Знайсці
12.06.2021 / 17:24РусŁacБел

«Доўгі час баялася бусаў». Як складваецца за мяжой жыццё экс-машыністкі крана з МТЗ, якую звольнілі за спробу забастоўкі?

Пасля выбараў з МТЗ было звольнена некалькі дзясяткаў чалавек (лідар стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі назваў «Нашай Ніве» вядомую яму лічбу ў 76 чалавек, але яна не канчатковая). Сярод звольненых — і экс-машыністка крана Ульяна Гарбачова. Яна не хацела з’язджаць з краіны пасля звальнення, але ўсё ж зрабіла гэта пасля дзіўнага затрымання і суда. Расказваем, як гэта — на вялікай хуткасці збіраць чамаданы, сябе і маленькага сына і будаваць жыццё з нуля ў новай краіне.

Ульяна Гарбачова

«Сама не магла працаваць сярод людзей, у якіх расчаравалася»

Ульяна больш за дванаццаць гадоў адпрацавала на МТЗ, прыйшоўшы туды ў 19. Пачынала на штампоўцы дэталяў, а пасля працы са скруткамі металу скончыла курсы машыніста крана.

«З адукацыі я ўвогуле швачка-кравец-прадпрымальнік. Скончыла ліцэй лёгкай прамысловасці. Але на першай жа практыцы зразумела, што гэта не зусім маё. Я нарадзілася і вырасла ў Трактарным пасёлку, мая бабуля працавала на МТЗ у ліцейцы, дзядуля там жа — спачатку зваршчыкам, пасля трактарыстам. Так што выбар месца першай працы быў наканаваны. Праўда, спачатку мне адмовілі: сказалі, што дзяўчаты ім не патрэбныя. Тады я праз знаёмую зрабіла разавы пропуск і пайшла шукаць сабе месца сама: гутарыць з начальнікамі цэхаў», — расказвае Ульяна.

Ульяне вельмі падабалася працаваць на кране. За 12 гадоў у яе не было ніводнай заўвагі і тым больш пазбаўлення прэміі — ніякіх дысцыплінарных спагнанняў.

За працай

Аднак ні гэта, ні наяўнасць сямігадовага сына, якога яна выхоўвае адна, не перашкодзіла звольніць жанчыну разам з многімі іншымі добрымі спецыялістамі за спробы забастоўкі і дыялогу з кіраўніцтвам.

«Варта адзначыць, што да жніўня 2020-га, як і многія, я не асабліва цікавілася палітыкай. Разумела, што адбываецца ў краіне, але ў агульных рысах. Тут жа пачала сачыць за перадвыбарнай кампаніяй: з’явіліся класныя кандыдаты ў прэзідэнты — Бабарыка, Ціханоўскі. І спачатку мне плюнулі ў твар, калі іх не зарэгістравалі, пасадзілі ў турму. А пасля, калі ўсё зноў было сфальсіфікавана, нягледзячы на шматлікія доказы, што Лукашэнка прайграў, я проста абуралася ціхенька, перажывала за сына. Таму нідзе не ўдзельнічала, але хваля масавага збіцця людзей (у тым ліку жорсткія затрыманні маіх сваякоў і сяброў) прымусіла мяне забіць на ўвесь свой камфорт і страх згубіць працу. Я разумела, што не буду маўчаць і чакала забастоўкі на прадпрыемстве. Ведала: з’явіцца самы мізэрны сігнал — і я апынуся ў першых шэрагах. Так і выйшла».

Спачатку Ульяна спрабавала італьянскую забастоўку: выконвала ўсе абавязкі выключна па інструкцыі і запавольвала тэмпы працы. Ужо гэта, вядома, не падабалася кіраўніцтву. Таму, калі нежаданыя супрацоўнікі 26 кастрычніка яшчэ і прайшліся маршам па заводзе, іх хутка звольнілі. Толькі ў цэху Ульяны прыбралі пяць чалавек.

«Я разумела, што аднойчы мяне звольняць. Але мяне гэта мала хвалявала, хоць і было крыўдна, што некаторыя могуць быць тыднямі ў запоі, а іх у выніку проста пазбаўляюць прэмій. Я ж не прыступіла да працы ўсяго адну змену.

Убачыўшы абыякавасць, я сама ўжо не магла працаваць сярод людзей, у якіх расчаравалася. Я не магла зразумець, як можна працягваць хапацца за працу нібыта шалёныя, не быць гатовым ахвяраваць хоць нечым. Я чула: «Толькі не чапайце нас». Гэта маральна забівала». 

«Каму б было лягчэй, калі б у краіне стала на адну палітзняволеную больш?»

Пасля звальнення Ульяна не думала з’язджаць з Беларусі: прапановы пераехаць паступалі ёй яшчэ восенню, адразу пасля таго, як ёй аддалі на рукі працоўную кніжку. Змяніць рашэнне прыйшлося пасля нечаканага затрымання: дзяўчыну забралі ў РУУС на шпацыры з сабакам. Пазней ёй прысудзілі 50 базавых штрафу. Віна Ульяны палягала ў тым, што яна ўзяла ўдзел у свяце «Гуканне вясны» пад Мінскам. У перакладзе на міліцэйскую мову — у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 

«Я зразумела, што рабіць нешта ў Мінску ў любым разе не змагу. Ні на акцыі не выходзіць, ні на дваровыя мерапрыемствы: як мінімум, каб не падставіць астатніх, калі за мной назіраюць. Акрамя таго, вельмі нервавалася маці. Пасля майго суда яна неяк заўважна здала і сама вельмі прасіла мяне з’ехаць. Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», я вырашыла, што няма сэнсу рызыкаваць і чакаць, пакуль мяне зноў забяруць. Дадуць чарговы штраф ці яшчэ нешта. Каму б было лягчэй, калі б у краіне стала на адну палітзняволеную больш?»

Два 32-кілаграмовыя чамаданы — на сябе, сына і сабаку — Ульяна сабрала за тыдзень і з’ехала ва Украіну.

«Самае цікавае, што сабаку мы ўзялі літаральна перад ад’ездам. Яму 10 гадоў, мінулая гаспадыня злягла, перастала хадзіць. Мы параіліся з маці і вырашылі забраць сабаку сабе. Мне, канечне, казалі: пакідай яго ў Беларусі, ляці адна. Але я ўжо ўзяла на сябе адказнасць. І сабака да мяне прывязаўся: калі мяне затрымалі, ён месца сабе не знаходзіў».

«У нас шмат людзей-эгаістаў»

Грашыма Ульяну падтрымалі былыя калегі з МТЗ (яны ж дапамагалі з выплатай штрафу), сябры і проста салідарныя беларусы. Як звольненая па палітычных прычынах яна тасама атрымала 1500 еўра і прадукты ад фондаў. Усё гэта разам дазволіла здымаць жытло ў новай краіне.

Ульяна прызнаецца, што доўгі час за мяжой усё яшчэ баялася бусаў, не адважвалася вывешваць нешта «не тых» колераў на балконе. Цяпер гэтыя страхі сышлі. Засталіся толькі хваляванні за будучыню — сябе і сына, але яны прыносяць жанчыне куды меншы дыскамфорт.

Яшчэ ў Мінску Ульяна пачала перавучвацца на тэсціроўшчыцу. Але думае, што ўсё ж паспрабуе знайсці працу па спецыяльнасці.

«Я маніторыла, ці патрэбныя тут машыністы кранаў — попыт ёсць. Але я не магла пакінуць дзіця аднаго: школы былі на лакдаўне, і цяпер я змагу ўладкаваць сына толькі ў новым навучальным годзе. Цяпер да мяне прыехала маці, і я змагу пакідаць сына з ёй, каб працаваць», — тлумачыць Ульяна.

Дзякуючы камунікабельнасці сын Ульяны, Эміль, хутка знайшоў сабе новых сяброў.

З сынам Эмілем

«У добрае надвор’е я магу не бачыць яго дома днямі: ён пастаянна з сябрамі ў двары. А яшчэ ва Украіне ён змог хадзіць са мной на акцыі дыяспары, чаму быў вельмі рады. У Мінску я яго на маршы не брала, хоць сын і прасіўся. Эмілю ў ліпені восем, але ён разумее ўсё, як і дарослыя: хто ў краіне добры, а хто злы, чаму бел-чырвона-белы сцяг — нацыянальны, наш». 

Ульяна не раз разважала: чаму ўсё ж рабочыя не забаставалі як мае быць? 

«Мая першая думка была: людзі запужаныя рэпрэсіямі. Канкрэтна на Трактарным шмат тых, хто прыехаў, яны жывуць у інтэрнатах. Яны баяцца згубіць свой пакой, хаця і ўмовы ў тых інтэрнатах сумніўныя, я была там. Але пасля працяглых разваг я ўсё ж змяніла сваё меркаванне: у нас шмат людзей-эгаістаў, абмежаваных. Яны не цікавяцца тым, як жывуць людзі ў іншых краінах, не імкнуцца пабачыць свет, развівацца. У першыя дні пасля выбараў я верыла: мабыць, нешта будзе. Але пасля таго, як затрымалі Сяргея Дылеўскага і ніхто нават не падняўся ў яго абарону, я зразумела, што ніякай забастоўкі, супраціву і нават салідарнасці не будзе», — дзеліцца суразмоўца.

Так усё пачыналася

Нягледзячы на гэта, Ульяна ўпэўненая, што беларусы знойдуць шлях да перамен і перамогі. І яна зможа вярнуцца на радзіму без страху за сябе і свайго сына.

«Хай няма больш вялікіх маршаў, але ў нас вельмі разумныя і крэатыўныя людзі. Яны абавязкова знойдуць новы спосаб супраціву. У любым выпадку я кантактую з многімі актывістамі з Беларусі і ведаю, што ніхто з іх не змяніў сваіх поглядаў і меркаванняў. Яны і сёння не адступаюць ад сваёй мэты — змяніць уладу на легітымную, якая б не цягнула нас у «савок». Шмат людзей за кратамі, усё гэта вельмі цяжка і балюча… Аднак наш народ, нарэшце, павінен быць узнагароджаны».

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930