Знайсці
03.06.2021 / 14:13РусŁacБел

«Я захаваў павагу да сябе». Намеснік старшыні гарвыканкама быў вымушаны сысці ў адстаўку праз праўладны зварот

У сакавіку намеснік старшыні Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Валер Кавалец быў вымушаны сысці ў адстаўку пасля таго, як адмовіўся падпісаць адкрыты ліст дзяржаўных прафсаюзаў супраць санкцый. Былы чыноўнік пацвердзіў гэтую інфармацыю ў інтэрв’ю belsat.eu і пагадзіўся распавесці некаторыя акалічнасці.

«Белсат»

— Што стала прычынаю вашага звальнення?

— У канцы студзеня — пачатку лютага з раёна прыйшла інфармацыя, што чальцам прафсаюза трэба падпісаць адкрыты зварот супраць увядзення санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Я сказаў, што такое пытанне трэба як мінімум абмяркоўваць. Калі гэта загад як дзяржслужбоўцу, я яшчэ магу падпісаць, усё ж існуе дысцыпліна. Але як сябра прафсаюза я падпісваць не абавязаны. Я не згодны з тым, што дзяржаўны прафсаюз амаль цалкам залежыць ад меркавання адміністрацыі. Гэта няправільна.

Паколькі я не стаў аўтаматычна падпісваць, то сабралі прафсаюзны сход гарвыканкама. Зачыталі гэты зварот. Было пяць чалавек: чатыры падпісалі, а я ўстрымаўся.

— Што было далей?

— Старшыня выканкама адразу папярэдзіў, што маё рашэнне будзе ўспрынятае вельмі негатыўна. Думаю, усё вырашалася на раённым узроўні. Праз некаторы час старшыня атрымаў апавяшчэнне, што са мною не працягнуць кантракт. Каб вы разумелі: у мяне стаж на дзяржаўнай службе — 28 гадоў. 21 год я працаваў намеснікам старшыні Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама. Каб захаваць хаця б некаторыя льготы, я вырашыў сам сысці ў адстаўку. 18 сакавіка 2021 года быў мой апошні працоўны дзень.

— Наколькі я разумею, вам тры гады заставалася да выхаду на пенсію…

— Так. Паколькі я сышоў раней за пенсійны ўзрост, я атрымліваю цяпер толькі палову пенсіі — 325 рублёў. Мой заробак быў дзесьці ў 3,5 раза большы.

«Першыя гадоў дзесяць Лукашэнка ратаваў краіну»

— Калі вы прыйшлі на працу ў гарвыканкам?

— Пасля мясцовых выбараў 1999 года. Тады я разам з некалькімі былымі калегамі з электрамеханічнага завода вырашыў балатавацца ў гарадскі савет і арганізаваць назіранне. У той год выбары праводзіліся адначасова ў гарадскі, раённы і абласны саветы. І былі безальтэрнатыўнымі, то-бок на ўсіх узроўнях балатаваўся толькі адзін кандыдат.

У выніку я быў абраны ў гарадскі савет у адной з акругаў. Большасць дэпутатаў былі звязаныя з заводам, бо электрамеханічны завод у свой час быў горадаўтваральным прадпрыемствам. Старшынёй гарвыканкама стаў былы дырэктар завода, а ён ужо запрасіў мяне ў намеснікі.

— Да таго, у 1990-я, вы былі намеснікам дырэктара Давыд-Гарадоцкага электрамеханічнага завода?

— Так. Я лічу, што гэта самы паспяховы перыяд маёй кар’еры. У той час былі сур’ёзныя праблемы з закупам сыравіны, у асноўным праз разрыў гаспадарчых сувязяў пасля распаду СССР. Ці атрымае завод сыравіну, залежала фактычна ад мяне. Даводзілася асабіста ездзіць па Расіі, дамаўляцца з кіраўніцтвам заводаў, начаваць у машыне, хавацца ад рэкеціраў… Шмат чаго было. Але мы забяспечылі завод сыравінай і даволі стабільна працавалі, нават дэманстравалі рост.

— Як вы ўспрынялі перамогу Лукашэнкі на выбарах 1994 года?

— Як і большасць насельніцтва, станоўча. Я лічу, што першыя гадоў дзесяць Лукашэнка ратаваў краіну. Ён, на мой погляд, вельмі моцны антыкрызісны кіраўнік, што ва ўмовах гіперінфляцыі, ва ўмовах разрыву эканамічных сувязяў пасля распаду СССР было вельмі важна. Памятаю, як ён аднойчы прымусіў банкі даць крэдыты прадпрыемствам, каб тыя выплацілі заробкі рабочым. Наогул было шмат валявых, вельмі жорсткіх, але правільных на той момант рашэнняў. Гэта і забяспечвала яму спачатку падтрымку большасці беларусаў.

— У які момант ваша стаўленне да палітыкі Лукашэнкі пачало мяняцца?

— Цяжкае пытанне… Скажу так: паваротным пунктам для мяне сталі падзеі снежня 2010 года.

— Вы маеце на ўвазе жорсткі разгон Плошчы?

— Так. Тады, калі я не памыляюся, сабраліся ў Менску каля 50 тысячаў чалавек. Я, можа, і не падзяляю іхняга пункту гледжання, але людзі мусяць мець права на яго выказванне.

— На выбарах 2010 года вы былі старшынёй выбарчай камісіі?

— Быў. Наколькі я памятаю, тады ў нас на ўчастку Лукашэнка атрымаў каля 75%.

— Гэта былі рэальныя лічбы?

— Адназначна. За яго тады прагаласавала большасць у горадзе. І ў 2015-м, думаю, таксама. Хаця ў 2015 годзе я ўжо не ўваходзіў у выбарчую камісію.

«Усю інфармацыю стараўся атрымліваць з TUT.by»

— Чаму пасля 2010 года вас перасталі ўключаць у выбарчыя камісіі?

— Імаверна, узніклі пытанні наконт маёй лаяльнасці. Мяне перасталі ўключаць у выбаркамы, бо я заўсёды падаваў тыя вынікі, якія сапраўды былі. Я заўсёды быў за тое, каб у краіне выконваліся законы. Я іх выконваў і патрабаваў гэтага ад іншых чальцоў камісіі. Я вёў размовы з імі наконт недапушчальнасці парушэння выбарчага заканадаўства.

Тут трэба аддаць належнае прынцыповай пазіцыі чальцоў камісіі: у 2020 годзе з чатырох гарадскіх выбарчых участкаў на трох ён (Лукашэнка. — Заўв. belsat.eu) атрымаў менш галасоў (чым Ціханоўская. — Заўв. belsat.eu). На чацвёртым участку ён меў трохі больш за 50%.

— Чым на ўзроўні арганізацыі і агульнай атмасферы адрознівалася выбарчая кампанія 2020 года у Давыд-Гарадку ад усіх папярэдніх?

— Мне падаецца, што на ўзроўні горада істотных адрозненняў не было. Стандартная схема падбору чальцоў камісіі, стандартная схема ў справе назіральнікаў. Усё тое самае. А што адбывалася ў разрэзе ўсёй краіны, вы самі цудоўна ведаеце.

— Пасля выбараў краіну захліснула хваля масавых пратэстаў. Што адбывалася ў Давыд-Гарадку ў той перыяд?

 У Давыд-Гарадку некалькі тыдняў запар у выходныя чалавек 40-50 выходзілі з белымі кветкамі і стужкамі. Разгонаў, затрыманняў не было. Але інфармацыю пра тых, хто выходзіў, адпаведныя структуры, канечне, збіралі.

— Між тым усе чыталі навіны і ведалі пра жорсткія разгоны людзей па ўсёй краіне, катаванні на Акрэсціна. Як на гэта рэагавалі работнікі гарвыканкама?

 Маўкліва. То-бок усе адчуваюць, што ў краіне нешта адбываецца, бачна, што людзі заклапочаныя. Але ў калектыве гэта стараліся не абмяркоўваць. Людзі разумелі сваю залежнасць.

— А як рэагавалі асабіста вы?

 Скажу так: я ўсю інфармацыю стараўся атрымліваць з TUT.by, і ў мяне не было падставаў сумнявацца ў тым, што яны пішуць. Безумоўна, балюча, калі ў краіне адбываецца такое, калі ў грамадстве назіраецца сур’ёзны раскол і не бачна імкнення гэты раскол пераадолець. Вядома, немагчыма быць абыякавым да гэтага. Хвалюешся за дзяцей, за ўнукаў. Хвалюешся за іхнюю будучыню.

Я сваю пазіцыю ўнутры калектыва трошкі выказваў. Я апаніраваў старшыні гарвыканкама, агучваў сваё меркаванне наконт падзей у краіне. І я казаў, што нам трэба паважаць пазіцыю чальцоў камісіі, якія сумленна правялі выбары. У той сітуацыі, у якой яны былі, гэта было няпроста.

«Я не магу чытаць пра тое, як разбураюцца лёсы людзей»

— Але чаму менавіта гісторыя з адкрытым зваротам прафсаюза стала для вас пераломным момантам? Вы ж разумелі, што адмова падпісаць зварот прывядзе да страты пасады.

 У жыцці наступае такі момант, калі чалавек разумее, што прыйшоў час сыходзіць. У мяне было пэўнае адчуванне, што я стаў нязручнаю фігурай. Я разумеў, што сітуацыя будзе развівацца ў негатыўным ключы, што на дзяржаўнай службе будзе дазволена мець толькі адно меркаванне. А я чалавек эмацыйны. Я не магу чытаць пра тое, як разбураюцца лёсы людзей у сувязі з падзеямі 2020 года, не магу бачыць, як сведкамі на судах выступаюць засакрэчаныя асобы… Мне ўсё гэта складана ўспрымаць. Таму я вырашыў адысці ад гэтага, бо інакш проста згару, я не вытрымаю гэтай атмасферы.

— Не шкадуеце?

 Не. Я вельмі не хацеў, каб мяне  як працаўніка, як дзярслужбоўцу  успрымалі як пустое месца, як чалавека без пазіцыі і меркавання, які выконвае любую каманду. Пакінуўшы дзяржаўную службу, я захаваў павагу да сябе. Я не зрабіў нічога, што не дазволіла б мне спакойна глядзець людзям у вочы.

Дарэчы, я сышоў з калектыва, застаўшыся з усімі ў добрых стасунках. За апошні працоўны тыдзень стараўся максімальна перадаць свой досвед чалавеку, які прыходзіў на маё месца. Пасля майго сыходу цягам двух месяцаў дзейны намеснік старшыні гарвыканкама перыядычна тэлефанаваў мне з працоўнымі пытаннямі, і я заўсёды стараўся даць максімальна падрабязную кансультацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930