Знайсці
30.06.2009 / 12:341РусŁacБел

Саксафоны і гарматы

Гарадзенскі рэпартаж зьмяшчае на сваім блогу Сяргей Астравец.

Горадня зьвяртаецца да цябе відэашэрагам, прамаўляе саштукаваным абліччам, тварамі, сцэнамі, вобразамі, якія ўзьнікаюць у тваёй галаве, прыцягвае ўвагу фасадамі, вітрынамі, шыльдамі. Можа ня ўсе на гэта абавязкова зважаюць, ня ўсе маюць патрэбу, хай, табе цікава, табе неабходна. Ты ідзеш нібы па кірмашу: кава, гарбата, мандарыны, шпроты, памідоры, бульба, буракі…

Перад домам начальства чарга з аўтобусаў, шыльдачкі на шыбах: да нас завіталі абранцы чэсных выбаршчыкаў! Мягкія аўтобусы, апошні сьціплейшы, але з аграмаднымі ленінамі на борце і ганарлівым надпісам — «ленінаносная некалькі разоў вобласьць»! А вы кажаце ў Яўропу за вушы можна выцягнуць, паспрабуйце! Жанчына‑чыноўніца разглядае зацікаўлена новы часопіс, напружваеш бакавы зрок: на вокладцы з піетэтам пададзена «ПРАВДА» ленінская. Ільліч дарагі, 2009 год на вуліцы!

Ідэалягічна‑ленінскі настрой крыху мікшыруе бронзавы купідон з лукам, ты ўжо нейк пісаў, што дазволілі яго паставіць у непасрэднай блізкасьці ад дзяржаўнага гмаху з умовай: «сюсю» схаваць! Яе сапраўды няма. Але начальству ўсё роўна няма часу, каб разьняволіцца, стралу замовіць у хлопчыка з крылцамі, яно працягвае штудзіраваць «ПРАВДУ». Ай, да д’ябла са сваёй «ПРАВДАЙ» — газэтай зь нясьціплай назвай, як напісаў адзін сучасны расейскі пісьменьнік. А ты лепей — да тэатру, дзе Міцкевіч з кракаўскім акцэнтам. А гэта сапраўды падзея, тамтэйшая трупа «маскі, лялькі і актора» сюды яшчэ не трапляла. Хай сваю «ПРАВДУ» чытаюць‑не начытаюцца, а ты паглядзі і паслухай «баляды і рамансы», палякі прывезьлі вашага Міцкевіча, а рэжысэрка мае прозьвішча хутчэй славацкае альбо чэскае. Міжвольная думка: ці ведаюць, што на гэтай вуліцы, за чатырыста мэтраў бронзавы голаў паэта, якога падаравала места Варшава, ці сходзяць да яго, ці не?

Выходзіш з тэатру і купляеш газэтку: знаёмыя твары! У артыкуле «Апцімізацыя ўнушае апцімізм» людзі ў белых халатах з цэлафанавымі шапачкамі як для душу, якія выдатна спазіравалі: разглядаюць штось у жменах у племптушкарэпрадуктары. Што ж, усё ў нас круціцца, каму вайна, а каму маць радная, у сэнсе каму крызіс, а каму толькі нястрымны ўздым і росквіт несусьветны, прадукцыя — з рога ўсяго многа, лічбы ўсё брыняюць, папросту НЭП якісьці, Ільліч бы парадаваўся, як піць даць.

Збочваеш за рог, зноўку знаёмыя твары і вельмі адметная багатая шавялюра! Гэта ж удзельнікі супольнай міждзяржаўнай камісіі, якія вось толькі ў авальнай каралеўскай зале слухалі даклады пра посьпехі вашай рэстаўрацыі, пра перадавыя пазыцыі, на якіх вы апынуліся, дзякуючы ўласнай празе ўставіць яшчэ што‑небудзь у сьпіс ЮНЕСКО. Гід паказвае рукой эксклюзыўным гасьцям на трохпавярховую камяніцу запольскага часу, усе паварочваюцца, бяруцца за фотаапараты. Шаноўныя сябры, гэта наш гатэль, дарэчы — назва вашая — польская, «Беласток»! Быў закрыты 21 год назад! Што з гэтага вынікае, шаноўныя сябры? Тое, што мы падыходзім да рэстаўрацыі ня з шаблямі нагала, а рыхтуемся цацку зрабіць, што ўсяму сьвету зайздрасьць!

Пойдзем далей, а далей падзея ў Старым замку, ня надта гучная, увогуле камэральная хутчэй, калі шчыра. На скрыжаваньні перад пажарнай вежай чакаеце сьветлафору ўтрох са знаёмымі мастакамі, глядзіце у неба, на вежы над галавой старога пажарніка прымацавалі лямпу — падсьвечваць. Пераходзіце вуліцу кашталяна замка, насустрач публіка замежнага выгляду, яны глядзяць на вас, вы на іх, пасьміхаецеся. Неверагодна, палякі! Няўжо, няўжо, інтурыст цугам паваліў нарэшце, як марыла начальства?!

На дзядзінцы навіна — паставілі сцэну, уяўляеце — у Старым замку фэст джазавы! Але вам унутр, узьнімаецеся лесьвіцамі, направа, зноўку направа, налева — пакоі, залі, калідоры, лябірынты: гарматы, кулямёты, чырвоныя сьцягі, быццам не ў каралеўскіх апартамэнтах, а ў крэпасьці‑героі апынуліся, якую наведалі сваім часам нават фюрэр з дучэ, а Ёсіф не пажадаў… У патрэбнай зале — у самым канцы, кутняй — паўночна‑заходняй польскія плякаты і лінарыты, зьдзіўляе, што аўтары супрацоўнічаюць з касьцёлам, а паўсюль выразна эратычныя матывы. Узьнімаеш галаву — галерэя з каванай агароджай, пры Стэфане Баторыі напэўна ж месца для музычнай капэлы. Хаця табе здаецца, а чаму б самому каралю не сказаць было цёплае слова для сабраных на баль гасьцей, нагадаўшы, што за сьценамі сьцюжа, сьнежань, а магнатэрыю і шляхту чакае такайскае? Вось яно, дарэчы, разьліта па келіхах, ты вазьмі аднак бадай чырвонага.

А на падворку ўжо рошчына гатовая: спрабуюць інструмэнты, граюць урыўкі, дзяўчаты з саксафонамі спускаюцца з ганку, абапал бронзавыя гарматы, вылаўленыя ў Нёмане, і каменныя кулі, робіш здымкі. Дзяўчаты з саксафонамі — гэта ўражвае, у рыльцы — скруткі з нотамі, саксафон табе здаваўся дагэтуль зусім мужчынскім інструмэнтам. Цікава, каб мастакі гэтыя ўбачылі саксафоны ў руках дзявочых, што б у іх намалявалася? Ад двух дасьведчаных людзей чуеш дзьве навіны. Адна не навіна, зрэшты, дакляравалі паставіць сцэну спачатку на напаўразбураным муры па‑над Нёмнам, але сьцяна замалая, а было б грандыёзна! Другое: заўжды такія канцэрты ў замку Новым, а цяпер — не, там будуць сустракацца два вялікія начальнікі — ваш зь літоўцам.

Як файна адчуць жыцьцё гораду, ягоны пульс, паслухаць джаз у Старым замку, але ж у цябе квіткі на тэатральную прэм’еру… Спэктакль — жэсьць, публіка прыгаломшана, яна папросту ў шоку, ты спрабуеш засяродзіцца, спарадкаваць думкі. На сцэне толькі два чалавекі: кабета‑бляндынка і яе ненармальны сынок, ён вяртаецца з фашыстоўскай зборкі і пачынае яе муштраваць: устаць — легчы! Карацей, упаў‑аджаўся. Яна, што — маці‑краіна? Ці ты выдумляеш? У пэўным сэнсе, паколькі ўсё больш літаральна і жорстка, само сабой. Прыдумаў паляк, які схаваўся за якімсьці скандынаўскім псэўданімам. Сёньня адныя палякі!

На джаз‑фэсьце яны таксама, польскія саксафаністы і літоўскія, і вашыя саксафаністкі… Пасьля ўсяго ты сядзіш з келіхам чырвонага, гарадзенскі дзень згас, табе уяўляецца, як двух дзяржаўных начальнікаў запросяць паслухаць музыку, бо зусім невыпадкова фэст у замку міжнародны, з літоўскім удзелам, а начальству патрэбная таксама культурная праграма пасьля сур’ёзных гутарак, паслухаць джаз — файны вынік дня. Літоўскі чыноўнік бачыць пекных саксафаністак і яму хочацца патрымаць у руках саксафон, штось сказаць цёплае, нават гарэзьлівае. Мясцоваму таксама хацелася б, але яму недарэчна ўзгадваецца заакіянскі саксафаніст‑залётнік зь Белага дому, якога дагэтуль любіць хвастаць дзяржаўная прапаганда, і ён з палёгкай аддае рэй лабасу вакарасу.

Сяргей Астравец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера