Знайсці
16.06.2021 / 15:43РусŁacБел

Марына Золатава з Валадаркі: Мая бабуля сядзела тут падчас нацысцкай акупацыі

Амаль месяц галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава знаходзіцца за кратамі. Яе і яшчэ 14 чалавек, звязаных з кампаніяй, абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і саўдзеле ў злачынстве. Уся інфармацыя па справе хаваецца. Адвакатам, з якіх узялі падпіску аб невыдаванні, забаранілі нават казаць, па якім артыкуле выстаўленыя абвінавачванні. З лістоў Марыны Золатавай Tut.by удалося даведацца, ці чакала яна, што за ёй прыйдуць, у якіх умовах знаходзіцца ў СІЗА і што думае пра разгром Tut.by. 

Марына Золатава. Фота Надзеі Бужан

— Першыя тры дні пасля затрымання на Акрэсціна я была адна ў камеры і першую ноч спала на матрацы, — успамінае Марына падзеі месячнай даўнасці. — Потым матрац забралі «на пражарку» і назад ужо не аддалі. Было халодна. Парадавалася, што ўзяла з дому паліто. Спала ў ім на голай шконцы. Але ўсё роўна трэба было ўставаць ноччу, рабіць практыкаванні, каб сагрэцца. У дзень, калі сваякі перадалі перадачу на ІЧУ, мне яе не аддалі. Хтосьці з калідора крыкнуў: «Золатава, ваш муж перадаў вам перадачу, я яе не аддам». Я спытала: чаму? Мне адказалі: «Бо ваша шарашкіна кантора ўжо напісала, што перадачу не прынялі».

Раніцай 20 мая сваякі супрацоўнікаў Tut.by прынеслі перадачу ў ІЧУ на Акрэсціна. Як пазней высветлілася, падазраваных у гэты час павезлі на допыт у ДФР. Так што перадачы прынялі толькі з другога разу, аддалі іх пазней і па частках.

На наступны дзень Марыну Золатаву і яшчэ некалькіх яе калегаў перавезлі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, некаторых фігурантаў адправілі пад варту ў СІЗА КДБ. З 15 чалавек толькі трое знаходзяцца на волі — пад хатнім арыштам, з забаронай на пэўныя дзеянні.

Марына адзначае, што ў СІЗА на Валадарскага стаўленне персаналу да затрыманых больш гуманнае, чым у ІЧУ, дзе працуюць «больш грубыя людзі».

— Першае, што я падумала, калі мы сюды трапілі, што мая бабуля падчас акупацыі сядзела тут, у падвале на Валадарцы, — кажа наша калега. — І калі нас вядуць на прагулку па скляпеністым падвале, я ўспамінаю яе аповеды і думаю: ці не той гэта падвал? Яна цудам пазбегла смерці, яе павінны былі расстраляць. Потым яе забралі ў палон. Але яна вярнулася дадому, і мы вернемся.

Самае цяжкае — адсутнасць інфармацыі, сувязі з роднымі людзьмі. Сын без мяне адзначыў 15-годдзе, а дачка правяла без мяне выпускны і будзе паступаць ва ўніверсітэт.

Камера, кажа Марына, падобная да купэ цягніка, але на другім ярусе можна стаяць ва ўвесь рост і рабіць зарадку.

— Толькі наш цягнік стаіць у цэнтры Мінска. З 6-й да 22-й гадзіны практычна кожны дзень грае радыё, але навін не чуваць зусім. Спім, ямо, чытаем, пішам, выходзім (г. зн. выводзяць) на прагулку ў маленькі дворык — там таксама робім зарадку, гуляем у кракадзіла або словы. Па панядзелках ходзім у душ. Па раніцах у камеру свеціць сонца. Калі забыцца пра краты, а думаць толькі пра «вейкі» (спецыяльная агароджа ў турэмных камерах), можна ўявіць, што знаходзішся ўнутры нейкага італьянскага жылля, дзе на ўвесь дзень закрываюць вокны ад сонца. Зноўку вучуся пісаць ад рукі і жыць без Google. Пайшла па слядах Барысевіч (журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч амаль пяць месяцаў правяла на Валадарцы): здаецца, чытаю ўсё тое, што яна чытала. А ўчора вось вывучыла «Дай, Джым, на шчасце лапу мне» Ясеніна. У нашым «італьянскім дворыку» яшчэ ёсць чорны кот. Кажуць, яго завуць Міша. Раніцамі чуваць спевы птушак, а яшчэ часта крычаць чайкі.

Ці ведала Марына, што па яе прыйдуць, што будзе разгромлены TUT.BY?

— Я разумела, што рэпрэсіі працягваюцца і рана ці позна закрануць нас, але тое, што адразу затрымаюць так шмат людзей і адначасова заблакуюць сайт, я ўявіць сабе не магла. Я дапускала, што адразу можа быць заблакаваны рэсурс. Да гэтага ўсё ішло, у тым ліку адпаведныя законы.

Галоўны рэдактар кажа, што да затрымання прадстаўнікі ўлады наўпрост да яе не звярталіся «з пажаданнямі».

— Але я дапускаю, што такія звароты маглі быць да кіраўніцтва кампаніі, — адзначае яна.

Якія будуць наступствы для краіны пасля разгрому самага буйнога анлайн-медыя?

— Мне складана ацаніць наступствы для краіны, бо знаходзячыся ў СІЗА, я не ведаю ўсёй карціны, — кажа галоўны рэдактар. — Але Tut.by нікуды не дзенецца. Цяперашняя сітуацыя для мяне — часовая з'ява. Разгром робіць яшчэ больш відавочным, што ідзе татальная зачыстка інфармацыйнай прасторы. Для ўладаў наш рэсурс — костка ў горле. Але тое, што Tut.by заблакаваны, не азначае, што ўсе пойдуць глядзець БТ. Tut.by — гэта 3 млн карыстальнікаў. Паводле рашэння ўлады 3 млн чалавек засталіся без сваёй любімай крыніцы інфармацыі. Гаворка ідзе не толькі аб навінах, але і аб неабходных людзям сэрвісах накшталт «Афішы» або «Фінансаў». Мяркую, што людзі абураныя тым, што няма Tut.by. Але Tut.by на самай справе ёсць, бо мой калектыў працягвае працаваць у сацыяльных сетках, за што я ім бязмерна ўдзячная. Я ведала, што з нашай камандай не можа быць па-іншаму.

Таму Tut.by нікуды не знікне, будзе як у песні: «Плывуць у тумане стагоддзі і сталь спарахнее ўшчэнт. А мы тут былі і тут будзем, пакуль існуе гэты свет». Я па-ранейшаму ўпэўненая, што справядлівасць рана ці позна пераможа, але рэпрэсіі закрануць яшчэ шмат людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930