Знайсці
05.06.2021 / 10:42РусŁacБел

«Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе». У Мастах судзяць мужчыну за рэпосты карыкатур на Лукашэнку

У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Працэс асвятляе «Вясна».

Фота Надзеі Бужан

Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў.

Сяргею Бураку ставяць у віну тое, што ён з 10 верасня па 8 снежня 2020 года са свайго мабільнага тэлефона апублікаваў у тэлеграм-канале «Масты для жыцця чат» створаныя іншымі карыстальнікамі малюнкі з выявай Лукашэнкі і абразлівым тэкстам.

Гэтыя дзеянні Сяргея Бурака кваліфікаваныя па арт. 368 Крымінальнага кодэксу — «Абраза прэзідэнта».

Таксама мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён 21 лістапада 2020 года ў тэлеграм-канале «Масты для жыцця чат» змясціў паведамленне з выявай нацысцкай свастыкі, якая складаецца з элементаў дзяржаўнага сцяга Беларусі, чым «прадэманстраваў абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнай сімволікі» (арт. 370 КК).

Сяргей Бурак сваю віну не прызнаў. Суду патлумачыў, што сам не ствараў карыкатуры, а рабіў толькі рэпосты выяў, створаных іншымі карыстальнікамі. Не лічыць зробленыя публікацыі абразай.

Не памятае, каб размяшчаў сцяг са свастыкай. Аднак заявіў, што на стадыі следства пад ціскам казаў інакш.

Суддзя ўдакладніў, які канкрэтна ціск аказвалі. Дзяржабвінаваўца сказаў, што трэба было пісаць заяву на службовую асобу, што аказвала ціск.

Сяргей Бурак: Псіхалагічны ціск.

Дзяржабвінаваўца: Следчы?

С.Б.: Магчыма.

Г.: Што значыць магчыма? Навошта вы тады заяўляеце пра гэта? Адкажыце, хто.

С.Б.: Для мяне наступствы будуць нядобрыя, калі я гэта скажу, таму што ўсіх запалохалі. Я баюся гэта сказаць.

Г.: Хто каго запалохаў? Дапусцім мяне ніхто не палохаў.

С.Б.: Мяне палохалі. І не толькі мяне. Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне. Сцяг гэты не размяшчаў.

Абвінавачаны сказаў, што не разумеў, што размяшчае нешта абразлівае, лічыў ілюстрацыі сяброўскім шаржам:

«Раней часопіс «Кракадзіл» быў, там усё друкавалі, і гэта было ўсё легальна».

Дзяржабвінавачанне лічыць, што шарж мусіць мець гумарыстычны складнік.

— У чым тут гумар і сатыра? Калі б вас таксама назвалі «вусатай ш*арай», вы б не абразіліся?

— Я б задумаўся, калі б усе пра мяне так сказалі. Я самакрытычны. Калі б на мяне так сказалі, я б шукаў праблему ў сабе, значыць, нешта не так са мной. Праблема ўва мне, калі ўвесь свет супраць мяне. Я так разумею гэта.

— Давайце такі прыклад: вы размясцілі статычную выяву асобаў у форменным абмундзіраванні з тэкстам «Беларусь, 21 стагоддзе: АМАП заганяе працоўных на заводы». Дзе вы бачылі, каб АМАП заганяў рабочых на завод? Вы гэта бачылі? У чым тут гумар выяўляецца? Сатыра тут якая?

— Чуткамі поўніцца зямля. Усё заснавана на размовах з сябрамі, якія распавядалі, што бачылі.

— Можаце назваць іх?

— Не, не магу.

У судзе быў дапытаны ў якасці сведкі оперупаўнаважаны Мастоўскага РАУС Павел Сівец. Ён сказаў, што было выяўлена каля 400 паведамленняў, размешчаных Сяргеем Бураком.

Абвінавачаны ўдакладніў, чаму падчас ператрусу панятыя былі «з бадуна і з фінгалам», чаму не прывялі суседзяў, калі аб гэтым прасілі. На гэта сведка адказаў: хто згаджаецца, таго і прыводзяць.

У спрэчках бакоў дзяржабвінаваўца запрасіў па двух прад'яўленых артыкулах абвінавачвання прызначыць для Сяргея Бурака пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады. Довады пра ціск на абвінавачанага лічыць галаслоўнымі і нічым не пацверджанымі.

Суд агучыць рашэнне 7 чэрвеня ў 15.30.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930