як было раней сказана, Віктар Бабарыка перыядычна ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ без сувязі са знешнім светам. Такім чынам, можна заключыць, што ўтрыманне пад вартай у дачыненні да Віктара Бабарыкі ўжыта не для мэт крымінальнага працэсу, а для іншых мэтаў, што з'яўляецца неправамерным.

Акрамя мэтазгоднасці і неабходнасці, пазбаўленне асабістай свабоды на стадыі папярэдняга расследавання, калі яно прэтэндуе на правамернасць, павінна адпавядаць працэдурнаму стандарту — «затрыманая па крымінальным абвінавачванні асоба ў тэрміновым парадку дастаўляецца да суддзі або да іншай службовай асобы, якой належыць па законе права ажыццяўляць судовую ўладу».

КПЧ ААН тлумачыць палажэнне аб «тэрміновым парадку» як аб тэрміне дастаўлення да суддзі не пазней за 48 гадзін з моманту затрымання. Пры гэтым КПЧ ААН паказвае, што дзяржаўны пракурор не можа лічыцца службовай асобай, правамоцнай ажыццяўляць судовую ўладу.

Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020, а ўпершыню паўстаў перад судом, у тым ліку з аргументамі аб неабходнасці вызвалення з-пад варты, толькі 17 лютага 2021. Азначанае бясспрэчна з'яўляецца парушэннем гарантый міжнароднага стандарту права на свабоду.

Той факт, што гэтыя гарантыі не імплементаваныя ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, па якім заключэнне пад варту і падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай ажыццяўляецца з санкцыі пракурора, а не суда, і што, на практыцы, абвінавачаны, як правіла, пракурорам нават не заслухоўваецца, ніяк не адмяняе гэтага парушэння. Як ужо было сказана, Венская канвенцыя аб праве міжнародных дагавораў устанаўлівае, што кожны дзейны дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца (арт. 26), а ўдзельнік не можа спасылацца на палажэнні свайго ўнутранага права ў якасці апраўдання для невыканання ім дагавора (арт. 27).

Улічваючы, што ч. 4 артыкула 1 КПК прадугледжвае, што міжнародныя дамовы прымяняюцца ў крымінальным працэсе разам з Кодэксам, палажэнні Пакта маюць сілу закона, дастасавальныя да крымінальнага працэсу ў Беларусі, і маглі б рэалізоўвацца належнай практыкай — пры судовым разглядзе скаргаў на затрыманне, прымяненне і падаўжэнне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту Віктар Бабарыка мог быць заслуханы судом, пра што пры кожным разглядзе хадайнічала абарона. Але ні ў адной з судовых пастаноў па такіх скаргах мы не ўбачым таго, што пытанне разглядалася з удзелам падабароннага.

Такім чынам, на дадзеным этапе сказана аб парушэнні ўжо трох фундаментальных правоў Віктара Бабарыкі: прэзумпцыі невінаватасці, права на абарону і права на свабоду. Варта адзначыць, што аналагічным чынам у той ці іншай ступені гэтыя правы парушаліся ў дачыненні да іншых абвінавачаных. І гэта — не пытанне толькі перыяду папярэдняга расследавання. Дадзеныя парушэнні наўпрост уплываюць на справядлівасць разбору і вынікі крымінальнага працэсу ў цэлым, паколькі доказы, атрыманыя ў працэсе перманентнага парушэння працэсуальных правоў, з'яўляюцца недапушчальнымі. Гэта, перш за ўсё, тычыцца прызнальных паказанняў абвінавачаных і сведак, якія ўтрымліваюцца пад вартай, якія не могуць не выклікаць абгрунтаванага сумневу ў сілу таго, што гэтыя паказанні дадзеныя людзьмі, якія знаходзяцца ў сітуацыі неправамернага пазбаўлення асабістай свабоды, што практычна пазбаўляе іх магчымасці належнай абароны. Гэта сітуацыя пагаршаецца тым, што аб іх віне заяўлена публічна службовымі асобамі, ад якіх залежала і залежыць прыняцце рашэнняў па справе — той, што разглядаецца сёння ў судзе, і той, што яшчэ расследуецца КДБ.

І тут яшчэ варта ўлічыць, што фактычна мы разглядалі паказанні, якія былі сфармаваныя на следстве, паколькі любая спроба змяніць свае паказанні загадзя не мела ніякіх шанцаў, у сілу, па-першае, прынятых на сябе абавязацельстваў па дасудовым пагадненням (абвінавачаныя) або ўмоў спынення крымінальнага пераследу (сведкі). Па-другое, калі ўспомніць, як ішоў працэс допытаў у судзе, то любыя неадпаведнасці паказанняў, дадзеных на следстве, паказаннях, дадзеных у судзе, нівеліраваліся тым, што абвінавачванню яшчэ да допыту абаронай прадастаўлялася магчымасць абвясціць пісьмовыя паказанні і «вярнуць» абвінавачанага або сведку ў рэчышча паказанняў, якія падтрымліваюць тэзісы абвінавачвання. У судовым пасяджэнні мы неаднаразова паказвалі, што правядзенне допытаў у такім парадку з'яўляецца парушэннем прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе, паколькі, у выніку, пісьмовым сведчанням, атрыманых без удзелу абароны, надавалася большая вага, чым сведчанням, дадзеных непасрэдна ў судзе.

Прадбачу пярэчанні апанентаў, і гэта ўжо прагучала, што працэсуальныя рашэнні прымаліся і адказы на скаргі абароны даваліся органамі і службовымі асобамі ў межах іх кампетэнцыі, і ніякіх парушэнняў не было ўстаноўлена. Але гэта не правільная логіка. Тое, што парушэнні правоў не ўстаноўлены на цяперашні момант дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, не азначае, што правы не парушаныя. Гэта азначае роўна тое, што ў прававой сістэме не спрацавалі механізмы абароны ад парушэння правоў. Мы, адвакаты, выканалі свае функцыі, своечасова і абгрунтавана паказаўшы на гэтыя парушэнні. У дачыненні да таго, што гэтыя парушэнні не прызнаныя і не ліквідаваныя альбо не кампенсаваныя, адказнасць ляжыць на дзяржаўных органах і службовых асобах, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, якія ў сілу артыкула 59 Канстытуцыі абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы. А за захаванне правоў, прадугледжаных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, гэтымі органамі і службовымі асобамі, у выніку, адказнасць па міжнароднай дамове нясе дзяржава.

Права абскардзіць вырак, публічнасць судовага разбіральніцтва і спаборнасць

Цяпер мы перад Вярхоўным Судом. І гэта, фактычна, апошняя інстанцыя ва ўнутрыдзяржаўнай прававой сістэме, якая можа прызнаць парушэнне асноўных працэсуальных правоў і прыняць з улікам гэтага рашэнне апраўдальны вырак, які, нельга сказаць, што аднавіў бы гэтыя правы, але мог спыніць бы гэтыя парушэнні і адкрыў прававыя магчымасці для кампенсацыйных механізмаў на нацыянальным узроўні.

Я кажу пра апошнюю інстанцыю, бо выракі Вярхоўнага Суда не падлягаюць апеляцыйнаму абскарджанню паводле з ч. 5 арт. 370 КПК. Але гэта становішча ўнутранага заканадаўства не адпавядае норме п. 5 арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якая ўсталёўвае: «Кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне і вырак былі перагледжаны вышэйшай судовай інстанцыяй паводле закона».

Камітэт па правах чалавека ў Заўвазе агульнага парадку №32 у пункце 50 тлумачыць: «Сістэма нагляднай вытворчасці, якая ўжываецца толькі да выракаў, звернутых да выканання, не адказвае патрабаванням пункта 5 артыкула 14».

Такім чынам, калі Віктар Бабарыка будзе асуджаны за злачынства, то яго права па п. 5 арт.14 Пакта на перагляд асуджэння і прысуду вышэйшай судовай інстанцыяй будзе парушана без усялякіх умоваў. Кажучы гэта, я абапіраюся на ўстойлівую практыку Камітэта па правах чалавека, які па шэрагу разгледжаных ім спраў, у тым ліку ў дачыненні да Беларусі, прызнаў парушэнне гэтай нормы Пакта ў падобнай сітуацыі. 

Акрамя таго, у працэсе дадзенага судовага разбору даводзіцца канстатаваць праблему захавання права абвінавачанага ў крымінальным злачынстве на публічны разгляд справы, прадугледжанае п. ​​2 арт. 14 Пакта, якое забяспечвае транспарэнтнасць судаводства і давер да правасуддзя. У сапраўдны працэс не былі дапушчаныя (шляхам адмовы ў акрэдытацыі і фізічнага доступу ў залу суда) журналісты недзяржаўных СМІ і прадстаўнікі інтэрнэт-рэсурсаў. Пры ўмове, што дзяржаўныя СМІ маюць магчымасць вырабляць фота- і відэаздымкі ў зале суда ў перапынках і падаюць публічна інфармацыю дастаткова аднабакова, справа мае вялікі грамадскі рэзананс, і з самага пачатку крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі суправаджаўся парушэннем прэзумпцыі невінаватасці. Абмежаванне магчымасці альтэрнатыўнага асвятлення працэсу падрывае давер грамадства да судовага працэсу і яго вынікаў, а таксама з'яўляецца парушэннем права абвінавачанага на справядлівы і публічны разбор справы ў судзе.

Таксама не магу не надзяліць увагай пытанне аб невытлумачальным, на мой погляд, парушэнні прынцыпу роўнасці бакоў у працэсе. Гэта датычыцца адмовы суда задаволіць хадайніцтва абароны Віктара Бабарыкі аб далучэнні шэрагу дакументаў і носьбітаў інфармацыі, якія пацвярджаюць довады яго паказанняў. Такое працэсуальнае рашэнне паказала, што бок абвінавачання ў судовым працэсе меў істотную перавагу ў прадастаўленні доказаў, паколькі доказы, атрыманыя органам расследавання, былі абвінавачваннем прадстаўлены суду без усялякіх абмежаванняў і іх датычнасць да справы ў судовым следстве не разглядалася. Доказы ж, прапанаваныя абаронай, уключаючы сведчанні аб парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, суд палічыў «не маючымі дачынення да справы». Тым не менш, паколькі прадстаўленая абаронай інфармацыя змяшчаецца ў адкрытых крыніцах, то лічу, што маю права спасылацца на гэтыя факты.

Дыскрымінацыя

Такім чынам, абарона абгрунтавала парушэнне шэрагу правоў Віктара Бабарыкі, гарантаваных КПК, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь — Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прычым акалічнасці, пры якіх дапушчаныя дадзеныя парушэнні, дазваляюць казаць аб іх беспрэцэдэнтным характары. Чаму?

Перш за ўсё, складана ўспомніць якую-небудзь крымінальную справу, якая б настолькі негатыўным чынам асвятлялася ў дзяржаўных СМІ, прычым з удзелам службовых асоб праваахоўных органаў высокага ўзроўню, якія дазволілі сабе проста і сцвярджальна заявіць пра вінаватасць абвінавачаных у самым пачатку расследавання. Акрамя таго, орган папярэдняга расследавання ў парушэнне дзейнага заканадаўства перадаваў матэрыялы справы, уключаючы відэазапісы допытаў і вочных ставак, для апублічвання ў СМІ. У гэты ж час адвакаты абароны з першага дня ўдзелу ў справе знаходзіліся пад падпіскай аб неразгалошванні звестак папярэдняга расследавання і, адпаведна, не мелі магчымасці браць удзел у публічнай дыскусіі, выстаўляючы ад імя Віктара Бабарыкі аргументы ў процівагу той інфармацыйнай атацы, якую мы назіралі ў пачатку і падчас крымінальнага пераследу.

Па-другое, у дачыненні да Віктара Бабарыкі мела месца дэманстрацыйнае і невытлумачальнае парушэнне права на абарону, якое выяўлялася ў неаднаразовым нядопуску адвакатаў да падабароннага для выканання сваіх абавязкаў. У той жа час з ім праводзіліся непрацэсуальныя гутаркі без адвакатаў, што адлюстравана ў нашых скаргах (пра гэта скажу пазней), і грамадству некалькі разоў падавалася няпэўная інфармацыя аб яго працэсуальнай пазіцыі.

І, нарэшце, працяглае і неабгрунтаванае пазбаўленне асабістай волі, што не падлеглае разумнаму тлумачэнню, у перыяд папярэдняга расследавання, прычым не толькі яго самога, але і блізкіх, сяброў і былых калегаў, адны з якіх з'яўляюцца абвінавачанымі па гэтай справе, другія — сведкамі, а трэція — блізкія Віктара Бабарыкі, Эдуард Бабарыка, Святлана Купрэева, Дзмітрый Карака — зусім не праходзяць па справе ў працэсуальным статусе, але працягваюць заставацца ў СІЗА. Наўрад ці даводзіцца сумнявацца, што змяшчэнне пад варту гэтых людзей выкарыстоўваецца як спосаб не толькі атрымання ад іх пэўных сведчанняў (пра што я казала раней), але і як сродак маральнага ціску на Віктара Бабарыку.

Усе гэтыя факты, у сукупнасці з абмежаваннем галоснасці судовага разбіральніцтва, роўнасці бакоў і пазбаўленнем Віктара Бабарыкі права абскардзіць прысуд у апеляцыйным парадку, калі ён будзе абвінаваўчым, гавораць аб тым, што гэта справа не стаіць у шэрагу іншых крымінальных спраў у плане забеспячэння правоў абвінавачаных і прынцыпаў крымінальнага працэсу, нават калі ўлічыць сітуацыю апошняга года, калі шмат якія прававыя гарантыі сталі неэфектыўнымі. Іншымі словамі, у наяўнасці няроўнае становішча Віктара Бабарыкі перад законам, якому няма аб'ектыўных і разумных абгрунтаванняў.

А калі гэта так, то гаворка ідзе пра дыскрымінацыю, якая забаронена артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Калі мы юрыдычна разглядаем дыскрымінацыю, то мала ўказаць на факт няроўных адносінаў — неабходна выявіць тую прыкмету, па якой чалавек ці група падпадаюць пад такія адносіны. Для гэтага трэба паглядзець: чым жа адрозніваецца Віктар Бабарыка ад іншых грамадзян, якія звычайна падпадаюць пад крымінальны пераслед і змяшчэнне пад варту і ў дачыненні да якіх не назіраецца такога брутальнага парушэння правоў, як было ўказана?

І бачым: ён не адрозніваецца нічым, і нават па сваім статусе былога паспяховага кіраўніка аднаго з найбуйнейшых і прыбытковых банкаў у Беларусі мог бы разлічваць на большы ўзровень даверу ў падобнай сітуацыі. Ён не адрозніваўся б нічым, акрамя таго, што за месяц да таго, як была ўзбуджана крымінальная справа, ён вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь 2020 года, і з 12 мая, калі ён абвясціў аб гэтым, да 18 чэрвеня, пакуль ён не быў затрыманы, у ролі прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты выказваў свае погляды ў палітычнай дыскусіі, якія атрымалі падтрымку значнай колькасці выбіральнікаў у Беларусі.

Іншай прыкметы дыскрымінацыі, акрамя палітычных перакананняў, іх выражэння і рэалізацыі ў выбарчым працэсе, у дачыненні да Віктара Бабарыкі не выяўляецца. Палітычныя перакананні як прыкмета, па якой забаронена дыскрымінацыя, сярод іншых, пазначана ў артыкуле 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Такім чынам, абарона шляхам прававых аргументаў падыходзіць да пытання аб палітычным матываваным крымінальным пераследзе Віктара Бабарыкі, які складаецца ў тым, што менавіта рэалізацыя права на выражэнне палітычных поглядаў і права быць абраным на дзяржаўную пасаду з'явіліся прычынай узбуджэння крымінальнай справы, выстаўлення абвінавачання і змяшчэння яго пад варту.

Такая пазіцыя яшчэ ў самым пачатку развіцця падзей, звязаных з крымінальнай справай, была выказана і падтрымліваецца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці — нацыянальнымі і міжнароднымі няўрадавымі праваабарончымі арганізацыямі.

Так, 19 чэрвеня 2020 г. беларускія праваабарончыя арганізацыі Праваабарончы цэнтр «Вясна», РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РГА «Прававая ініцыятыва», Простае таварыства «Ініцыятыва Forb», Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права», Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта», Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Офіс па правах людзей з інваліднасцю ў супольнай заяве ўказалі, што «падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і чальцоў яго ініцыятыўнай групы з'яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне яго публічнай дзейнасці па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах». 

На падставе п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, беларускія праваабарончыя арганізацыі заяўляюць аб прызнанні Віктара Бабарыкі, Эдуарда Бабарыкі, Святланы Купрэевай, Уладзіміра Дударава палітычнымі зняволенымі.

Вядомая міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International 29 чэрвеня 2020 г. выпусціла заяву, у якой сказана: «Час і акалічнасці затрымання, удзел КДБ, сакрэтнасць вакол справы паказваюць на тое, што пераслед Віктара і Эдуарда Бабарыкаў палітычна матываваны. Amnesty International лічыць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў вязнямі сумлення, якія пераследуюцца выключна за мірнае выражэнне сваіх палітычных поглядаў».

У далейшым Amnesty International падрыхтавала даклад за 2020/21 гады аб правах чалавека ў сучасным свеце, у раздзеле, прысвечаным Беларусі, указана: «Няспраўджаны кандыдат у прэзідэнты, Віктар Бабарыка, а таксама яго сын Эдуард Бабарыка, чальцы яго каманды і былыя калегі былі затрыманыя па сфабрыкаванай эканамічнай справе, каб выключыць Віктара Бабарыку з прэзідэнцкай гонкі і паслаць засцерагальны сігнал іншым магчымым удзельнікам».

Гэтыя высновы нельга ігнараваць, паколькі яны адлюстроўваюць прафесійны погляд аўтарытэтных арганізацый, якія працяглы час на прафесійнай аснове, аб'ектыўна і сумленна выконваюць сваю грамадскую місію па прасоўванні і абароне правоў чалавека і дзейнічаюць на падставе міжнародна-прызнаных прававых стандартаў. І мы бачым, што палітычны матыў пераследу Віктара Бабарыкі быў відавочны для іх і агучаны ўжо ў першыя дні пасля яго затрымання.

Возьмем дадзеную прыкмету дыскрымінацыі за гіпотэзу і паспрабуем яе абгрунтаваць на падставе шэрагу агульнавядомых фактаў. 

Неабходна адзначыць, што стандарт доказу для абвінавачання і абароны ў крымінальным працэсе кардынальна адрозніваецца. Абвінавачанне павінна даказаць свае довады аб вінаватасці па-за кожнымі разумнымі сумневамі, а абарона зыходзіць з таго, што ўсе сумневы павінны тлумачыцца на карысць абвінавачанаму. Гэта правіла прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Таму задача абароны ў дадзеным працэсе — гэта прадэманстраваць суду наяўнасць абгрунтаваных сумневаў адносна пазіцыі абвінавачання, якое даказвае, што адзінай прычынай крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі з'яўляецца здзяйсненне ім крымінальнага злачынства.

У адносінах да аргумента аб палітычна матываваным крымінальным пераследзе, «утоены парадак дня» органаў дазнання і расследавання, якія яго ініцыявалі, іх мэты, якія адрозніваюцца ад афіцыйна заяўленых, практычна не даступны для даказвання абароне і нават суду. Але сведчанні неправамерных матываў выцякаюць з агульнага кантэксту і акалічнасцяў, дастаткова моцных і ясных фактаў, і вось якіх.

Падабаронны звяртаў увагу суда, і гэта можна лічыць вызначаным у судовым пасяджэнні, што да яго ўступлення ў выбарчую кампанію, да чэрвеня 2020 г., ніякіх істотных прэтэнзій, тым больш пытанняў пра карупцыю да банка, яго менеджменту і старшыні праўлення з боку кантралюючых органаў як тых, што прадстаўляюць дзяржаву Рэспублікі Беларусь, так і тых, што прадстаўляюць акцыянераў, не было.

ААТ «Белгазпрамбанк», якім кіраваў Віктар Бабарыка цягам 20 гадоў, характарызуецца як адзін з найбуйнейшых банкаў, які паспяхова выконвае сваю місію па развіцці малога і сярэдняга бізнэсу.

Крымінальны пераслед топ-менеджараў Белгазпрамбанка і Віктара Бабарыкі пачаўся на фоне наступных падзей, якія выклаў у сваіх сведчаннях падабаронны.

12 мая 2020 Віктар Бабарыка заявіў публічна пра свой намер вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 г.

20 мая ініцыятыўная група выбіральнікаў па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыкі ў колькасці больш за 9 тысяч чалавек зарэгістравана Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. 

29 мая 2020 кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Мінскага трактарнага завода публічна заявіў у дачыненні да Віктара Бабарыкі: «Магчыма, гэтаму чалавеку прапанавалі пасаду Прэм'ер-міністра ў іншай краіне. Вы ведаеце, на чые грошы ён балатуецца».

4 чэрвеня 2020 з яго вуснаў прагучалі ўжо пэўныя пытанні (якія потым разглядаліся па крымінальнай справе): на нарадзе па кадравых рашэннях Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, як паведамляла Беларускае тэлеграфнае агенцтва, «задаць некалькі пытанняў аднаму з патэнцыйных кандыдатаў на праходзячай у краіне электаральнай кампаніі». «Вы ў яго спытайце, задайце адно пытанне: што такое кампанія «ПрыватЛізінг»? Другое пытанне: «дзе грошы трымае, якія махлярскім чынам атрымаў у Беларусі?»

На гэтыя абвінавачанні Віктар Бабарыка адказвае ў той жа дзень 4 чэрвеня, на сустрэчы з чальцамі ініцыятыўнай групы ў Віцебску: «Кампанія «ПрыватЛізінг» — даўні кліент Белгазпрамбанка. Кампанія «ПрыватЛізінг» мае структуру валодання, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі Белгазпрамбанка. На гэтым гісторыю я магу скончыць».

У гэтыя ж дні, 4 і 5 чэрвеня 2020, у сваіх выступленнях Прэзідэнт і Віктар Бабарыка выказалі розныя пункты погляду на магчымасць ужывання гвалту «для навядзення парадку». Таксама Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па кадравых пытаннях заявіў, што за грошы расійскіх алігархаў «да ўлады ў краіне вядуць вось гэтую так званую радыкальную апазіцыю Беларусі» і папярэдзіў, што краіну нікому не аддасць. Віктар Бабарыка 5 чэрвеня падчас чарговага стрыму на YouTube-канале сказаў, як публікавала «Еўрарадыё», што «ніхто не мае права прысвойваць нашу краіну».

Гэта палеміка мела месца пасля таго, як 1 чэрвеня 2020 Віктар Бабарыка падаў скаргу на парушэнні выбарчага заканадаўства ў Цэнтральную камісію па выбарах на парушэнне заканадаўства падчас збору подпісаў за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. А за дзень да таго, 31 мая, перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў Дэкларацыю аб сумленных выбарах, у тым ліку заклікаў людзей, якіх прымушаюць ставіць подпісы, заяўляць аб парушэннях выбарчага заканадаўства; абяцаў выбарнікам, якія абскардзяць гэтыя парушэнні, юрыдычную, фінансавую і іншую падтрымку.

11 чэрвеня 2020 у офісе ААТ «Белгазпрамбанк» праведзены ператрусы і затрыманы падазраваныя па крымінальнай справе, частка з якіх у дадзеным працэсе з'яўляецца абвінавачанымі, а частка — сведкамі. З нагоды затрымання сваіх сяброў і былых калегаў Віктар Бабарыка праводзіць прэс-канферэнцыю, на якой кажа, што «дзеянні сённяшняга дня носяць заказны, палітычны характар», заяўляе пра іх недапушчальнасць. Пры гэтым ён кажа пра намер працягнуць сваю перадвыбарчую кампанію.

12 чэрвеня старшыня КДК Іван Церцель заяўляе пра дачыненне да справы Віктара Бабарыкі. Пра гэту заяву я ўжо згадвала ў ракурсе парушэння прэзумпцыі невінаватасці. Цяпер хачу звярнуць увагу на наступнае: КДК 12 чэрвеня 2020 пашырыў інфармацыю аб тым, што Камітэтам зроблена выснова «аб рэалізацыі шматступенчатай схемы па фактычным крадзяжы прыбытку банка ў асабліва буйным памеры». Гэта ўказваецца са спасылкай на аналіз рэнтабельнасці банкаўскіх актываў (адносіны прыбытку банка да актываў) за першы квартал 2018 г. і першы квартал 2019 г. Хачу нагадаць, што пры допыце ў судзе на маё пытанне аб тым, ці паказальны такі крытэр для вымярэння эфектыўнасці працы банка, сведка Патапава, цяпер першы намеснік кіравання ААТ «Белгазпрамбанк», адказала, што паказнікам працы банка можа служыць рэнтабельнасць банкаўскіх актываў толькі па выніках каляндарнага года, але не за квартал. Таксама звяртаю ўвагу, што абвінавачанне ў крадзяжы прыбытку банка ніколі нікому не было выстаўлена, і гэты факт не ўгледжваецца ні проста, ні ўскосна з матэрыялаў справы. З гэтага вынікае, што орган дазнання на пачатку крымінальнага пераследу разгалошваў інфармацыю, якая не мела аб'ектыўнага пацверджання.

17 чэрвеня арыштаваны выбарчы фонд Віктара Бабарыкі.

18 чэрвеня Віктар Бабарыка быў затрыманы па дарозе ў выбарчы штаб. Гэта здарылася пасля таго, як 15 чэрвеня 2020 у выбарчыя камісіі было пададзена 120 000 подпісаў за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

На 19 чэрвеня 2020 колькасць пададзеных у выбарчыя камісіі подпісаў склала 283 000, штаб Віктара Бабарыкі паведамляў пра колькасць усіх атрыманых подпісаў — больш за 430 тысяч.

20 чэрвеня Віктар Бабарыка быў змешчаны пад варту. У гэты дзень яго прадстаўнік адвакат Максім Знак падаў поўны пакет дакументаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у Цэнтральную камісію.

14 ліпеня, калі Цэнтральная камісія разглядала гэту заяву і дакументы, орган дазнання, КДК прэзентаваў інфармацыю пра нібыта незаконна атрыманыя даходы Віктарам Бабарыкам у 2019 годзе (у тым ліку пра тыя, якія пасля былі выстаўлены ў якасці хабару). Па гэтых матывах — «неадпаведнасці асобных сум даходаўуказаных Віктарам Бабарыкам у дэкларацыі [аб прыбытках за 2019 год] даходам, якія фактычна знаходзяцца ў яго ўласнасці» — Камісія і адмовіла ў рэгістрацыі Віктара Бабарыкі ў кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. (Акрамя гэтага, Камісія палічыла, што Віктар Бабарыка выкарыстаў замежную фінансавую дапамогу ў інтарэсах яго вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты — тэхнічныя сродкі ААТ «Белгазпрамбанк»).

Сродкі прававой абароны адносна гэтых высноў Віктар Бабарыка, знаходзячыся пад вартай, не змог скарыстаць, бо яго скаргі — адна, якая была пададзена яго адвакатам па даверанасці Максімам Знакам, і другая, накіраваная ім асабіста, — не былі разгледжаны Вярхоўным Судом, які 16 ліпеня і 22 ліпеня 2020 г., адпаведна, адмовіў ва ўзбуджэнні па іх грамадзянскай справы. 

Такім чынам, я выклала толькі факты, аб'ектыўную інфармацыю адносна тых падзей, якія папярэднічалі ўзбуджэнню крымінальнай справы і змяшчэнню пад варту Віктара Бабарыкі і наступствы гэтага для яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Дадзеныя факты сведчаць аб тым, што:

  • момант пачатку крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту Віктара Бабарыкі выпаў на перыяд яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Беларусі 2020 года. Ён быў затрыманы менавіта ў той час, як вынікі працы яго ініцыятыўнай групы цягам аднаго месяца прадэманстравалі, што ён не толькі набраў дастатковую колькасць подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты, але і атрымлівае падтрымку значнай колькасці выбіральнікаў;
  • крымінальны пераслед пачаты на фоне вострага палітычнага дыскурсу паміж дзейным Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і Віктарам Бабарыкам, таксама намёкаў на замежнае фінансаванне кампаніі Віктара Бабарыкі і непасрэдных абвінавачанняў яго ў «махлярстве» з боку Аляксандра Лукашэнкі;
  • у выніку прад’яўлення матэрыялаў, якія былі сабраныя органамі крымінальнага пераследу і якія ўтрымлівалі ў сабе здагадку аб атрыманні незаконнага і незадэклараванага даходу, што не было яшчэ расследавана і, тым больш, не вызначана судом, у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Віктару Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты;
  • будучы змешчаным пад варту, Віктар Бабарыка быў пазбаўлены доступу да ініцыятыўнай групы і сродкаў масавай інфармацыі, таму не меў магчымасці публічна адказаць на гэтыя абвінавачанні;
  • знаходзячыся пад вартай, Віктар Бабарыка быў пазбаўлены магчымасці асабіста непасрэдна падаць скаргу на рашэнне Цэнтральнай камісіі, а падача такой скаргі яго адвакатам Максімам Знакам па даверанасці была прызнаная Вярхоўным Судом неналежным спосабам абскарджання.

Паказанае настойліва наводзіць на думку, што крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі і яго змяшчэнне пад варту выкарыстоўвалася не для таго, каб ён паўстаў перад кампетэнтным органам па абгрунтаваным абвінавачанні, а з той мэтай, каб выключыць яго ўдзел у выбарчым працэсе і перашкодзіць выражэнню яго поглядаў у перадвыбарчы перыяд, пакараць за пэўную пазіцыю.

Менавіта такая выснова дапасуецца з пералічанымі мною раней фактамі грубых парушэнняў яго права на прэзумпцыю невінаватасці і працэсуальных правоў, з якіх паходзіў і якімі суправаджаўся крымінальны пераслед. Дыскрэдытацыя Віктара Бабарыкі як чалавека, кіраўніка аднаго з найбуйнейшых банкаў краіны і як прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты, дэлегітымізацыя яго выбарчай кампаніі ў вачах грамадства знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з пашырэннем інфармацыі і публічных сцверджанняў пра вінаватасць Віктара Бабарыкі, у тым ліку па фактах, якія пасля не былі пастаўленыя яму ў віну і не пацвердзіліся. А парушэнне працэсуальных правоў істотна абмежавала магчымасці бараніцца ад крымінальных і публічных абвінавачанняў.

На думку абароны, істотнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што незадоўга да пачатку судовага разбіральніцтва па дадзенай справе Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 лютага 2021 на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу: «Усе парацца з нагоды Бабарыкі: ах, канкурэнт Прэзідэнта, пасадзілі! Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў. У Турцыі ўласнасць панабудаваў. Тут асабнякі, ніхто так не жыве, як ён. Аўтамабілі, хаты, дзяцей уцягнуў у гэта, паадкрываў прадпрыемствы. Што вам яшчэ трэба? Я што, павінен спакойна на гэта глядзець?»

З прававога пункту гледжання, калі службовая асоба, якая прызначае (па пэўнай працэдуры) суддзяў, Генеральнага пракурора, старшыню КДК, старшыню КДБ, такім чынам, публічна пазначае свае адносіны да асобы і дзеянняў Віктара Бабарыкі, а таксама сваё дачыненне да тых мераў, якія да яго былі распачаты, — гэта больш чым сур'ёзная нагода паставіць пад сумнеў аб'ектыўнасць і нестароннасць дазнання, папярэдняга расследавання, пракурорскага нагляду. Гэта таксама можа падарваць упэўненасць у незалежнасці суда.

Такім чынам, усе ўказаныя факты і зробленыя на іх падставе высновы пацвярджаюць тэзіс аб тым, што крымінальны пераслед Віктара Бабарыкі мае мэты, якія адрозніваюцца ад афіцыйна заяўленых і вызначаных крымінальным і крымінальна-працэсуальным законам, але абумоўлены дыскрымінацыйнымі матывамі па прыкмеце палітычных перакананняў. У сістэме агульнага права гэта называецца зламысным пераследам. У прававой сістэме Рэспублікі Беларусь дарэчы казаць пра абмежаванне правоў чалавека ў неправамерных мэтах, што забаронена артыкулам 5 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Неаб'ектыўнасць папярэдняга расследавання

На адсутнасць легітымных мэтаў паказваюць таксама некаторыя рысы крымінальнага пераследу. Прывяду толькі некаторыя прыклады. З пісьмовых матэрыялаў справы праглядаецца тая манера, з якой праводзілася папярэдняе расследаванне, што часам не пакідала сумненняў у яго прадузятасці і неаб'ектыўнасці. 

Так у працэсе вочнай стаўкі паміж Віктарам Бабарыкам і Кірылам Бадзеем 8 ліпеня 2020 следчы Шпакаў П. В. дапусціў выказванне, сэнс якога складаўся у тым, што ўсе «мы» (мабыць, удзельнікі следчага дзеяння) з'яўляемся выбаршчыкамі і як выбаршчыкі хацелі б пачуць паказанні Віктара Бабарыкі, тым самым звязваючы пазіцыю абвінавачанага з яго статусам як прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты.

На судовым пасяджэнні даследавалася скарга абароны на парушэнне парадку правядзення следчага дзеяння, а менавіта: пры допыце Віктара Бабарыкі 24 ліпеня 2020 следчы адмовіўся ўнесці ў пратакол допыту заяву падабароннага аб тым, што ён лічыць, што «крымінальны пераслед абумоўлены ўдзелам у кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Следчы не дазволіў Віктару Бабарыку ў поўным аб'ёме ўчыніць заўвагі ў пратакол пасля заканчэння допыту і засведчыў сваім подпісам толькі частку з іх.

У матэрыялах справы маюцца скаргі абароны на тое, што следчым праводзіліся гутаркі з Віктарам Бабарыкам у СІЗА КДБ па-за парадкам, вызначаным КПК, і без запрашэння абаронцаў. Падчас такіх размоваў 16 ліпеня 2020 кіраўнік следчай групы дазволіў сабе суб'ектыўную негатыўную ацэнку дзеянняў абаронцаў Віктара Бабарыкі, іх прафесійных якасцяў і дзеянняў у працэсе вядзення абароны, паказваючы, што яны няправільныя, неэфектыўныя і шкодзяць падабароннаму. 12 жніўня 2020 ён паведамляў, што Віктар Бабарыка «задумаў гульню ў прэзідэнцтва» і што «гэта вылілася ў дэманстрацыі, дзе загінулі людзі», што цяпер «зусім іншыя ігрышчы», ацэньваў гэта як «дзяржаўны пераварот, які пацягнуў чалавечыя ахвяры», за якія Віктар Бабарыка можа панесці адказнасць.

Ва ўмовах, калі Віктар Бабарыка знаходзіўся ў фізічнай і інфармацыйнай ізаляцыі, асабліва ў перыяд, калі ён быў пазбаўлены магчымасці сустрэч з абаронцамі, адзначанае не можа расцэньвацца інакш, як ціск з боку асобы, якая праводзiць расследаванне, што забаронена ч. 3 арт. 18 КПК. Дадзеныя факты абарона зазначвала ў сваіх скаргах у Генпракуратуру, якія былі ёю не разгледжаны, а накіраваны ў КДБ.

КДБ палічыў довады абаронцаў «надуманымі» і паведаміў, што названыя ў скаргах акалічнасці не пацвердзіліся. Аднак у матэрыялах справы адсутнічаюць звесткі, што па дадзеных скаргах праводзілася аб'ектыўная праверка, якая ўключае апытанне Віктара Бабарыкі. Таму нельга прызнаць высновы, выкладзеныя ў адказах на скаргі, абгрунтаванымі, а довады, названыя ў скаргах, не абвергнуты.

Яшчэ адзін прыклад: у пастанове аб адмове ў задавальненні хадайніцтва абароны аб змене меры стрымання ў дачыненні да Віктара Бабарыкі ад 09 ліпеня 2020 як падстава адмовы прыведзена тое, што «Віктар Бабарыка здзейсніў шэраг цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў». З гэтага бачна, што ўжо ў першы месяц расследавання следчы канстатаваў вінаватасць Віктара Бабарыкі, а гэта значыць, што следства не разглядала іншых версій, чым здзяйсненне Віктарам Бабарыкам злачынстваў.

Гэта ўгледжваецца і з храналогіі расследавання. Так, 24 ліпеня 2020 Віктару Бабарыку было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 430 КК, у якім было пазначана, што ён нібыта стварыў кіраваную ўстойлівую групу з ліку службовых асобаў ААТ «Белгазпрамбанк» для сумеснай злачыннай дзейнасці і ў наступным кіраваў дзеяннямі дадзенай групы, якія паспрыялі сістэматычнаму атрыманню яе членамі ад суб'ектаў гаспадарання хабараў «за станоўчае вырашэнне пытанняў, звязаных з заключэннем і выкананнем крэдытных і іншых дагавораў» паміж ААТ«Белгазпрамбанк» і суб'ектамі гаспадарання, названымі ў абвінавачванні.

Аднак супрацоўнікі банка, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і прыняцці рашэнняў, якія тычыліся менавіта пытанняў заключэння і выканання дагавораў, былі дапытаныя органам расследавання толькі ў кастрычніку 2020. А менавіта гэтыя шматлікія сведкі з супрацоўнікаў банка — былыя і дзейныя намеснікі старшыні праўлення, прадстаўнікі менеджменту сярэдняга звяна, крэдытныя эксперты, работнікі аддзелаў і ўпраўленняў банка — тлумачылі на папярэднім следстве і ў судзе, што:

  • пытанні заключэння і выканання дагавораў вырашаліся ў ААТ «Белгазпрамбанк» у строгай адпаведнасці з лакальнымі прававымі актамі і на аснове эканамічнай мэтазгоднасці;
  • праекты рашэнняў рыхтаваліся супрацоўнікамі, на якіх ніхто з абвінавачаных не аказваў ніякага ўплывурашэння аб заключэнні крэдытных дагавораў, аб змяненні іх умоў прымаліся калегіяльнымі органамі банка паводле працэдуры, у якой улічваліся думкі розных службаў;
  • у банку існавала строгая сістэма кантролю, якая выключала б прыняцце нявыгадных для банка рашэнняў або лабіравання чыіх-небудзь інтарэсаў, адрозных ад інтарэсаў банка. Прычым названыя сведкамі працэдуры пацвярджаюцца лакальнымі актамі банка.

Усе гэтыя паказанні наўпрост выключаюць тэзіс абвінавачання пра тое, што менавіта абвінавачаныя на чале з Віктарам Бабарыка «станоўча вырашалі пытанні ў інтарэсах суб'ектаў гаспадарання». А гэта ёсць вырашальнай умовай для кваліфікацыі хабару. Аднак да стаўлення падабароннаму ў абвінавачванне гэтага складу дадзеныя звесткі следствам не высвятляліся, а калі былі высветленыя, ніяк не знайшлі свайго адлюстравання ў высновах следства і абвінавачванняГэта сведчыць пра тое, што крымінальны пераслед быў накіраваны на падтрыманне адзінай версіі — вінаватасць.

Таксама выклікае пытанні змест абвінавачвання, яго юрыдычныя недахопы і лагічныя памылкі. Доказы і пытанні складу злачынства падрабязна разбяруць мае калегі. Я спынюся на найбольш яркіх момантах, якія відавочна дэманструюць адсутнасць злачынства.

Так, сцвярджэнне аб злачыннай дзейнасці і кіруючай ролі Віктара Бабарыкі ў арганізаванай злачыннай групе абвінавачванне выбудоўвае на шэрагу прэзумпцый аб наяўнасці ў старшыні праўлення банка пэўных паўнамоцтваў: абавязковасць указанняў, права ўжываць дысцыплінарныя спагнанні, падаўжаць кантракты з намеснікамі старшынь, размяркоўваць паміж імі абавязкі, а таксама права вырашальнага голасу старшыняў калегіяльных органаў.

Аднак сама наяўнасць гэтых паўнамоцтваў законна для кіраўніка банка і яго калегіяльных органаў і не кажа пра тое, што гэтыя паўнамоцтвы выкарыстоўваліся супраць інтарэсаў службы і/або ў злачынных мэтах. Калі мы сталі высвятляць гэтыя пытанні ў судовым пасяджэнні, то з паказанняў абвінавачваных і сведак, без якога-небудзь выключэння, устанавілі:

  • нікому з намеснікаў старшыні праўлення Віктар Бабарыка не даваў указанняў дзейнічаць у інтарэсах якіх-небудзь кліентаў банка; іншыя супрацоўнікі наогул не атрымлівалі ад яго ніякіх указанняў;
  • ні адзін з дапытаных у судзе супрацоўнікаў банка не назваў ніводнага дысцыплінарнага спагнання, якое было б ужыта Віктарам Бабарыка або яго намеснікамі, тым больш у якіх-небудзь асаблівых мэтах;
  • прызначэнне, падаўжэнне кантрактаў і размеркаванне абавязкаў паміж намеснікамі старшыні праўлення адпавядала іх кампетэнцыям, пацверджаным атэстацыяй Нацыянальнага банка, штогадовай унутранай ацэнкай вынікаў дзейнасці і напрамкам, якія яны курыравалі, а гэтыя напрамкі і іх лідары былі вызначаны ў працэсе інстытуцыйнага будавання банка (пра што тлумачылі сведкі Антоні А. У., Комір Л. Г.);
  • не згадалася ніводнага выпадку, калі б старшыня праўлення на праўленні, старшыня Камітэт па кіраванні актывамі і пасівамі на пасяджэнні ККАП або старшыні крэдытных камітэтаў на іх пасяджэннях скарысталіся б правам вырашальнага голасу або правам вынесці рашэнне пытання на праўленне. Наадварот, усе члены калегіяльных органаў банка казалі пра тое, што гэтыя органы шляхам дэмакратычнага і адкрытага абмеркавання імкнуліся да прыняцця абгрунтаваных рашэнняў, да кансенсусу.

Такім чынам, здагадкі пра тое, што калі Віктар Бабарыка меў паўнамоцтвы як старшыня Праўлення ААТ «Балгазпрамбанк», то ён імі скарыстаўся ў злачынных мэтах, не пацвердзіліся канкрэтнымі фактамі, і яны не могуць быць пакладзены ў аснову высноваў у вінаватасці.

Таксама на ўзроўні гіпотэзы засталася версія аб нібыта падкантрольнасці Віктару Бабарыку рахункаў названых у абвінавачванні замежных кампаній, з якіх нібыта атрымліваліся хабары. Орган папярэдняга расследавання не расшыфраваў, што ўкладаецца ў паняцце падкантрольнасці, аб'ектыўных звестак, якія пацвярджаюць гэта, не прадстаўлена.

Наколькі можна зразумець, выснова аб нейкай «падкантрольнасці» зроблена толькі на падставе паказанняў некаторых абвінавачаных і сведак, якія даюць розную суб'ектыўную інтэрпрэтацыю таго, чаму яны лічылі замежныя кампаніі падкантрольнымі Віктару Бабарыку. Але з упэўнасцю пра гэта ніхто з іх не ведае. Абвінавачванне назвала Бабарыку «канчатковым бенефіцыярам» пералічаных і перададзеных грашовых сродкаў.

Але нават калі б мы зыходзілі з гэтых суб'ектыўных меркаванняў, сфармаваных у СІЗА КДБ, то не зразумелая логіка: калі замежныя кампаніі былі падкантрольныя Бабарыку і/або фактычна належалі яму, і гэтыя кампаніі ўнеслі ў статутны фонд свае долі, а затым атрымлівалі дывідэнды ад прыбытку прапарцыйна гэтым долям, то выходзіць, што і дывідэнды б фактычна належалі Віктару Бабарыку. У такім выпадку, калі гэта яго дывідэнды, якія нібыта зарабілі для яго падкантрольныя кампаніі, то як растлумачыць тэзіс абвінавачвання пра тое, што гэтыя грошы паступалі і перадаваліся яму ж у якасці хабару?

І калі гэтыя грошы не належалі так званым хабарадавальнікам Харлановічу, Герашчанку, Дабралёту, Марозаву (а яны самі казалі, што з уласных грошай нічога не выплачвалі), то атрымліваецца, што замежныя кампаніі, падкантрольныя Бабарыку, плацілі самому ж Бабарыку хабары ў інтарэсах беларускіх кампаній? Гэта значыць, паводле сэнсу абвінавачвання, хабарадавальнік і хабараатрымальнік як бы супадаюць у адной асобеГэта юрыдычны нонсэнс. Але паўтараю, што гэта толькі здагадкі, якія нічым не даказаны, мы гэтых фактаў не прызнаём.

І яшчэ адзін незразумелы момант: ні «хабараатрымальнікі», ні «хабарадавальнікі» не могуць растлумачыць, за што ж канкрэтна і чаму нібыта перадаваліся хабары. У абвінавачванні ўвесь час паўтараецца «за супрацоўніцтва з банкам». Але мы ўжо казалі пра тое, што супрацоўніцтва кліентаў з банкам ад асобных службовых асоб банка не залежыць. У банку існавала сістэма стрымак і проціваг, якая выключала лабіраванне інтарэсаў асобных кліентаў (пра гэта растлумачыў сведка Кір'янаў, дзейны намеснік старшыні праўлення банка). І ў судзе не адзін раз прагучалі словы пра тое, што банк быў зацікаўлены ў гэтых кліентах, ТАА «Актыўлізінг» і ТАА «Прыватлізінг», а таксама ў працы з «Прававым дыялогам» і «Сістэмамі апрацоўкі інфармацыі» — не менш, калі не больш, чым яны самі, таму што ад крэдытавання гэтых кліентаў банк атрымліваў істотны прыбытак, а іншыя формы супрацоўніцтва (працэсінгавыя, юрыдычныя паслугі) дазвалялі банку эканоміць немалыя рэсурсы.

Таму, нават нягледзячы на прызнанне абвінавачвання, пасля вялікай колькасці апытанняў ні Кузьміч, ні Дабралёт, ні Іллясюк, ні Шабан, ні Бадзей, ні Задойка не сказалі, што яны выконвалі свае задачы ў банку пад умовай нейкай узнагароды ад так званых «хабарадавальнікаў» і не сказалі, што дзейнічалі ў чыіх-небудзь інтарэсах, акрамя банка. Пры гэтым яны проста згаджаюцца з абвінавачваннем, у якім пазначана, што яны «мелі намер атрымання незаконнага грашовага ўзнагароджання ад беларускіх суб'ектаў гаспадарання». Такім чынам, у абвінавачванні яшчэ адна юрыдычная памылка: хабарадавальнік — юрыдычная асоба, чаго ў крымінальным праве быць не можа.

Так званыя «хабарадавальнікі» Кабяк, Харлановіч, Герашчанка, Марозаў таксама не змаглі выразна адказаць на пытанне, чаму яны перадавалі грошы Дабралёту, Кузьмічу, Бадзею.

Кабяк абвясціў, што ў іншым разе супрацоўніцтва з банкам магло б спыніцца і «тэставаць» ён не хацеў, але ў выніку чыіх дзеянняў і як яно б спынілася, растлумачыць не мог. Наадварот, кажучы пра тое, што, калі яго кампанія сабралася скараціць крэдытаванне ў банку, Кузьміч прасіў не рабіць гэтага, бо «банк павінен зарабляць». І сапраўды, асобныя супрацоўнікі банка (напрыклад, саветнік Кузьміча Сарана; дырэктар дэпартамента карпаратыўнага бізнэсу ў інкрымінаваны перыяд, цяпер — намеснік старшыні праўлення Важдаеў; былы намеснік старшыні праўлення Дзякавіч, ды і сам Кузьміч) абвясцілі, што ўтрыманне плацежаздольнага кліента — гэта першачарговая задача, страта значнага кліента разглядалася да НЗ.

Харлановіч і Герашчанка казалі, што адмова ад перадачы грошай, у іх разуменні, магла пацягнуць спыненне крэдытавання і скасаванне дамоваў. Марозаў жа выдаў, што «без перадач больш нічога не будзе». Але пры гэтым яны ж сцвярджалі, што ніхто з менеджараў банка ім гэтага не казаў, такіх умоў не вылучаў, і яны не ведаюць, якім чынам, у выніку чыіх дзеянняў гэтыя іх асцярогі маглі б быць рэалізаваны: якія маглі ўзнікнуць праблемы ў крэдытаванні і хто і чаму б скасаваў дамову з кіраванымі імі кампаніямі. Гэта значыць, ізноў мы бачым нічым не пацверджаныя здагадкі, а хутчэй, адсутнасць у гэтых словах праўды.

У выніку, з паказанняў асоб, якія прызналіся ў здзяйсненні злачынстваў, мы разумеем толькі тое, што тыя, хто назваў сябе хабараатрымальнікам, нібыта атрымлівалі ўзнагароду за тое, што добрасумленна і кампетэнтна выконвалі сваю працу ў банку. А тыя, хто назваў сябе хабарадавальнікам, нібыта пералічвалі і перадавалі грашовыя сродкі (прычым, не свае) за тое, што прыносіла банку прыбытак.

Вось да чаго мы прыйшлі. І ў гэтым няма нават намёку на склад злачынства, на логіку і здаровы сэнс. Такім чынам, у выстаўленым абвінавачванні крымінальны закон настолькі шырока і непрадказальным чынам вытлумачаны і ў крымінальным пераследзе ўжыты ў адвольным парадку, што можна казаць аб надуманасці злачыннага характару гэтых інкрымінаваных дзеянняў.

Насамрэч прырода ўзаемаадносін банка і беларускіх суб'ектаў гаспадарання, гэтых суб'ектаў і іх замежных заснавальнікаў не ёсць злачыннай і ніколі не ўкладвалася ў паняцце хабару. Менеджары банка ніколі не дамаўлялася аб злачыннай дзейнасці ні самастойна, ні ўнутры праўлення або іншых калегіяльных органаў i не ажыццяўлялі яе. Ніякія грашовыя ўзнагароды не перадаваліся і не пералічваліся ў якасці хабару за станоўчае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю службовых асоб банка.

Прырода ўключэння ў склад беларускіх кампаній замежных заснавальнікаў, пералічэння дывідэндаў і разлікаў за долі гэтых кампаній носіць выключна эканамічны характар, які ў працэсе расследавання і абвінавачвання не даследаваўся і катэгарычна адмаўляўся, нягледзячы на тое, што менавіта пра гэта казалі большасць абвінавачаных у сваіх першапачатковых паказаннях.

Бок абвінавачвання як адзін з асноўных аргументаў вылучае тое, што абвінавачаныя (акрамя Бабарыкі) і сведкі «прызналі сваю віну і далі несупярэчлівыя паказанні». Але сам факт прызнання віны нічога не значыць пры адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. А наколькі іх паказанні несупярэчлівыя — вялікае пытанне. Калі Кузьміч адны і тыя ж абставіны на пачатку следства апісвае як эканамічныя адносіны ў бізнэсе, а пасля часу, праведзенага ў СІЗА КДБ, пасля кансультацый, як ён сказаў, «са следчымі», называе іх хабарам, нельга пагадзіцца, што гэта несупярэчлівасць.

У судовым пасяджэнні, акрамя «кансультавання» са следствам і пазапрацэсуальных гутарак, мы пачулі і іншую інфармацыю, якая старанна хаваецца, але нават у малых колькасцях не тое, што кажа, але крычыць сама за сябе. Мы пачулі абрыўкі гісторый пра чалавечыя трагедыі і прыніжэнні ў той час, як фармаваліся паказанні, якія прадстаўленыя на судзе:

  • рэальная пагроза жыццю з прычыны спынення лячэння Задойкі ў выніку яго заключэння пад варту;
  • шпіталізацыя ў працэсе затрымання Шабана, які ў гэты ж дзень быў усё ж вернуты ў ДФР, а затым змешчаны ў СІЗА КДБ;
  • мы прагледзелі відэа ганебнага допыту Іллясюка;
  • даведаліся пра тое, што на першапачатковым этапе расследавання пад варту быў заключаны не толькі сам Дабралёт, але і яго дачка;
  • не кажучы пра тое, што былі разбураны сямейныя сувязі, бізнэсы, кар'еры.

Пры такіх умовах, і калі ўсе, хто выкрывае Віктара Бабарыку, знаходзяцца ў СІЗА КДБ, а значыць, пад уладай і пад кантролем КДБ, маюцца больш чым істотныя сумневы ў доказах абвінавачвання ў выглядзе прызнальных паказанняў

Давайце паглядзім, што мы даведаліся б з крымінальнай справы, калі б абвінавачанне не абапіралася на гэтую «царыцу доказаў». З дакументаў і паказанняў тых сведак, якія знаходзяцца на волі, і таму могуць свабодна выкладаць вядомыя ім факты, не пераследваючы ніякай іншай мэты, чым сказаць праўду, мы даведаліся, што Віктар Бабарыка, старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк», і ягоныя намеснікі паспяхова на працягу многіх гадоў кіравалі банкам:

  • Што ўсе яны былі прафесійныя і кампетэнтныя, прызначаныя на пасады ў адпаведнасці з належнымі працэдурамі, якія ўключалі і атэстацыю ў Нацбанку Беларусі.
  • Што рашэнні аб заключэнні дагавораў з кліентамі, пра якія ідзе гаворка ў абвінавачванні, прымаліся выключна ў інтарэсах банка, а рашэнні аб заключэнні крэдытных дагавораў — у прынцыпе калегіяльна, на аснове заключэнняў адпаведных службаў.
  • Што ніхто з абвінавачаных інтарэсаў беларускіх гаспадарчых таварыстваў не лабіраваў, на прыняцце рашэнняў і здзяйсненне дзеянняў у дачыненні да гэтых кліентаў іншымі супрацоўнікамі банка не ўплываў.
  • Што супрацоўніцтва з гэтымі кліентамі прыносіла банку прыбытак, а кампаніі развіваліся, развіваючы пры гэтым пэўныя сектары эканомікі.
  • Што ў гэтых кампаній былі заснавальнікі, у тым ліку замежныя, якія атрымлівалі дывідэнды з прыбытку.
  • Што рашэнні аб выплаце гэтых дывідэндаў адпавядалі законным працэдурам.
  • Што змяняліся ўладальнікі замежных кампаній, ажыццяўляліся пэўныя ўзаемаразлікі.

І так было доўгі час. Бізнэсы развіваліся, банк квітнеў, людзі будавалі свае жыцці і кар'еры, паважалі сябе, іншых, і іх усе паважалі. Але ў пэўны момант усё змянілася, і пачалі гаварыць: «Дык гэта ж злачынная дзейнасць, гэта ўсё Бабарыка, гэта ён арганізаваў і кіраваў ёю, гэта яму належаць замежныя кампаніі, іх долі ў беларускіх кампаніях, і ён жа ад гэтага атрымліваў і размяркоўваў хабары».

Гэта нагадвае казку пра Ката ў Ботах. Калі ехаў кароль і пытаўся «А чые гэта полі?», а людзі адказвалі: «Маркіза Карабаса»; «А чые гэта лугі?» — «Маркіза Карабаса». А на самай справе гэта ўсё было не яго, і ніякага маркіза Карабаса не было. А чаму людзі так казалі? Таму што да гэтага прабег Кот у Ботах і сказаў: «Кажыце так, інакш я вас у парашок сатру».

Вяртаючыся да нашай справы, адказ на пытанне «Чаму «канцэпцыя» змянілася ў адзін момант?» знаходзіцца ў пачатку маёй прамовы і ў пазіцыі Віктара Бабарыка: крымінальны пераслед і заключэнне пад варту яго, яго блізкіх, сяброў і былых калегаў выкарыстаны не для мэтаў рэальнага раскрыцця злачынства, доказу вінаватасці або абгрунтавання невінаватасці, гэта значыць не для мэтаў крымінальнага права і крымінальнага працэсу. Пераслед стаў інструментам дыскрымінацыі дырэктара з прычыны палітычных перакананняў і сродкам выключэння Віктара Бабарыкі з выбарчага працэсу.

Мяркую, што я прывяла дастаткова аргументаў, якiя абгрунтоўваюць гэтую пазіцыю, і наяўнасць разумнага сумневу ў абгрунтаванасці і законнасці выстаўленага абвінавачання навідавоку. А менавіта наяўнасць разумных сумневаў у абвінавачванні — падстава для апраўдальнага прысуду ў прававой дзяржаве.

Далучаюся да аргументаў калег. Для заключэння хачу проста працытаваць з Кодэкса гонару суддзі Рэспублікі Беларусь (дакумент, які напісаны ў добрай юрыдычнай тэхніцы, таму што складаўся самімі суддзямі, і ён не змяняўся з 1997 года): «У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь суддзя незалежны і падпарадкоўваецца толькі закону. Ніякія спасылкі на «вышэйшую справядлівасць» і мэтазгоднасць, чые-небудзь інтарэсы і іншыя абставіны не могуць прызнавацца прыярытэтнымі ў адносінах да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншым прынятым у адпаведнасці з ёй актам заканадаўства» (артыкул 2).

  • Прашу Віктара Дзмітрыевіча Бабарыку апраўдаць за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства;
  • у адпаведнасці з артыкулам 463 КПК прызнаць яго права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, уключаючы ў сябе права на кампенсацыю маёмаснай, фізічнай шкоды, ліквідацыю наступстваў маральнай шкоды, прычыненых Віктару Бабарыку ў выніку затрымання, утрымання пад вартай;
  • у адпаведнасці з часткамі 4 і 5 артыкула 33 КПК вынесці прыватныя азначэнні на адрас КДК, КДБ, Генпракуратуры, Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» на парушэнні правоў Віктара Бабарыкі, уключаючы прэзумпцыю невінаватасці, права на абарону, права на зварот у суд, а таксама парушэнні закона, дапушчаныя пры вытворчасці дазнання, папярэдняга следства, пры ажыццяўленні пракурорскага нагляду, на якія звярнула ўвагу абарона».

spring96.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера