Знайсці
03.06.2021 / 17:28РусŁacБел

Два гады хатняй хіміі далі за абразу Лукашэнкі

Трэцяга чэрвеня Цэнтральны суд Мінска вынес прысуд 49-гадоваму Сяргею Пракопчыку. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 і асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — хатняй хіміі, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Арцём Цвяткоў. Пракопчык абараняў сябе сам.

«Не разумеў, як супрацоўнікі могуць так сябе паводзіць»

Сяргея Пракопчыка прызналі вінаватым у тым, што ў ліпені 2019 г. і верасні 2020 г. ён размясціў на сваёй старонцы ў сацсетцы «Укантакце» фотаздымкі Лукашэнкі з непрыстойнымі каментарамі: тэкст змяшчае ненарматыўную лексіку, таму не быў зачытаны ў судзе. 

Сяргей Пракопчык цалкам прызнаў віну і тое, што каментары змяшчаюць абразу ў адрас Лукашэнкі. Ён разумее, што гэта было недапушчальна. Пракопчык патлумачыў, што размяшчаў фотаздымкі праз эмоцыі. Напрыклад, здымак, на якім Лукашэнка сядзіць у асяроддзі людзей у балаклавах ён запосціў праз эмоцыі, якія ўзніклі ў яго, калі міліцыя збівала людзей, якія выходзілі на пратэсты. На пытанне, ці была ў яго непрыязнасць у бок Лукашэнкі, ён адказаў, што не.

Не той тэлефон

Да матэрыялаў справы быў далучаны не той сродак сувязі, з дапамогай якога размяшчаліся запісы: тэлефон, пазначаны ў справе, быў куплены толькі ў лютым 2021 года. 

Таксама ў матэрыялах справы — рапарт аб высвятленні асобы, якая пакінула запісы, скрыншоты старонкі Пракопчыка. У высновах эксперта — пацвярджэнне ненарматыўнасці выкарыстанай у каментарах лексікі і негатыўнай ацэнкі Лукашэнкі. 

Што казалі ў спрэчках?

Дзяржабвінаваўца ўпэўнены, што дзеянні кваліфікаваныя правільна. Аднак папрасіў выключыць з абвінавачання тое, што сродкам, з якога былі адпраўленыя каментары, з'яўляецца далучаны да справы тэлефон. З абвінавачання ён таксама папрасіў выключыць тое, што Лукашэнку былі прычыненыя маральныя пакуты: ён не прысутнічаў на паседжанні, таму не было магчымым дапытаць яго па гэтым пытанні і даказаць пакуты. 

Суддзя Карсюк таксама вынес дзве прыватныя пастановы: першая — за дрэнна праведзеныя следчыя дзеянні наконт тэлефона; другая — у адрас кіраўніцтва трамвайнага парку, працаўніком якога з'яўляецца Пракопчык, за недастаткова праведзеную прафілактычную працу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера