Знайсці
04.06.2021 / 17:30РусŁacБел

Паглядзіце, якая вада цячэ з-пад крана ўжо тыдзень у жыхароў Баранавіч

У рэдакцыю Intex-press звярнулася жыхарка аднаго з завулкаў Розы Люксембург Юлія. Паводле яе слоў, ужо амаль тыдзень з крана ў доме цячэ брудная вада. З такімі нязручнасцямі, распавядае жанчына, сутыкнуліся жыхары і іншых прыватных дамоў Усходняга мікрараёна горада, піша Intex-Press.

Юлія распавядае, што ў канцы мая ў гэтым мікрараёне пачаліся работы па аднаўленні магістральнага водаправода. Яна мяркуе, што падчас рамонту, мабыць, былі пашкоджаныя трубы на вуліцы Кабушкіна, у выніку чаго ўжо тыдзень у многіх дамах у гэтым раёне з кранаў цячэ рыжая вада.

— Немагчыма ні памыцца, ні памыць, ні зварыць ежу, — кажа Юлія. — А ў многіх ёсць дзеці, і адсутнасць чыстай вады для іх — гэта сапраўднае выпрабаванне.

Са слоў жыхаркі горада, аб праблеме з вадой яна паведамляла ў службу 115 і ў баранавіцкі «Водаканал». Мабыць, дзякуючы гэтаму 3 чэрвеня на вуліцу Кабушкіна прывезлі бочку з пітной вадой. А вось калі чыстая вада пачне цячы з кранаў у дамах — невядома.

— Прадзьмухваць водаправод кампрэсарам будуць толькі ў панядзелак, 7 чэрвеня. Атрымліваецца, у найбліжэйшыя выхадныя вада лепшай не стане, — кажа Юлія.

Суразмоўніца распавядае, што падобнае надзвычайнае здарэнне мясцовага маштабу ўжо здаралася ў гэтым раёне некалькі гадоў таму, але тады праблему хутка вырашылі, ды і вада была не такой бруднай, як у гэты раз.

— Цяпер з крана цячэ вада колеру каньяку, — кажа Юлія. — Ужо тыдзень мы цярпім гэта ўсё, а адказныя службы зрабіць нічога не могуць.

Атрымаць аператыўны каментар у КУВП «Водаканал» г. Баранавічы Intex-press не ўдалося.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера