Знайсці
08.06.2021 / 14:09

Прэйгерман: Палітычная сістэма будзе перафарбаваная, але сутнасць яе застанецца ранейшая

Не трэба было пратэстаў, як у 2020-м, трэба быў працяг той эвалюцыі, якая адбывалася ў 2014—2020-м, мяркуе палітолаг, блізкі да Міністэрства замежных спраў. Дырэктар Рады міжнародных адносін «Мінскі дыялог» Яўген Прэйгерман лічыць, што пратэсты паставілі незалежнасць краіны пад пагрозу, і не верыць у магчымасць дэмантажу аўтарытарнага рэжыму.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан

У красавіку 2020 году ў «Нашай Ніве» быў апублікаваны артыкул Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваннем». У ім аналітык выказаў думку, што Беларусь у найбліжэйшы час чакаюць тры глыбокія крызісы (эпідэмічны, эканамічны і геапалітычны) і што раскол, які ёсць у краіне, будзе яшчэ больш пагаршаць умовы гэтых крызісаў. З гэтага Прэйгерман зрабіў выснову, што Беларусі як ніколі неабходна адзінства ўсіх грамадскіх палітычных сілаў. Ён заклікаў апазіцыю да дыялогу і адзінства з уладамі.

У інтэрв'ю радыё «Свабода» Яўген Прэйгерман заявіў, што ў краіне адбылося менавіта тое, ад чаго ён засцерагаў у сваёй публікацыі. Цалкам інтэрв'ю можна пабачыць на Youtube. Ніжэй прыводзім ключавыя цытаты з гутаркі.

«Аслабленая краіна — гэта прамы шлях да дзяржаўнай катастрофы»

«У артыкуле да выбараў я пісаў і папярэджваў, што калі мы дапусцім лабавое сутыкненне паміж аўтарытарнай уладай і пратэстам, які паводле азначэння яшчэ не гатовы, каб перамагчы ў такім сутыкненні, то адзінае, што мы атрымаем — трагедыю, якая падарве краіну знутры. А ведаючы нашыя геапалітычныя рэаліі, лёгка было прагназаваць, што гэта скончыцца геапалітызацыяй сітуацыі. Аслабленая краіна — гэта прамы шлях да дзяржаўнай катастрофы».

«Мы даказваем, што не падрыхтаваныя, каб быць паўнавартаснай незалежнай дзяржавай»

«На розных міжнародных канферэнцыях мне даводзілася чуць, што Беларусь атрымала незалежнасць выпадкова. Тады ў артыкуле я падкрэсліў, што мы маем, напэўна, першы шанец за 30 гадоў, каб даказаць усім, што гэта не выпадкова. На вялікі жаль, пакуль мы ідзём да таго, што даказваем, што гэта было выпадкова і што мы не падрыхтаваныя, каб быць паўнавартаснай незалежнай дзяржавай.

У нас няма ўнутранай эліты, якая можа дамовіцца паміж сабой і пазбегнуць таго, што, на вялікі жаль, непазбежна, калі мы падрываем сябе знутры».

«Не дзеля таго ён ідзе на ўсё для захавання ўлады, каб потым сказаць, што дыялог — гэта ОК»

«Было б дзіўна чакаць ад аўтарытарнай улады, што яна пойдзе на дыялог з тымі, каго яна разглядае непасрэдным ворагам.

Другі фактар тэхнічны. Калі вы паглядзіце, што мелася на ўвазе пад дыялогам (не тое, што гаварыла асяроддзе Ціханоўскай, а больш важна тое, што казалі заходнія краіны, пляцоўка АБСЕ), фактычна яны мелі на ўвазе, што Аляксандр Лукашэнка пачынае размаўляць пра сваю адстаўку. Не дзеля таго ён ідзе на ўсе захады, каб захаваць сваю ўладу, каб потым сказаць, што ок, дыялог гучыць добра, прыкольна, сучасна, таму мы яго пачынаем».

«Цяпер наіўна чакаць нечага іншага»

«Калі б было магчыма зрабіць крок назад, то гэта б здарылася. Я пра гэта папярэджваў. Неяк выстройваць камунікацыю можна было на падставе тых працэсаў, якія ішлі ў нашай краіне цягам апошніх пяці—шасці гадоў.

Я размаўляў і з прадстаўнікамі ўладных асяродкаў. Яны таксама мелі шмат прэтэнзій, што ідуць пэўныя ператварэнні, якія не суадносяцца з іх уяўленнем, што мае адбывацца ў краіне і што яны мусяць сутыкацца і размаўляць з людзьмі, якіх яны раней лічылі палітычнымі або асабістымі ворагамі.

Гэта быў вельмі здаровы працэс, і ён заняў бы шмат часу. Невядома, чым бы ён скончыўся, але шанцаў, каб мы сапраўды выбудавалі дзяржаву, якая базуецца на паразуменні паміж палітычнымі апанентамі, было больш. А цяпер наіўна чакаць нечага іншага».

«Улады пабачылі абсалютную нецярпімасць з боку сваіх ідэалагічных апанентаў»

«Я спрабаваў распачаць дыскусію пра гэта за некалькі месяцаў да выбараў. Але ўжо, напэўна, было позна. Патрэбны былі сігналы з абодвух бакоў, што ніводзін з бакоў не хоча ісці на сутыкненне, якое паставіць пад пытанне ўнутраную стабільнасць і дзяржаўнасць, і таксама што кожны з бакоў бачыць на другім баку сваіх суайчыннікаў, людзей, якім баліць за Беларусь. Нават калі паглядзець на тую рэакцыю, якую я атрымаў на той артыкул, я магу толькі ўявіць, якія высновы на падставе гэтага зрабілі людзі, якія з'яўляюцца ўладай. Яны пабачылі абсалютную нецярпімасць з боку сваіх ідэалагічных апанентаў. Нават тыя, хто лічыў, што 5-6 гадоў ідуць вельмі здаровыя працэсы, яны пачалі сумнявацца, ці можна з тым бокам пра нешта размаўляць, калі першае, што яны атрымаюць пасля змены ўлады, гэта судовыя працэсы».

«Калі Лукашэнка будзе кантраляваць сітуацыю, то з ім будуць наладжваць адносіны»

«Калі вы маеце спробу няўдалай рэвалюцыі, то за гэтым ідзе контррэвалюцыя. Было відавочна, што будзе менавіта так. Я спадзяюся, што ўлада спыніцца, я намагаюся праводзіць паралелі з 2010 годам, тады таксама былі падобныя працэсы. Але маштаб крызісу быў іншы. Тады за год змаглі ўсё зачысціць, цяпер спатрэбіцца больш. Вярнуцца цалкам на папярэднія рэйкі будзе вельмі цяжка. Але калі Лукашэнка будзе заставацца чалавекам, які кантралюе сітуацыю і прымае рашэнні, якія для краіны з'яўляюцца канчатковымі, то так ці інакш будуць шукацца варыянты, каб наладжваць з ім адносіны».

«Пасля гэтага прэзідэнцкага тэрміну імя прэзідэнта ў Беларусі будзе іншае»

«Пасля гэтага прэзідэнцкага тэрміну мы пабачым сур’ёзныя змены. Хутчэй за ўсё, імя прэзідэнта ў Беларусі будзе іншае. І гэта, магчыма, будзе выйсце з сітуацыі. Якая будзе роля Лукашэнкі, мы пабачым. Але вялікая імавернасць, што гэта ён будзе прымаць ключавыя рашэнні. Думаю, што і сама ўлада знаходзіцца цяпер у стане рэагавання. Яна адказвае на тыя выклікі, якія існуюць, і рэагуе на сітуацыю, якая змяняецца. Ёсць агульнае разуменне, што будуць канстытуцыйныя перамены, каб у выніку змены ўлада гарантавала сабе механізмы захавання ўлады».

«У любым выпадку гэта пэўны пачатак транзіту»

«У лабавым сутыкненні ўлада перамагла. Было б дзіўна, каб аўтарытарны рэжым, які мае такі ўзровень рэпрэсіўнай машыны, які падтрымліваецца Расіяй, каб ён не перамог. Ясна, што якасна сітуацыя не вернецца ў ранейшы стан. Цяпер рэжыму трэба захаваць уладу, сваю поўную дамінацыю і неяк рухацца наперад. Калі не будзе крызісаў, то сітуацыя вырашыцца так, што будзе перафарбаваная палітычная сістэма. Сутнасць яе застанецца ранейшай. Але праз нейкія тэхнічныя змены ўлада прапануе нейкую новую мадэль. Не будзе проста іншага выйсця, акрамя як яе прыняць. У любым выпадку гэта пэўны пачатак транзіту. Тут, хутчэй, паралелі з Казахстанам, дзе таксама быў амаль пажыццёвы лідар, але які фармальна змяніў сваю прапіску. Думаю, што пра такое, хутчэй за ўсё, будзе ісці гаворка і ў нас».

«Расія была зацікаўленая, каб ён выйшаў значна аслабленым. Так і атрымалася»

«У канцы 2018 году прэм’ер-міністр Расіі выступіў з ультыматумам у Берасці, маўляў, трэба вызначыцца: ці мы працягваем паглыбляць нашую двухбаковую інтэграцыю праз дамову 1999 года, ці цалкам пераходзім на міждзяржаўныя адносіны. Зразумела, усе выбралі першы варыянт, пачаліся перамовы, дарожныя мапы. І недзе ў канцы 2019-га — пачатку 2020 году фактычна гэты працэс спыніўся. Тады Лукашэнка адчуваў сябе абсалютна ўпэўнена, каб сказаць «не» на ўсе тыя прапановы, якія, як ён лічыў, могуць пашкодзіць беларускаму суверэнітэту і ягонай асабістай татальнай уладзе. І Расія таксама ўзяла паўзу, каб паглядзець, у якім стане Лукашэнка выйдзе з прэзідэнцкай кампаніі. Расія была зацікаўленая, каб ён выйшаў значна аслабленым. Так і атрымалася, нават больш, чым чакалі ў Маскве. І цяпер бакі вярнуліся да тых перамоваў. Манеўры ў Лукашэнкі ёсць, але рабіць яму гэта вельмі цяжка. Раней у яго было меню на 10 старонак, а цяпер добра, калі ёсць адна старонка».

«Калі адбудзецца радыкалізацыя, то кроў будзе вялікая»

«Калі адбудзецца радыкалізацыя, то кроў будзе вялікая. З аднаго боку, ёсць аўтарытарныя ўлада, узброеная, і ёсць нейкая групоўкі, ці мо будуць, якія могуць нешта распачаць. Але наступствы можна бачыць ужо цяпер: колькі людзей страцілі жыццё, знаходзяцца за кратамі, колькі сем’яў з гэтым сутыкнуліся, з'ехалі. Уявіце, калі пачнецца супраціў са зброяй. Нават калі тады, у жніўні, камусьці з асяродкаў улады здавалася, што Аляксандр Лукашэнка падае, а ён не ўпаў, то як ён упадзе цяпер? Толькі ў тым выпадку, што тыя фактары, якія не далі яму ўпасці тады, будуць змененыя. Сацыялагічныя даследаванні, якія я бачыў, сведчаць пра тое, што ва ўмовах, калі не адбылося хуткай перамогі ў сутыкненні, усё большая колькасць людзей пачынае ўстрымлівацца ад пратэстаў».

«Ты не можаш нават страйк зрабіць, то пра што можна гаварыць»

«Лідарства — гэта ня проста назвацца кімсьці, гэта нейкія дзеянні. Гэта калі людзі бяруць на сябе адказнасць, прапануюць нейкі шлях вырашэння, і ён рэалістычны. Гэта не тое, што нехта заклікае прагаласаваць анлайн або я раблю ўльтыматум, які толькі паказвае, што ў мяне няма ніякага фактычнага ўплыву на тое, што адбываецца. Ты не можаш нават страйк зрабіць, то пра што можна гаварыць. Я нікога не абвінавачваю, гэта аналітычны факт. Гэтых фактараў не было, і я ня бачу, як яны маюць узнікнуць цяпер. Таму я не бачу, як можна пачацца новая хваля пратэстаў, якая якасна зменіць сітуацыю»

Дзмітрый Гурневіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30